Палепшыць якасць жыцця ўразлівых катэгорый людзей, мабілізуючы гуманітарны патэнцыял грамадства, — задача, якую вырашае Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, у тым ліку для дапамогі дзецям, дакладней кажучы, сем’ям з дзецьмі. Намеснік генеральнага сакратара таварыства член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Раманія Раманаўна Скамарошка расказала “Настаўніцкай газеце”, што Чырвоны Крыж — гэта не толькі дапамога пацярпеўшым у стыхійных бедствах і ваенных канфліктах. Гэта штодзённая работа па вырашэнні сацыяльных праблем.
Валанцёры з вопытам і пачаткоўцы
Беларускі Чырвоны Крыж сёння — гэта каля 350 пастаянных супрацоўнікаў па ўсёй краіне, сярод якіх кваліфікаваныя медыцынскія сёстры, спецыялісты па першай дапамозе, а таксама 17 тысяч валанцёраў, працэнтаў 80 з якіх складаюць маладыя людзі.
— Беларуская моладзь — гэта шчасце для гуманітарнай арганізацыі, — упэўнена Раманія Скамарошка. — Да нас прыходзяць цудоўныя дзяўчаты і хлопцы. Лічу, што гэта педагогі іх робяць такімі. Яны, маладыя, мараць ратаваць свет, і нам важна паказаць, як можна ажыццяўляць гэтую мару. Крэатыўнасць, ідэі, жаданне ідуць ад іх. Пры гэтым прыкладна 15% валанцёраў Чырвонага Крыжа — людзі старэйшага пакалення, пенсіянеры, прычым нярэдка — былыя педагогі, чый вопыт таксама неацэнны ў гуманітарнай рабоце. Яны ўмеюць і справу арганізаваць, і весці за сабой іншых, іх, здаецца, і валанцёрскаму менеджменту вучыць не трэба, і так усё ведаюць.
Натуральна, што, з’яўляючыся самай буйной гуманітарнай арганізацыяй у краіне, Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа не можа не дзейнічаць у рэчышчы дапамогі сем’ям.
— Прычым мы стараемся, каб і той, хто дае дапамогу, і той, хто яе прымае, ішлі насустрач адно аднаму, — гаворыць мая суразмоўніца. — Вялікі міжнародны і беларускі вопыт (а таварыства дзейнічае ў Беларусі больш за 90 гадоў, з 1921 года) паказваюць, што, калі людзі толькі прымаюць дапамогу і нічога не даюць наўзамен, гэта нараджае ўтрыманцаў. Канечне, важна, каб у чалавека быў дах над галавой, ежа, адзенне. Але цяпер, асабліва з дзецьмі, мы працуем над тым, каб даць не толькі матэрыяльныя рэчы, але і карысныя практычныя навыкі.
Для бежанцаў і не толькі
Дапамога, якую можа атрымаць сям’я, залежыць ад таго, у які крызіс яна трапіла. Апошнім часам таварыства ў партнёрстве з Прадстаўніцтвам упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь, Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, структурнымі арганізацыямі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны многа працуе з сем’ямі бежанцаў, мігрантаў, вымушаных перасяленцаў. У Гомелі, напрыклад, працуе крызісны цэнтр Чырвонага Крыжа, куды па дапамогу могуць звяртацца жанчыны з дзецьмі ці без іх, якія пацярпелі ад насілля, бежанцы, якім няма дзе жыць. Хутка падобны цэнтр адкрыецца ў Гродне.
— Акрамя экстраннай дапамогі бежанцам, пастаянна працуем з мнагадзетнымі, няпоўнымі сем’ямі мігрантаў, дзе ёсць дзеці да 3-х гадоў, цяжарнымі жанчынамі, — гаворыць мая суразмоўніца. — Выдаём ім ваўчары, з якімі можна пайсці ў магазін і набыць тое, што неабходна канкрэтнай сям’і. Таксама ў нас ёсць праграма медыцынскага страхавання для людзей, якія не пападаюць пад дзеянне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30.08.2014 № 420 “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь” або якім неабходна дадатковая дапамога. Ёсць у нас і праграма псіхасацыяльнай падтрымкі такіх сем’яў, а таксама мы аздараўляем дзяцей. Летась і пазалетась вазілі іх на аздараўленне ў Віцебскую вобласць разам з беларускімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, дзе яны ўсе пасябравалі. Найлепшыя паслы гуманізму — гэта дзеці, паверце.
Р.Р.Скамарошка асабліва падкрэслівае, што яна і яе калегі, пастаянна сустракаючыся з сем’ямі перасяленцаў, чуюць пра тое, што людзям падабаецца, як па-брацку іх сустрэлі суседзі, дзеці і педагогі ў школах, як дапамагаюць, калі бачаць, як гэта трэба, без усялякіх просьбаў.
Кола дапамогі
Другая катэгорыя сем’яў, з якімі працуе Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, гэта дзеці з асаблівасцямі развіцця. У Беларусі створана добрая сістэма падтрымкі такіх сем’яў, але Чырвоны Крыж знайшоў сваю нішу для дапамогі ім. У Гродне ўжо на працягу 10-і гадоў дзейнічае Цэнтр падтрымкі сем’яў, дзе ёсць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, які стварыла таварыства. На працягу дня малыя знаходзяцца ў цэнтры, з імі па індывідуальных праграмах працуюць псіхолагі, валанцёры, калі трэба — рэабілітолагі, масажысты. А маці малых у гэты час могуць, нарэшце, заняцца сабой, сваім здароўем — на гэта часу ў жанчын, як правіла, не хапае, тым больш што таты часта сыходзяць з такіх сем’яў, таму падтрымаць жанчын няма каму.
Другая частка гэтай дзейнасці — работа бацькоўскага клуба, дзе сем’і атрымліваюць падтрымку, дзеляцца вопытам і самі вырашаюць, з якім спецыялістам — юрыстам, рэабілітолагам і г.д. — хочуць сустрэцца, а Чырвоны Крыж дапамагае ў арганізацыі такіх сустрэч. Бывае, зрэшты, і наадварот, прадстаўнікі таварыства самі прыязджаюць да сем’яў з асаблівымі дзецьмі.
Ёсць у Чырвонага Крыжа праект, які нарадзіўся з падачы валанцёраў, — “Нянька замест мамы” — па дапамозе дзецям, якія ляжаць у бальніцы і з якімі побач няма родных, бо гэта ці дзеці-сіроты, ці малыя, маці якіх жывуць далёка і не могуць іх часта наведваць. Грошай на рэалізацыю праекта, прызнаецца Р.Р.Скамарошка, не было зусім, дзякуй, дапамагла краўдфандынгавая платформа “Імёны”. Так у Чырвонага Крыжа з’явіліся сацыяльныя нянькі, сярод якіх ёсць, дарэчы, і былыя педагогі. Таксама таварыства ўдзячна сістэме аховы здароўя, якая з разуменнем сустрэла і падтрымала гэтую ініцыятыву.
Акрамя ўсяго гэтага, аб’яднанне ўжо некалькі гадоў арганізоўвае інтэграцыйныя лагеры для дзяцей з асаблівасцямі і звычайных дзяцей.
— Я неяк бачыла, як звычайныя дзеці наладзілі ўзаемаадносіны з дзяўчынкай у інвалідным крэсле, — расказвае Раманія Раманаўна. — І зразумела, што яны вельмі проста знаходзяць агульную мову, без праблем. У лагер для работы з дзецьмі запрашаем валанцёраў, і гэта яшчэ пытанне, для каго такія зносіны больш патрэбныя — для дзяцей з асаблівасцямі ці для тых, хто ім дапамагае. Адна справа — гаварыць пра талерантнасць і дапамогу, іншая — дапамагаць рэальна.
У таварыстве спрабавалі далучыць да такой дзейнасці падлеткаў, якія стаяць на індывідуальным прафілактычным уліку. Праўда, атрымалася не так добра, як спадзяваліся. Але, магчыма, паспрабуюць паўтарыць гэты вопыт, звярнуўшыся па дапамогу да педагогаў, бо яны, канечне, лепш разумеюць, як паводзіць сябе з дзецьмі, што рабіць, каб аб’яднаць іх, раскрыць патэнцыял кожнага. Усё павінны рабіць прафесіяналы, пераканана намеснік генеральнага сакратара таварыства.
Пра дабрыню і супрацоўніцтва
З такімі прафесіяналамі, як, напрыклад, НДЦ “Зубраня”, таварыства ўжо супрацоўнічае, падпісала адпаведнае пагадненне.
— Я, калі пабывала ў гэтым цэнтры, зразумела, што ў адносінах дзіцячага лідарства, валанцёрства нашай краіне нічога не трэба прыдумваць, усё ўжо ёсць, — лічыць Раманія Раманаўна. — Штосьці трэба толькі адаптаваць да нашай работы — і ўсё. Акрамя ўсяго, у “Зубраняці” праводзяцца дні Чырвонага Крыжа, мы вучым лідараў розных гуманітарных арганізацый, накшталт Дзіцячага фонду, таму, што ўмеем самі. А яшчэ збіраемся прывезці ў “Зубраня” трэнінг па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця — паэтапную праграму з канкрэтнымі крокамі. Гаворка ідзе не пра галаслоўную прапаганду, а менавіта пра фарміраванне практычных навыкаў.
Акрамя таго, у таварыстве зараз працуюць над методыкай выкладання першай дапамогі для дзяцей. У Чырвонага Крыжа свая пазіцыя на гэты конт: практычныя навыкі — гэта самае важнае, таму і праграма будзе скіравана менавіта на трэнінгі ў групах на 8—9 чалавек, каб навучыць кожнага. Для дарослых такая праграма, дарэчы, існуе даўно. Таксама ў таварыстве спадзяюцца, што вопыт арганізацыі і новая методыка, распрацоўка якой хутка закончыцца, спатрэбяцца ў выкладанні асноў бяспекі жыццядзейнасці школьнікам.
Немалую частку работы таварыства арганізоўвае ў выглядзе акцый. Гэта інфармацыйныя мерапрыемствы, а таксама акцыі па зборы гуманітарнай дапамогі — адзення і абутку для тых, у каго няма магчымасці іх набыць. Так, з 2015 года Чырвоны Крыж пачаў устанаўліваць спецыяльныя кантэйнеры для збору адзення і абутку ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У канцы 2018 года з’явілася магчымасць паставіць тры кантэйнеры ў Мінску — на аўтазаправачных станцыях. Сярод рэчаў, якія беларусы кладуць у кантэйнеры ці прыносяць у арганізацыі БТЧК, шмат дзіцячага адзення і абутку.
— Канечне, дапамагчы ўсім і ахапіць усе напрамкі адной арганізацыі немагчыма, але тое, што мы ўжо робім, стараемся рабіць добра, — гаворыць Р.Р.Скамарошка. — Радуе, што апошнім часам усё больш людзей узгадваюць пра дабрыню і спагаду, што часцей гучаць гуманітарныя звароты, заклікі да талерантнасці. Гэта натхняе. Разам мы сапраўды зможам дапамагчы больш!
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.