Падліць алею ў агонь

Ці на кожны канфлікт ёсць кампраміс?

Сацыяльнае суправаджэнне з’яўляецца важным і неабходным на ўсіх этапах развіцця дзіцяці. З малышамі знайсці паразуменне лягчэй, яны па ўзросце вымушаны падпарадкоўвацца поглядам бацькоў. Цяжкасці ўзнікаюць тады, калі характар сфарміраваны і падлетак знаходзіцца на этапе станаўлення сябе як асобы. Часта знайсці кантакт з такімі дзецьмі немагчыма, жаданне паказаць сваё “Я” выліваецца ў супрацьстаянне не толькі з бацькамі, сябрамі, але і з настаўнікамі.

Ці можна і як вырашыць канфліктныя сітуацыі спосабам, выгадным для ўсіх апанентаў спрэчкі?

Сваім поглядам на гэта і праблему канфліктаў падзяліўся старшы выкладчык кафедры псіхалогіі факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Арсеній Зурабавіч ДЖАНАШЫА. Выкладчык актыўна выкарыстоўвае ў педагагічнай практыцы медыяцыю як спосаб вырашэння канфліктаў, а таксама распрацоўвае трэнінгі і праекты па канфлікталогіі для навучэнцаў. 

Дарэчы, у 2001 годзе Арсенію Джанашыа была прысуджана прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Арсеній Зурабавіч, чым была выклікана неабходнасць увядзення медыяцыі ў педагагічную практыку?

— На жаль, канфлікты ў школе па розных прычынах узнікалі заўсёды. Але зараз ключавым момантам для нас з’яўляецца не сам канфлікт, а тое, што адбываецца з псіхалагічным, эмацыянальным станам удзельнікаў спрэчкі. З педагагічнага пункту гледжання важнымі з’яўляюцца і жыццёвыя наступствы. Бывае, што канфлікты прымаюць сур’ёзны абарот, у іх уцягваецца многа людзей, падавіць такую сітуа­цыю, здаецца, немагчыма. Так, выхад з сітуацыі неабходна знахо­дзіць, але часта зрабіць гэта вельмі складана. З уласнай практыкі, педагагічнага вопыту бачу, што многія канфлікты так і застаюцца нявырашанымі і нагадваюць сабой рубцы на асобе чалавека. Крыўды, негатыўныя эмоцыі, якія застаюцца з дзіцем падлеткам назапашваюцца і часта выліваюцца ў стрэс, спрэчкі з бацькамі, равеснікамі. Настаўнікі таксама пакутуюць ад такога стану, адсюль і негатыў у адносінах да паводзін навучэнцаў. Канфлікты, бойкі, фізічнае насілле, з якім сутыкаюцца дзеці за межамі школы, — гэта ўсё наступствы нявырашанай спрэчкі. Тым не менш інструменты для змянення падобных сітуацый у навучальных установах існуюць. Праблема толькі ў тым, што яны ці не працуюць, ці проста не прымяняюцца, ці школьнікі пра іх не ведаюць. А калі настаўнік ці выкладчык спрабуе прымяніць метад вырашэння канфлікту на практыцы, дзеці не хочуць адэкватна ўспрымаць рашэнне, таму што лі­чаць, што ім яго навязваюць. Сёння падлеткі самадастатковыя і не жадаюць прымаць дапамогу дарослага. Тут можна прымяніць медыяцыю. Яна накіравана на тое, каб вучыць дзяцей вырашаць канфлікты, а значыць, яны самі могуць удзельнічаць у вырашэнні спрэчных пытанняў. Атрымліваецца, што падлетак можа дапамагчы равеснікам ліквідаваць канфлікт. Безумоўна, не кожнае спрэчнае пытанне дзеці могуць вырашыць, усё залежыць ад маштабу праблемы.

У мяне былі выпадкі і ў школе, і ва ўніверсітэце, калі прымяняў асобныя часткі з медыяцыі для вырашэння некаторых вострых момантаў. Напрыклад, у медыяцыі ёсць камунікатыўныя тэхнікі, перафразаванне, ёсць алгарытм, які дазваляе згладзіць канфлікт у тым выпадку, калі педагог не меў рацыі. Гэта дазваляе не перакрэсліць зносіны са студэнтамі, а далей падтрымліваць іх на неабходным узроўні.

Калі закранаць асноўную прычыну канфліктаў, у большасці яны звязаны з непаразуменнем. У псіхалогіі існуе паняцце “сэнсавы бар’ер”, калі ўдзельнікі канфлікту імкнуцца да дасягнення адной і той жа мэты, але размаўляюць на розных мовах, не разу­меюць, дзе і як знайсці шлях ад прамежкавага да канчатковага стану. Атрымліваецца, навучэнец прыйшоў за ведамі, а выкладчык знаходзіцца ў класе, каб гэтыя веды дапамагчы знайсці. Тым не менш педагог часта не тлумачыць, напрыклад, для чаго сёння на ўроку ці лекцыі будзе разглядацца пэўная тэма, што ў выніку прынясе яе вывучэнне і г.д. Выкладчык проста захо­дзіць у клас, аўдыторыю, агучвае тэму і пачынае працаваць. А дзеці не разумеюць увогуле, што адбываецца, навошта ім гэта слухаць, дзе і як гэта можа спатрэбіцца. Пасля пачынаецца супрацьстаянне: навучэнец не зусім разумее сэнс навучання, можа ігнараваць прадмет, настаўніка, яго заданні. Часта даводзіцца чуць пытанні ад старшакласнікаў, для чаго ім, напрыклад, геаграфія, калі яны хочуць быць юрыстамі.

Яшчэ адной прычынай канфліктаў з’яўляецца тое, што навучэнцы часта не бачаць у выкладчыку аўтарытэтнага адкрытага суразмоўніка, чалавека, з якім можна свабодна размаўляць. Згодна з даследаваннямі і ўласнымі назіраннямі, выкладчык цікавы для навучэнцаў не як чалавек, які дае веды, а тое, наколькі ён да іх падобны, які ён суразмоўнік, ці мае, напрыклад, старонкі ў сацыяльных сетках, як гэтыя акаўнты выгля­даюць, чым напоўнены.

— Ці можа медыяцыя дапамагчы пасадзіць за стол перагавораў настаўніка і навучэнца? Ці не лічаць настаўнікі прыніжэннем, калі ім даводзіцца прызнаваць памылкі, здзейсненыя ў адносінах да непаўналетніх?

— Безумоўна, пасадзіць і настаўніка, і навучэнца за стол перагавораў магчыма. У маёй практыцы такія выпадкі былі. Але склада­насць заключаецца ў тым, што настаўніка вельмі цяжка запрасіць сесці насупраць навучэнца, з якім у яго ўзнікла непаразуменне. Такая сітуацыя патрабуе ад настаўніка адключыцца на пэўны момант ад сваіх статусаў “настаўнік” і “дарослы”. У медыяцыі падчас вырашэння спрэчкі патрабуецца, каб лю­дзі размаўлялі на роўных, не звяртаючы ўвагу на ўзрост, статус, становішча ў грамадстве. У алгарытме медыяцыі ёсць этап, калі кожны з бакоў расказвае сваё бачанне сітуацыі, свае пачуцці.

Вучань не павінен баяцца гаварыць пра тое, што яго хвалюе. Але дзеці асцерагаюцца гэтага, таму што баяцца, што, калі раскажуць, настаўнік пачне адносіцца да іх яшчэ больш непрыязна, чым раней, будзе ціснуць на навучэнца. Менавіта па тых прычынах, што адзін баіцца, а другому цяжка нават на некаторы час адмовіцца ад сваіх статусаў, канфлікты паміж настаўнікам і вучнем пры дапамозе медыяцыі вырашаюцца рэдка. Увайсці настаўніку ў медыяцыю вельмі цяжка. Але тыя педагогі, якія паступалі разумна і згаджаліся абмеркаваць набалелае з дзецьмі, потым расказвалі, што адносіны ў класе сталі лепшымі. І з боку навучэнца да такіх настаўнікаў узнікае больш павагі, прызнання, таму што яны разумеюць, як цяжка знайсці баланс, які не дазволіць парушыць тыя адносіны, якія былі.

— Вы праводзіце трэнінгі па канфлікталогіі. Што гэта? Як часта і па якой прычыне ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі паміж настаўнікамі і навучэнцамі?

— Такія трэнінгі праводзіліся для навучэнцаў рознага ўзросту і для настаўнікаў. Яны былі распрацаваны і рэалізоўваліся ў 2013 годзе SOS-Дзіцячай вёскай сумесна са школай у Бараўлянах. Дзеці, якія выхоўваліся ў дзіцячай вёсцы, хадзілі ў адзін клас з навучэнцамі са звычайных сем’яў. Як вынік — выхаванцы вёскі пастаянна пакутавалі ад таго, што з іх кпілі, давалі мянушкі.  Для таго каб згладзіць канфлікт, нармаліза­ваць эмацыянальную і псіхалагічную атмасферу ў класе, быў рэалізаваны праект “Дружалюбная школа”. Мы з калегамі распрацавалі некалькі трэнінгавых праграм і для настаўнікаў, і для навучэнцаў. Адукацыйныя трэнінгі былі заснаваны на метадах медыяцыі і практычнай канфлікталогіі. Для ўдзелу ў праекце адбіралі навучэнцаў, якія прайшлі субяседаванне, а таксама творчы конкурс на разуменне асноўных тэрмінаў, тэм міратворчасці і медыяцыі. Школьнікам 5—6 класаў прапаноўвалі зрабіць малюнак, паказаць, як яны бачаць міра­творца. Навучэнцы старшых класаў пісалі эсэ на адпаведную тэму, расказвалі пра сваё бачанне важнасці ўменняў у вырашэнні канфліктаў. Пасля гэтага адбіралі лепшыя работы і з дзецьмі, якія праявілі цікавасць да канфлікталогіі, медыяцыі, праводзілі дадаткова субяседаванне. Так была сфарміравана група будучых школьных медыятараў. Зразумела, нават у тых, хто быў гатовы да навучання медыяцыі, падчас заняткаў рэакцыя была неадназначнай. Дзецям было цікава паспраба­ваць сябе ў новай сферы, але раскрыцца перад медыятарамі, аднакласнікамі вельмі цяжка. Практыкаванні былі накіраваны на прыняцце дзецьмі адно аднаго, праяўленне роз­насці паміж людзьмі, талерант­насць. Відавочна, што самым цяжкім было не навучыцца медыяцыі, а прыняць эмоцыі, пачуцці іншага чалавека. Пасля заканчэння праекта большасць дзяцей выказалася за тое, каб стварыць у школе службу медыяцыі.

— Раскажыце, калі ласка, аб праекце “Сямейная медыяцыя як кампетэнцыя спецыялістаў дапаможных прафесій”. Ці часта даводзіцца вырашаць канфлікты паміж дзецьмі і бацькамі? Што ляжыць у аснове сямейных спрэчак?

— Праект рэалізоўваўся ў 2015—2016 гадах. Яго асноўная мэта — абмеркаванне праблем сямейнай медыяцыі і сямейнай практычнай канфлікталогіі, псіхалогіі з удзелам педагогаў, псіхолагаў, сацыяльных работнікаў, медыятараў, адвакатаў. Мы размаўлялі аб актуальнасці і перспектывах развіцця сямейнай медыяцыі. Адным з вынікаў праекта стала кніга “Сямейная фінансавая медыяцыя”. 

Здараюцца выпадкі, калі бацькі прыхо­дзяць на кансультацыю і просяць парады ў той ці іншай сітуацыі. Паступова падчас размовы становіцца відавочна, што ў сям’і ёсць канфлікт, але ніхто не ведае, як яго вырашыць, ці нао­гул яго адмаўляюць. Калі слухаю скаргі мам, пачынаю разумець, што справа якраз у захаваным канфлікце. Сямейныя спрэчкі можна вырашаць рознымі метадамі. Але часта любы спосаб, які для змянення сітуацыі прапаноўваюць бацькі, дзецьмі ўспрымаецца ў штыкі. Медыяцыя дае шанс выказацца, выліць усе эмоцыі і праз дыялог знайсці рашэнне, пайсці на пэўныя ўступкі, дамоўленасці. Час ад часу здараецца так, што пасля таго, як сітуацыя была вырашана, быў знойдзены кампраміс, адзін з бакоў канфлікту прыходзіць да высновы, што ён многа саступіў свайму апаненту. Плюс медыяцыі ў тым, што праблему можна яшчэ раз разабраць па кавалачках.

— У сваіх работах вы ўдзяляеце шмат увагі пытанням і праблемам самавыхавання, самарэалізацыі падлеткаў. З якімі праблемамі, страхамі сутыкаюцца маладыя людзі на этапе сталення, падчас спроб знайсці сябе, сваё прызванне?

— Па гэтай тэме праводзіў даследаванне. Большасць падлеткаў, якіх апытаў, хацела б займацца самавыхаваннем. З іх погляду, самавыхаванне — гэта змяненне саміх сябе ў лепшы бок, работа над сабой. І дзеці маю ць рацыю. Але ва ўсім гэтым ёсць праблема. Нягледзячы на разуменне праблемы, яе сэнсу, падлеткі не ведаюць, як гэта зрабіць.

Некаторыя спрабуюць выра­шаць усё стыхійна, спрабуюць, умоўна кажучы, з паня­дзелка пачаць новае жыццё. У сераду — чац­вер імкненне заканчваецца, але гэта не дрэнна. Многае ў жыцці дасягаецца метадам проб і памылак, дзякуючы асабістаму вопыту. Другая група падлеткаў увогуле не спрабуе нічога, таму што адразу настройвае сябе на няўдачу. Трэцяя група спатыкаецца, але настойліва ідзе наперад. Такім чынам, з усімі трыма групамі даводзілася праца­ваць. Самай цяжкай была работа з тымі дзецьмі, якія на шляху дасягнення пэўнай мэты пацярпелі няўдачу. У іх ёсць негатыўны вопыт, якога яны баяцца. Але праблема заключаецца ў тым, што дзецям часта няма з кім абмерка­ваць свае жаданні, планы. Як правіла, на большасць праблем і пытанняў адказы шукаюцца самым лёгкім на сёння шляхам — у інтэрнэце. Радзей дзеці звяртаюцца да кніг, але і кнігі таксама выбраны не тыя, таму што зной­дзены самастойна, без парады дарослага. Ідэальны варыянт вырашэння праблемы — зварот да дарослага, якому можна даверыцца. Але, на жаль, такога чалавека знайсці вельмі праблематычна. Бацькі вяртаюцца з работы стомленымі, ім не хапае часу на ўсё. Школьны псіхолаг таксама можа быць добрым дарадцам. Тым не менш большасць навучэнцаў пазбягае такіх кантактаў, дзеці баяцца псіхолага, таму што даверных адносін з гэтым спецыялістам няма. Калі навучэнец самастойна прыйдзе ў кабінет да псіхолага, гэта будзе цудоўна. Гэта вялікі крок для падлетка і маленькая перамога для псіхолага.

Гутарыла Наталля САХНО.