Сукенка для Машы

У акцыю “Нашы дзеці” на Гомельшчыне актыўна ўключыліся толькі што выбраныя члены Савета Рэспублікі. Таццяна Абель і Фелікс Яшкоў пабывалі з падарункамі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Гомельскага раёна.

Дарэчы, напярэдадні ў райвыканкаме была ўсталявана ёлка, на якой замест цацак — жаданні дзяцей. Ажыццявіць іх узяліся дарослыя, чыя сфера дзейнасці адносіцца да дзяржкіравання на розных узроўнях. Для кожнага з 27 дзяцей цэнтра чыноўнікі падрыхтавалі персанальныя падарункі.

11-гадовая Маша Андрэенка па­прасіла прыгожы святочны ўбор. Выканаць гэтае жаданне ўзялася Таццяна Абель. Яна з любоўю, як роднай, падабрала дзяўчынцы сукенку. Сама Маша ў гэты час з прычыны жыццёвых абставін разам са старэйшай сястрой знаходзіцца ў сацыяльным прытулку. Яшчэ адзін выхаванец цэнтра — Іван Зелянчонак — атрымаў ад члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці зімовыя красоўкі. На жаль, хлопец у момант уручэння знаходзіўся ў бальніцы і Таццяна Абель не змагла з ім пагутарыць.

Каб дзеці пра свае жыццёвыя нягоды не ўспаміналі хаця б на Новы год, арганізатары правялі яскравае шоу, у якім кожны змог адчуць сябе ў ролі знакамітых артыстаў, якія ба­вяць час у чаканні самалёта. У сцэнарыі знайшлося месца і традыцыйным карагодам, чароўнай скрыпцы, вершам на табурэтцы, Дзеду Марозу з Бабай Ягой і традыцыйнаму цуду “запальвання” навагодняй ёлачкі.

— У Беларусі акцыя “Нашы дзеці” стала абавязковай часткай навагодніх свят, — гаворыць член Савета Рэспублікі Таццяна Абель. — Мы імкнёмся акружыць дзетак асаблівай цеплынёй і клопатам у гэтыя пераднавагоднія дні. Дзеці адкрытыя свету і вераць, што мы, дарослыя, падтрымаем іх у складанай сітуацыі, парадуемся іх дасягненням, забяспечым іх будучыню. Усе дзеці — нашы, і вельмі важна, каб кожнае дзіця адчула сябе шчаслівым. Мы ім у гэтым абавязкова дапаможам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.