Не рэагаваць — значыць апраўдаць?

Праблема псіхалагічнага насілля ў дачыненні да непаўналетніх не саступае па сваіх маштабах іншым відам гвалту. Прыніжаючы дзіця і тым самым прымушаючы яго верыць у сваю нягоднасць, ніхто не задумваецца аб тым, да якіх разбуральных для псіхікі наступстваў гэта можа прывесці. Безумоўна, часта падлеткі самі выступаюць у ролі псіхалагічных агрэсараў, і ў выніку ахвярамі булінгу становяцца іх равеснікі.

Вырашыць праблему цкавання і насілля можна толькі тады, калі  дзеці будуць знаходзіцца ў дружалюбным і падтрымліваючым асяроддзі. Ці можна стварыць такое асяроддзе не толькі дома, а і ў школе? З чаго трэба пачынаць і дзе настаўнікам і бацькам навучыцца кіраваць настроем, эмоцыямі дзяцей?

Аб методыцы стварэння дружалюбных і падтрымліваючых адносін у школе расказала кандыдат псіхалагічных навук дацэнт Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Ала Віктараўна МУЗЫЧЭНКА.

— Ала Віктараўна, у верасні ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ пачне праца­ваць Рэспубліканcкі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Раскажыце, калі ласка, як будзе наладжана работа з сярэднімі агульнаадукацыйнымі ўстановамі? На што падчас навучання настаўнікаў будзе зроблены акцэнт?

— Дзейнасць Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі на базе Інстытута псіхалогіі БДПУ дазволіць пашырыць магчымасці не толькі аператыўнага атрымання індывідуальнай псіхалагічнай дапамогі, але і інтэграцыі навукова-даследчых і прыкладных, практычных распрацовак для вырашэння актуальных праблем. Вольга Віктараўна Мацюхова, начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ, мае вопыт кансультатыўнай работы, удзелу ў міжнародных праектах, арганізацыйны вопыт загадчыка лабараторыі клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі нашага інстытута. Гэта, бясспрэчна, дазволіць вызначыць аптымальныя формы работы з сярэднімі агульнаадукацыйнымі ўстановамі адукацыі і настаўнікамі. У нас будуць праводзіцца індывідуальныя кансультацыі, таму што сур’ёзныя праблемы, як правіла, індывідуальныя. Установы адукацыі могуць рабіць заказ на работу па канкрэтнай праблеме.

У першы час навучанне будзе накіравана на захаванне бяспечнага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах. Важна, каб у наш інфармацыйны, але віртуальна-дыстанцыйны час школьнікі ўмелі размаўляць, захоўваючы годнасць іншага чалавека, свайго равесніка, каб умелі распазнаць сітуацыі гвалту, у тым ліку і псіхалагічнага, сітуацыі ганення, булінгу, умелі звярнуцца па дапамогу. Асоба выхоўвае асобу. Таму, бясспрэчна, усе гэтыя ўменні неабходна актуалізаваць у настаўнікаў.

— Замежныя эксперты і ўдзельнікі семінара “Тэхналогія стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах”, які праводзіўся ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ, вывучалі актуальную тэму — чаму ўзнікаюць і на чым заснаваны канфлікты паміж настаўнікам і вучнем? Чаго, на ваш погляд, не хапае ў нашых школах для таго, каб стварыць бесканфліктнае асяроддзе?

— Спачатку хачу растлумачыць, што насам­рэч азначае такое паняцце, як бесканфліктнае асяроддзе. У абсалютным значэнні стварыць такое асяроддзе наўрад ці магчыма. Канфлікт — гэта супярэчнасць інтарэсаў двух бакоў і наяўнасць інцыдэнту — факту іх сутыкнення. Разам з гэтым  супярэчнасці скла­даюць дыялектычны прынцып развіцця. Мы развіваемся ва ўзаемадзеянні з тым, што адрознае ад нас. Дзелавыя канфлікты могуць спрыяць паляпшэнню работы. Але гэта ў тым выпадку, калі знойдзена творчае рашэнне, якое ўлічвае інтарэсы двух бакоў і калі перагле­джаны пазіцыі і зроблены частковыя ўзаемныя ўступкі бакоў у такой стратэгіі, як кампраміс. Для выбару найбольш канструктыўных рашэнняў пры сутыкненні інтарэсаў бакоў неабходна мець каштоўнаснае стаўленне да іншага, а не быць эгацэнтрычна сфакусіраваным толькі на сваіх інтарэсах. Такім чынам, бесканфліктнае школьнае асяроддзе — гэта ўзаемадзеянне суб’ектаў адукацыйнага працэсу, якое арыентавана на дыялог, інтарэс і прыняцце асобы іншага чалавека.

Стварэнне, падтрыманне такога асяроддзя патрабуе высокага ўзроўню псіхалагічнай культуры суб’ектаў, іх сацыяльна-псіхалагічнай кампетэнтнасці, якая будзе дазваляць распазнаваць ва ўзаемадзеянні віды гвалту, заўважаць парушэнне асобасных меж чалавека, аднаўляць парушаныя адносіны, развіваць супрацоўніцтва з рознымі людзьмі. Такое ідэалізаванае асяроддзе не дапускае сур’ёзных міжасобасных канфліктаў. Але калі мы вызначаем вобраз мэты, да якой імкнёмся, гэты вобраз выступае толькі ў ідэальнай форме.

Так і з педагогікай. Педагогіка мае справу з ідэаламі, а педагагічны вопыт перадаецца ў ідэальных мадэлях-узорах. У праектаванні будучыні ствараюцца жаданыя мадэлі, а праекціровачны падыход да чалавека як вера ў тое, што ён можа стаць лепшым, разглядаецца ў якасці прафесійна значных рыс педагога.

Чаго ж не хапае ў сучасных школах? На мой погляд, не хапае некаторай размеранасці школьнага жыцця і асобаснай уключанасці дарослых у жыццё кожнага школьніка. Тэмпы інфармацыйнага стагоддзя выцясняюць асобасныя непасрэдныя зносіны. Магчыма, хваля сканцэнтраванасці на індывідуальных патрэбах вучня ўзмацніла прагматычную матывацыю навучэнцаў, перашкодзіла станаўленню каштоўнасных адносін да іншага раней, чым у навучэнца сфарміравалася каштоўнасць уласнага Я.

Безумоўна, нельга гэтыя назіранні распаўсюджваць на ўсе навучальныя ўстановы. Так, калі ўваходзіла ў склад камісіі па субяседаванні, на якое былі запрошаны выпускнікі педагагічных класаў, была прыемна здзіў­лена распрацоўкай педагогаў і водгукам пра атмасферу ў школе, класе. Усё гэта пацвярджалася дасягненнямі і захопленасцю абітурыентаў.

Падчас правядзення семінара “Тэхналогія стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах” ажыццяўлялася падрыхтоўка ментараў як правадыроў ідэй. Два дні з намі працавала эксперт з Харватыі прафесар псіхалогіі Ясенка Прэград, якая дзялілася шматгадовым вопытам стварэння бяспечнага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах Харватыі.

Найбольш прывабным у гэтым вопыце мы бачым сістэму ўсяшкольнага рэагавання, якая будавалася паступова. Дэвіз, які падтрымліваў гэтую сістэму, глыбокі і цікавы — “Не рэагаваць — значыць ухваляць”, і ён адлюстроўвае, наколькі значнай і важнай з’яўляецца неабыякавасць кожнага, хто знаходзіцца побач з дзецьмі ў школе ці дома: бацькоў, вахцёраў, кухара і інш.

У нашых школах, безумоўна, таксама вядзецца пэўная работа па прафілактыцы гвалту. У рабоце Савета прафілактыкі па безнагляднасці і правапарушэннях сярод непаўналетніх бяруць удзел адміністрацыя, класныя кіраўнікі, законныя прадстаўнікі непаўналетніх. Педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі вядуць пратаколы карэкцыйных заняткаў і ўлік кансультацый і прафілактычных мерапрыемстваў — гэта значыць тыя, хто ўключаны ў работу, адказныя за дзіця. Гэта іх абавязак, але не заўсёды асобасны выбар. Увогуле, дрэнныя справы адбываюцца не таму, што злых людзей больш, а з прычыны маўклівай згоды большасці. У гэтым і ёсць адрозненне: прынцып усяшкольнага рэагавання актывізуе суб’ектнасць асобы кожнага, хто знаходзіцца ў школьным асяроддзі.

Важна, на наш погляд, уключаць у традыцыйнае школьнае ўзаемадзеянне гутаркі пра каштоўнасці ў класе, школе, выяўленне сапраўдных каштоўнасцей для ўсіх. А затым на аснове каштоўнасцей ствараць правілы ў класе, школе. Важнымі з’яўляюцца слова і выбар кожнага члена школьнага калектыву, улік і абмеркаванне яго каштоўнасцей. Акрамя гэтага, важна вучыць дзяцей уменню дамаўляцца і трымаць слова, паважаць межы тых, хто знаходзіцца побач.

Яшчэ адно адрозненне ў метадах прафілактыкі нашай краіны і Харватыі заключаецца ў тым, што школьнік, які парушыў каштоўнасці іншага, стаіць перад выбарам: выканаць прадпісаныя правіламі дзеянні ці ўступіць у дыялог з пакрыўджаным і паспрабаваць аднавіць яго каштоўнасці? Калі рэгулятарам першага варыянта з’яўляецца сорам — знешні імператыў, то ў другім варыянце — сумленне — унутраны імператыў. Гэтым мадэлям узаемаадносін важна і трэба вучыць кожнага навучэнца.

Такім чынам, у распрацаванай Ясенкай Прэград сістэме работы мы ўбачылі шмат метадаў, якія дазваляюць пераадолець супраціўленне большасці дарослых у вырашэнні праблемы гвалту ў школе, адчужэнне як агрэсараў, так і ахвяр ад узаемадзеяння ў навучальнай установе па гэтым пытанні. А таксама пераадолець закрытасць настаўнікаў па прычыне няўдалых спроб урэгуляваць канфліктную сітуацыю ў класе.

— У нашай краіне пры падтрымцы прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) праводзіцца навукова-даследчая работа па адаптацыі харвацкай мадэлі “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”. На якіх прынцыпах яна заснавана, хто і як працуе па гэтай мадэлі?

— Так, Інстытут псіхалогіі БДПУ пад кіраўніцтвам дырэктара кандыдата псіхалагічных навук Дзмітрыя Рыгоравіча Дзьякава і рэктара БДПУ, доктара педагагічных навук, прафесара Аляксандра Іванавіча Жука ўключыўся ў праект па адаптацыі гэтага праекта. Выканаўцамі праекта з’яўляюцца супрацоўнікі Інстытута псіхалогіі. Дарэчы, на розных этапах работы да нас далучаліся і іншыя прадстаўнікі нашага інстытута, а таксама іншых навучальных устаноў краіны.

Увогуле, падчас работы над праектам планавалася не толькі адаптацыя распрацаванай харвацкай мадэлі “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах” да сацыякультурных умоў нашай краіны, але і вырашэнне актуальных для сучаснага адукацыйнага асяроддзя задач.

Першы этап адаптацыі праекта быў заснаваны на тэарэтычным аналізе праблемы гвалту і булінгу ў школьным асяроддзі і ўключаў параўнальны аналіз вядомых нам фактаў гвалту і булінгу за мяжой і ў Беларусі. Другі этап быў прысвечаны параўнальнаму аналізу сістэмы арганізацыйнай і метадычнай работы па згаданай праблеме ў школах Харватыі, Расіі і Беларусі. Трэці этап патрабаваў экспертнай ацэнкі і дапрацоўкі мадэлі. На чацвёртым этапе распрацоўвалася праграма падрыхтоўкі ментараў.

Галоўнае, што мне хацелася б вылучыць з даследаванняў, гэта тое, што наступствы булінгу адбіваюцца не толькі на ахвяры, але і на асобасным развіцці булера і таго сведкі, які назірае за сітуацыяй. Гэта вядзе да  дэфармацыі асобы ў напрамку псіхапатызацыі і неўратызацыі. Бясспрэчна, такі факт дазваляе сур’ёзна задумацца над псіхічным здароўем будучых пакаленняў.

Што тычыцца нашага выбару, з шэрага замежных мадэляў была выбрана менавіта харвацкая, таму што яна пабудавана на абагульненні даследаванняў і арганізацыйнага вопыту іншых краін з высокай якасцю жыцця (Аўстраліі, Канады, Фінляндыі, Ірландыі, Італіі, Японіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Швецыі, ЗША і інш.). Мадэль даказала сваю эфектыўнасць. Яна паспяхова прымяняецца ў шматлікіх школах Харватыі, а таксама Сербіі і Чарнагорыі. Рэалізацыя праграмы дае стабільны эфект у адтэрмінаванай перспектыве, зыходзячы з шыраты ахопу школ (больш за сто) і працягласці праграмы (12 гадоў). Акрамя таго, намі адзначаны шэраг прынцыпаў у распрацаванай сістэме працы, якія, на наш погляд, з’яўляюцца прадукцыйнымі і актуальнымі для сучаснай беларускай школы.

Школы Харватыі адкрыты ўзаемадзеянню з грамадскімі і недзяржаўнымі арганізацыямі, і ідэя стварэння сістэмы работы па прадухіленні гвалту ў школе ініцыіруецца менавіта пазаштатнымі прадстаўнікамі грамадскай арганізацыі — ментарамі. У нас жа ў большай меры прадстаўлена камандная работа сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы (СППС) па прафілактыцы гвалту ў школе. Акцэнт у дыягностыцы гвалту робіцца на міжасобасных адносінах і педагагічным узаемадзеянні. Як і ў расійскіх школах, у нас паказана эфектыўнасць школьнай службы медыяцыі, праграмы “роўны вучыць роўнага”.

Калі паглыбляцца ў пытанне наконт таго, чаму харвацкую мадэль можна лічыць добрай і чаму можна на яе абапірацца, варта адзна­чыць, што мадэль добра актуалізуе асобасную ўцягнутасць кожнага ў сітуацыю па выбары рэакцыі на выпадак гвалту (“Не рэагаваць — значыць ухваляць”). Важна, што работа засяроджваецца не столькі на папярэ­джанні гвалту ў школах, колькі на стварэнні такой школьнай атмасферы, якая спрыяе развіццю дзіцяці, і ўдзеле дзяцей у мера­прыемствах па прафілактыцы гвалту.

Распрацаваная для рэалізацыі мадэлі праграма грунтуецца на комплексным падыходзе: у барацьбу з гвалтам уключаюцца не толькі настаўнікі, але і школьнікі, бацькі, мясцовыя арганізацыі. Гэта дазваляе змяніць стаўленне да гвалту ў грамадстве ў цэлым.

Такім чынам, па выніках адаптацыі харвацкай мадэлі было прынята рашэнне стварыць беларускую мадэль псіхалагічнай бяспекі ў школах, якая можа разглядацца як інавацыйны праект.

— Ала Віктараўна, вы прэзентавалі мадэль псіхалагічнай бяспекі  “Дружалюбнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах Беларусі”. На аснове чаго яна была распрацавана і чым адрозніваецца ад харвацкай мадэлі?

— Мы зрабілі акцэнт на дружалюбнасці. Гэта было зроблена для зняцця лагічнай факусіроўкі са слова “небяспека” ў назве “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, а таксама для мэтавай арыентацыі на больш высокім узроўні міжасобасных адносін.

У руху ад варожасці да прыняцця, як правіла, выкарыстоўваецца ўсталяванне партнёрскіх адносін, навучанне прынцыпам партнёрства, захавання асобасных меж іншага, узгадненне інтарэсаў, сумесная рэфлексія, заключэнне дагавора, які служыць і сродкам аб’яднання, і сродкам аказання ціску (сілавым элементам). Фарміруюцца раўнапраўныя, але асцярожныя адносіны адно да аднаго. Арыенцірам у пабудове адносін мы бачым садружнасць, вопыт якой неабходна перажыць кожнаму школьніку. Дружалюбныя адносіны выяўляюцца ў імкненні да аб’яднання, сумеснай дзейнасці для дасягнення блізкіх і супадальных мэт. Спосабам уздзеяння на іншага выступае не дагавор, а згода (кансэнсус).

Характар міжасобасных адносін разглядаўся намі і ў рэтраспектыве спосабаў уздзеян­ня чалавека на тых, хто падобны да яго. Увогуле, варта прызнаць, што псіхалагічная маніпуляцыя з’яўляецца цывілізаваным спосабам уздзеяння на асобу. 

Такім чынам, гаворачы пра сістэму дапамогі дзецям, якія пакутуюць ад насілля дома ці ў школе, варта вызначыць асноўныя крокі, якія дапамогуць вырашыць праблему.

Крок 1. Павышэнне дасведчанасці аб праблеме школьнага гвалту.

Крок 2. Вызначэнне элементаў сістэмы абароны навучэнцаў.

Крок 3. Стварэнне і ўкараненне ў сістэме школьнай адукацыі прасторы, якая зможа абараніць.

Крок 4. Дадатковыя формы сацыяльнага ўзаемадзеяння як пашырэнне магчымасцей, якія падтрымліваюць школьнае асяроддзе.

Крок 5. Матываванасць навучэнцаў да звароту па дапамогу.

Крок 6. Сістэма практычных мер па аказанні дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі жорсткага абыходжання, а таксама дзецям, якія здзяйснялі гвалт.

Крок 7. Стварэнне неабходных умоў трансфармацыі школы ў псіхалагічна бяспечнае месца.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.