Каменская дзяржаўная дапаможная школа-інтэрнат, што размяшчаецца ў вёсцы Слабодка Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, мае даўніх і верных сяброў, якія, зразумела, не забываюць пра сваіх падапечных і ў навагоднія і калядныя святы. Акцыя “Нашы дзеці” ніколі не абмінае гэтую навучальную ўстанову, заўсёды сюды прыязджаюць госці, прывозяць падарункі.
—Зараз у школе 74 навучэнцы, 7 з іх — сіроты, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, 11 інвалідаў. Дзеці ад 7 да 18 гадоў з псіхафізічнымі асаблівасцямі не толькі з нашага раёна, але і з іншых, — расказала дырэктар школы-інтэрната Наталля Уладзіміраўна Міхайлава. — Беларускі рэспубліканскі саюз спажывецкіх таварыстваў — гэта нашы пастаянныя шэфы, прыязджаюць не першы год, аказваюць дапамогу для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, прывозяць падарункі да 1 верасня, апошняга званка, іншых свят.
Так, Белспажыўсаюз дапамог школе-інтэрнату з частковай заменай вокнаў, набыццём газавай пліты для харчаблока, стэлажоў, шаф. Сёлета ў рамках акцыі “Нашы дзеці” саюз спажывецкіх таварыстваў падарыў школе музычную апаратуру. Якраз на свяце ў гонар гасцей і навагодніх свят новая тэхніка і была ўпершыню задзейнічана, бо вучні і педагогі, канечне, падрыхтавалі святочную праграму з удзелам казачных герояў, а таксама Дзеда Мароза і Снягуркі. Госці атрымалі сувеніры і добры настрой у падарунак.
Прыехалі ж у Каменскую дапаможную школу-інтэрнат кіраўнік спраў Белспажыўсаюза Сяргей Мікалаевіч Красоўскі, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама і Бабруйскага райвыканкама, у тым ліку начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме раённага выканаўчага камітэта Алеся Сяргееўна Стэльмак, іншыя госці, хаця іх колькасць і была абмежавана з-за эпідэміі каранавіруса.
Госці прывезлі шмат канцылярскіх тавараў, якія школьнікам патрэбны заўсёды, салодкія падарункі, а таксама далучыліся да збору сродкаў на працяг работ па замене вокнаў і ўваходнай групы ў сталовую школы.
— Мы вельмі ўдзячны за падтрымку, якую нам аказваюць Белспажыўсаюз, Бабруйскаграмаш і ўсе іншыя, — заўважыла дырэктар установы, — іх падтрымка вельмі дарэчы школе. А дзеці радуюцца падарункам, увазе і клопату, свята нельга ўявіць без гэтага. І самі з радасцю дораць гасцям плён сваёй творчасці. Прадстаўленне мы рыхтавалі доўга, больш за месяц, гэта заўсёды каласальная праца і дзяцей, і нашых педагогаў, але яно таго варта. Бацькоў, праўда, сёлета запрасіць не можам, але пачаліся канікулы, і дзеці правядуць святы з імі, сіроты — з тымі, хто іх апякае.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Каменскай дзяржаўнай дапаможнай школы-інтэрната.