Разменная манета: як працуе біткойн і што з ім рабіць?

11 гадоў назад з’явіліся біткойны, якія паспрыялі развіццю ўнікальнага па ўсіх параметрах напрамку — майнінгу. Амаль адразу пасля з’яўлення першай крыптавалюты сотні тысяч людзей пачалі займацца здабычай электронных грошай. Сёння ўжо здабыта больш чым 18 мільёнаў біткойнаў. Апошні біткойн, згодна з заложаным у крыптавалюту алгарытмам, будзе здабыты ў 2140 годзе.

Пра развіццё крыптавалюты, капіталізацыю рынку біткойна і тое, як не стаць ахвярай махляроў, расказала навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Настасся ЛУЗГІНА.

Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC пачаў сваю дзейнасць у 2008 годзе як сумесны праект Стакгольмскага інстытута пераходных эканомік (SITE) і Эканамічнага адукацыйнага і даследчага кансорцыума (EERC) пры фінансавай падтрымцы Шведскага агенцтва па развіцці (SIDA).

Сёння BEROC з’яўляецца адным з вядучых незалежных акадэмічных даследчых цэнтраў у галіне эканамічных даследаванняў у краіне.

— Настасся, растлумачце, калі ласка, што такое блокчэйн, крыптавалюта, токены і майнер? Што хаваецца за гэтымі словамі?

— Блокчэйн уяўляе сабой размеркаваную базу даных (размеркаваны рэестр), якая прадстаўлена ў выглядзе паслядоўнага ланцужка блокаў (адсюль і назва “блокчэйн”). Кожны ўдзельнік блокчэйна мае яе поўную копію, якая ўвесь час абнаўляецца. У стандартным блокчэйне няма цэнтральнага звяна (адміністратара) у выглядзе банка ці іншага ключавога пасрэдніка. Праведзеныя ў блокчэйне транзакцыі нельга адмяніць, можна толькі запі­саць новыя.

Задача майнера заключаецца ў знаходжанні новага блока і ўбудоўванні яго ў існуючы ланцужок блокаў. Тэхнічна гэта выглядае як выкананне складаных матэматычных вылічэнняў на супермагутных камп’ютарах. Майнеры ажыццяўляюць і кантралююць правіль­насць транзакцый унутры блокчэйна, за што і атрымліваюць узнагароджанне.

Токен — лічбавыя знакі, якія ўяўляюць сабой запіс у блокчэйне ці іншай размеркавальнай інфармацыйнай сістэме, што, згодна з Дэкрэтам № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, пацвярджае наяўнасць ва ўладальніка токена правоў на аб’екты грамадзянскіх правоў і (або) з’яўляецца крыптавалютай.

Такім чынам, крыптавалюта з’яўляецца разнавіднасцю токенаў. Токен — гэта больш шырокая катэгорыя. Напрыклад, беларускія крыптаплатформы могуць выпускаць токены кампаній, якія па сваіх характарыстыках падобныя да карпаратыўных аблігацый.

— Сёння з’яўляюцца новыя крыптавалюты. У чым іх перавагі, адрозненне ад біткойнаў? Якія блокчэйн-сістэмы сёння існуюць? Чым яны адрозніваюцца адна ад адной?

— Крыптавалюта — гэта лічбавая валюта (лічбавы знак). Сёння налічваецца больш чым 2400 крыптавалют. Нягледзячы на вялікую разнастай­насць, найбольш папулярнымі па-ранейшаму застаюцца біткойн і іншыя альткойны, якія ўжо даволі даўно знаходзяцца на рынку (напрыклад, эфір, лайткойн, Dash, Bitcoin Gold, Bitcoin Cash і іншыя добра вядомыя крыптавалюты).

Альткойны — гэта ўсе крыптавалюты, акрамя біткойна, якія выкарыстоўваюць свой незалежны блокчэйн ці працуюць на форку, іншымі словамі: уно­сяць у зыходны блокчэйн змены. Напрыклад, існуе шэраг форкаў біткойна, такіх як Litecoin, Bitcoin Cash, Bitcoin Gold і інш.

Блокчэйн — гэта тэхналогія, на аснове якой цяпер і выпускаюцца крыптавалюты. Вы­лу­чаюць адкрыты, закрыты блокчэйн, а таксама гібрыдны. Адкрыты блокчэйн — гэта блокчэйн біткойна. Гэта значыць, любы жадаючы можа далучыцца да гэтай тэхналогіі без якіх-небудзь абмежаванняў.

Разам з гэтым закрыты блокчэйн можа мець абмежаванні ў доступе да яго. Закрыты блокчэйн мэтазгодна выкарыстоў­ваць у рамках адной кампаніі ці арганізацыі.

Гібрыдныя блокчэйны заснаваны на тым, што частка даных бу­дзе з’яўляцца прыватнай, а част­ка застанецца агульнадаступнай для ўсіх. Такім чынам, гібрыдны блокчэйн спалучае празрыстасць і бяспеку адкрытага блокчэйна і разам з тым доступ да пэўнай інфармацыі будзе абмежаваны для вузкага кола людзей.

Другая класіфікацыя вылучае публічны блокчэйн, у рамках якога ўсе транзакцыі здзяйсняюцца без якіх-небудзь абмежаванняў. У гэтай жа класіфікацыі вылучаюць блокчэйн кансорцыума, дзе права пацвярджэння транзакцый мае толькі пул канкрэтных вузлоў (а не ўсе вузлы, як у публічным блокчэйне). Трэцім варыянтам блокчэйна з’яўляецца прыватны блокчэйн, дзе змены кантралююцца цэнтралізаваным органам.

Пры гэтым трэба разумець, што аперацыі з крыптавалютамі — гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў выкарыстання тэхналогіі блокчэйна. Напрыклад, яна можа выкарыстоўвацца для захоўвання нейкіх даных, ажыццяўлення здзелак са смарт-кантрактамі, правя­дзення акрэдытыўнай аперацыі, а таксама для стварэння сістэм уліку і адсочвання руху тавараў буйных гандлёвых сетак і інш.

— Ці лёгка зарабіць на крыптабіржы?

— Аперацыі, якія ажыццяўляюцца на крыптабіржах, можна аднесці да фінансавых спекуляцый. Валацільнасць крыптавалют з’яўляецца цяжкапрагназуемай. Таму вы можаце лёгка страціць ці лёгка зарабіць грошы. Але рызыкі страты ў да­дзеным выпадку даволі высокія. Можна раз­гледзець дынаміку біткойна. На працягу месяца (з лютага па сакавік) курс дадзенай крыптавалюты знізіўся амаль у 2 разы. Пры гэтым былі перыяды, калі за адзін біткойн прапаноўвалі 20 000 долараў. Любы, хто збіраецца гу­ляць на зменах курса біткойна, павінен разумець гэта. Акрамя рызыкі страты ўкладзеных сродкаў у выніку падзення курсаў крыптавалют, трэба таксама ўліч­ваць рэпутацыю пляцоўкі (крыптабіржы). Пажадана выбіраць правераныя крыптапляцоўкі, зарэгістраваныя ў краінах, дзе ёсць адпаведнае рэгуляванне.

— Як вы ахарактарызуеце сённяшнюю капіталізацыю рынку біткойна?

— Калі закранаць капіталізацыю рынку біткойна, то зараз яна складае больш за 105 млрд долараў. Але гэтае значэнне можа вельмі хутка мяняцца з улікам зніжэння або росту курса біткойна да долара ЗША. Так, калі ў сярэдзіне лютага кошт аднаго біткойна вагаўся ў дыя­пазоне 9000—10 000 долараў, то ў сярэдзіне сакавіка кошт біткойна знізіўся і склаў менш чым 6000 долараў.

— У чым перавагі і недахопы аплаты плацяжоў пры дапамозе крыптавалют, якія ў якасці плацежнага сродку папулярныя за мяжой?

— У нас няма нарматыўных актаў, якія прадугледжвалі б магчымасць выкарыстання крыптавалют у якасці плацежнага сродку. Адзіным законным плацежным сродкам у краіне з’яўляецца беларускі рубель. Калі ж разглядаць міжнародны вопыт аплаты тавараў з дапамогай крыптавалют, то асноўнай перавагай тут з’яўляецца хуткасць, якая асабліва важная для трансгранічных плацяжоў, таму што пры звычайным банкаўскім пераводзе грошы на рахунак паступяць толькі праз некалькі дзён. Яшчэ адным плюсам крыптавалюты з’яўляюцца нізкія затраты на ажыццяўленне плацяжоў і пераводаў. Адсут­насць пасрэднікаў скарачае затраты на ажыццяўленне транзакцыі. Акрамя гэтага, плюсам здзяйс­нення плацяжоў пры дапамозе крыптавалюты з’яўляецца ананімнасць, празрыстасць сістэмы. Ні ў кога няма магчымасці падрабіць запіс або адмяніць транзакцыю, якая была праведзена.

Аднак такая сістэма аплаты мае і мінусы. Да недахопаў можам аднесці рызыку махлярства (крадзеж крыптавалют), а таксама выкарыстанне крыптавалют для ажыццяўлення супрацьпраўных здзелак. Існуе рызыка пазбаўлення ад крыптазберажэнняў з-за страты пароля ад кашалька. Зменлівасць цаны і часу правядзення транзакцыі таксама з’яўляецца недахопам. Кошт правядзення транзакцыі можа імкліва ўзрастаць у перыяд пікавай нагрузкі на сістэму. Ад гэтага таксама зале­жыць хуткасць правядзення самой транзакцыі. Да іншых мінусаў аплаты паслуг крыптавалютамі адносяцца адсут­насць кантролю з боку цэнтральных банкаў і невялікая распаўсю­джанасць крыптавалют у якасці плацежных сродкаў, што не дазваляе расплачвацца імі паўсюдна.

— Ведаю выпадак, калі настаўніца вырашыла на­быць біткойны, але стала ахвярай махляроў. Ці часта простыя людзі прайграюць, укладваючы грошы ў куплю крыптавалют на замежных крыптабіржах? І ці магчыма мінімізаваць рызыкі?

— Крыптавалюты могуць выкарыстоўвацца для ажыццяўлення нелегальных аперацый. Цэнтральныя банкі не хочуць, каб людзі праводзілі плацяжы пры дапамозе крыптавалют, таму што гэта непразрыстыя аперацыі. Разам з гэтым, крыптавалюты — гэта невялікі рынак. І аб’ём аперацый, якія право­дзяцца пры дапамозе крыптавалют, даволі маленькі ў параўнанні з агульнымі аб’ёмамі ўсяго фінансавага рынку. Махлярам не заўсёды зручна карыстацца крыптавалютамі, таму што яны вельмі валацільныя: сёння 1 біктойн можа каштаваць 5 тысяч долараў, заўт­ра — 11, а потым зноў упасці. І гэта ў любым выпадку нязручна для разліку. Калі гава­рыць пра рызыкі, то людзі больш паку­туюць не ад таго, карыстаюцца яны біткойнамі ці не. Існуе шмат іншых рызык фінансавага сектара, пра гэта трэба гаварыць і гэта трэба разумець. Напрыклад, у нашай краіне распаўсюдзілася махлярства з выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі, калі зламыснікі з дапамогай тэлефонных сродкаў камунікацыі вымань­ваюць у грамадзян даныя банкаўскіх карт і крадуць грошы. Праблема вельмі распаўсюджана, і гэтага трэба асцерагацца.

Па колькасці махлярскіх аперацый, якія здзяйсняюцца за мяжой з удзелам беларусаў, нічога ска­заць не магу, таму што такой інфармацыяй не валодаю. Што тычыцца мінімізавання рызыкі, гэта, безумоўна, магчыма. Правільным рашэннем з’яўляецца выбар надзейнай і рэгуляванай крыптаплатформы. Зарэгістраваныя ў Беларусі крыптабіржы павінны адпавя­даць нормам нацыянальнага заканадаўства і выконваць сусветныя стандарты па барацьбе з адмываннем грошай (AML), а таксама ведаць свайго кліента (KYC). Варта памятаць, што, акрамя крыптавалют, можна гандляваць іншымі крыптаактывамі, такімі як токены на каштоўныя паперы.

— Настасся, штогод BEROC праводзіць студэнцкую і аспіранцкую  школы для будучых эканамістаў, работнікаў фінансавай сферы. У якім фармаце праходзіць навучанне? На што яно накіравана і чаму вучыць маладых людзей?

— Наш даследчы цэнтр працуе ў двух кірунках — даследчым і адукацыйным. Так, у канцы мінулага года прайшла ўжо дзявятая студэнцкая школа. Штогадовая студэнцкая школа па сучаснай эканоміцы і эканамічных даследаваннях — гэта праект, які BEROC пачаў у 2011 го­дзе. Праект ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Шведскага агенцтва па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва (SIDA), Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі і Пасольства Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы. Аспіранцкая школа, у адрозненне ад студэнцкай, праводзіцца раз на 2 гады.

Падчас арганізацыі студэнцкай школы выкладаюцца такія дысцыпліны, як макраэканоміка, эканаметрыка, мікраэканоміка. Навучанне вядзецца па стандартах заходніх універсітэтаў і выключна на англійскай мове. Гэта павышае ўзровень ведаў. Дарэчы, да ўдзелу ў школе запрашаюцца студэнты не толькі эканамічных спецыяльнасцей, але і матэматычных, фізічных факультэтаў. Што тычыцца аспіранцкай школы, у ёй таксама выкладаюцца эканаметрыка і мікраэканоміка, але на паглыбленым узроўні. Гэта вельмі карысна для тых, хто плануе паступаць далей ці проста выкладаць, маючы пры гэтым больш грунтоўныя веды. Пасля заканчэння школы ўсім удзельнікам выдаецца сертыфікат.

Акрамя таго, мы праводзім шмат семінараў і лекцый для су­працоўнікаў Нацыянальнага банка і Міністэрства эканомікі. На свае мерапрыемствы запрашаем прафесараў з іншых краін, якія чытаюць цікавыя лекцыі, прэзентуючы новыя даследаванні ў сферы эканомікі.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.