Чаму настаўнік захапляецца самалётамі і хварэе на фізіку
Не сакрэт, што бывае цяжка ўтрымаць маладога педагога на замацаваным пасля размеркавання месцы. Пасля заканадаўча вызначанага тэрміну адпрацоўкі ўсе, для каго шлях у педагогіку быў адзіным варыянтам атрымання вышэйшай адукацыі, пакідаюць прафесію. У школе застаюцца выключна тыя, каму сапраўды наканавана быць настаўнікам. І гэта правільна. Выпадковых людзей у гэтай дзейнасці быць не павінна.
Прыемна, што невыпадковыя настаўнікі ёсць. І цудоўна, што ім выпадае магчымасць працаваць у такіх школах, дзе будзе не толькі адчувацца падтрымка калег, але і знойдзецца магчымасць для рэалізацыі педагагічнага патэнцыялу.
Адзін з такіх настаўнікаў — Ягор Аляксеевіч Мандрык, выкладчык фізікі гімназіі № 3 Барысава. Пасля 2-гадовай адпрацоўкі ў гімназіі малады педагог застаўся ў гэтай жа навучальнай установе, аб чым ні разу не пашкадаваў.
Якімі якасцямі павінен валодаць малады спецыяліст, каб у ім заўважылі талент і перспектывы? І, самае галоўнае, што можа ўтрымаць маладога настаўніка пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі ў школе? Аб гэтым і многім іншым расказвае Ягор Аляксеевіч МАНДРЫК.
Ягор Аляксеевіч Мандрык прыйшоў працаваць у гімназію № 3 Барысава 6 гадоў назад, пасля размеркавання ў БДПУ імя Максіма Танка. Менавіта ў гэтым універсітэце малады педагог атрымаў дыплом настаўніка фізікі і інфарматыкі.
Ягор Аляксеевіч успамінае, што хварэе на фізіку даўно, з уласных школьных гадоў, і не разумее, як можна не любіць гэтую цікавую навуку. А для таго каб зацікавіць усіх без выключэння школьнікаў сваім прадметам, настаўнік спалучае ў практыцы не толькі традыцыйныя метады навучання і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, але і ўласныя фішкі.
Сёння Ягор Аляксеевіч выкладае фізіку ў 7—9 класах і лічыць, што асноўная мэта, да якой трэба імкнуцца падчас выкладання дысцыпліны, — гэта развіць і падтрымліваць цікавасць да прадмета. Безумоўна, не сакрэт, што цікавасць у дзяцей узнікае тады, калі настаўнік не толькі бездакорна выкладае дысцыпліну, але і прымяняе падчас урокаў нестандартныя метады.
“Метад правядзення ўрока павінен быць аднолькава цікавым як настаўніку, так і вучню, — заўважае Ягор Аляксеевіч Мандрык. — Ёсць шмат цікавых спосабаў як правядзення ўрока, так і праверкі ведаў па прадмеце. На сваіх уроках я не прымяняю ў якасці кантролю ўзроўню ведаў тэставыя формы, таму што лічу тэсты не зусім дзейснымі. Вучань можа працаваць над задачай, дадзенай у тэсце, распісаць рашэнне на два лісты, а пасля проста памыліцца з адной лічбай у разліку на калькулятары і ў выніку атрымае няправільны адказ, а значыць, застанецца ні з чым. Гэта адна з прычын, па якой я не люблю тэсты. Яны нават з псіхалагічнага пункта гледжання з’яўляюцца не вельмі камфортным метадам дыягностыкі ведаў. Іншая справа, калі напісаную кантрольную правярае настаўнік. У такім выпадку з’яўляецца больш шансаў атрымаць высокую адзнаку. Выкладчык прасочыць увесь шлях рашэння задачы, не ўпусціць нічога, а значыць, заўважыць памылку, напрыклад, тую ж лічбу, у якой навучэнец памыліўся. Зыходзячы з гэтага, можна будзе зразумець, як ацаніць кантрольную.
Такім чынам, менавіта па прычыне безапеляцыйнасці падчас кантрольных ці самастойных работ не выкарыстоўваю тэставыя заданні. Выключэнне складае толькі праверка тэарэтычных ведаў, але нават за гэта адзнак не стаўлю. Такі метад работы прымяняецца для агульнага развіцця. Для мяне больш важна праверыць умовы рашэння задачы, якімі метадамі карыстаецца навучэнец, калі працуе над заданнем. Дзякуючы гэтаму, можна прасачыць ход думак навучэнца, паглядзець, якія веды прымяняюцца на практыцы”.
Вывучэнне фізікі — праз гульню
На этапе дапрофільнага навучання, падчас урокаў у 7—9 класах, для ўсіх без выключэння навучэнцаў прапаноўваюцца аднолькавыя заданні. Але калі алімпіяднікі і матываваныя ў вывучэнні прадмета дзеці спраўляюцца з заданнямі больш аператыўна, іх настаўнік загружае дадатковымі задачкамі.
“Навучэнцы, якія з 10 класа збіраюцца пайсці ў профільны клас і вывучаць прадмет на паглыбленым узроўні, прыходзяць на дадатковыя заняткі. Нягледзячы на тое, што, згодна з вучэбным планам, колькасць дадатковых заняткаў у гадзінах у нас дакладна прапісана, я імкнуся праводзіць з дзецьмі столькі пазаўрочных заняткаў, колькі яны самі папросяць. Заўсёды нагадваю навучэнцам, што я ў школе знаходжуся доўга, і калі ёсць неабходнасць пазаймацца ці ім трэба нешта дадаткова растлумачыць, да мяне можна звяртацца. Такім чынам, замест адной стымулюючай гадзіны мы з дзецьмі праводзім тры такія ўрокі, а яшчэ факультатыў па суботах”, — расказаў Ягор Аляксеевіч.
Дарэчы, субота для юных фізікаў, з якімі працуе малады і таленавіты педагог, доўгачаканы дзень. Акрамя рашэння звычайных задач, дзеці разам з Ягорам Аляксеевічам праводзяць цікавыя эксперыменты.
“У сшытках для лабараторных работ пасля чарговай лабараторнай ёсць эксперыменты, якія падчас урока дзецям падрабязна не тлумачацца. Навучэнцам проста названы ўмовы, мною выдадзена спецыяльнае абсталяванне, і яны самі павінны здагадацца, як правесці дослед. Безумоўна, некаторыя моманты навучэнцам неабходна тлумачыць. Так, як калісьці мяне накіравалі ў педагогіку, павінен і я зрабіць і паказаць вучням, у якім кірунку думаць, якое рашэнне прыняць, каб дабіцца правільных, дакладных вынікаў. Час ад часу мы адкладваем нашы навуковыя кніжныя доследы, каб адпачыць, але з карысцю для розуму. Напрыклад, у мінулую суботу мы пасля трох гадзін рашэння задач пускалі самалёцікі ў калідоры. Такім чынам, мы сканструявалі папяровыя самалёты розных мадэлей і вырашылі: чый самалёт за меншую колькасць хадоў даляціць ад аднаго пункта да другога, той і стане пераможцам. Нават падчас такога адпачынку мы былі паглыблены ў навуку, таму што ўлічвалі фізічныя асаблівасці самалётаў, такія як аэрадынаміка, даўжыня канструкцыі, далёкасць палёту. Перапынак прайшоў у гульнявой форме і атрымаўся ненапружаным, інтэлектуальна карысным, а таксама быў цесна звязаны з прадметам”, — падзяліўся выдатным метадам арганізацыі навуковых перапынкаў вынаходлівы настаўнік.
Яшчэ адным выдатным метадам арганізацыі заняткаў падчас шостага дня з’яўляецца правядзенне заняткаў у гуртку па авіямадэляванні. Сёння канструяваннем самалётаў, танкаў і караблёў Ягор Аляксеевіч захапіў нават дзяўчынак. Спачатку ў гуртка была выключна вузкая спецыялізацыя, і пад наглядам настаўніка працавалі толькі пачынаючыя авіяканструктары. Але іх было не вельмі многа, а вось жадаючых “зляпіць” танк ці карабель знайшлося нямала. Менавіта гэта паспрыяла пашырэнню творчых межаў, і сёння з педагогам над зборнымі мадэлямі тэхнікі працуе даволі шмат дзяцей.
Перавярнуць урок, каб навучыць вучыцца
Для павышэння якасці адукацыйнага працэсу, дасягнення высокага ўзроўню матывацыі сярод дзяцей Ягор Аляксеевіч прымяняе і параўноўвае розныя метады правядзення ўрокаў. Эксперыментуючы са спосабамі падачы матэрыялу, настаўнік спрабаваў праводзіць заняткі згодна з метадам перавернутага ўрока, а таксама прымяняе ўласныя ноу-хау, якія не горш за традыцыйныя метады работы дапамагаюць засвоіць новы матэрыял.
“Спосаб перавернутага ўрока вельмі цікавы, але часта яго прымяняць не будзеш, таму што ёсць у ім падводныя камяні, — канстатуе настаўнік. — Сёння, згодна з нарматыўнымі дакументамі, вучням дадому нельга задаваць больш за тое, што пройдзена на ўроку. Асноўную інфармацыю дзеці павінны атрымліваць у школе, а дома толькі паўтараць тое, што растлумачана. Калі ж выкарыстоўваць перавернутае навучанне, ёсць рызыка пару-шыць патрабаванні і перагрузіць вучняў. Але гэта толькі адзін бок медаля. Яшчэ адзін мінус гэтага метаду арганізацыі ўрока заключаецца ў тым, што вучні не заўсёды сур’ёзна ўспрымаюць перавернуты спосаб. Яны ведаюць, што настаўнік у школе ўсё роўна растлумачыць тое, што было незразумела падчас самастойнага вывучэння тэорыі дома. Відавочна, што дома не многія будуць імкнуцца зразумець тэму. Іншы вынік дасягаецца, калі ў аснове правядзення ўрока ляжыць групавая работа. Для таго каб разбіць дзяцей на каманды, прымяняю жараб’ёўку. У мяне на стале ляжаць каляровыя паперкі, якія вучні выбіраюць згодна з уласным густам. Такім чынам, клас перамешваецца, а значыць, ніхто не дзеліцца па прынцыпе “сябрую — не сябрую”. Калі дзеці “прасяклі” фішку, яны спрабавалі перад пачаткам урока дамовіцца, хто які колер выцягвае. Кожнаму хацелася быць у кампаніі са сваімі. Але я пайшоў іншым шляхам, і колеры схаваў, проста напісаўшы з адваротнага боку лічбы. Такі эфект нечаканасці павінен прысутнічаць на ўроку, гэта надае больш азарту, а таксама дазваляе аб’яднаць дзяцей. Дарэчы, падчас выкарыстання групавога метаду работы стараюся пасля выканання некалькіх заданняў групы разбіць папалам і перамяшаць. Атрымліваецца, некалькі разоў за ўрок навучэнцы працуюць з рознымі па ўзроўні ведаў дзецьмі. Калі звярнуцца да ўрокаў кантролю і карэкцыі ведаў, аддаю перавагу метаду апытання, а таксама пісьмовым кантрольным”.
Для падрыхтоўкі ўрокаў у навучэнцаў часта ўзнікае неабходнасць пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. Але карыстацца электроннымі крыніцамі інфармацыі Ягор Аляксеевіч дазваляе дзецям толькі ў тым выпадку, калі неабходна больш дасканала падрыхтавацца да, напрыклад, тэматычнага ўрока. Падчас напісання кантрольных і самастойных работ падпольнае выкарыстанне інтэрнэту забаронена.
“Інтэрнэт-крыніцы дазволена выкарыстоўваць у выключных выпадках, напрыклад, падчас падрыхтоўкі да адкрытага ўрока ці пры падрыхтоўцы да алімпіяды, калі ёсць неабходнасць вывучыць нейкую тэму на больш паглыбленым узроўні, — канстатуе педагог. — Нядаўна мы праводзілі адкрыты ўрок для настаўнікаў, падчас якога дзеці выступалі з пэўнай тэматычнай інфармацыяй. Вось у гэтым выпадку дзякуючы сусветнай сетцы мы адкапалі шмат новай і цікавай інфармацыі пра магніты. Адна з настаўніц, якая ўжо вельмі даўно працуе ў школе, пасля нашага ўрока сказала, што прыемна здзіўлена, што магніт — гэта мінерал. Яна ўсё жыццё лічыла яго металам. Такім чынам, атрыманне новых ведаў — гэта пазітыўны спосаб карыстання інтэрнэтам. Калі навучэнцы спрабуюць выкарыстаць інтэрнэт як дапаможны сродак у выкананні, напрыклад, лабараторных, адразу раблю заўвагу. Я акцэнтую ўвагу на тым, што ведаю ўсе спосабы і сайты, дзе можна знайсці выкананыя лабараторныя. Пасля адкрываю ў сваім тэлефоне самы вядомы рэсурс, дзе звычайна можна спісаць усё рашэнне, і заўважаю, што, калі хоць адна лічба супадзе з тымі данымі, якія прадстаўлены на сайце, работа не будзе залічана. Станоўчы эфект ад карыстання інтэрнэтам ёсць і ў падрыхтоўцы да алімпіяд, калі трэба ўдакладніць пэўную інфармацыю. Пакуль што мае навучэнцы вельмі прыстойна паказалі сябе на раённым этапе. Тых жа дзяцей, якія прэтэндуюць на ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе — а гэта часцей за ўсё навучэнцы 10—11 класаў, рыхтуе мой старэйшы калега Сяргей Віктаравіч Саковіч”.
Настаўнік: прызванне ці захапленне?
Ягор Аляксеевіч працуе ў гімназіі ўжо 6 гадоў. І калі спачатку ў маладога педагога ўзнікалі думкі наконт таго, каб пасля адпрацоўкі вярнуцца дадому, у Вілейскі раён, то сёння светапогляд педагога Мандрыка змяніўся. Так, прафесія настаўніка пераплецена з мноствам дадатковых, часам зусім не прафесійных абавязкаў. Але калі работа прыносіць задавальненне, калектыў падтрымлівае, вучні і бацькі любяць і паважаюць, а кіраўнік гімназіі заўсёды знаходзіцца ў пошуку павышэння прэстыжу ўстановы, сумнявацца ў правільнасці выбару прафесіі няма падстаў.
“Калі 6 гадоў назад прыехаў падпісваць кантракт у гімназію, куды накіравалі на работу, незнаёмы горад вельмі пужаў, — успамінае Ягор Аляксеевіч. — Асноўнай праблемай, і гэта не сакрэт, было жыллёвае пытанне. На жаль, але педагогам інтэрнат не прадастаўляецца. Я не баяўся арандаваць жыллё, таму што і служба ў арміі, і вучоба ва ўніверсітэце, падчас якой таксама арандаваў пакой, загартавалі характар, я ўмеў ужывацца з рознымі людзьмі. Але дзе і як знайсці жыллё ў незнаёмым горадзе? Тым не менш усё атрымалася. У гімназіі падказалі, як вырашыць праблему. Сёння гімназія № 3 Барысава — гэта ўжо мой дом. Я вельмі ўдзячны свайму старэйшаму калегу настаўніку фізікі Сяргею Саковічу за тое, што падтрымлівае і дапамагае ў шматлікіх рабочых момантах. Вялікую дапамогу заўжды аказвала настаўніца фізікі і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Аляксандраўна Усцілка. І, безумоўна, сакрэт гарманічных узаемаадносін у калектыве ў тым, наколькі прафесійна кіруе ўстановай дырэктар, з якой нам пашанцавала — Ірына Валер’еўна Кірык. Дарэчы, вельмі часта маладыя настаўнікі, адпрацаваўшы 2 гады па размеркаванні, пакідаюць прафесію. Прычын для гэтага хапае. Безумоўна, у першую чаргу ўсё ўпіраецца ў фінансы. Хочацца, каб зарплата адпавядала нагрузцы і адказнасці, якая ўскладзена на педагогаў. Многіх пужае і папяровая валакіта. Калі гаварыць аб гэтым у дачыненні проста выкладчыка дысцыпліны, усё не так страшна. Калі ж ты класны кіраўнік — папер у разы больш. Гэта і пужае большасць маладых педагогаў.
Не так даўно я хварэў і тыдзень правёў дома. Ужо літаральна на трэці дзень зразумеў, што хачу на работу, у гімназію. Ад урокаў, нягледзячы на тое, што прыходжу ў школу каля 8 гадзін раніцы, а ў кватэру заходжу пасля 19 гадзін вечара, не стамляюся. Я люблю сваю работу і лічу, што мне пашанцавала. Быць настаўнікам цікава, але толькі ў тым выпадку, калі ад працы не толькі маеш карысць, але і атрымліваеш задавальненне”.
Наталля САХНО.
Фота з архіва гімназіі № 3 Барысава.
P.S. З Ягорам Аляксеевічам мы размаўлялі ў лабаранцкай, а ў класе ў гэты час праходзіў урок. Пра сваю работу настаўнік расказваў з захапленнем.
Калі я запытала ў маладога выкладчыка, ці не здаецца яму, што такое стаўленне да работы пацвярджае, што педагогіка — гэта яго прызванне, ён сціпла ўсміхнуўся і сказаў: “Гэта проста звышмаштабнае захапленне працай…” І ўсё ж нешта падказвае, што пра прызванне да прафесіі мы яшчэ пагаворым.