У спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з усяго горада, але і з іншых рэгіёнаў краіны. Новага года і Каляд яны чакаюць не менш, чым іншыя дзеці, балазе, ёсць каму дапамагчы арганізаваць для іх свята. Віншаванне навучэнцаў спецыяльнай школы і сёлета атрымалася з іскрынкай.
У школе зараз 98 вучняў, якія трапляюць сюды па медыцынскіх паказчыках. Бацькі, чыім дзецям неабходна спецыяльнае навучанне, нават пераязджаюць у сталіцу, каб іх дачка ці сын вучыліся ў 188-й школе.
— У нашай школе ёсць асаблівасці арганізацыі вучэбнага працэсу, вельмі зручныя для бацькоў, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Мікалаеўна Залеская. — У нас, напрыклад, арганізаваны падвоз навучэнцаў да ўстановы адукацыі. Гэта спецыяльны маршрут № 188 с. Ён гарадскі, яго распрацаваў Мінсктранс, на ім ездзяць і звычайныя пасажыры. Аўтобус ходзіць па маршруце “Каменная Горка — Брылевічы”. Большасць нашых навучэнцаў якраз і жывуць у мікрараёне Каменная Горка або дзесьці па маршруце аўтобуса. Ведаю нават сям’ю, якая змяніла кватэру, каб жыць побач з гэтым маршрутам. А ў Брылевічах у нас толькі адзін навучэнец, але спецыяльна для яго зрабілі гэты прыпынак.
Такая вось незвычайная школа, для якой арганізаваны асобны гарадскі маршрут. Тут вучацца дзеці з 1 па 11 клас, у самым вялікім класе зараз усяго 9 навучэнцаў, так што ўвагі педагогаў хапае кожнаму. А ў святы школьнікі атрымліваюць дадатковую ўвагу ад сваіх сяброў з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска, дзяцей павіншавала і загадчык сектара выхаваўчай, сацыяльнай і ідэалагічнай і работы адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Галіна Мікалаеўна Смірнова.
Цэнтр “Кантакт”, дарэчы, сябруе са спецыяльнай школай даўно, педагогі і выхаванцы прыязджаюць да вучняў з паказамі і творчымі віншаваннямі па святочных выпадках, а таксама арганізоўваюць у школе работу гурткоў. Сёлета, напрыклад, гэта гурток “Аб’ёмнае макетаванне”. Салодкія падарункі набыў для дзяцей папячыцельскі савет школы, нямала дапамагаў установе і сталічны гандлёвы дом “На Нямізе” — дарыў канцылярскія прылады і іншыя тавары для вучобы.
— Сёння ў рамках дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” мы падрыхтавалі казачнае віншаванне, — расказвае Наталля Мікалаеўна Чалавенка, загадчык аддзела культурна-адпачынкавай дзейнасці цэнтра дадатковай адукацыі “Кантакт”. — Новы год — гэта, канечне, асаблівае свята, мы прывезлі новы паказ — мюзікл, у якім задзейнічаны не толькі артысты, але і гледачы, сюжэт заснаваны на пошуку ключа ад Новага года (яго скрала сімвал года адыходзячага — Мышка). Тут і новыя героі, і традыцыйныя — нельга ж без Дзеда Мароза і Снягуркі. Прывезлі мы не толькі творчыя падарункі, але і канцтавары, цацкі ад школьнікаў Цэнтральнага раёна сталіцы.
Між іншым вучні спецыяльнай школы № 188 і самі ўдзельнічаюць у акцыі “Калядны падарунак”, што праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Яны таксама сабралі падарункі для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах і бальніцах.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.