Мінулы год сям’я Коцік з Брэста будзе ўспамінаць доўга: пасля перамогі на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” мама Наталля Віктараўна, тата Сяргей Георгіевіч і іх трое дзетак прадстаўлялі Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім этапе самага сямейнага конкурсу краіны. Нягледзячы на тое што на рэспубліцы яны занялі 3 месца, іх сям’ю можна ставіць у прыклад: заўсёды пазітыўныя і абаяльныя, бацькі паспяваюць не толькі выхоўваць двух сыночкаў і маленькую дачушку, але і не забываюць пра сябе. Яны, муж і жонка, з пяшчотай і любоўю ставяцца адно да аднаго, таму што ведаюць: сям’я — самая вялікая каштоўнасць, а захаваць у ёй каханне і павагу на доўгія гады і тым самым зрабіць дзяцей шчаслівымі — вялікая праца.
Пра тое, як рыхтаваліся да конкурсу, чаму вучаць дзяцей, а таксама аб традыцыях, якія жывуць у доме, расказала мама гэтага цудоўнага сямейства — Наталля Віктараўна Коцік.
Удзел у “Сям’і года” — гэта не выпадковасць, а правільнае і заканамернае развіццё падзей. З такой мамай і гаспадыняй, як Наталля Віктараўна, сям’я нават калі не мінулай восенню, то ў будучыні абавязкова б удзельнічала ў конкурсе.
Наталля Віктараўна — чалавек энергічны, яна любіць рэалізоўваць сябе ў розных кірунках, і абавязкова, акрамя клопатаў па доме і на рабоце, знаходзіць для сябе іншыя захапленні: прызнаецца, што не можа сядзець склаўшы рукі, яшчэ шмат чаму хоча навучыцца. Дарэчы, Н.В.Коцік працуе настаўніцай пачатковых класаў у яслях-садзе — пачатковай школе № 10 Брэста. Але першапачаткова настаўніцай станавіцца не хацела.
“Калі знаходзілася ў тым узросце, калі трэба было выбіраць прафесію, педагогіку ў якасці будучай дзейнасці не разглядала. Мая мама працавала ў школе, яна выкладала працоўнае навучанне. А я, маленькая, часта праводзіла вольны час з ёй на рабоце, вучылася шыць на машынцы, гатаваць. Гэта мне было цікава. Пасля 9 класа ўсе мае сяброўкі паступалі, я таксама вырашыла паспрабаваць. Выбар педагагічнага каледжа ў Лідзе быў спантанным. Пасля заканчэння размеркавалася ў сярэднюю агульнаадукацыйную школу, адначасова з гэтым паступіла на завочнае аддзяленне ў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Менавіта ў Брэсце пазнаёмілася са сваім мужам”, — расказвае пра сябе жанчына.
Сяргей Георгіевіч, муж Наталлі Віктараўны, працуе начальнікам СТА ў Брэсце і мае дзве вышэйшыя адукацыі: ён інжынер-будаўнік і праграміст. Наталля Коцік прызнаецца, што з мужам ёй пашанцавала: ён падтрымлівае ўсе яе ідэі.
“Я вельмі энергічны чалавек, мне падабаецца рэалізоўваць сябе ў многіх кірунках. Нават у водпуску па доглядзе за дзіцяці мне было вельмі сумна сядзець — заўсёды шукала, чым сябе займаць. Таму работа, уд зел у праектах — гэта заўсёды новае дыханне. Але перш чым прысвяціць час самой сабе, трэба выканаць усе хатнія абавязкі, а таксама павучыць з дзецьмі ўрокі. Нягледзячы на тое што дзеці ў мяне даволі самастойныя, кантраляваць выкананне пісьмовых заданняў трэба абавязкова. А ў Андрэя, які сёлета заканчвае першы клас, трэба праверыць таксама і чытанне, таму што першы год навучання — гэта аснова і фундамент, на якіх пасля грунтуюцца веды.
Што тычыцца маёй работы, так, я стамляюся, але гэта прыемная стомленасць. Таму магу з упэўненасцю сказаць, што маё жыццё напоўнена шчасцем і сэнсам. Шчасце — у сям’і, сэнс — у рабоце. Я прывыкла працаваць у рэжыме шматзадачнасці. Вельмі цаню, што муж ва ўсім мяне падтрымлівае. За 14 гадоў сумеснага жыцця ён гатовы падтрымліваць мяне ў любых кірунках, і гэта ўзаемна. Я таксама, калі ён прыходзіць са сваімі ідэямі, падбадзёрваю яго і не маю нічога супраць іх рэалізацыі. Муж мне вельмі дапамагае з дзецьмі: адвозіць іх у гімназію і на трэніроўкі. Наш 7-гадовы Андрэй, напрыклад, займаецца ў секцыі па плаванні, гуляе ў шашкі, захапляецца мадэляваннем. А Валодзя, яму 13, ходзіць на скачкі на батуце, у спартыўную секцыю па бадмінтоне, піша вершы, вучыцца праграмаваць, цікавіцца аматарскай астраноміяй і добра разбіраецца ў геаграфіі. На гарадскіх алімпіядах па гэтым прадмеце, дарэчы, паказвае цудоўныя вынікі. І ёсць яшчэ Маша, яна ходзіць у садок. Дарэчы, Машу я вельмі хацела. У нас ужо былі 2 хлопчыкі, але мне так хацелася дзяўчынку! Нават калі хадзілі ў магазін за пакупкамі для сыноў, паспявала забегчы ў аддзел, дзе прадаецца ўсё для дзяўчынак, і любавалася гэтымі рэчамі. І я вельмі рада, што муж мяне падтрымаў, і ў нас 8 сакавіка нарадзілася Маша. Цяпер гэтае свята — адно з нашых самых любімых”.
“Мы вельмі многа часу праводзім разам, лічым, што самая карысная справа — гэта сумесная сямейная праца. У гэтым я бачу сэнс. Таму мы ўсё робім разам. Калі гатуем ежу, то разам: у кожнага дзіцяці ёсць свая апрацоўчая дошка для таго, каб нешта рэзаць. Калі займаемся ўборкай, то таксама разам. Хлопцы, напрыклад, пыласосяць, а Маша выцірае пыл. Гэта ёй падабаецца, і гэта тое, што ёй па сілах”
Менавіта падтрымка і дапамога мужа, а таксама словы дзяцей “Мама, мы ў цябе верым” дапамагаюць Н.Коцік рэалізоўваць сябе не проста як педагога ў школе, але і за яе межамі. Так, Наталля Віктараўна стала пераможцай абласнога конкурсу “Выхоўваем грамадзяніна Беларусі”, была ўзнагароджана дыпломам II ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, мае многа грамат і падзяк. Вучні Н.В.Коцік штогод прымаюць удзел у конкурсе “Я — даследчык!”, на якім займаюць прызавыя месцы. А яшчэ Наталля Віктараўна любіць вязаць, ствараць прыгожыя рэчы з цеста, бісеру і інш. Вось і мяркуйце самі, ці можна, маючы такую творчую маму і жонку, баяцца ўдзелу ў конкурсах? Адназначна не.
Па старонках радаводу
Паўдзельнічаць у абласным этапе конкурсу Наталлі Віктараўне прапанавалі на рабоце. Яна, не доўга думаючы, згадзілася. Дома падзялілася ідэямі з сям’ёй, якая яе дружна падтрымала. Н.Коцік прызнаецца: яна зусім не чакала, што менавіта назавуць пераможцамі ў вобласці і ім прапануюць прадставіць рэгіён у Мінску, на рэспубліцы.
“Калі нам сказалі, што наша сям’я перамагла ў Брэсце, мы былі вельмі рады. Ды што там, шчаслівыя! Вельмі шмат сіл, ідэй і творчасці было патрачана на падрыхтоўку. Калі стаялі на сцэне, журы задало нам пытанне: ці гатовы еха ць у Мінск і выступаць за вобласць? Мы з мужам пераглянуліся, і я зразумела, што ён не супраць. А пасля мы задалі гэтае пытанне дзецям і ўбачылі тры ўзнятыя ўгару рукі”.
Валодзя, Андрэй і Маша заўсёды дапамагаюць сваім маме і тату ў дамашніх справах. Таму з задавальненнем пачалі прадумваць з бацькамі канцэпцыю выступлення на рэспубліцы. Удзел у “Сям’і года” — гэта прэзентацыя сям’і ў некалькіх конкурсах. Першы — генеалагічны. Дарэчы, імёны сваім дзецям Наталля і Сяргей Коцік выбіралі не па модзе, а з аглядкай на мінулае: назвалі дзяцей у гонар сваіх дзядуляў і бабулі.
“У першую чаргу мы рыхтавалі візітную картку на конкурс “Радавод”, дзе расказвалі аб традыцыях сваёй сям’і, захапленнях. Падрыхтоўка да гэтага этапу была вельмі цікавая, яна дазволіла нам з дзецьмі паглыбіцца ў гісторыю сваёй сям’і. Дарэчы, у генеалагічным дрэве нашай сям’і — 108 прозвішчаў. У мяне, напрыклад, дваранскія карані, я належу да дваранскага роду Нарбутаў, самым знакамітым прадстаўніком якога з’яўляецца Тэадор Нарбут. Ён быў ваенным, гісторыкам, публіцыстам і інжынерам. Мой муж, Сяргей Георгіевіч, таксама мае карані, якімі можна ганарыцца: ён паходзіць з роду, які валодаў фальваркам пад Брэстам. Бабуля мужа была загадчыцай бібліятэкі ў Бярозе, а дзядуля курыраваў будаўніцтва Бярозаўскай ГРЭС”.
Пастаноўка конкурсных нумароў патрабавала шмат часу і цярпення. Падчас рэпетыцый у Коцікаў атрымлівалася не ўсё і не адразу.
“Конкурс праводзіцца ў навучальным годзе, а гэта значыць, што мы павінны былі ўсё сумяшчаць: і вучобу, і падрыхтоўку. Безумоўна, спачатку вельмі стамляліся. Але пасля, калі нумары былі адточаны, мы настолькі гарманічна ўсё рабілі на сцэне, што кожны з нас гэта заўважаў. Дзякуючы гэтаму, выступленні праходзілі без памылак, што вельмі стымулюе і натхняе”, — запэўнівае Н.Коцік.
Другім этапам “Сям’і года” стала прэзентацыя сацыяльна значнага праекта “Мая краіна — мая сям’я”. Коцікі ўзнялі актуальную на сёння тэму забруджання навакольнага асяроддзя і выступілі на сцэне сумесна са сваімі партнёрамі — Брэсцкім смеццеперапрацоўчым заводам. Разам яны падрыхтавалі прэзентацыю па тэме раздзельнага збору смецця.
“Паколькі ў нас сям’я вялікая, значыць, і адходаў у нас больш. Дзяцей мы ўжо даўно прывучаем да таго, каб яны правільна сартавалі смецце, — расказвае пра экалагічнае выхаванне ў сям’і Наталля Віктараўна. — Дома стаіць сметніца з трыма адсекамі: для харчовых адходаў, паперы і пластыкавых накрывак. Дарэчы, накрыўкі мы збіраем асобна, таму што ўжо даўно далучыліся да рэспубліканскага праекта “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. А пластыкавыя бутэлькі выносім у кантэйнер, які стаіць ля дома. Кардон таксама складваем асобна, яго мы аддаём на макулатуру ў школу, дзе працую”.
Паважлівыя адносіны да прыроды Наталля Віктараўна прывівае і сваім вучням. Напрыклад, у мінулым годзе адна з вучаніц Н.В.Коцік прымала ўдзел у раённым конкурсе “Я — даследчык!”, на якім выступала з навуковай работай пра чайны грыб і атрымала прызавое месца.
Тэма беражлівых адносін да прыроды нездарма была прэзентавана Коцікамі: яна хвалюе сям’ю і па-за кантэкстам конкурсу. Штогод вясной мама, тата і трое дзетак бяруць пакеты для збору смецця і выходзяць на бераг Мухаўца, які працякае праз Брэст, каб ачысціць узбярэжжа ракі.
“Мы стараемся не толькі ў сям’і, але і па-за яе межамі зрабіць штосьці карыснае і прыгожае. Наша сям’я жыве ў шматкватэрным доме, свайго ўчастка ў горадзе няма. Таму мы пасадзілі ў двары туі, зрабілі сваімі рукамі млын. Я ўпэўнена, што чалавек павінен там, дзе жыве, ствараць прыгажосць, а не засмечваць усё на сваім шляху. У мінулым годзе Брэст адзначаў 1000-годдзе. У гонар такой даты горад абвясціў закладку кляновай алеі. Наша сям’я далучылася да акцыі. Мы прачнуліся ў суботні дзень, прыйшлі і самастойна пасадзілі некалькі дрэўцаў. Яны будуць расці разам з намі. Праз нейкі час прыйдзем і паглядзім на іх. Увогуле, мы вельмі многа часу праводзім разам, лічым, што самая карысная справа — гэта сумесная сямейная праца. У гэтым я бачу сэнс. Таму мы ўсё робім разам. Калі гатуем ежу, то разам: у кожнага дзіцяці ёсць свая апрацоўчая дошка для таго, каб нешта рэзаць. Калі займаемся ўборкай, то таксама разам. Хлопцы, напрыклад, пыласосяць, а Маша выцірае пыл. Гэта ёй падабаецца, і гэта тое, што ёй па сілах”.
Цяпло роднага дома
У сям’і Коцік ёсць свае традыцыі. Выхадныя і святочныя дні яны абавязкова праводзяць разам. Дарэчы, суботу і нядзелю дзеці вельмі любяць, таму што ведаюць: яны прачнуцца, а на снеданне мама ўжо згатавала блінчыкі.
“Дзеці з нецярпеннем чакаюць выхадных, яны чакаюць любімыя бліны. У будныя дні вяртаемся дадому позна, часу на гэта, на жаль, не хапае. Затое на выхадных я прачынаюся раней, замешваю цеста і пяку блінчыкі. Пасля снедання ў суботу мы прыбіраем кватэру, гатуем ежу, а потым ідзём катацца на веласіпедах, — расказвае Наталля Віктараўна. — Зімой ходзім на лыжах. Здаровы лад жыцця, як і беражлівыя адносіны да прыроды, трэба выхоўваць з дзяцінства. Вельмі важна ўмець паказваць дзецям прыклад, таму я з задавальненнем дзялюся з імі сваімі ведамі і вопытам. Вучу гэтаму і сваімі навучэнцаў. Хто, як не настаўнік і бацькі, змогуць гэта зрабіць? Наша задача — паказаць ім, як правільна.
Што тычыцца маёй работы, так, я стамляюся, але гэта прыемная стомленасць. Таму магу з упэўненасцю сказаць, што маё жыццё напоўнена шчасцем і сэнсам. Шчасце — у сям’і, сэнс — у рабоце. Я прывыкла працаваць у рэжыме шматзадачнасці.
Перш чым выехаць на велапрагулку ці што-небудзь зрабіць, што патрабуе выбару, мы праводзім маленькае сямейнае галасаванне. Агучваем дзецям варыянты і пачынаем думаць, выбіраць. Безумоўна, дзеці заўсёды выйграюць, таму што іх больш. Трое супраць двух — гэта сур’ёзна! Таму мы робім тое, за што прагаласавала большасць”.
Наталля Віктараўна не хавае, што бываюць моманты, калі і ёй, і мужу хочацца пабыць сам-насам са сваімі думкамі. І яны даюць адно аднаму такую магчымасць. Менавіта ў гэтым, па словах Наталлі Віктараўны, і ёсць сакрэт гарманічных сямейных адносін: умець чуць адно аднаго і заўсёды і ва ўсім падтрымліваць.
“Сакрэт шчаслівай сям’і — гэта ўзаемная павага, цярпенне, узаемаразуменне, любоў, — раскрывае сямейныя сакрэты Н.В.Коцік. — Тое, наколькі шчаслівай будзе твая сям’я, залежыць у першую чаргу менавіта ад цябе. Вельмі важна ўмець бачыць ва ўсім пазітыў, цаніць тое, што маеш, тады і бацькі, і дзеці будуць свяціцца ад шчасця”.
Наталля САХНО.
Фота з архіва сям’і Коцік.