ФПБ падарыла Сенненскай школе-інтэрнату станкі і рабочыя інструменты

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда сустрэўся з выхаванцамі і работнікамі Сенненскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сустрэча стала часткай традыцыйнай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, паведамілі БелТА ў прэс-службе федэрацыі.

Школа ў Сенненскім раёне ўнікальная. Тут дзеці паралельна з агульнай адукацыяй атрымліваюць і прафесійную — сталяра, швачкі, трактарыста-машыніста, агародніка. “Для іх гэта вельмі добры старт у жыцці. Што б ні здарылася, у іх ужо ёсць прафесія. І ў цэлым яны разумеюць і ведаюць важнасць і каштоўнасць працы. А значыць, нягле­дзячы на ўсе складанасці, змогуць рэалізаваць сябе”, — адзначыў Міхаіл Орда.

На думку лідара нацыянальнага прафцэнтра, такія ўстановы абавязкова трэба падтрымліваць, таму разам з традыцыйнымі салодкімі падарункамі прафсаюзы падарылі школе-інтэрнату абсталяванне, станкі, рабочыя інструменты і матэрыялы, рабочае адзенне і ахоўныя касцюмы для швейнай і сталярнай майстэрань. Больш за тое, былі дасягнуты дамоўленасці аб далейшай дапамозе ад Федэрацыі прафсаюзаў. У прыватнасці, у найбліжэйшы час ФПБ дапаможа набыць школе сучасны фрэзерны станок з праграмным забеспячэннем, каб павысіць узровень прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў.

Асобны падарунак атрымалі ўдзель­нікі школьнага ансамбля лыжачнікаў “Задзірынка”. Яны паўдзель­нічалі ў прафсаюзнай акцыі “Мары здзяйсняюцца” і прыслалі пісьмо, у якім папрасілі музычныя інструменты для свайго калектыву. Іх жаданне здзейснілася.

“Радуе той факт, што з кожным годам усё больш людзей у нашай краіне далучаецца да правядзення дабрачынных акцый. Прычым гэта не толькі матэрыяльная падтрымка. Вельмі важныя проста шчырыя і душэўныя зносіны, настаўніцтва, правядзенне розных карысных мерапрыем­стваў, — адзначыў Міхаіл Орда. — Гэта важна, таму што падтрымка дзяцей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, — уклад у нашу агульную будучыню. Калі дзіця з маленства бачыць, што вакол яго неабыякавыя людзі, калі адчувае падтрымку і бачыць прыклад салідарнага вырашэння нейкіх складаных пытанняў, гэта абавязкова пакіне адбітак у яго душы. І яно само ў дарослым жыцці не будзе абыякавым і ніколі не пройдзе міма чужой бяды”.

З моманту аб’яўлення дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям” (2002 год) каля 64 тысяч дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і дзяцей са шматдзетных сем’яў пабывалі на рэспубліканскіх і абласных прафсаюзных дабрачынных навагодніх святах. Толькі ў 2018 годзе сума аказанай прафсаюзамі дапамогі ў час навагодняй акцыі склала больш за Br1 млн.

Многія прафкамы арганізацый, прадпрыемстваў дапамагаюць сем’ям, дзецям, якія асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы. ФПБ пастаянна падтрымлівае выхаванцаў каля 180 дзіцячых устаноў — школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, дамоў сямейнага тыпу. Прычым, па словах Міхаіла Орды, гэта не разавыя святочныя мерапрыемствы, а рэгулярныя зносіны з дзецьмі і настаўнікамі, падтрымка ў тых сітуацыях, калі ім неабходна тая ці іншая дапамога.

Па матэрыялах БелТА.