У сучасных умовах пытанні эфектыўнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў набываюць крытычна важнае значэнне. Высокая энергаёмістасць прадукцыі калі не самы асноўны, то адзін з найбольш важных фактараў, што здольны паўплываць на канкурэнтаздольнасць унутранага і міжнароднага рынкаў. Гэта, безумоўна, заўважна адбіваецца на эканамічнай бяспецы краіны.
Пра тое, якім патэнцыялам энергазберажэння валодае эканоміка краіны, якім чынам яна звязана з прамысловай і энергетычнай мадэрнізацыяй і што ўвогуле сабой уяўляе энергазберагальная палітыка, нам растлумачыў начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, арганізатар рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” Віталь Тамашавіч КРЭЦКІ.
— Віталь Тамашавіч, сёння энергазберажэнне — гэта важная частка рэсурсазберажэння. За кошт чаго задавальняюцца энергетычныя патрэбы эканомікі краіны?
— Сёння створана аснова для нарошчвання вытворчасці без значнага росту спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР). А эканоміка краіны валодае значным патэнцыялам энергазберажэння. Энергазберажэнне — гэта найважнейшая частка рэсурсазберажэння, якая непарыўна звязана з прамысловай і энергетычнай мадэрнізацыяй.
Энергетычныя патрэбы эканомікі задавальняюцца ў асноўным за кошт выкарыстання арганічнага паліва, большая частка якога (84%) імпартуецца з-за мяжы. Таму павышэнне эфектыўнасці выкарыстання энергіі з’яўляецца для краіны ўмовай устойлівага развіцця эканомікі.
Развіццё нацыянальнай эканомікі і яе найважнейшых галін — прамысловасці і энергетыкі — непарыўна звязана з энергазберажэннем.
Увогуле, сёння палітыка ў сферы энергазберажэння павінна ста ць адным з галоўных прыярытэтаў эканамічнай палітыкі краіны на дзяржаўным узроўні. Павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі неабходна, перш за ўсё, прадугледжваць за кошт паляпшэння яе эфектыўнасці. Толькі дзякуючы правядзенню энергазберагальных мерапрыемстваў, эфектыўнасць выкарыстання энергарэсурсаў значна ўзрастае. У сувязі з гэтым перавод эканомікі на энергаэфектыўны шлях развіцця з шырокамаштабным укараненнем энергазберагальных тэхналогій дазволіць знізіць глабальныя пагрозы для прамысловасці.
Мы павінны прадпрымаць істотныя намаганні па ўкараненні ў розныя сектары эканомікі сучасных інавацыйных энергаэфектыўных тэхналогій. Гэта таксама пацвярджае рэалізацыя адпаведных праграм па энергазберажэнні.
— Ці мае палітыка энергазберажэння, якую праводзіць дэпартамент, водгук і падтрымку ў грамадстве?
— Адны з самых важных задач, што стаяць перад дэпартаментам, — гэта папулярызацыя эканамічных, экалагічных і сацыяльных пераваг эфектыўнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, садзейнічанне выкарыстанню мясцовых ПЭР, у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі. Пагадзіцеся: было б дзіўна, калі б дэпартамент, адказваючы за рэалізацыю адпаведнай палітыкі, выступаючы ў якасці нагляднага і кантрольнага органа ў частцы выканання праграм, мерапрыемстваў і мэтавых паказчыкаў энергазберажэння, не займаўся распаўсюджваннем інфармацыі пра спосабы і практычныя вынікі эканоміі і беражлівасці.
Многія ведаюць такі выраз: калі пра тое, што вы робіце, ніхто не ведае, значыць, вы гэтага не робіце. Таксама няправільна, што суб’ектамі энергазберажэння і павышэння энергаэфектыўнасці выступаюць толькі юрыдычныя асобы, арганізацыі, прадпрыемствы. Носьбітам і рэалізатарам такіх якасцей, як руплівасць, рацыянальнасць, эканомнасць, клопат пра заўтрашні дзень, павінен і можа выступаць кожны чалавек.
У сучасным свеце інфармацыя, якая правільна даносіцца да шырокага кола людзей, здольна згуртаваць грамадства і перадаць яму такі стымул да дзеяння, які не ў сілах рэалізаваць ні адзін адміністрацыйны рэсурс. Калі людзі ведаюць пра дзейнасць кіруючых органаў, разумеюць мэты і метады, яны выразна вызначаюць свае пазіцыі, адэкватна рэагуюць, актыўна адгукаюцца на сігналы ўлад. І наадварот — недастатковая інфармаванасць выклікае няўпэўненасць, падазронасць, пасіўнасць, супрацьдзеянне або прадузятасць па тым ці іншым пытанні.
Зараз мы гаворым аб выпрацоўцы культуры абыходжання з паліўна-энергетычнымі рэсурсамі ў побыце і на рабоце, аб рэалізацыі пэўнай мадэлі паводзін, якая, між іншым, закладваецца з малых гадоў.
Дэпартамент зацікаўлены ў тым, каб людзі чулі меркаванні экспертаў, пераканаўчыя аргументы на карысць энергазберажэння, яркія факты і дакладныя лічбы.
Сёння для нас важна, каб эфектыўнае спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў стала не толькі эканамічнай неабходнасцю, але і часткай жыцця беларусаў. Для гэтага павінна быць арганізавана сур’ёзная асветніцкая і тлумачальная работа, якая ў сваю чаргу патрабуе прыцягнення ўвагі да праблемы як мага больш шырокага грамадскага кола.
Мы спрыяем арганізацыі і правядзенню конкурсаў, семінараў і лекцый, кампаній сацыяльнай рэкламы. Формы работы з людзьмі выбіраем самыя разнастайныя. Думаю, многія не раз бачылі нашы білборды па тэме энергазберажэння на вуліцах сваіх гарадоў. Мы шырока выкарыстоўваем сацыяльную рэкламу таксама ў транспарце.
На пастаяннай аснове арганізуем цэлы шэраг семінараў, канферэнцый, круглых сталоў для спецыялістаў, дзе лектарамі выступаюць як беларускія эксперты, так і прадстаўнікі міжнародных спецыялізаваных кампаній. Дарэчы, штогод Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці і ўпраўленнямі па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў у рэгіёнах арганізоўваюцца і праводзяцца акцыі, прымеркаваныя да Міжнароднага дня энергазберажэння (11 лістапада). У гэты дзень праводзім мерапрыемствы самых розных фарматаў: круглыя сталы, семінары, дні адкрытых дзвярэй, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і навучэнцамі школ. Безумоўна, галоўная мэта такіх сустрэч — прыцягнуць увагу да дзейнасці ў сферы энергазберажэння.
— Дэпартамент па энергаэфектыўнасці ўдзяляе шмат увагі ўзаемадзеянню з сістэмай адукацыі. На якіх прынцыпах заснавана гэтае сацыяльнае партнёрства?
— Ва ўстановах адукацыі распаўсюджваюцца лістоўкі, буклеты і плакаты з практычнымі парадамі па эканоміі вады, цеплавой і электрычнай энергіі. Попыт на такія матэрыялы заўсёды ёсць. Штогод мы стараемся папоўніць спіс той прадукцыі, якая будзе прыцягваць увагу да нашай тэмы.
Дэпартамент і навучальныя ўстановы ўдзяляюць шмат увагі методыкам і практыцы павышэння культуры энергаспажывання і выпрацоўкі энергазберагальнага стылю паводзін у дзяцей і падлеткаў. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць сацыяльныя сеткі, дзе працуе правіла рэкамендацыі сяброў.
Дарэчы, якраз для навучэнцаў на нашым афіцыйным сайце (energoeffekt.gov.by) прадстаўлена шмат карыснай інфармацыі. Так, у раздзеле “Карысныя парады” можна пачытаць “Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні найбольш эфектыўных спосабаў энергазберажэння і рацыянальнага выкарыстання энергіі ў побыце”.
Спецыяльна для школьнікаў таксама папаўняем раздзелы “Вучымся энергазберажэнню”, “Энергазберажэнне і дзеці”, дзе змешчаны камп’ютарныя гульні, відэаролікі і іншыя матэрыялы, накіраваныя на засваенне навыкаў эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў.
Таксама для прыцягнення ўвагі да праблем энергазберажэння Дэпартамент па энергаэфектыўнасці ўжо 13 гадоў праводзіць конкурс “Энергамарафон”. За гэты час як настаўнікі, так і вучні назапасілі каштоўны вопыт педагагічнай дзейнасці ў сферы энергазберажэння і экалогіі, выхавання культуры энергаспажывання. Удзел у конкурсе дапамагае навучэнцам упэўніцца, што трэба займацца энергазберажэннем, павышэннем энергаэфектыўнасці і выкарыстаннем аднаўляльных, экалагічна чыстых крыніц энергіі. Штогод у конкурсе ўдзельнічаюць больш за 3,5 тысячы навучэнцаў з больш чым 500 устаноў адукацыі (установы дашкольнай, сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі і інш.) з усёй краіны. Лепшыя работы пасля накіроўваем да ўдзелу ў міжнародных конкурсах, такіх як “Энергія будучыні” імя Шэйха Зайеда (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) і #ВместеЯрче (Расія).
З 2018 года конкурс “Энергамарафон” уваходзіць у План работы Савета Міністраў па ўстойлівым развіцці як рэспубліканскае мерапрыемства, накіраванае на папулярызацыю сярод дзяцей і моладзі Мэт устойлівага развіцця.
Заключны этап конкурсу і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з мэтай ахопу большай тэрыторыі і ўдзельнікаў пачаргова праводзіцца ў розных рэгіёнах. Як правіла, у фінале спаборніцтва прымаюць удзел каля 100 навучэнцаў і больш за 30 педагогаў. Яны прадстаўляюць лепшыя ўстановы адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны.
— Ці дазваляе ўзровень “Энергамарафону” навучэнцам прадстаўляць свой вопыт за мяжой, падчас правядзення міжнародных конкурсаў адпаведнага кірунку?
— Так, узровень конкурсу расце з кожным годам. Многія ідэі, што рэалізоўваюць дзеці, здзіўляюць дарослай прадуманасцю. Так, былі прадстаўлены праекты, у аснове якіх — атрыманне энергіі з бульбы, арганізацыя кіравання энергарэсурсамі ў прыватным доме, выраб сонечнага калектара з падручных матэрыялаў. Рэалізаваць іх у прамысловым маштабе, вядома, цяжка. Зрэшты, мы шырока рэкламуем праекты школьнікаў, і, магчыма, у будучыні знойдзецца спонсар для фінансавання найбольш цікавых прапаноў. Дарэчы, беларускія работы адпраўляюцца і на міжнародны конкурс “Асяроддзе пражывання”, дзе займаюць прызавыя месцы. Прыкметна, што цікавасць да “Энергамарафону” праявілі Экспертны савет па энергетыцы ў Жэневе і Энергетычны савет краін СНД.
Сёлета ўдзельнікі конкурсу (дзіцячыя калектывы з Магілёва і Дзяржынска) два разы (у чэрвені і кастрычніку) наведалі тэматычныя спецыялізаваныя адукацыйныя змены на базе Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Змена” ў Анапе. Спецыялізаваная змена была накіравана на прыцягненне ўвагі маладога пакалення да пытанняў аховы навакольнага асяроддзя, стымулявання творчых здольнасцей моладзі і прафесійную арыентацыю школьнікаў па напрамках энергетыкі.
У рамках згаданага мерапрыемства падрабязна разглядаюцца пытанні энергаэфектыўнасці, інжынернай экалогіі, а таксама развіцця энергетыкі і новых тэхналогій. Штогадовая змена аб’ядноўвае каля 100 школьнікаў 13—17 гадоў, якія цікавяцца пытаннямі энергетыкі, энергаэфектыўнасці і сучаснымі тэхналогіямі. Так, разам адпачыць і абмяняцца вопытам, ідэямі шанцуе старшакласнікам з Расіі, Арменіі, Беларусі, Кыргызстана і Казахстана. Па водгуках арганізатараў змены, дзеці з Беларусі заўсёды паказваюць высокія навыкі ў пытаннях энергазберажэння і павышэння энергаэфектыўнасці. Так, у рамках конкурсу, які там праводзіўся, лепшы відэаролік па тэме “Я берагу энергію” зняла Настасся Пякарчык, навучэнка сярэдняй школы № 4 Дзяржынска.
Мы ганарымся нашымі дзецьмі і ведаем: яны разумеюць, што эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў дазваляе быць сучасным, адукаваным грамадзянінам, які клапоціцца не толькі пра росквіт сваёй краіны, але і пра дабрабыт і здароўе сям’і.
— Віталь Тамашавіч, чым вызначаны асноўныя кірункі развіцця беларускай энергасістэмы на бліжэйшы час?
— Асноўныя кірункі развіцця беларускай энергасістэмы на найбліжэйшую перспектыву вызначаны шэрагам дзяржаўных праграм. Так, у ліку прыярытэтных напрамкаў — развіццё і мадэрнізацыя дзеючых энергакрыніц, будаўніцтва і рэканструкцыя электрычных і цеплавых сетак, інтэграцыя атамнай электрастанцыі, выкарыстанне мясцовых ПЭР і аднаўляльных крыніц энергіі. Сёння мы бачым, што грамадства сур’ёзна звярнулася да тэмы энергазберажэння і энергаэфектыўнасці. Людзі разумеюць: толькі гэты шлях вядзе ў будучыню, дзе чалавецтва зможа выжыць.
Відавочна, што ва ўмовах абмежаванасці энергарэсурснага патэнцыялу павышэнне эфектыўнасці выкарыстання ПЭР набывае для краіны асаблівую значнасць. Эфектыўнае выкарыстанне энергарэсурсаў ва ўсіх сферах эканомікі становіцца не проста абавязковым прынцыпам гаспадарання, але і важнай умовай падтрымання эканамічнай бяспекі краіны.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.