Палюбіць Дастаеўскага

Пра пяцікласнікаў, школу і “настаўніцкіх” дзяцей

Новы навучальны год пачнецца роўна праз тыдзень. Акрамя першакласнікаў, якія ўпершыню сядуць за парты, гэты дзень будзе хвалюючым і для маладых педагогаў. Яшчэ ўчора выпускнікі ВНУ, а сёння ўжо дыпламаваныя спецыялісты, яны будуць вучыцца быць настаўнікамі ўжо не ў тэорыі, а на практыцы.

Пра тое, ці апраўдала надзеі першае рабочае месца, якім бачыцца вучэбны працэс і з якімі праблемамі сутыкаюцца маладыя педагогі, калі прыязджаюць на першае рабочае месца, нам расказала Вікторыя ЕЎСТРАТЧЫК. Сёлета дзяўчына скончыла філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка з чырвоным дыпломам і паехала працаваць па размеркаванні ў сярэднюю школу № 31 Бабруйска.

Чатыры гады назад, трымаючы ў руках атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, Вікторыя Еўстратчык ні хвіліны не сумнявалася, з якой дзейнасцю звяжа сваё жыццё. Любоў да рускай мовы і літаратуры, а таксама мама-настаўніца вызначылі прафесійны шлях дзяўчыны. Часта бывае, што маладыя людзі, паступіўшы ва УВА, разумеюць, што пымыліліся з выбарам спецыяльнасці. Але гэта не пра Вікторыю. Дзяўчына скончыла БДПУ імя Максіма Танка з чырвоным дыпломам і вярнулася працаваць па размеркаванні ў родны Бабруйск у сярэднюю школу № 31.

Мы прыехалі да Вікторыі Уладзіміраўны ў яе другі па ліку рабочы дзень. Маладая настаўніца сядзела ў настаўніцкай і чытала свайго любімага пісьменніка Дастаеўскага.

“Любоў да моў у мяне была заўсёды, — расказвае Вікторыя. — Лёгка даваліся і беларуская, і англійская, але асабліва я палюбіла рускую. Падабалася выкарыстоўваць усё яе багацце і падчас зносін з навакольнымі і асабліва на ўроках. Калі гаварыць пра літаратуру, яе палюбіла пазней — у больш свядомым узросце. Для мяне ніколі не было праблемай сесці і прачытаць вялікія раманы, аповесці. Зборнікамі са скарочанымі версіямі тэкстаў ніколі не карысталася. Як і ніколі, дарэчы, не спісвала сачыненні — для мяне было ў радасць самастойна напісаць работу па тым ці іншым творы. Гэта насамрэч так важна — умець выказваць свае думкі па той ці іншай праблеме, выкарыстоўваючы літаратурныя сродкі мовы.

Што тычыцца выбару прафесіі, мама хоць і працавала настаўніцай, але ніколі не настойвала, каб я пайшла па яе слядах. Так, з прафесіяй настаўніцы я была вельмі цесна знаёма, ведала і на ўласныя вочы бачыла, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца тым, хто выбраў педагогіку. Але мой выбар быў абдуманым. Дарэчы, у мяне і сястра таксама настаўніца, яна скончыла лінгвістычны ўніверсітэт і выкладала англійскую мову ў адной са школ Бабруйска. А мама — настаўніца фізікі, так што ў нас у сям’і ёсць прадстаўнікі і філалагічнага, і матэматычнага кірунку.

Калі я сказала, што хачу стаць педагогам, мама не пярэчыла, але расказала, якія складанасці могуць узнікнуць і з дзецьмі, і з бацькамі. А бацькі, вядома ж, бываюць розныя. Нехта хоча, каб іх дзіцяці ўдзялялі больш увагі, але настаўнік — гэта незалежны назіральнік, ён павінен да ўсіх адносіцца роўна, нікога не выдзяляць і даваць усім аднолькавы аб’ём ведаў”.

Не сакрэт, калі дзеці вучацца ў той школе, дзе працуюць іх бацькі, вучні лічаць, што поспехі “настаўніцкіх” дзяцей — выключна з-за імёнаў бацькоў. Вікторыя расказвае, што так было і з ёй. Дзяўчына вучылася ў школе № 11, дзе працуе яе мама.

“Безумоўна, адносіны да дзяцей, чые бацькі працуюць настаўнікамі, залежаць выключна ад настрою мікрагрупы, у якой дзіця знаходзіцца, — мяркуе Вікторыя. — Былі такія аднакласнікі, якія лічылі, што мае чарговыя “9” ці “10” — гэта заслуга мамы, якая пайшла і дамовілася з калегамі, каб яе дачцэ адзнакі ніжэй за гэтыя балы не ставілі. Было крыўдна, што мае старанні ва ўлік не браліся. Але я паступіла ва ўніверсітэт на бюджэт, скончыла філфак з чырвоным дыпломам і цяпер хочацца сказаць тым, хто ў мяне не верыў, што мамы ва ўніверсітэце не было”.

Вікторыя прызнаецца, што ва ўніверсітэце з вучобай цяжкасцей ніколі не ўзнікала. Студэнтка паспявала не толькі выдатна вучыцца, але і іграла за зборную факультэта па валейболе. Праблема ў дзяўчыны была толькі адна — яна вельмі сумавала па доме.

“За ўсе 4 гады вучобы ў БДПУ не было ніводных выхадных, калі б не паехала дадому, — канстатуе Вікторыя. — Вельмі цяжка было пасля доўгіх канікул, калі вярталася ў Мінск. Многія аднакурснікі шукалі магчымасці застацца ў сталіцы, я ж гэтага не хацела. Перад размеркаваннем нават пісала заяву, прасіла, каб мяне накіравалі ў Бабруйск. І зусім не шкадую, што вярнулася дадому. Упэўнена: тут змагу рэалізавацца як прафесіянал. Прынамсі, буду рабіць для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць”.

Пасіўная практыка, правільны ўрок

Вялікую цікавасць у Вікторыі падчас вучобы ў БДПУ выклікала навукова-даследчая дзейнасць. Маладая настаўніца будзе і далей з ахвотай вывучаць любімую тэму, а таксама плануе далучаць да дзейнасці матываваных вучняў. Дарэчы, Вікторыя Уладзіміраўна займалася вывучэннем метафары.

“З тэмай даследчай работы вызначылася яшчэ на 2 курсе, — успамінае Вікторыя. — У асноўным вывучала выкарыстанне метафары ў публіцыстычных жанрах. І штогод падчас падрыхтоўкі курсавой работы ўзбагачала свае веды ў гэтым напрамку. Кожную восень выступала на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Танкаўскія чытанні”. Акрамя гэтага, на першым курсе рыхтавала даследчую работу па англійскай мове — яна была прысвечана фразеалагічным зваротам у англійскім маўленні. Таксама параўноўвала, наколькі даслоўна звароты перакладаюцца на рускую мову. Увогуле, у філалогіі можна знайсці шмат цікавых напрамкаў для даследаванняў. Спадзяюся, што і сваіх вучняў, калі падрастуць, таксама змагу зацікавіць і даследаваннямі, і літаратурай, у прыватнасці творчасцю любімага Дастаеўскага”.

Да новага навучальнага года застаецца некалькі дзён. За гэта час настаўніца павінна прадумаць, як пабудаваць зносіны са сваімі маленькімі вучнямі, а таксама скласці першыя рабочыя планы. Асаблівую ўвагу, як сказала Вікторыя, неабходна ўдзяліць правільнай пабудове ўрокаў, таму што любоў да прадмета з’яўляецца не толькі ад таго, наколькі настаўнік ім зацікаўлены, але і ад формы, у якой падаюцца веды.

“Падчас вучобы ва ўніверсітэце, а таксама на практыцы мы шмат увагі ўдзялялі метадам правядзення ўрокаў, — узгадвае Вікторыя. — З 2 курса раз у тыдзень праводзілася пасіўная практыка: мы ездзілі ў школы і слухалі ўрокі, назіралі, як паміж настаўнікам і вучнямі будуюцца зносіны. Пасля наведвання такіх урокаў мы пісалі дзённікі. Абавязковая ўмова — пісаць, якім бачым урок, што самі выкарыстоўвалі б падчас яго правядзення.

Шмат ведаў па тэме правядзення ўрокаў давалі педагогіка і методыка выкладання. Вельмі многа карыснага дазналіся падчас методыкі выкладання літаратуры, якая ўяўляла сабой своеасаблівы ўрок. Выкладчыца патрабавала, каб мы прыдумвалі новыя метады ўзаемадзеяння з вучнямі на ўроку, а таксама шукалі цікавыя формы для рэфлексіі. Вядома, школьнікі любяць усё незвычайнае і новае, таму і метады правядзення ўрокаў не павінны быць збітымі. Цяпер я ведаю, што ўрокі можна праводзіць у форме экскурсій ці КВЗ.

За час вучобы ва ўніверсітэце, асабліва дзякуючы практыцы, у мяне з’явілася шмат ідэй, як праводзіць урокі, у якой форме арганізоўваць класныя гадзіны. Калі будуць узнікаць нейкія праблемы, у мяне ёсць з кім параіцца”.

Пра жыллёвыя праблемы і абавязкі школы

Вікторыя не ведае, як складзецца лёс (за 2 гады адбыцца можа што заўгодна), але ўпэўнена, што з прафесіяй не памылілася. Разважаючы, як заваяваць аўтарытэт у дзяцей і павагу бацькоў, малады педагог выказала меркаванне, што неабходна з самага пачатку будаваць даверлівыя адносіны. Вельмі важна правільна расставіць акцэнты, зрабіць так, каб вучні разумелі, што паміж імі і настаўніцай ёсць пэўная мяжа, пераступаць якую не дазволена.

“З самага пачатку неабходна дапамагчы дзецям зразумець, што я для іх не толькі настаўнік, але і сябар, — пераканана Вікторыя Еўстратчык. — Важна своечасова знайсці тую мяжу, якую пераступаць ні мне, ні дзецям не дазволена. Дарэчы, яшчэ ў першы рабочы дзень стала вядома, што я буду весці рускую мову і літаратуру ў пяцікласнікаў. Акрамя гэтага, буду класным кіраўніком у адным з 5-х класаў. Спачатку вельмі спужалася, таму што была, напэўна, не гатова, што мне адразу давераць класнае кіраўніцтва. Але 5 клас — гэта маленькія вучні, і мы будзем разам расці. Так, калі б далі чыйсці клас, было б больш складана. А з пяцікласнікамі абавязкова пасябруем. Яны, думаю, таксама баяцца, таму што іх, як і мяне, чакае новы этап. Дзеці выраслі і ідуць вучыцца далей, да розных настаўнікаў. І я таксама вырасла, стала педагогам, а значыць, павінна зрабіць усё магчымае, каб адаптацыя да новага асяроддзя была ў маіх дзяцей лёгкай і непраблемнай.

Зараз, думаючы пра класнае кіраўніцтва, разумею, што з дзесяцікласнікамі, напрыклад, было б складаней працаваць. Яны ўжо дарослыя людзі, са сваімі амбіцыямі і поглядамі на жыццё. Навошта ім слухаць маладую настаўніцу, якая яшчэ ўчора, можна сказаць, сядзела за гэтай жа партай?”

Вікторыя прызналася, што для яе гэтак жа, як і для ўсіх педагогаў, акрамя ўзаемадзеяння з вучнямі, важным з’яўляецца і фінансавае пытанне. Вядома ж, малады спецыяліст не будзе зарабляць столькі, колькі могуць атрымліваць педагогі з вопытам работы і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй.

“Усіх і заўсёды хвалюе грашовае пытанне, — кажа Вікторыя. — Так, настаўнікі не могуць пахваліцца вялікімі даходамі, і гэта ні для каго не сакрэт. На зарплату хочацца і падарожнічаць, і купіць нешта з вопраткі. Маладым спецыялістам, якія не маюць сям’і і дзяцей, у фінансавым плане крыху лягчэй. Але я нават на першапачаткова невялікую зарплату гляджу з аптымізмам. Любы спецыяліст, які імкнецца да самаразвіцця, у якога ёсць мэта і жаданне расці ў прафесійным плане, абавязкова будзе заўважаны”.

Яшчэ адной праблемай, пра якую размаўлялі з Вікторыяй, стала жыллёвае пытанне. На жаль, атрымаць інтэрнат пасля размеркавання на першае рабочае месца настаўнікам амаль нерэальна. Большасць выпускнікоў, што прыязджаюць на адпрацоўку ў чужы горад, здымаюць жыллё. Але маладому філолагу над кватэрным пытаннем думаць не трэба.

“Мне пашанцавала, таму што я размеркавалася ў родны горад, — з энтузіязмам працягвае Вікторыя Уладзіміраўна, — таму жыллёвае пытанне для мяне закрытае. Так, калі б размеркавалі ў іншы горад, здымала б кватэру — іншага выйсця ў такой сітуацыі няма. Але невядома, ці пацягнула б гэта на ўласныя грошы, на зарплату настаўніка. Хутчэй за ўсё, не змагла б, таму што зарплата па першым часе не вельмі зайздросная. Мая мама працуе настаўніцай у іншым раёне, побач з нашым домам. Безумоўна, было б цудоўна, калі б і я працавала ў той жа навучальнай установе, не давялося б траціць грошы на праезд.

Але ў нашай прафесіі нават не грашовая праблема з’яўляецца самай балючай. Яшчэ падчас праходжання практыкі звярнула ўвагу, колькі папяровай работы неабходна зрабіць настаўніку і колькі лішніх, не сваіх абавязкаў трэба выконваць. Сёння школа робіць вельмі многае. Але так быць не павінна. У першую чаргу задача педагога — ву-чыць дзяцей, а займацца праверкай тых жа пажарных апавяшчальнікаў павінны спецыялісты, якія ў гэтым разбіраюцца. Тым не менш зараз не вельмі хочацца абмяркоўваць праблемы. Праз тыдзень пачнецца навучальны год, а значыць, я ўпершыню ўбачу сваіх дзяцей, пазнаёмлюся з імі — і ўсе складанасці забудуцца”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.