Мой сённяшні суразмоўнік — малады крэатыўны сацыяльны педагог сярэдняй школы № 203 Першамайскага раёна Мінска Юрый Мікалаевіч Мар’янкоў, колішні выпускнік (магістрант) Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У небанальным падыходзе да работы з дзецьмі, а таксама ў крэатыўнасці Юрыя Мікалаевіча я пераканалася, калі пабачыла яго на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў фінале гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Тут ён стаў чацвёртым, у фінале раённага конкурсу быў другім.
“Многія будуць гаварыць, што ў цябе нічога не атрымаецца. Не слухай іх! Проста ідзі наперад, за сваёй марай!” — такое крэда Ю.М.Мар’янкоў выбраў для сябе. Убачыла я гэтую фразу, дарэчы, на сайце навучальнай установы, дзе пад фота кожнага настаўніка пазначана яго крэда (цікавая задума, ці не так?). У нейкай ступені гэтыя словы можна аднесці і да рашэння маладога педагога паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства.
— Першай удзельніцай такога мерапрыемства стала мая калега — псіхолаг, з якой мы адначасова прыйшлі ў школу працаваць у 2015 годзе, — расказвае Юрый Мікалаевіч, — прычым папрацаваць паспелі зусім нядоўга: конкурс адбыўся у першы год нашай работы. Вынікі аказаліся нядрэннымі:
5-е месца ў гарадскім фінале. Яна мне тады сказала: “Будзе конкурс і ў сацыяльных педагогаў, паспрабуй”. І я вырашыў, што планку апускаць нельга, трэба ісці наперад, спрабаваць свае сілы. Лічу, што ў мяне гэта атрымалася.
Мой суразмоўнік лічыць, што без спаборніцкага духу, без пастаяннага пошуку і самаўдасканалення сацыяльнаму педагогу ніяк не абысціся, бо яго работа — гэта дзеці, а з імі без нестандартных рашэнняў агульнай мовы не адшукаеш.
Сярод шматлікіх азначэнняў прафесіі сацыяльнага педагога, што я сустракала ў літаратуры і інтэрнэце, асабліва спадабалася адно. Гучыць яно так: “сацыяльны педагог — высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне педагогікі і псіхалогіі, які займаецца арганізацыяй прафілактычнай, сацыяльна значнай дзейнасці дзяцей і дарослых”. Тая ж інтэрнэт-крыніца дадае, што прафесія адносіцца
па прадмеце работы да тыпу “чалавек — чалавек”, а яе тып па прымеце мэты — пераўтваральны.
І сапраўды, змяніць жыццё дзяцей і падлеткаў, а нярэдка і іх сем’яў, пераўтварыць іх свет у лепшы — задача, з вырашэннем якой пастаянна сутыкаюцца спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы або іншай навучальнай установы.
Школа № 203 Мінска параўнальна невялікая — тут крыху больш за 700 навучэнцаў, з якіх усяго двое дзяцей з адной сям’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з адным вучнем праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Але колькі яшчэ тых, каму патрэбна пастаянная падтрымка! Колькі сем’яў, з якімі неабходна працаваць! Колькі падлеткаў удзячны сваім педагогам за дапамогу ў выбары далейшага шляху ў жыцці, проста за магчымасць шчыра абмеркаваць праблемы, рэалізаваць свае імкненні!
— У асноўным працуем на раннюю прафілактыку, — заўважае Юрый Мікалаевіч. — Паралельна з конкурсам прафесійнага майстэрства я ўдзельнічаў у гарадскім конкурсе сацыяльных праектаў, там таксама стаў лаўрэатам з праектам па прафілактыцы правапарушэнняў. Мы даўно накіроўвалі свае напрацоўкі на гэты конкурс, пастаянна іх удасканальвалі, і летась наш праект нарэшце “стрэліў”.
Праект, які быў прызнаны адным з лепшым на мінулагоднім гарадскім конкурсе сацыяльных праектаў, звязаны з увасабленнем ідэі форум-тэатра. Спачатку методыку рэалізавалі ў сваёй школе, потым спадзяваліся выйсці з ёй на горад. І зноў, як бачыце, атрымалася. У аснове методыкі — тэатралізаваны паказ пэўнай сацыяльнай праблемы без гатовага яе вырашэння. Рашэнні прапаноўваюць гледачы.
— Гледачамі могуць быць школьнікі, якіх тычыцца ўзнятая тэма, — тлумачыць педагог, — калі гэта прафілактыка правапарушэнняў, то падлеткі і, хутчэй за ўсё, тыя, хто заўважаны ў рызыкоўных паводзінах, напрыклад, затрыманыя ў рамках дзеяння пастановы Савета Міністраў № 487 у сувязі з неаднаразовым злоўжываннем алкаголю або іншых шкодных рэчываў. Хаця такая прафілактыка не лішняя і для іншых.
Такім чынам, на сцэне адны падлеткі, у зале — другія, але гледачы могуць падчас спектакля стаць акцёрамі, уключыўшыся ў пастаноўку, бо гісторыі, што разыгрываюцца ў форум-тэатры і надзвычай жыццёвыя, знаёмыя кожнаму. Падлеткам цікава, бо гэта свежы струмень, а не надакучлівыя малаэфектыўныя лекцыі.
Сцэнарыі да такіх спектакляў піша сам Ю.М.Мар’янкоў, абапіраючыся на канкрэтныя артыкулы адміністрацыйнага кодэкса. Так, адна з пастановак грунтавалася на артыкуле 17.1, што тычыцца дробнага хуліганства. Базісам спектакля стала апавяданне Віктара Драгунскага з цыкла “Дзяніскіны апавяданні” пра манную кашу. Памятаеце?
Дзеці ў зале, вучні 6—8 класаў, прагледзеўшы спектакль, прапаноўвалі свае рашэнні: герою трэба менш сыпаць цукру, солі і перцу ў кашу, каб яе ўсё ж можна было з’есці; пагаварыць з мамай, каб яна гатавала не кашу, а іншую страву, якая больш падабаецца Дзянісу, і г.д.
У Мінску існуюць калектывы, якія працуюць у рэчышчы форум-тэатраў, але ў школе такая ідэя, здаецца, рэалізавана ўпершыню. Некалькі месяцаў назад, дарэчы, Юрыю Мікалаевічу патэлефанавала калега з суседняй школы з просьбай дапамагчы з пастаноўкай спектакля. Ю.М.Мар’янкоў, канечне, не адмовіў. Тэмай быў абраны здаровы лад жыцця, і са сваёй пастаноўкай суседзі нават заваявалі 2-е месца на адным з гарадскіх конкурсаў. Так ідэя форум-тэатра атрымала распаўсюджанне ў Мінску, і, магчыма, гэта яшчэ не ўсё, тым больш што падобным вопытам зацікавіўся сацыяльна-педагагічны цэнтр Першамайскага раёна, бо такая методыка дазваляе ўзняць любую праблему. Пабачым, што будзе далей.
Слухаючы пра рэалізацыю методыкі форум-тэатра, я згадала аб працягу азначэння прафесіі “сацыяльны педагог”, якое прыводзіла вышэй. У ім клас прафесіі вызначаецца як творчы, па характары работы звязаны з аналізам, арганізацыяй і кіраваннем, канструяваннем, прыняццем нестандартных рашэнняў, што патрабуе незалежнага, арыгінальнага мыслення.
Зараз сацыяльны педагог школы № 203 захоплены работай міжшкольнага клуба “Суразмоўца”, магчыма, падрыхтуе для яго відэафільм на тэму этыкету пры дапамозе школьнікаў, якія ахвотна падтрымліваюць педагогаў у творчых пачынаннях. А сацыяльны педагог — прафесія творчая. Пра тое, што творчасць займае важнае месца ў жыцці майго героя, можна меркаваць і па тым, напрыклад, што ён піша вершы, публікуецца ў інтэрнэце, праводзіць у школе літаратурныя вечарыны, у тым ліку з удзелам маладых беларускіх паэтаў. Такія сустрэчы, на думку Юрыя Мікалаевіча, з’яўляюцца элементам духоўна-маральнага выхавання асобы.
Калісьці, прынамсі, мінскі адзінаццацікласнік Юрый Мар’янкоў збіраўся паступаць на філалагічны факультэт БДУ, паспяхова здаў унутраны ўступны экзамен і цэнтралізаваныя тэсты, прычым тры, уключаючы біялогію. Добра паразважаўшы, ён вырашыў падаць дакументы ў педуніверсітэт, а літаратурай займацца ў вольны час. Аказалася, выбар зрабіў правільны, ды і рашэнне не было такім ужо спантанным, бо класным кіраўніком у хлопца ў свой час была якраз сацыяльны педагог, сам ён мае дзве спецыяльнасці: “Педагогіка сацыяльная” і “Практычная псіхалогія”.
…Я зноў звяртаюся да жыццёвага крэда Юрыя Мікалаевіча: “Проста ідзі наперад”. І разумею, што для яго гэтае “проста” было не такім ужо і простым. Вось ён расказвае, як доўга рэабілітацыйна-экспертная камісія сумнявалася, ці даваць хлопцу дазвол на навучанне педагагічнай спецыяльнасці, маўляў, вам жа цяжка будзе з дзецьмі. Ён сказаў тады: “Я ведаю, што раблю. Не сумнявайцеся, спраўлюся”. І спраўляецца. Ні ў прафесіі, ні ў сваіх магчымасцях не расчараваўся.
— Мне здаецца, дзеці з праблемамі ў здароўі занадта многага чакаюць ад дзяржавы, акружэння, лічаць, што ім усе вінаваты. А на самай справе, калі ты хочаш, то рэалізавацца можна, — адзначае мой суразмоўнік. — Самім таксама трэба ўкладвацца, а не толькі чакаць дапамогі. Для мяне гэта норма.
Вось такі ў яго характар — характар педагога, мужчыны, які калісьці быў тым 10-месячным дзіцем, якое выпала з 5-га паверха і атрымала цяжкія траўмы. Ён проста ідзе наперад.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Ю.М.Мар’янкова.