Замяшчальныя як родныя. І высокапрафесійныя

Не так даўно Гомельскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам адзначыў сваё 20-годдзе. Нямала складаных дзіцячых лёсаў убачылі за гэты час супрацоўнікі СПЦ. І не проста ўбачылі, канечне, — дапамаглі гэтым дзецям. Лепшае ж, што можна зрабіць для дзяцей, якія аказаліся без апекі, — даць ім магчымасць гадавацца ў сем’ях. У родных, калі бацькі змаглі выправіцца, або ў замяшчальных, якія для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак становяцца не горшымі, а нярэдка і лепшымі, чым родныя. Роля спецыялістаў у тым, каб складвалася менавіта так, надзвычай важная.

Добрыя бацькі добра вучацца

Пра тое, што ў гэтым СПЦ вельмі старанна, дасведчана і добразычліва працуюць з замяшчальнымі бацькамі, я ўпершыню пачула ад маці-выхавальніцы дзіцячага дома сямейнага тыпу Алы Барысаўны Кудраўцавай, з якой сустракалася з нагоды Дня маці. Дарэчы, жыве Ала Барысаўна са сваімі выхаванцамі ў вёсцы Бярозкі Гомельскага раёна — там, дзе размяшчаецца СПЦ, таму яго супрацоўнікаў ведае вельмі добра. А водзыў чалавека, які пастаянна супрацоўнічае з работнікамі цэнтра, асабліва важкі, пагадзіцеся. Калектыў, між іншым, у СПЦ вылучаецца тым, што многія працуюць тут вельмі даўно, а значыць — знайшлі сваё месца.

Як і ў любым СПЦ, у Гомельскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры выконваюць усе задачы, звязаныя з забеспячэннем правоў непаўналетніх, аказаннем ім сацыяльна-педагагічнай, псіхалагічнай і іншай дапамогі, праводзяць прафілактычную работу па папярэджанні сацыяльнага сіроцтва, выконваюць іншыя задачы. Самае важнае, што за афіцыйнымі фармулёўкамі ёсць прафесійнае разуменне чалавечых праблем, шчырае жаданне зрабіць так, каб было лепш дзецям і сем’ям, уменне працаваць з імі. Цалкам гэта адносіцца да работы па падрыхтоўцы і суправа­джэнні замяшчальных сем’яў.

— Нашы спецыялісты, зразумела, супрацоўнічаюць з раённым аддзелам адукацыі, якім кіруе Алена Георгіеўна Кавалёва. Мы адчуваем пастаянную падтрымку і з яе боку, і з боку аддзела адукацыі ў цэлым, — тлумачыць дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вера Міхайлаўна Рудзянок. — Супрацоўнікі СПЦ праводзяць комплексную псіхолага-педагагічную дыягностыку і падрыхтоўку кандыдатаў у прыёмныя бацькі, усынавіцелі або ўдачарыцелі. Сумесна з органам апекі і папячыцельства праводзяць маніторынг знаходжання дзяцей у прыёмных сем’ях, асабліва пільна робяць гэта ў перыяд адаптацыі дзіцяці. Прыёмных дзяцей, якія знаходзяцца ў сем’ях больш за год, суправаджа­юць педагогі СППС устаноў адукацыі, так што без пастаяннага супрацоўніцтва не абысціся. Зараз у Гомельскім раёне ў 22 прыёмных сем’ях, 4 дзіцячых дамах сямейнага тыпу і 85 апякунскіх сем’ях выхоўваюцца 177 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Мая суразмоўніца асабліва падкрэслівае, што сучасныя ўмовы патрабу­юць ад замяшчальных бацькоў якасцей, уласцівасцей асобы і ведаў на прафесійнай аснове. Таму спецыялісты вылуча­юць 2 асноўныя аспекты, накіраваныя на развіццё прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў. Першы закранае праблемы дзейнасці замяшчальных бацькоў у плане асноўных функцый, прафесійных абавязкаў, меры адказнасці за іх невыкананне, пытанні аплаты працы, арганізацыйныя і прававыя пытанні. Гэта ўсё пытанні работы аддзелаў адукацыі. Другі ж аспект адлюстроўвае пытанні падрыхтоўкі кандыдатаў у замяшчальныя бацькі, псіхолага-педагагічнага і сацыяльна-педагагічнага суправаджэння сем’яў. Гэта і з’яўляецца адным з кірункаў работы СПЦ.

Работа з кандыдатамі ў замяшчальныя бацькі пачынаецца з вызначэння матывацыі, асэнсаванасці прыёмнага бацькоўства. Спецыялісты цэнтра праводзяць першаснае кансультаванне і дыягностыку кандыдатаў, а псіхолага-педагагічную і прававую падрыхтоўку ажыццяўляюць па праграме падрыхтоўкі прыёмных баць­коў і бацькоў-выхавальнікаў, якую рэкамендуе Нацыянальны інстытут адукацыі. Рыхтуюць кандыдатаў і па мадэлі “ПРАЙД”, якая дазваляе ўкараніць эфектыўныя сучасныя метады.

— Практыка апошніх гадоў паказала, што сярод дзяцей, якіх перадаюць на выхаванне ў замяшчальныя сем’і, павялічваецца колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — заўважае В.М.Рудзянок. — Таму ў праграму падрыхтоўкі кандыдатаў уключаны заняткі са спецыялістамі раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Важны рэсурс падрыхтоўкі — удзел у занятках прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, якія маюць вялікі вопыт у выхаванні прыёмных дзяцей і малых, якіх усынавілі. Мы бачым, што такія падыходы забяспечваюць больш якасную прафесійную падрыхтоўку кандыдатаў у замяшчальныя бацькі.

Павышэнне ўзроўню кампетэнтнасці працуючых прыёмных бацькоў і баць­коў-выхавальнікаў не менш важнае. Супрацоўнікі Гомельскага раённага СПЦ галоўным лічаць развіццё ў бацькоў навыкаў самастойнага прыняцця педагагічных рашэнняў. Дасягнуць гэтай мэты можна пры высокім узроўні інфармаванасці замяшчальных бацькоў па псіхолага-педагагічных, прававых, іншых праблемах. Дабіцца гэтага дапамагае метадычнае аб’яднанне, што створана для стымулявання прафесійнага росту замяшчальных бацькоў, для таго, каб спрыяць паспяховай сацыялізацыі, жыццёваму самавызначэнню іх выхаванцаў, вырашэння іншых, не менш важных, задач.

У рамках суправаджэння замяшчальных сем’яў спецыялісты цэнтра выкарыстоўваюць не толькі групавыя формы работы, але і прапаноўваюць індывідуальныя кансультацыі. І такая форма папулярная ў прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў: па кансультацыі яны звяртаюцца не радзей чым раз на месяц. А значыць, давяраюць супрацоўнікам сацыяльна-педагагічнага цэнтра, што для паспяховасці такіх кансультацый умова абсалютна неабходная.

Таксама на базе СПЦ працуе клуб для замяшчальных бацькоў “Гармонія”, удзельнікі якога імкнуцца прывесці ў гармонію дзіцяча-бацькоўскія адносіны праз актуалізацыю пазітыўнага эмацыянальнага вопыту, павышэнне ўзаемнай адкрытасці, развіццё канструктыўнага ўзаемадзеяння, зняцце псіхаэмацыянальнага напружання.

Разам не толькі дома

З’яднаць замяшчальныя сем’і можна і варта не толькі на занятках, сумеснае баўленне вольнага часу таксама здольна дапамагчы вырашыць такую задачу. Таму супрацоўнікі СПЦ разам з калегамі з іншых устаноў прапаноўваюць сем’ям варыянты  цікавых, карысных і проста вясёлых аб’яднальных конкурсаў, свят, актыўнасцей.

Адзін з такіх конкурсаў — раённы вакальны конкурс “Я спяваю”, які арганізоўваюць аддзел адукацыі Гомельскага райвыканкама, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна, Улукаўская дапаможная школа-інтэрнат. На пачатку вясны падлеткі, якія стаяць на розных відах уліку, дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў, хлопчыкі і дзяўчынкі з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў выступаюць у намінацыях “Салісты-вакалісты” і “Вакальныя ансамблі (трыа, дуэт, квартэт)”.

Зрэшты, дзеці ўдзельнічаюць і ў абласным конкурсе дуэтаў “Дзве зоркі”, які прайшоў у рэгіёне сёмы раз. З дзецьмі-сіротамі і дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі выступаюць іх педагогі, прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі: актыўны ўдзел як маленькага выканаўцы, так і дарослага — абавязковая ўмова конкурсу. Як лічаць арганізатары, такія праекты дазваляюць знаходзіць і падтрымліваць таленавітых юных выканаўцаў. Думаецца, што аб’яднальная роля конкурсу важная не менш.

Штогод Гомельскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр адзначае Дзень абароны дзяцей, на які запрашаюць замяшчальных бацькоў і дзяцей з замяшчальных сем’яў. Таксама ў свяце ўдзельнічаюць выхаванцы прытулку, пераможцы раённых і абласных конкурсаў. Усіх чакаюць пачастункі, эстафеты, канцэрт з удзелам выхаванцаў дзіцячага прытулку. Атрымліваецца не толькі вясёлае свята, тут адбываюцца знаёмствы дзяцей, якія знаходзяцца ў прытулку, і прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, што, безумоўна, спрыяе ўладкаванню непаўналетніх у сем’і.

У навагоднія і калядныя святы СПЦ таксама традыцыйна прымае гасцей, тутэйшае свята смела можна назваць ёлкай здзяйснення жаданняў. Дзіцячыя пажаданні здзяйсняююць супрацоўнікі розных устаноў і службаў, арганізацый раёна.

Каб пашырыць падтрымку і дапамогу падлеткам і іх бацькам, СПЦ заключыў дагавор з цэнтрам, дружалюбным да падлеткаў, “Падлетак”, што дзейнічае на базе Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі. З “Падлеткам” супрацоўнічаюць урачы: гінеколаг, нарколаг, псіхіятр і іншыя. Спецыялісты часта наведваюць сацыяльна-педагагагічны цэнтр, удзельнічаюць у семінарах, пасяджэннях метадычнага аб’яднання прыёмных бацькоў, а візіты падлеткаў у цэнтр на сустрэчы, навучанне, кансультацыі арганізоўвае сам СПЦ. Пры неабходнасці сацыяльна-педагагічны цэнтр дапамагае арганізаваць індывідуальныя кансультацыі для замя­шчальных бацькоў і іх выхаванцаў.

Школьнікі, якія знаходзяцца ў полі зроку сацыяльна-педагагічнага цэнтра, таксама ўдзельнічаюць у дабрачыннасці: пры жаданні яны могуць стаць членамі валанцёрскага атрада “Хваля дабра”.

— Мы ўпэўнены, што дабрачынная праца, далучэнне навучэнцаў да вырашэння сацыяльна значных праблем спрыяюць іх выхаванню, — гаворыць дырэктар СПЦ. — Пры жаданні падлеткі мо­гуць дапамагаць інвалідам, пенсіянерам, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, добраўпарадкоўваць памятныя месцы і тэрыторыі Гомельскага раёна. Такая работа — гэта выхаванне ў навучэнцаў гуманнага стаўлення да людзей, павагі да чалавека, патрыятызму, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Любыя добрыя бацькі — хоць родныя, хоць замяшчальныя — рады, калі іх дзеці вырастаюць такімі. Працуе атрад таксама па экалагічным кірунку, прапагандзе здаровага ладу жыцця, стварае наглядную агітацыю, займаецца экалагічным выхаваннем. Акрамя таго, на тэрыторыі СПЦ расце сад, які некалькі гадоў назад пасадзілі супрацоўнікі прытулку і яго выхаванцы. Усё дзеля таго, каб у прытулку дзеці адчувалі сябе як дома, няхай і часова. Напрыклад, садавіну кожны можа зняць сам, на гэта не трэба дазволу выхавальнікаў.

І яшчэ адну форму падтрымкі замя­шчальных сем’яў выкарыстоўваюць у СПЦ. У гэтым выпадку — сем’яў, якія ўзялі на выхаванне дзяцей ранняга ўзросту — ад 0 да 3 гадоў. Гаворка ідзе аб рэсурсным пакоі на базе цэнтра, дзе бацькі могуць пазычыць дзіцячыя каляскі, ложкі, цацкі, атрымаць неабходныя сродкі гігіены і пасцельную бялізну. У рэсурсным пакоі таксама прадстаўлена метадычна-інфармацыйнае забеспячэнне: літаратура, буклеты-рэкамендацыі па доглядзе дзяцей да 3 гадоў, метадычныя дапаможнікі і г.д. Так у цэнтры спалучаюць псіхалагічную, метадычную, педагагічную падтрымку з матэрыяльнай, бо ў жыцці замяшчальных сем’яў важна ўсё.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Гомельскага раённага СПЦ.