Другасная сыравіна — гэта выгадна

Перапрацоўка другаснай сыравіны — гэта не толькі прыкмета цывілізаванага грамадства, якое клапоціцца пра экалогію, але і трэнд сучаснай эканомікі. Праўда гаварыць, што ў гэтым кірунку ўсё дасканала арганізавана, урэгулявана і выверана як у планетарным маштабе, так і ў асобна ўзятых краінах, пакуль рана. Тым не менш справа рухаецца, і ў Беларусі ёсць пэўныя поспехі: развіваецца заканадаўства, выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, удасканальваецца сістэма збору і перапрацоўкі.

Ёсць падставы

— Прававыя асновы абыходжання з адходамі ў Рэспубліцы Беларусь вызначаны спецыяльным законам, — тлумачыць начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Аляксандравіч Тарасаў. — Ён накіраваны на памяншэнне аб’ёмаў стварэння адходаў, папярэджанне шкоднага ўздзеяння адходаў на навакольнае асяроддзе, здароўе грамадзян, маёмасць, а таксама на іх максімальнае вяртанне ў абарачэнне ў якасці другаснай сыравіны.

Закон вызначае такую сыравіну як другасныя матэрыяльныя рэсурсы, якія падрыхтаваны да выкарыстання для вытворчасці прадукцыі, выпрацоўкі цеплавой або электрычнай энергіі, здзяйсненне работ і аказанне паслуг. Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне абыходжання з адходамі ажыццяў­ляюць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, міністэрствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, мясцовыя Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы або іншыя дзяржорганы ў межах іх кампетэнцый, вызначаных заканадаўствам.

Так, Мінпрыроды рэгулярна сочыць за тым, каб не адбывалася захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў: за 9 месяцаў бягучага года праведзена больш за 4 тысячы абследаванняў аб’ектаў захавання адходаў. У выніку было выяўлена 3611 фактаў парушэння правіл эксплуатацыі гэтых аб’ектаў, тыя, хто гэта дапусціў, выплацілі штрафы на агульную суму 214 тысяч рублёў. Зрэшты, такія праверкі тычацца як юрыдычных, так і фізічных асоб. Акрамя таго, выяўлена 1609 выпадкаў захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Колькі такіх рэсурсаў наогул ствараецца ў нашай краіне? У 2019 годзе, напрыклад, больш за 60 млн тон толькі адходаў вытворчасці, уключаючы буйнатанажныя адходы ААТ “Беларус­кая калійная кампанія” і адходы фосфагіпсу. Без іх уліку адходаў вытворчасці было каля 19 млн тон, а узровень іх другаснага выкарыстання спецыяліст з Мінпрыроды называе вельмі высокім. Так, з 19 млн выкарыстана прыкладна 17 млн тон такіх адходаў, што склала 84% ад агульнага ўзроўню стварэння адходаў, за выключэннем буйнатанажных. Калі ж гаварыць пра выкарыстанне самых распаўсюджаных адходаў вы­творчасці, такіх як гумаўтрымліваючыя адходы, папера і кардон, то летась выкарыстана 97% першых з іх і больш за 94% другіх.

Вярнуць у абарачэнне

Дзяржаўная ўстанова “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” таксама ажыццяўляе дзейнасць у сферы абыходжання з гэтымі рэсурсамі. За 9 месяцаў бягучага года арганізацыя нарыхтавала 598 тысяч тон другаснай сыравіны, што на 5% больш за адпаведны мінулагодні паказчык. Адходаў паперы і кардону тут сабралі 297 тысяч тон, адходаў шкла — 144 тысячы, палімерных адходаў — 74 тысячы тон. У параўнанні з мінулым годам найбольшы рост дасягнуты ў зборы электрычнага і электроннага абсталявання — 23 тысячы тон за 9 месяцаў. Адпрацаваных машынных масел сабрана 16,6 тысячы тон, старых шын — 43 тысячы тон. Найлепшыя паказчыкі па зборы другасных рэсурсаў — у Брэсцкай і Віцебскай абласцях, а таксама ў Мінску.

— У гэтым годзе ў нас завяршаецца ўвод у эксплуатацыю трох буйных аб’ектаў. Гэта смеццесартавальны завод у Віцебску, тэхналагічная лінія для выкарыстання RDF-паліва (паліва з адходаў) на адным з прадпрыемстваў, што выпускае будматэрыялы, таксама заканчваюцца работы на ААТ “Папяровая фабрыка “Спартак”, — расказала дырэктар ДУ “Аператар другасных матэрыяль­ных рэсурсаў” Наталля Аляксееўна Грынцэвіч.

Між іншым 2020 год — завяршальны ў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”, і можна падвесці пэўныя папярэднія вынікі. З 2016 года і да канца 2020 года “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”, згодна з праграмай, набыў 44,5 тысячы кантэйнераў для збору камунальных адходаў і другасных рэсурсаў, каля 230 тысяч кантэйнераў для збору адходаў і рэсурсаў у раёнах індывідуальнай жылой забудовы, створана 57 пунктаў збору сыравіны, набыты 294 смеццявозы і іншыя аўтамабілі, тэхніка і абсталяванне.

Рэалізуюцца і задачы Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, якая была скарэкціравана ў чэрвені 2020 года. Устаноўлены даволі амбіцыйныя планы па выка­рыстанні менавіта камунальных адходаў: да 2035 года плануецца дасяг­нуць паказчыка па выкарыстанні 90% такіх адходаў. У мінулым годзе, дарэчы, гэты паказчык склаў 22,5%. Пры гэтым каля 29% камунальных адходаў можна выкарыстоўваць для вытворчасці прадукцыі. Арганічную частку такіх адходаў плануецца кампасціраваць (гэта каля 23%), з 38% вырабляць цяпло. Сёлета з’явіўся і новы дакумент (Указ № 16) замест старога, які дае эканамічны стымул для выкарыстання адходаў у якасці RDF-паліва, выкарыстання экалагічна бяспечнай упакоўкі, развіцця калектыўных сістэм збору.

— Для папулярызацыі раздзельнага збору адходаў мы абвясцілі конкурс “Чыстасардэчнае прызванне”, які прапануе ўдзельнікам расказаць пра сваё прызванне, талент, хобі і заадно пра звычку раздзельна збіраць адходы, — расказала Наталля Аляксееўна. — Прызы для пераможцаў — набор кантэйнераў для сартавання адходаў і фотасесія для стварэння знешняй рэкламы, якую мы размесцім у месцах, дзе жывуць пераможцы.

Арганізацыя стварыла мультыплікацыйны серыял “Каманда 99” (пра янотаў), пачала здымаць фільмы ў жанры псеўдарэаліці. І тое, і другое, думаецца, цікава як дзецям, так і дарослым.

А самымі буйнымі перапрацоў­шчыкамі паперы і кардону, як вядома, з’яўляюцца прадпрыемствы канцэрна “Беллеспаперапрам”. Для некаторых прадпрыемстваў макулатура наогул — адзіны від сыравіны, з якой яны працуюць.

— Мы таксама не стаім на месцы: праводзім тэхнічнае пераабсталяванне, значна павялічылася перапрацоўка макулатуры, — гаворыць начальнік упраўлення цэлюлозна-папяровай і лесахімічнай вытворчасці канцэрна Таццяна Віктараўна Зайцава. — Пасля рэканструкцыі папяровай фабрыкі “Спартак” за сродкі ДУ “Аператар другаснай сыравіны” на фабрыцы прыкладна ў 3,5 разу павялічыцца перапрацоўка макулатуры.

Ад збору да перапрацоўкі

Зборам і нарыхтоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў займаюцца 8 прадпрыемстваў холдынга “Белрэсурсы”, іх доля ў агульным зборы складае 6%. У асноўным гэтыя прадпрыемствы працуюць з насельніцтвам, доля збору ад насельніцтва складае ад 57% да 90%, а сярэднегадавы тэмп росту нарыхтовак за 5 апошніх гадоў склаў 105,1%.

4 прадпрыемствы гэтага ААТ таксама перапрацоўваюць сабраныя рэсурсы, у тым ліку Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, прадпрыемства ў Гомелі, якое перапрацоўвае зношаныя шыны. Акрамя таго, ёсць прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай палімерных адходаў, у тым ліку павышанай забруджанасці, таксама “Белрэсурсы” маюць лінію для сартавання змешанага шклабою, яе вытворчая магутнасць — 120 тысяч тон у год, аднак рэальныя аб’ёмы ў апошнія гады — 90 тысяч тон.

З 1 верасня ўступіў у сілу тэхнічны кодэкс “Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі”. Важны момант гэтага дакумента: калі арганізацыя, якая вывозіць адходы, стварыла ўмовы для раздзельнага збору, то фізічныя асобы (г.зн. кожны з нас) не маюць права іх змешваць.

Магчыма, што праграма па замене палімернай упакоўкі на шкляную тару дапаможа нарасціць аб’ёмы сартавання і перапрацоўкі шклабою, ужо нават выбраны ўчастак для будаўніцтва другога завода. Між іншым вытворчасць шкляной тары са шклабою больш выгадная, чым з прыродных кампанентаў, частка другаснай сыравіны ідзе на экспарт, што таксама прыносіць нядрэнны даход.

Да канца 2020 года плануецца закончыць мадэрнізацю на ААТ “Белдругпалімер”, што дазволіць павялічыць перапрацоўку палімерных адходаў на 2 тысячы тон у год. Зараз вытворчыя магутнасці прадпрыемства складаюць 3,8 тысячы тон. Мадэрнізуецца і Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, завяршэнне запланавана да 2023 года.

“Белкаапсаюз” — яшчэ адзін удзельнік работы з насельніцтвам.

— Спажывецкая кааперацыя стараецца данесці да кожнага жыхара нашай краіны, што збор матэрыяльных рэсурсаў — гэта даволі выгадная справа, — заўважае Аксана Іванаўна Скіндзер, начальнік упраўлення нарыхтовак “Белкаапсаюза”. — І за апошнія гады дынаміка аб’ёмаў нарыхтовак другаснай сыравіны пастаянна расце. Толькі за бягучы год мы закупілі 380 тысяч тон такой сыравіны, 99% яе нарыхтавалі ў насельніцтва. Людзям за здадзеныя рэсурсы мы выплацілі 115 млн рублёў, прычым выплачваем грошы ў момант здачы сыравіны, напрыклад, за кілаграм шклабою — ад 10 да 13 капеек.

У сельскай мясцовасці саюз прадстаўлены праз магазіны, пункты прыёму, нарыхтоўшчыкаў. Сетка даволі шырокая, толькі пунктаў прыёму сыравіны ў краіне 710 па сістэме спажыўкааперацыі, яны ёсць і ў вёсках, і ў гарадах, толькі ў Мінску іх больш за 70. Пашыраецца асартымент рэсурсаў, якія спажыўкааперацыя прымае ў насельніцтва, адны з адносна новых відаў — адпрацаванае электроннае абсталяванне (складаная бытавая тэхніка), адпрацаваныя машынныя маслы (іх збіраюць у тым ліку ў гаражных кааператывах і дачных таварыствах), а таксама зваротная шклатара.

Адзін з асноўных відаў сыравіны, якія збірае “Белкаапсаюз”, — гэта, канечне, макулатура. Яе збіраюць у тым ліку і з дапамогай школ, холдынг праводзіць конкурс і ўзнагароджвае самых актыўных зборшчыкаў — установы адукацыі і асобных навучэнцаў. Сёлета за 9 месяцаў ад устаноў адукацыі арганізацыя прыняла 2,5 тысячы тон макулатуры, 285 тон адходаў шкла, 69 тон адходаў поліэтылену.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.