Школа для сям’і, сям’я — для школы

Сямейнае асяроддзе не заменіць для дзіцяці ніякае іншае, гэта бясспрэчная аксіёма. Канечне, калі мець на ўвазе здаровае сямейнае асяроддзе: ёсць яно — ёсць умовы для фарміравання асобы дзіцяці, яго нармальнага фізічнага, псіхічнага і духоўнага росту і развіцця, для прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці, у рэшце рэшт. У першую чаргу наяўнасць такога асяроддзя залежыць ад бацькоў, але ні ў якім выпадку нельга скідваць з рахунку ролю педагагічнага вопыту і супрацоўніцтва сям’і і школы ў гэтым пытанні.

Ініцыятыва + вопыт

Вопыт работы сталічнага рэсурснага цэнтра па сямейным і гендарным выхаванні пацвярджае ўсё сказанае вышэй. Цэнтр пачаў сваю работу на базе сярэдняй школы № 191 Мінска ў 2016 годзе. Штуршком да яго ўтварэння стала атрыманне гранта конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”, пасля чаго пачалася рэалізацыя праекта па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў.

— Галоўнай сваёй мэтай мы паставілі распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту ў сістэме сямейнага і гендарнага выхавання вучняў, — падкрэслівае дырэктар школы Юлія Ільінічна Пінчук. — Цэнтр працуе для ўсяго горада, таму абмен вопытам адбываецца сярод шырокага кола спецыялістаў.

Так, у рамках дзейнасці цэнтра праходзіць акцыя “Навучы добраму”, што складаецца з цэлага шэрага мерапрыемстваў. Гэта, напрыклад, бацькоўскія суботы, калі ў кожную апошнюю суботу месяца праводзіцца гульня-падарожжа па станцыях у адпаведнасці з вызначанай тэмай: дні дабрыні, смеласці, працавітасці і г.д. Арганізоўваюцца пастаянна дзеючыя заняткі для дзяцей і баць­коў “Па адказ — у школу”, накіраваныя на фарміраванне культуры сямейных адносін, асэнсаванага бацькоўства, пазіцыі ненасілля, выхавання пачуцця спагады, адказнасці за сваё жыццё і здароўе і, канечне, правільнага стаўлення да сям’і.

Пры гэтым педагогі (а кіруе рэсурсным цэнтрам настаўніца рускай мовы і літаратуры Лізавета Аляксандраўна Балашэвіч) добра разумеюць, што прывіць сямейныя каштоўнасці без удзелу сям’і немагчыма. Таму максімум намаганняў яны прыкладаюць для таго, каб сумясціць сямейнае і школьнае выхаванне, узаемадзейнічаць на максімальна высокім узроўні. Школа не ў сілах замяніць дзіцяці сям’ю, сям’я не мае тых навыкаў і вопыту, што ёсць у педагогаў. Многае ў сваім сыне або дачцэ бачаць бацькі, але штосьці, не заўважанае імі, назіраюць у школе педагогі, а разам магчыма дасягнуць больш устойлівага і больш працяглага выніку.

 — Цяпер, калі тэмп жыцця вельмі высокі і напружаны, мы разумеем, што пры ўсім жаданні даць дзецям самае лепшае ў бацькоў часта не хапае часу і сіл, каб увасобіць гэтае жаданне, — гаворыць намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Аксана Валер’еўна Бугара. — А мы імкнёмся зблізіць дзяцей і бацькоў, аб’яднаць іх. Часта на нашых занятках, мерапрыемствах выразна бачна, з якой любоўю, пяшчотай і гордасцю  мамы і таты глядзяць на сваіх дзяцей, а малыя ў сваю чаргу такімі ж вачыма гля­дзяць на бацькоў. Душа радуецца. Калі б не цэнтр, ці адбылося б гэта, ці ўдалося б дарослым і дзецям убачыць адно аднаго з новага боку?  І, безумоўна, сумесная дзейнасць згуртоўвае сям’ю. Мы рады, што можам дапамагчы ў гэтым.

Учора, сёння, заўтра

Праектаў, якія спрыяюць вырашэнню задач рэсурснага цэнтра, нямала, і звычайна кожны з іх разлічаны на 2—4 гады і ахоплівае, па магчымасці, усіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу. Так, праект “РАДаслоўны куфэрак” для 1—4 класаў накіраваны на тое, каб дзеці вывучалі гісторыі сваіх сем’яў, адраджалі сямейныя традыцыі, каб умацоўвалася сувязь пакаленняў, каб навучэнцы адчувалі гордасць за сваю сям’ю, разумелі сваё месца ў гісторыі роду.

Мэта праекта “Сямейныя традыцыі”, разлічанага на вучняў 5—6 класаў, — фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці праз вывучэнне традыцый, побыту і жыцця папярэдніх пакаленняў. Вучні 7—8 класаў задзейнічаны ў праекце “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”, 9—10 класаў — у праекце “Партрэт маёй сям’і: учора — сёння — заўтра”. Зразумела, што без падтрымкі татаў, мам, а часта бабуль і дзядуляў падобныя праекты рэалізаваць немагчыма. Дзякуючы ўдзелу ў такіх праектах, дзеці адчува­юць сябе не толькі часткай сваёй сям’і, але і сваю сям’ю — часткай народа, краіны, бачаць сямейную гісторыю праз прызму гісторыі Беларусі.

— Адна з найлепшых сямейных традыцый — сямейныя чытанні, — упэўнена кіраўнік рэсурснага цэнтра Л.А.Балашэвіч. — У многіх сем’ях ёсць свае бібліятэкі, сабраныя з вялікай любоўю. Многія, думаю, памятаюць, з якім хваляваннем адгортвалі старонкі гэтых кніг, як глыбока ў душу пранікалі іх радкі. Адраджаючы традыцыю сямейных чытанняў у нашай школе, мы адкрылі свабодную бібліятэку, або буккросінг. Тут утульная атмасфера, мяккія лаўкі, жывыя кветкі. І, канечне, шмат кніг, якія можна пачытаць тут жа або ўзяць дадому, пакінуўшы іншую кнігу на паліцы. Тут мы праводзім і сустрэчы “Буккросінг запрашае…”, калі хлопчыкі і дзяўчынкі, іх бацькі чытаюць любімыя творы, дзеляцца ўражаннямі ад прачытанага.

Тэматычныя тыдні (тыдзень дабрыні напярэдадні Каляд, тыдзень міласэрнасці напярэдадні Вялікадня) таксама сталі традыцыйнымі. Да іх прымеркаваны дабрачынныя кірмашы, канцэрты, дзеці і дарослыя ствараюць віншавальныя паштоўкі.

Ёсць сем’і школьнікаў, якія сталі пастаяннымі ўдзельнікамі многіх мера­прыемстваў рэсурснага цэнтра, як, напрыклад, сям’я Швецкіх, якая з’яўляецца яскравым прыкладам супрацоўніцтва сям’і і школы.

Рознабакова

Самая маштабная традыцыя, якая ў­знікла дзякуючы рабоце рэсурснага цэнтра і стала яго візітнай карткай, — штогадовы Міжнародны фестываль сям’і “Традыцыі. Быт. Культура”, які ўпершыню прайшоў у снежні 2017 года. За тры гады ў фестывалі прынялі ўдзел сем’і з Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Туніса і нават Рэспублікі Конга. Запрашэнні цэнтр накіроўвае ва ўсе школы горада, звяртаецца ў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, а таксама ва ўстановы вышэйшай адукацыі — так і збіраецца шматнацыянальны склад удзельнікаў.

У школе працуюць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, 2 педагогі-арганіза тары, 2 пе дагогі-псіхолагі, 2 сацыяльныя педагогі, 44 класныя кіраўнікі. З іх вышэйшую і першую катэгорыю маюць 27 педагогаў, што складае 60% ад занятых у рабоце рэсурснага цэнтра. 9 педагогаў з’яўляюцца ўладальнікамі грантаў Мінгарвыканкама, 4 педагогі — уладальнікі прэмій Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Адна з самых актыўных сем’яў-удзельніц — беларуская. Гэта мнага­дзетная сям’я Валковіч, дзе выхоўваюцца пяцёра дзяцей, школьнікі вучацца ў 96-й школе. Валковічы ўдзельнічаюць у фестывалі ўсе тры гады яго правядзення, прычым узровень сваёй актыўнасці і крэатыўнасці не зніжаюць.

Фестываль — падзея маштабная, яго работа арганізоўваецца на некалькіх пляцоўках, адбываецца кулінарны паядынак, праводзяцца майстар-класы. Традыцыяй стаў флэш-моб, што праходзіць падчас кожнага фестывалю на тэрыторыі школы. Напрыклад, у 2017 годзе ўсе яго ў­дзельнікі сталі ў форме сэрца — сімвала любові і адзінства сям’і. На другім фестывалі яго ўдзельнікі прыносілі самастойна звязаныя шалікі з назвамі гарадоў, з якіх паходзяць гэтыя сем’і. У снежні 2019 года ўдзельнікі фестывалю пабудавалі калядны горад з маленькіх домікаў з ачагамі, а дапамаглі ім у гэтым педагогі школы.

— Міжнародны фестываль сям’і “Традыцыі. Быт. Культура” ўнікальны, бо стаў пляцоўкай для абмену вопытам, су­працоўніцтва, узаемадзеяння сем’яў, ён аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў (самаму маленькаму ўдзельніку было 3 месяцы), спрыяе адраджэнню і захаванню нацыянальных традыцый, з’яўляецца цікавай формай супрацоўніцтва сям’і і школы, духоўна-маральнага выхавання, — пераканана кіраўнік рэсурснага цэнтра.

А яшчэ навучэнцы і педагогі школы № 191 штогод становяцца ўдзельнікамі адкрытых Свята-Мікалаеўскіх духоўна-асветніцкіх чытанняў на базе Мінскай духоўнай акадэміі. Школьнікі прадстаўля­юць свае творчыя работы (эсэ, даследчыя праекты), педагогі выступаюць з дакладамі і прымаюць удзел у рабоце журы.

У школе арганізаваны аб’яднанні па інтарэсах па асновах праваслаўнай культуры, прадстаўнікі прыхода святой мучаніцы Таціяны прымаюць удзел у дабрачынных кірмашах, традыцыйным школьным конкурсе “Сям’я года”, у педсаветах, велікодных канцэртах, іншых мерапрыемствах, якія цэнтр праводзіць  у рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў, доме-інтэрнаце для пенсіянераў і інвалідаў, доме дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным пашко­джаннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі.

Зразумела, напрацаваны вопыт па­трабуе абагульнення і распаўсюджвання, а дзеля гэтага супрацоўнікі рэсурснага цэнтра арганізоўваюць вэбінары, семінары па актуальных пытаннях сямейнага і гендарнага выхавання, расказваюць пра сваю работу ў школьнай газеце-часопісе “Перапынак”. Тут нават выдалі брашуры “З серыі сустрэч “Буккросінг запрашае…”, сабралі метадычны матэрыял “Распрацоўка сцэнарыяў мерапрыемстваў па сямейным і гендарным выхаванні”. Больш за тое, у цэнтры наладзілі міжнароднае супрацоўніцтва з установамі адукацыі Санкт-Пецярбурга і Пскова.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 191 Мінска.