З далікатным характарам

Стэрэатыпнае мысленне дагэтуль многім не дазваляе сцерці мяжу паміж размеркаваннем сацыяльных роляў і раздзяленнем прафесій: цяжкую фізічную працу, як правіла, выконваюць мужчыны, а жанчынам прыпісваецца больш лёгкая роля. Але гэта толькі ў тэорыі. На практыцы ўсё крыху інакш.
Пра тое, чаму не трэба баяцца рабочых прафесій, як працаваць з металам і мяняць падшыпнікі, расказала машыніст па навіванні канатаў Яўгенія Нікуліна.
І не, яна не ўнучка акцёра Нікуліна.

Памяняць падшыпнік? Лёгка!

“Пасля заканчэння школы я паступіла ў Гомельскі дарожна-будаўнічы каледж. Мне вельмі падабалася назва спецыялізацыі “Банкаўская справа”. У той час я яшчэ сама сябе не ведала, не магла вызначыцца, што мне падабаецца, а што — не. Таму, можна сказаць, выбіраючы спецыяльнасць, кіравалася не ведамі і здольнасцямі, а ў большасці сваёй візуальным успрыманнем. “Банкаўская справа” — гэта гучала вельмі прыгожа і прывабна. Таму і пайшла вучыцца. Ні мама, ні настаўнікі ўплыву на выбар прафесіі не аказвалі.

Падчас вучобы зразумела, што памылілася з выбарам. Эканоміка і статыстыка ў мяне добра ішлі, а вось бухгалтэрыя давалася цяжка. Забіраць дакументы ў працэсе вучобы не хацела і нават не думала пра гэта. Я такі чалавек, што прывыкла ісці да канца, дабівацца свайго, дасягаць пастаўленых мэт. Таму скончыла каледж, атрымала дыплом. Але сябе абсалютна не бачыла ў ролі работніка банка, бухгалтэрыі. Мне патрэбна дынамічная работа, не манатонная. І я зноў апынулася перад выбарам.

У нас у Жлобіне ёсць металургічны завод, работа на якім дае перспектывы, дазваляе зарабіць добрыя грошы і не перажываць за тое, як пражыць ад зар­платы да зарплаты. У мяне было і ёсць вельмі многа планаў на будучыню, таму, каб іх рэалізаваць, вырашыла атрымаць яшчэ ад ну адукацыю і паступіла ў Жлобінскі дзяржаўны металургічны каледж.

Калі вучылася ў каледжы, у мяне ніякіх складанасцей не ўзні­кала, у адрозненне ад вучобы ў Гомелі. Выбраная спецыялізацыя падабалася, таму я з задавальненнем хадзіла на заняткі. У выніку ў 2013 годзе атрымала другі дыплом па спецыяльнасці “Тэхнік-механік” і з ім пайшла ўладкоўвацца на завод. Дарэчы, у мяне быў дыплом з адзнакай!

Спачатку браць на работу мяне не хацелі: невысокі рост, худая. Як можна паверыць у тое, што такая дзяўчына можа выкон­ваць цяжкую фізічную працу? Але мая настойлівасць перамагла. Я сказала, што хачу працаваць і не баюся цяжкіх умоў. У аддзеле кадраў сумняваліся, але паверылі ў мяне, далі шанс. А я такі чалавек, што не люблю падводзіць ні іншых, ні сябе. Таму павінна была справіцца. Працаваць пачала не па спецыяльнасці, па якой заканчвала каледж, а пайшла ў канатчыцы. Адрозненне паміж тэхнікам-механікам (гэтая спецыяльнасць значылася ў дыпломе) і канатчыцай у наступным: тэхнік-механік займаецца рамонтам металургічнага абсталявання, зборкай і разборкай станкоў, рухавікоў, а таксама павінен разбірацца ў тэхналогіі машын.

Канатчыкі працуюць на завяршальным этапе вытворчасці прадукцыі, і ён для мяне сёння вельмі цікавы. Спачатку з металу робіцца тонкая катанка, пасля на валачыльні яе ператвараюць у тонкі дрот, а потым метал перадаецца нам. І ўжо канатчыкі звіваюць яго на машынах. У выніку атрымліваецца корд са звіўкай, а яна бывае рознай і можа складацца з дзвюх, чатырох ці нават дзевяці ніцей. Увогуле, у кожнага заказчыка свая структура і якасць металу.

Я ўсталёўваю 2 ці 4 катушкі на машыну, выцягваю вузел, і машына звівае канат. Вось так атрымліваецца канчатковая прадукцыя, якая пасля адгружаецца на сарціроўку. Там катушкі правяраюцца на якасць, адпаведнасць пэўным стандартам. І пасля ўжо адбываецца адгрузка прадукцыі.

Дарэчы, у працэсе зборкі машыны ёсць шмат цікавага. Ёсць вялікія зборнікі (элемент, на які накручваецца канат), а ёсць маленькія. І ў залежнасці ад гэтага вызначаецца від зборкі. Калі вызначаная даўжыня каната ўжо наматана, я павінна праверыць усе накручванні, каб вызначыць норму і якасць. Бывае так, што ў працэсе работы машына можа зламацца, напрыклад, злятаюць падшыпнікі. Я ўжо навучылася, дарэчы, мяняць іх самастойна. Ніякіх праблем з тым, каб адкруціць-закруціць гайкі, таксама не ўзнікае. Безумоўна, займацца непаладкамі павінны наладчыкі, а мой абавязак проста спыніць машыну і паклі­каць патрэбнага чалавека. Але бывае так, што наладчыкі заняты. І для таго, каб машына не прастойвала, я сама мяняю падшыпнік. Гэта вельмі проста, аказваецца. Карацей кажучы, наша работа даволі спецыфічная, і зразумець усе тонкасці звычайныя людзі не могуць. 

На нашым заводзе працуе шмат дзяўчат, і яны ні ў чым не ўступаюць мужчынам. Дзяўчаты стараюцца не баяцца цяжкасцей і з задавальненнем і ахвотай пазнаюць усё новае. Напэўна, так адбываецца ў першую чаргу па той прычыне, што жанчыны, асабліва калі яны выхоўваюць дзяцей, стараюцца рабіць сваю работу якасна, ім важна зарабіць больш грошай. І гэта правільна: ім жа трэба карміць сям’ю. Акрамя гэтага, яшчэ ж хочацца апранацца прыгожа і купіць нешта з касметыкі. Таму будзе справядліва і правільна, калі мы перастанем дзяліць прафесіі на мужчынскія і жаночыя. Так, ёсць фізічна цяжкая праца, але гэта не зна­чыць, што жанчыны не змогуць з ёй справіцца. Галоўнае — жаданне.

Важна, калі ў цябе вераць

Назіраючы за сённяшнімі маладымі людзьмі, магу сказаць, што яны не асабліва любяць напружвацца. Многія шукаюць няпыльную работу, каб можна было сядзець, нічога не рабіць і атрымліваць за гэта грошы. Але ўсё дасягаецца праз працу, і мы таксама ўдасканальваемся дзякуючы ёй.

Калі прыйшла на завод, на працягу некалькіх месяцаў праходзіла стажыроўку. За мной замацавалі спецыяліста 4 разраду, які павінен быў вучыць асновам будучай справы. Праз 3 месяцы навучання я здавала экзамены. Гэта робіцца для таго, каб атрымаць допуск да работы. І толькі пасля гэтага мне далі 2 машыны, каб я пачала самастойна працаваць. Безумоўна, спачатку працавала не ў тым тэмпе, як іншыя работнікі цэха. Але з цягам часу па хуткасці выканання работы ў мяне ўсё пачало атрымлівацца не горш, чым у тых, хто ўжо даўно варыцца ў гэтай кухні. Як вынік — колькасць адзінак тэхнікі, на якіх я павінна працаваць, павялічылася: майстар пачала мне давяраць 5—6 машын. Так, гэта вялікая адказнасць, але я вельмі ўдзячна тым, хто ў мяне паверыў і дазволіў паказаць сябе з лепшага боку.

Увогуле, лічу, што ў любой сферы, куды б ні прыйшоў навічок, у яго павінен быць свой настаўнік, да якога можна не баяцца звярнуцца ў незразумелай сітуацыі. Вялікае значэнне ў працэсе навучання мае жаданне вучыцца і атрымліваць новы вопыт. Калі побач будзе знаходзіцца супермайстар, які апантаны сваёй справай, раскладае ўсё па палічках, але ты не накіраваны на дасягненне мэты, нічога не атрымаецца.

За тры гады працы я шмат чаго дасягнула. Самае значнае і важнае для мяне як для прафесіянала дасягненне — гэта тое, што я атрымала 3 разрад. Цяпер я ўжо сама магу вучыць навічкоў. Ведаю, як важна першыя часы чуць словы падтрымкі і адчу­ваць, што ў цябе вераць. Таму буду з ахвотай дзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто вырашыць звязаць будучыню з работай у металургічным цэху. Так, усё будзе здавацца складаным. Першыя паўгода мне таксама было нялёгка, я вельмі стамлялася. Але кожны раз, у любую змену, калі была мая чарга, з ахвотай і радасцю збіралася і ішла на работу.

Чаму не трэба баяцца рабочых прафесій?

Сёння многія баяцца рабочых прафесій, але яны нічым не горшыя за тыя спецыяльнасці, якія вымушаюць сядзець у офісе. Нехта лічыць, што людзі, якія працуюць на заводах, не адукаваныя, ні да чаго не імкнуцца. Але сярод нашага калектыву вельмі многа тых, хто мае вышэйшую адукацыю. Я таксама думаю пра тое, што трэба атрымліваць дыплом універсітэта. Нехта скажа: навошта? Працуеш на сваёй канатцы і працуй. Але падымацца па кар’ернай лесвіцы трэба абавязкова. Новыя веды — гэта новыя магчымасці.

Я хачу стаць майстрам ці тэхнолагам. Майстры, як правіла, кантралююць сваю брыгаду, назіраюць за працэсам работы, дапамагаюць сваёй камандзе і сочаць за пастаўкай металу, каб машыны не стаялі без работы. Для гэтага можна паступіць на завочнае скарочанае навучанне ва УВА. Думаю, што ў найбліжэй­шыя гады змагу ажыццявіць гэтую мару.

Энергія перамогі

Я заўсёды любіла спорт, і вельмі прыемна, што на заводзе яму ўдзяляецца шмат увагі. У нас кожны год праводзяцца турыстычныя злёты, а таксама эстафеты, у якіх прымаю актыўны ўдзел. Я з дзяцінства захаплялася лёгкай атлетыкай, мнагаборствам, і гэтыя спартыўныя кірункі заўсёды мяне суправаджаюць у жыцці. У нас штогод праводзіцца Дзень металурга, падчас якога ладзіцца спартыўная эстафета на прыз генеральнага дырэктара. Кожны цэх павінен сабраць сваю каманду і прабегчы эстафету.

Акрамя гэтага, каманда нашага завода прымае ўдзел у раённых спартыўных мерапрыемствах, на якія запрашаюцца каманды ад усіх прадпрыемстваў горада. Але самым цікавым спартыўным мерапрыемствам, якое таксама спрыяе таму, каб мы, работнікі аднаго цэха, змаглі ад­чуць сябе адной сям’ёй, з’яўляецца тыднёвы турыстычны злёт, які праводзіцца кожнае лета. Мы з задавальненнем выязджаем у лес з палаткамі, вучымся арыентавацца на мясцовасці, ездзім на веласіпедах і г.д.

Дарэчы, мінулай восенню на БМЗ праходзіў маладзёжны баль. Я трапіла ў лік лаўрэатаў прэміі ў намінацыі “Энергія перамог”. Адбылося гэта дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў спартыўным жыцці завода. Можа, я павінна быць больш сціплай і не гаварыць пра гэта, але пахваліцца хочацца: я заўсёды займаю прызавыя месцы, калі ўдзельнічаю ў спартыўных мерапрыемствах. Магчыма, менавіта вынослівасць і характар, якія загартоўваюцца дзякуючы спорту, дапамаглі мне не спужацца тых складанасцей, з якімі сутыкалася і сутыкаюся падчас што­дзённай працы. 

Прызнанне прыходзіць з вопытам

Бывае, у мяне цікавяцца, ці не надакучыла работа, ці не хачу яе пакінуць. Скажу шчыра: не хачу! Мне падабаецца тое, дзе я працую і як гэта раблю. Мне падабаецца, што на рабоце адчуваю сябе камфортна, што мая спецыяльнасць раскрывае і дэманструе мой характар — трывалы, нязломны і разам з тым далікатны. Я  не баюся працаваць рукамі. І гэта ж хачу сказаць тым, хто не вызначыўся са сваёй будучай прафесіяй. Нельга ісці працаваць туды, дзе вы не будзеце адчу­ваць сябе свабодна, дзе вам будзе здавацца, што вашы рукі звязаны. Вы павінны любіць сваю работу. І яшчэ ад зін важны момант. Нельга баяцца застацца незапатрабаваным майстрам. Усё прыходзіць з вопытам, і прызнанне таксама”.

Запісала Наталля САХНО.