Як пясок скрозь пальцы

Пра эфект казкі і праблемы, якія яна вырашае

Абарона правоў і інтарэсаў дзіцяці — гэта абавязак бацькоў. А гарманічныя і паважлівыя адносіны ў сям’і — гэта той падмурак, які дапаможа дзецям у будучыні стаць упэўненымі і паспяховымі. На жаль, дарослыя часта здзяйсняюць адну і тую ж памылку: робяць дзяцей сведкамі ці, што яшчэ горш, ахвярамі сямейных канфліктаў. І нават калі знешне не адлюстроўваюцца тыя перажыванні і страхі, з якімі дзіця сутыкаецца падчас сямейных спрэчак, яго псіхіка ўсё роўна пакутуе.

Пра тое, як абараніць дзяцей ад канфліктаў і ад чаго могуць вылечыць звычайны пясок і казкі, расказвае старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Наталля Аляксандраўна САКОВІЧ.

— Наталля Аляксандраўна, што ўплывае на канфлікты ў сям’і? Ці часта ахвярамі бацькоўскіх разборак становяцца дзеці і што ў гэты момант адбываецца з іх псіхікай?

— Зыходзячы з практыкі, магу сказаць, што часта праблемы і крызісы ўзнікаюць на фоне недаверу, па прычыне страты бізнесу, работы і адпаведна матэрыяльных цяжкасцей сям’і. Акрамя гэтага, узнікаюць спрэчкі з-за праблем дзіцяці ў школе, па прычыне падлеткавых крызісаў, а таксама падчас хваробы кагосьці з членаў сям’і, страты члена сям’і ці наступстваў суіцыдальнай спробы.

Такім чынам, выклікаць канфлікт можа ўсё, што заўгодна, калі для гэтага ёсць глеба. Часта прычынамі становяцца занятасць і хранічная стомленасць бацькоў, а таксама тое, што яны не могуць быць побач з дзіцем, бачыць яго, назіраць за ім і вучыцца яго разумець. Бацькі як быццам не ведаюць, з кім жывуць, і патрабуюць ад дзіцяці таго, што яно не можа ім даць, што не тычыцца самога дзіцяці ці проста немагчыма. Часта ў бацькоў ёсць падаўленыя канфлікты са сваімі бацькамі, і як толькі дзіця робіць нешта не так, гэта правакуе выхад бацькоўскай траўмы — і пачынаецца “бітва”. Вядома, у такіх сітуацыях хаця б у аднаго з бацькоў павінна прысутнічаць дарослая пазіцыя, але па факце вялікая частка мам і татаў не пасталела. Відавочна, што ў такой сітуацыі канфлікт непазбежны. Бацькі не гатовы браць адказнасць за сябе і сваё дзіця, таму перакладваюць яе на сад, школу і, зразумела, на сына ці дачку. Калі перад сустрэчай даю аднаму з бацькоў запоўніць простую анкету пра сваё дзіця, дзе задаюцца пытанні, што сын ці дачка любіць, пра што марыць, што яму не падабаецца, бацькі не ведаюць, што напісаць. Вядома, патрабаванні соцыуму таксама правакуюць канфлікты. Недарослыя бацькі не маюць магчымасці абараніць сваё дзіця, адстаяць яго інтарэсы перад сацыяльнымі інстытутамі. Менавіта гэта ламае бацькоў: яны пачынаюць перажываць, думаць, наколькі яны дрэнныя ці добрыя маці і бацька, а дзіця ў гэты момант застаецца адно з праблемамі, яго ставяць на прафілактычны ўлік, спрабуюць змяніць і г.д. А, па сутнасці, дзіцяці патрэбна толькі тое, каб яго абараняла сям’я, каб яго разумелі, падтрымлівалі.

Калі гаварыць пра тое, што адбываецца з непаўналетнім падчас канфліктаў паміж мамай і татам, то, безумоўна, яно пужаецца. Спрэчка паміж бацькамі — гэта пагроза для бяспекі дзіцяці. Калі спрэчка суправаджаецца яшчэ псіхалагічным ці фізічным насіллем, дзіця атрымлівае псіхалагічныя траўмы на ўсё жыццё. Сям’я — гэта пляцоўка, дзе ву-чаць камунікацыі і ўзаемадзеянню з соцыумам. Гледзячы на спрэчкі ў сям’і, дзіця вучыцца агрэсіі, якую праяўляе і ў дзіцячым садку, і ў школе ў форме прамой варожасці.

— Ці можна вырашыць унутрысямейную праблему, працуючы толькі з адным членам сям’і?

— Не, гэта немагчыма. Працуючы толькі з кімсьці адным, мы нібы пачынаем раскручваць цэлы клубок розных праблем, у выніку чаго адно чапляецца за другое. Сям’я — гэта сістэма, і калі ёсць збой у нейкай частцы гэтай сістэмы, у яго ўцягнуты ўсе ўдзельнікі. Менавіта па гэтай прычыне важна праводзіць кансультацыйныя, карэкцыйныя або тэрапеўтычныя працэдуры з кожным. Нехта ў большай, нехта ў меншай ступені схільны да падтрымкі ці дапамогі. Успамінаецца прытча пра венік. Яе сутнасць у тым, што бацька, паміраючы, кліча да сябе сыноў і паказвае ім, як лёгка зламаць кожны пруток паасобку і як складана, калі яны сабраны ў венік. Гэтак жа і тут. Калі венік зламаўся, а мы спрабуем склеіць адзін пруток, венік цэлым не стане. Значыць, патрэбна ўмацоўваць усю канструкцыю. Нават калі крызіс у сям’і звязаны з алкаголем ці іншай залежнасцю бацькоў, мы павінны разумець, што дзіця з’яўляецца часткай менавіта гэтай сям’і. У такой сям’і свае асаблівасці, і гэта трэба ўлічваць. Працуючы толькі з дзіцем, мы не зменім сітуацыю. Мы можам развіць дзіця ці дапамагчы яму пачаць у нечым развівацца. Але тут важным з’яўляецца сямейны фактар, а зна-чыць, і маці, якая п’е, а таксама бацька павінны адчуваць дапамогу і падтрымку, каб мець магчымасць рэабілітаваць свае бацькоўскія функцыі.

— Вы назвалі адной з прычын канфліктаў наступствы суіцыдальнай спробы. Якія прычыны часцей за ўсё падштурхоўваюць непаўналетніх рабіць сабе балюча, наносіць калецтвы? Якія метады выкарыстоўваеце падчас работы з такімі дзецьмі?

— Існуюць метады дыягностыкі ўзроўню суіцыдальнай рызыкі, іх вельмі важна прымяняць у пачатку работы. Гэта робіцца, каб зразумець: справяцца з праблемай выключна псіхолаг і сям’я або трэба падключаць медыкаментозную тэрапію. Для мадэлявання розных сітуацый выдатнымі метадамі работы з’яўляюцца пясочная і казкатэрапія. Дзякуючы казкатэрапіі, можна атрымаць суіцыдальны план дзіцяці, які раней не агучваўся. І нават у пясочніцы дзіця можа пабудаваць не толькі свае перажыванні ці думкі пра суіцыд, але і сітуацыю, якая гэта справакавала. Калі я працавала школьным псіхолагам, у 3 класе адна з дзяўчынак перыядычна пашкоджвала сабе тыльную частку перадплечча. Яна прыдумала і расказала казку, у якой галоўнай гераіняй была ведзьма. Ведзьма вельмі не любіла некалькіх дзяўчынак з вёскі, таму што адна была тоўстая (наша дзяўчынка), другая — не вельмі разумная, а трэцяя была неахайная. І ведзьма вырашыла, што кожны дзень будзе рабіць для гэтых дзяўчынак выпрабаванні. Яна запрашала іх у цэнтр вёскі, на гару, дзе расло дрэва, і давала цяжкія заданні, з якімі дзяўчынкі не спраўляліся. Навакольныя глядзелі на гэта і смяяліся. А ведзьма казала: “Зразумела, ты не справішся з заданнем, таму што ты тоўстая!” Усё гэта яскрава адлюстравала жыццё класа, сталі бачнымі правакацыі з боку настаўніка. Для дзяўчынкі такія сітуацыі былі вельмі балючымі. І паколькі ніхто не прыходзіў ёй на дапамогу, ніхто не абараняў ад кпінаў з боку настаўніка, яна карала сябе пашкоджаннем: здымала псіхалагічны боль фізічным. А бацькі не бачылі, што адбываецца з ёй, якая сітуацыя склалася ў класе, і толькі сварыліся за тое, што яна дрэнна вучыцца.

Яшчэ прыклад. Да мяне на прыём трапіў падлетак. Яго прывялі пасля выказванняў пра тое, што смерць магла б вырашыць праблемы. Падчас работы з ім выкарыстоўвалася пясочная тэрапія. Хлопчык падзяліў пясочніцу на дзве часткі, назваў карціну “Жыццё і смер ць” і амаль сіметрычна маляваў дзве тэмы, расказваючы пры гэтым, як многа ў жыцці несправядлівасці і што ў ім самім як быццам нешта памірае, калі ён з гэтым сутыкаецца. Такому падлетку неабходна падтрымка чалавека, які дапаможа разабрацца з праблемамі, з якімі сам хлопчык справіцца не змог. Важна навучыць такіх дзяцей выпрацоўваць імунітэт да рэальнасці. Што тычыцца прафілактыкі суіцыдальных паводзін, самым першым і важным метадам з’яўляецца навык бацькоў і дарослых бачыць і чуць дзіця.

— Сёння актуальнай праблемай з’яўляецца дамашняе насілле. Чаму жанчыны баяцца гаварыць пра гэта і тым самым ахвяруюць не толькі сваім жыццём, але і жыццём дзяцей?

— Сапраўды, праблема актуальная і, на жаль, насілле ў сям’і — частая з’ява. Быў выпадак, калі па дапамогу звярнулася жанчына, якая на працягу 9 гадоў падвяргалася жорсткаму абыходжанню з боку мужа. Але гэта высветлілася пасля. Яна звярнулася па дапамогу, калі ў дачкі пачаліся псіхалагічныя праблемы. На той момант у дзяўчынкі былі неўратычныя сімптомы, энурэз, парушэнне харчовых паводзін і сну. У працэсе работы высветлілася, што дзіця жыве ў пастаянным стрэсе. У гэтым выпадку мы бачым прыклад “эфекту дзвярэй”: дзіця праз сябе, свае праблемы паказвае сямейны крызіс і становіцца своеасаблівымі дзвярыма для ўваходжання ў сям’ю. Калі б не дзяўчынка, ніхто б і не ведаў, што насамрэч адбываецца ў іх доме. Дзякуючы дзіцяці, мы пачалі працаваць. Вось тут якраз карысна ўспомніць, што, працуючы з кімсьці адным з сям’і, праблему не вырашыш. На шчасце, маці стала паралельна з дачкой наведваць спецыяліста і знайшла ў сабе сілы разарваць адносіны з тыранам. Праз развод жанчына дала сабе і свайму дзіцяці шанс на псіхалагічна і эмацыянальна здаровую і шчаслівую будучыню.

— У вас ёсць вопыт работы і з цяжкахворымі дзецьмі. Што ім даюць работа з пяском і казкатэрапія? Наколькі эмацыянальна і псіхалагічна затратна працаваць з такой катэгорыяй маленькіх пацыентаў?

— У мяне быў вопыт работы з дзецьмі, якія хварэюць на анкалогію. І як бы парадаксальна гэта ні гучала, узаемадзеянне з імі эмацыянальна менш затратнае, чым работа з суіцыдальна актыўнымі дзецьмі. Нягледзячы на цяжкі фізічны стан і пастаянныя балючыя працэдуры, хворыя дзеці ў большасці выпадкаў любяць жыццё і змагаюцца за яго з усіх сіл. Падчас работы з імі выкарыстоўваліся метады арт-тэрапіі, мы шмат малявалі, імправізавалі на музычных інструментах, шылі лялькі і ставілі п’есы. Удзел у такіх замяшчальных гульнях дазваляў дзецям самарэалізавацца, дасягнуць маленькага поспеху, атрымаць вопыт творчасці і перажыць пазітыўныя эмоцыі. Ім падабалася ствараць свой свет з пяску, быць там галоўнымі і пражываць тое, што ў рэальнасці пакуль немагчыма.

Акрамя гэтага, мы пісалі і чыталі казкі. У Санкт-Пецярбургу жыве выдатны ўрач-псіхатэрапеўт і першы псіхатэрапеўт дзіцячага хоспіса Андрэй Гняздзілаў, які піша казкі для хворых дзяцей. Менавіта яго творы мы чыталі і аналізавалі, а таксама стваралі свае.

— Якім чынам павінна праводзіцца карэкцыйна-развіццёвая работа псіхолагаў сістэмы адукацыі? На што павінны звяртаць увагу школьныя псіхолагі, каб не пакінуць незаўважанай праблему ў сям’і?

— Сёння ў нас ёсць шмат добрых спецыялістаў, якія эфектыўна праводзяць карэкцыйна-развіццёвую работу ў школах і садках. Асновай з’яўляецца аб’ектыўны аналіз псіхалагічнага статусу дзіцяці, класа і школы ў цэлым. У рабоце псіхолага важна бачыць і чуць дзіця. Наша работа будзе эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі мы будзем ісці за дзіцем. Мы зможам убачыць інтэлектуальныя магчымасці навучэнца, даць ім ацэнку і выявіць, чаго не хапае менавіта гэтаму дзіцяці. Галоўнае ў дзейнасці школьнага псіхолага — арыентавацца выключна на навучэнцаў. Калі мы арыентуемся на дарослых, на сістэму патрабаванняў сацыяльнага інстытута ці запыты часу, можам згубіць з поля зроку таго, дзеля каго знаходзімся ў школе. Відавочна, што ў такім выпадку карэкцыйна-развіццёвая работа не будзе адраснай. Так, трэнінгі праводзіцца будуць, дзеці іх будуць наведваць, а эфект…

Сёння псіхолаг у школе — гэта той спецыяліст, які павінен умець аналізаваць стан кожнага навучэнца. Калі ж гаварыць пра метады работы з дзецьмі, то яны павінны быць дзейснымі. Псіхолагу патрэбна разумець, што можа зацікавіць дзяцей. Стандартныя трэнінгавыя заняткі, якія “трэба” правесці па плане, нікому не патрэбны і не маюць ніякай цэннасці. Цікавай формай узаемадзеяння з’яўляюцца флэшмобы і хэпенінгі. І калі яны будуць дапамагаць вырашаць праблемы навучэнцаў, то гэта эфектыўны карэкцыйны інструмент.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Наталлі САКОВІЧ.