Работа з педагогамі — неабходны кірунак дзейнасці псіхолагаў

Аказанне псіхалагічнай дапамогі, акрамя экстраннага дыялогу з кожным, хто знаходзіцца ў вострым стане, павінна быць пастаянным, да моманту стабілізацыі, і будавацца на дакладных, эфектыўных методыках. Гэта асабліва важна для педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі. Каб вывесці сістэму псіхалагічнай дапамогі на новы, больш дасканалы ўзровень, у краіне быў распрацаваны эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння арганізацыі псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

Як гэтая ідэя рэалізуецца сёння? Якія ўстановы адукацыі далучыліся да эксперымента і як зрабіць работу псіхолагаў больш эфектыўнай? Пра гэта расказвае аўтар праекта, кандыдат псіхалагічных навук, загадчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Наталля Віктараўна СМІРНОВА.

— Наталля Віктараўна, якую ідэю вы заклалі ў праект і як яна будзе працаваць?

— Адметна, што сёння ў краіне працуюць тры з паловай тысячы псіхолагаў, каардынацыю іх дзейнасцi ажыццяўляюць 140 сацыяльна-педагагічных цэнтраў.  Менавіта гэтыя цэнтры павінны аналізаваць сітуацыю, каб заўважаць магчымасці для росту і развіцця, для аптымізацыі дзейнасці педагогаў-псіхолагаў. Таму міністр адукацыі даручыў знайсці новыя шляхі і спосабы аказання псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, каб разам з ужо існуючымі чалавечымі і арганізацыйнымі рэсурсамі дапамога стала больш якаснай і эфектыўнай.

Асноўная ідэя эксперыментальнага праекта заключаецца ў распрацоўцы адзіных падыходаў і патрабаванняў да арганізацыі псіхалагічнай дапамогі ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і сацыяльна-педагагічных цэнтрах (СПЦ). Таксама праект накіраваны на ўкараненне найбольш эфектыўных мадэлей псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання і выхавання навучэнцаў. Навуковая навізна даследавання заключаецца ў сістэматызацыі механізмаў аказання псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, абгрунтаванні мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання і выхавання ў розных умовах, удасканаленні сістэмы работы па аказанні псіхалагічнай дапамогі з улікам рэгіянальных асаблівасцей кантынгенту ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Плануецца, што даследаванне, якое мы праводзім, дазволіць выпрацаваць узгодненыя падыходы да выкарыстання новых тэхналогій у працэсе аказання псіхалагічнай дапамогі і павысіць яе эфектыўнасць. Пры гэтым бу­дзе захавана колькасць педагогаў-псіхолагаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і СПЦ. Такім чынам, неабходнасць рэалізацыі названага праекта абумоўлена як запытам грамадства на павышэнне эфектыўнасці працэсу аказання псіхалагічнай дапамогі, так і недастатковай распрацаванасцю тэмы як на тэарэтычным, так і на практычным узроўні.

— Які фармат псіхалагічнай работы найбольш  эфектыўны ў адносінах да школьнікаў?

— Перш чым гаварыць пра эфектыўнасць, трэба параўнаць нашу псіхалагічную дапамогу з іншымі, убачыц­ь адрозненні. За мяжой, у развітых рэгіёнах, школьныя псіхалагічныя службы існуюць у розных фарматах, пад рознымі назвамі. Даследаванні паказваюць, што ў многіх краінах працаўладкавана шмат псіхолагаў, якія заняты ў сферы адукацыі (больш за 100 тысяч чалавек). Акрамя таго, прапорцыі колькасці дзяцей, якія прыходзяцца на аднаго псіхолага, адрозніваюцца ў розных краінах. Відавочна, гэта ўплывае на спектр і якасць тых паслуг, што могуць прапанаваць псіхолагі.

У Швецыі, напрыклад, псіхолагі працуюць у камандзе з трох чалавек. Яны прыязджаюць у школу і вырашаюць праблемы, што акрэслілі настаўнікі і навучэнцы. Для гэтага яны праводзяць псіхалагічныя вымярэнні, апытанні, гутаркі, кансультацыі.

Псіхалагічная служба можа існаваць таксама ў выгля­дзе кансультацыйнага цэнтра. У ЗША псіхолаг, як правіла, не знаходзіцца ў складзе нейкай навучальнай установы. Ён абслугоўвае цэлую групу або сетку школ. Яго ўвага накіравана на аказанне дапамогі навучэнцам, у прыватнасці, праблемным дзецям. Таксама існуюць медыцын­скія, псіхіятрычныя, медыка-псіхолага-педагагічныя цэнтры, якія абслугоўваюць школьнікаў. Школьная псіхалогія ў ЗША традыцыйна замацавана законам, які прадпісвае падтрымліваць псіхалагічную службу ў дзяржаўным дэпартаменце адукацыі.

У Расіі галоўнай мэтай псіхалагічнага забеспячэння адукацыі з’яўляецца стварэнне ўмоў, спрыяльных як для навучання і развіцця вучняў, так і для прафесійнага росту педагогаў. Работа з бацькамі навучэнцаў таксама ўваходзіць у абавязкі педагога-псіхолага. Такім чынам, мэта работы па псіхалагічным суправаджэнні адукацыйнага працэсу фармулюецца як павышэнне псіхалагічнага дабрабыту дзяцей, педагогаў і іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Псіхалагічнае забеспячэнне і суправаджэнне сістэмы адукацыі ў Расіі ўяўляе сабой адзіную псіхолага-педагагічную і медыка-сацыяльную карэкцыйна-развіццёвую службу. Спецыялісты розных профіляў, а гэта сацыяльныя педагогі, урачы-дэфектолагі, сацыяльныя работнікі, псіхолагі, псіхатэрапеўты, лагапеды і інш., аказваюць дапамогу ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу практычна ва ўсіх тыпах устаноў і на ўсіх узроўнях адукацыі.

Увогуле, па ўсім свеце псіхалагічныя службы адукацыі будуюцца на аснове дзвюх мадэлей арганізацыі, прынцыповае адрозненне якіх заключаецца ў тым, дзе працуе школьны псіхолаг — у школе (адукацыйнай арганізацыі) або па-за школай (у кансультацыйных цэнтрах дапамогі, псіхалагічным кабінеце, што дзейнічаюць у раённых ці гарадскіх аддзелах мясцовых органаў улады і інш). У кожнай з мадэлей ёсць свае плюсы і мінусы, якія трэба ўлічваць.

— Па якіх мадэлях аказання псіхалагічнай дапамогі сёння працуюць псіхолагі ў школах?

— Мадэль школьнай псіхалагічнай службы, згодна з якой сёння ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу аказваецца адпаведная дапамога, будуецца на рабоце педагога-псіхолага непасрэдна ва ўстанове адукацыі ў межах сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы і дазваляе спецыялісту паглыбіцца ў рэальную сітуацыю, пазнац­ь як настаўнікаў, так і навучэнцаў, іх узаема­адносіны, уступіць у кантакт з бацькамі. Такі педагог-псіхолаг можа спалучаць вывучэнне асобы і паводзін дзіцяці ў рэальных жыццёвых умовах з паглыбленым аналізам яго індывідуальных асаблівасцей. Ён можа атрымаць аб’ектыўную ацэнку вынікаў сваёй дзейнасці, непасрэдна назіраючы за тым, як ператвараюцца ў жыццё яго парады і рэкамендацыі, якія змены адбыліся ў адукацыйным працэсе ў выніку яго кансультацыйнай ці прафілактычнай работы. Лічыцца, што такая мадэль дакладна адпавядае вырашэнню перспектыўнай задачы псіхалагічнай службы адукацыі — максімальна садзейнічаць развіццю кожнага вучня — і прадугледжвае такія актыўныя формы дзейнасці спецыяліста, як псіхапрафілактыка, псіхалагічнае суправаджэнне рэалізацыі адукацыйных праграм, ацэнка адукацыйных вынікаў.

— Што, на ваш погляд, перашкаджае ў поўнай меры быць задаволенымі дзейнасцю педагогаў-псіхолагаў ва ўстановах адукацыі?

— За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у сістэме адукацыі была створана шматузроўневая сістэма псіхалагічнай дапамогі і псіхалагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. Адметна, што першы ўзровень прадстаўлены спецыялістамі, якія працуюць непасрэдна ў навучальных  установах, у тым ліку і агульнай сярэдняй адукацыі.

Але ў сучасных установах адукацыі ўсё яшчэ недастаткова ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці і інтарэсы дзяцей як у змесце і формах правядзення гульнявой, вучэбнай дзейнасці, так і ў арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў, у зносінах з дзецьмі.

Многа праблем, дарэчы, узнікае ў пераходныя перыяды, калі дзіця пераходзіць з аднаго этапу свайго развіцця на іншы, больш высокі. У гэты час, на стыку двух узростаў, узнікаюць крызісы, якія азначаюць завяршэнне папярэдняга этапу развіцця і пачатак наступнага. У гэты час работа з дзецьмі выклікае шмат цяжкасцей. Акрамя гэтага, асаблівасці і складанасці псіхічнага і асобаснага развіцця ў падлеткавым і раннім юнацкім узросце шмат у чым абумоўлены палавым сталеннем. У хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты перыяд фарміруецца не проста пачуццё даросласці, а пазіцыя пэўнага полу — юнака ці дзяўчыны.

Тым не менш сам па сабе пераходны ўзрост не вызначае нейкага стандартнага псіхічнага развіцця асобы. Пад індывідуальнымі асаблівасцямі ў псіхалогіі разумеюць адметнасць псіхікі кожнага чалавека, якая адрознівае яго ад іншых людзей. На фарміраванне такіх асаблівасцей істотны ўплыў аказваюць прыродныя ўласцівасці чалавека, сацыяльнае асяроддзе, агульны ўзровень развіцця, накіраванасць асобы, спалучэнне якасцей характару. 

Сёння важным кірункам дзейнасці педагога-псіхолага з’яўляецца работа з педагагічным калектывам. Але ў сучасных умовах дынамічнай змены грамадства гэтая работа павінна стаць пастаяннай, планамернай, прычым увага павінна ўдзяляцца не толькі пытанням суправаджэння адукацыйнага працэсу, але і пытанням падтрымкі самаэфектыўнасці прафесійнай дзейнасці педагога, павышэння ўзроўню яго педагагічнага майстэрства, а таксама прафілактыкі прафесійнага выгарання.

Не варта скідаць з рахунку законных прадстаўнікоў нашых навучэнцаў. Не заўсёды, магчыма, хапае часу або прафесійнага рэсурсу (асабліва ў маладых псіхолагаў), каб разам з бацькамі абмяркоўваць пытанні іх выхаваўчага патэнцыялу і псіхалагічнага здароўя дзяцей. На жаль, не заўсёды рабоце з педагогамі і бацькамі ўдзяляецца дастаткова ўвагі.

Варта сказаць, што, нягледзячы на рашэнні, якія прымаюцца па арганізацыі работы педагогаў-псіхолагаў, не заўсёды атрымліваецца арганізаваць узаемадзеянне спецыялістаў, напрыклад, школ і СПЦ, так, каб яны працавалі ў адзіным кірунку і рэалізоўвалі агульныя крокі для дасягнення патрэбнага эфекту. Менавіта на пераадоленне гэтых недасканаласцей накіраваны наш эксперыментальны праект.

— Наталля Віктараўна, калі падсумаваць, то па якіх правілах і прынцыпах працуе псіхалагічная мадэль, што апрабуецца сёння ва ўстановах адукацыі краіны? Ці ёсць верагоднасць, што ў хуткім часе да яе эксперыментальнай рэалізацыі далучацца іншыя рэгіёны?

— Згодна з праектам, аказанне псіхалагічнай дапамогі накіравана на прафесійную падтрымку навучэнца, яго законных прадстаўнікоў ці іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў вырашэнні псіхалагічных праблем, у сацыяльнай адаптацыі, самаразвіцці, самарэалізацыі, рэабілітацыі, пераадоленні складанай псіхалагічнай сітуацыі, якая замінае нармальнай жыццядзейнасці і не можа быць пераадолена самастойна.

Формы аказання псіхалагічнай дапамогі падзяляюцца ў залежнасці ад характару ўзаемадзеяння паміж у­дзельнікамі адукацыйнага працэсу і педагогам-псіхолагам (вочная, дыстанцыйная), ад колькасці ўдзельнікаў (індывідуальная, групавая), ад часу (кароткатэрміновая, доўгатэрміновая, неадкладная, экстранная дапамога). Увогуле, у кожным канкрэтным выпадку форму, від, сродкі, метады і аб’ём псіхалагічнай дапамогі вызначае і рэкамендуе педагог-псіхолаг у адпаведнасці са станам удзельніка адукацыйнага працэсу і спецыфікай яго псіхалагічнай праблемы.

Як бачыце, шмат пытанняў дзейнасці педагога-псіхолага патрабуюць вырашэння на ўзроўні прафесійнага аб’яднання спецыялістаў. Менавіта таму праектам прадугледжана стварэнне Псіхалагічнай службы горада (раёна), у якую па прафесійнай прымеце будуць аб’яднаны педагогі-псіхолагі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і СПЦ. Рэалізуецца двайное падпарадкаванне педагогаў-псіхолагаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: па адміністрацыйнай лініі — дырэктару ўстановы, па прафесійнай — кіраўніку псіхалагічнай службы. Такім чынам, мы спадзяёмся аб’яднаць намаганні і рэалізаваць прынцып каардынацыі дзейнасці спецыялістаў на ўзроўні школ і СПЦ, што будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці аказання псіхалагічнай дапамогі ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу.

Праўда, аказанне псіхалагічнай дапамогі і асабліва ацэнка яе эфектыўнасці — справа не зусім хуткая, таму вынікі арганізацыі такога ўзаемадзеяння псіхолагаў школ і СПЦ можна будзе заўважыць не адразу. Сёння можна гаварыць толькі аб прамежкавых выніках. Першыя ж значныя вынікі праекта плануем разгледзець у пачатку наступнага навучальнага года. Што тычыцца ўдзельнікаў праекта, то да яго далучыліся больш за 40 устаноў адукацыі Гродзенскай і Мінскай абласцей, а таксама Партызанскі раён Мінска. Апрабацыя праекта прадоўжыцца ў наступным навучальным годзе. Гэта дапаможа больш дакладна ацаніць яго эфектыўнасць. Безумоўна, мы спадзяёмся, што закладзеныя ў праект ідэі змогуць увасобіцца ў жыццё ўжо ў найбліжэйшай будучыні.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.