Інгрэдыенты поспеху, або Яшчэ раз аб харчаванні

Арганізацыя школьнага (і не толькі) харчавання і летась, і цяпер перажывае пэўныя змены, застаецца прадметам павышанай увагі, таму мы зноў пагаворым на гэтую невычэрпную тэму. Тым больш што 2017 прынёс нямалыя змены ў арганізацыю харчавання школьнікаў. Каб пагаварыць пра алгарытм дзеянняў па арганізацыі харчавання, пра складанасці і перавагі змяненняў у гэтай сферы, мы звярнуліся ў сярэднюю школу № 101 Мінска. Чаму менавіта туды? Давайце разбяромся.

Вучыць і яшчэ раз вучыць

Школа ў Маскоўскім раёне сталіцы на першы погляд самая звычайная, але, што тычыцца харчавання, цалкам звычайнай яе не назавеш: роўна год назад установа адукацыі атрымала дыплом І ступені ў гарадскім конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя навучэнцаў, прывіцці навыкаў бяспечных паводзін, фарміраванні здаровага ладу жыцця ў намінацыі “Лепшая арганізацыя здаровага і рацыянальнага харчавання навучэнцаў і выхаванцаў”. Адначасова дыплом І ступені атрымала спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска (былі вызначаны 2 пераможцы). Пра цікавы вопыт гэтай установы “Настаўніцкая газета” ўжо расказвала ў нумары за 17 чэрвеня 2017 года.

Што да 101-й школы, то, зайшоўшы ў тутэйшую сталовую, паглядзеўшы на прыгожую сервіроўку, вясёлыя твары дзяцей, разумееш, што сваіх пазіцый у арганізацыі харчавання ўстанова здаваць не збіраецца. Такі вывад ахвотна і абгрунтавана пацвярджае і дырэктар навучальнай установы Святлана Паўлаўна Главацкая.
— Алгарытм сваіх дзеянняў па арганізацыі харчавання навучэнцаў мушу ацаніць з дапамогай прыёму, які мы выкарысталі, калі нашу работу прыходзіла ацэньваць конкурсная камісія, — усміхаецца мая суразмоўніца. — Тады мы прапанавалі кожнаму з членаў журы скласці свой салат з карысных інгрэдыентаў: яблыкаў, вінаграду, бананаў і г.д. Перад кожным суддзёй паставілі ёмістасць для гатавання і палажылі дэсертную лыжку. Кампаненты стравы яны дадавалі ў тых прапорцыях, якія адпавядалі важнасці кірунку работы па арганізацыі здаровага і рацыянальнага харчавання, што прадстаўляла школа. Дык вось для мяне найбольшую долю ў такім “салаце” складае інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць — працэнтаў 30. І прыкладна 20% — прапаганда здаровага ладу жыцця.

На ўсе астатнія (і вельмі важныя) складнікі: непасрэдную арганізацыю харчавання, нарматыўнае прававое і метадычнае забеспячэнне, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і іншае — Святлана Паўлаўна адводзіць такім чынам 50%, бо лічыць, што калі ў чалавека з дзяцінства сфарміравана культура здаровага харчавання, то і ў дарослым жыцці ён не зменіць добрых звычак, навучыць ім сваіх дзяцей.

— У цэлым жа арганізаваць дакладна дзеючую сістэму здаровага харчавання ў навучальнай установе можна толькі тады, калі на належным узроўні будуць працаваць усе яе часткі: нарматыўнае забеспячэнне, якое важна своечасова абнаўляць, прапаганда, кантроль за арганізацыяй харчавання і яго рэгуляванне, матэрыяльная база (у нас, напрыклад, не так даўно з’явіўся сучасны параканвектамат) і іншае, — гаворыць дырэктар школы. — Які б кампанент не выпаў з гэтай сістэмы, работа перастала б быць эфектыўнай. Мы не дасягнулі б сваёй галоўнай задачы — навучыць дзяцей правільна харчавацца.

Падыходы да арганізацыі асветніцкай і прапагандысцкай работы па здаровым харчаванні, між іншым, у школе № 101 выкарыстоўваюць як звычныя для ўсіх, так і даволі нетрывіяльныя. На карысць справе ідзе ўсё: і тэматычныя бацькоўскія сходы, і факультатыўныя заняткі “Здаровы лад жыцця” або “Па прыступках правільнага харчавання”, і інфармацыйна-асветніцкія лекцыі, якія арганізоўваюць у школе валанцёры Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, экскурсіі на прадпрыемствы харчовай прамысловасці, напрыклад, гарадскі малочны завод № 2, выставу-кірмаш “ПрадЭкспа” і інш.

Да таго ж школа супрацоўнічае з Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам кулінарыі. Падчас тыдняў культуры харчавання ў школе арганізоўваецца работа інфакіёска “Здаровае харчаванне: простыя і смачныя рэцэпты” па распаўсюджванні інфармацыйных лістоў, памятак, бюлетэняў. Сумесна з МДПТК кулінарыі ў школе право-дзяцца майстар-класы, конкурсы кулінарнага майстэрства, кірмашы смачных і карысных страў, анлайн-кансультацыі “Пра смачную і здаровую ежу”. А на пазнавальных перапынках “Быць здаровым — гэта класна!” на экранах тэлевізараў у рэкрэацыях школы дэманструюцца фільмы і мультфільмы аб здаровым харчаванні, а таксама ролікі на тэму здаровага ладу жыцця, якія ствараюць члены школьнай тэлерадыёкампаніі.

Сярод яшчэ многіх кірункаў прапаганды здаровага ладу жыцця і наладжвання рацыянальнага харчавання дзяцей у школе выкарыстоўваюць і такі не зусім звычайны: музычнае суправаджэнне прыёмаў ежы для яе лепшага засваення. Ва ўсялякім разе правільна падабраная музыка супакойвае і падымае настрой.

Змены становяцца звычкай

— Меню ў школьнай сталовай складзена так, што пры ўмове рацыянальнага харчавання дома дзіця не набярэ лішнюю вагу, не сапсуе здароўе, — сцвярджае мая суразмоўніца.

Двухтыднёвае меню для школьнай сталовай, як добра ведае кожны дырэктар школы, распрацоўвае камбінат школьнага харчавання. Па сістэме з удзелам КШХ працуе прыкладна чвэрць беларускіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мінскія школы, гімназіі і ліцэі карыстаюцца адзіным прыкладным двухтыднёвым меню. Радуе, што камбінат прапаноўвае яго ў трох варыянтах, каб кожны мог выбраць абед на свой густ.

Прыкладнае меню абеда сталічных устаноў агульнай адукацыі:

* комплекс 1: бутэрброд “Звычайны”, пудынг з тварагу са смятанай, кававы напітак з малаком;

* комплекс 2: салат “Марскі агарод”, боршч са смятанай, катлета дамашняя, каша вязкая грэцкая, напітак апельсінавы з вітамінам “С”, хлеб;

* комплекс 3: салат “Жамчужына”, катлета адбіўная, каша вязкая грэцкая, напітак апельсінавы з вітамінам “С”, хлеб.

Яшчэ ў 2012 годзе школа стала ўдзельніцай пілотнага праекта “Электронная школа”, які прадугледжваў увядзенне карт навучэнцаў. Цяпер гэта не праект, гэта паўсядзённая і прывычная для ўсіх — настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў — справа. З 1 верасня 2017 года ўсе 28 класаў перайшлі на безнаяўны разлік за харчаванне па картах навучэнцаў. У папярэднім навучальным годзе такіх класаў было толькі 5. У кожным класе ўстаноўлены камп’ютар (у настаўніцкім пакоі таксама), прычым устаноўлены задоўга да таго, як школа цалкам перайшла на электроннае меню і аплату харчавання па картах навучэнцаў, таму для класных кіраўнікоў праблем з работай па новай сістэме не было.

Праз праграму “Школьнае харчаванне” можна здзейсніць заказ трох комплексаў, а таксама зрабіць вольны выбар. Уся працэдура займае некалькі хвілін. Класны кіраўнік, заходзячы ў сістэму па сваім логіне і паролі, можа карэкціраваць інфармацыю. Такая карэкцыя закрываецца за 45 мінут да пачатку перапынку, падчас якога клас ідзе ў сталовую, разлічаную на 180 месцаў. Загадчык вытворчасці і адміністратар дадатку могуць уносіць змены і пасля вызначанага часу. Карацей, сістэма наладжана і працуе як га-дзіннік. І, канечне, асабліва для бацькоў важна, што дзіця атрымае харчаванне, нават калі дарослыя забылі яго своечасова аплаціць.

Бацькі і вучні маюць магчымасць актыўна ўдзельнічаць у ацэнцы меню, кантролі за арганізацыяй харчавання. Так, прадстаўнікі бацькоўскага камітэта і школьнага самакіравання ўваходзяць у склад школьнага савета па харчаванні, які ўзначальвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце (пачатковая школа) Таццяна Пятроўна Ігнатовіч.

Каб вывучыць ацэнку харчавання і запытаў бацькоў і вучняў, у школе рэгулярна праводзіцца іх анкетаванне, вусныя апытанні, а таксама маніторынг меркаванняў навучэнцаў аб якасці страў з дапамогай запаўнення ёмістасцей з наклейкай “Смачна” (“Нясмачна”) дэкаратыўнымі каменьчыкамі. Ёмістасці размешчаны ў сталовай, і дзеці падыходзяць да іх з цікавасцю — пераважная большасць з іх кідае каменьчыкі ў пластыкавую скрыначку з наклейкай “Смачна”. Галасаванне, як правіла, праводзяць пры з’яўленні новага двухтыднёвага меню, каб высветліць, наколькі гэта ўдалы варыянт.

— Летась, калі мы яшчэ працавалі з раённым камбінатам школьнага харчавання, пісалі да яго кіраўніцтва, бо пры галасаванні высветлілася, што вучням зусім не падабаецца адзін салат, — кажа С.П.Главацкая. — Сёлета, калі нешта такое зноў высветліцца, будзем звяртацца да цяперашняга пастаўшчыка. Так што робім усё, каб нашы вучні елі тое, што і карысна, і смачна.

***

Апошнімі інгрэдыентамі, якія было прапанавана дадаць у салат членам конкурснай камісіі, былі карыца і шакалад. Яны сімвалізавалі станоўчыя эмоцыі, аптымізм і імкненне да пастаўленых мэт. Такія кампаненты, безумоўна, неабходны ў любой справе, у тым ліку ў арганізацыі школьнага харчавання.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 101 Мінска.