Не сакрэт, што дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі, маюць большую патрэбу ў сацыялізацыі, чым тыя, хто выхоўваецца ў сям’і. Але для таго, каб даць дзецям шанс правільна вырасці, з самага ранняга ўзросту побач павінны знаходзіцца тыя, хто зможа пазбавіць пачуцця адзіноты і непатрэбнасці.
Сацыяльны праект “Нянька замест мамы”, які дзейнічае ў медыцынскіх установах Гродзенскай вобласці ўжо больш чым 2 гады, накіраваны на дапамогу і падтрымку дзетак, якія па розных прычынах засталіся без мамы, але больш за ўсё маюць у ёй патрэбу ў самы складаны перыяд — падчас хваробы.
Першай да ўдзелу ў праекце далучылася Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца, куды мы і паехалі, каб на свае вочы ўбачыць, як сацыяльная нянька дапамагае маленькім пацыентам выздараўліваць.
Нянька можа стаць мамай
У невялікай палаце, якая знаходзіцца на 3 паверсе ў пульманалагічным аддзяленні Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы, стаяць чатыры дзіцячыя ложкі. Сёння тут усе месцы заняты.
Праблема догляду дзяцей-сірот, якія трапляюць у бальніцы, заўсёды была актуальнай. Калі ў дзіцячых дамах дзеткам удзяляецца ўвага, то тут, на лячэнні ў стацыянары, маленькія пацыенты застаюцца адны. Рэалізацыя праекта “Нянька замест мамы” была накіравана на вырашэнне праблем безнагляднасці дзяцей-сірот у бальніцах. Ініцыятарам праекта стала Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, валанцёры якога час ад часу дапамагалі бальніцам у доглядзе дзяцей. А ідэю праекта валанцёры ўзялі ў сваіх калег з Санкт-Пецярбурга, дзе ўжо на працягу некалькіх гадоў у бальніцах працуюць нянькі, якія на дзень становяцца мамамі для пакінутых дзетак. Дарэчы, аплачваюць працу нянек дабрачынныя арганізацыі.
“Праект “Нянька замест мамы” ствараўся спецыяльна для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — расказвае загадчыца пульманалагічнага аддзялення Ірына Уладзіміраўна Марушка. — Калісьці валанцёр Чырвонага Крыжа Соф’я Бяляўская працавала ў адным з пецярбургскіх дзіцячых дамоў. Менавіта ў гэтым горадзе ў дзіцячых бальніцах сацыяльныя нянькі працуюць на працягу некалькіх гадоў. Пасля пераезду ў Гродна валанцёр падзялілася ідэяй са сваёй арганізацыяй, і было вырашана ажыццявіць такую ідэю і ў нашай краіне. Першай пляцоўкай для старту праекта стала наша пульманалагічнае аддзяленне, куды на лячэнне даволі часта трапляюць дзеці, па розных прычынах не патрэбныя сваім бацькам”.
Першай сацыяльнай нянькай не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі, стала Жанна Заблоцкая, якая, на жаль, летам памерла ад анкалагічнага захворвання.
Сёння ў Гродне працуюць 3 сацыяльныя нянькі: з лістапада “мама” з’явілася ў інфекцыйнай бальніцы, а са снежня — і ў дзіцячым ЛОР-аддзяленні Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Але самай першай нянькай, з якой распачаўся праект, з’яўляецца Людміла Багдзевіч. Убачыўшы ўпершыню гэтую невысокую стройную дзяўчыну, я вельмі здзівілася: дзе яна знаходзіць сілы і цярпенне спраўляцца з дзецьмі, а іх у Людмілы адначасова можа быць і 8, і 12. У дзень майго прыезду ў Гродна ў нянькі было чацвёра дзяцей, самаму маленькаму з якіх — Аляксею — 4 месяцы, а самай старэйшай дзяўчынцы Васілісе — 1,2 года.
“Самым цяжкім з’яўляецца перыяд пад’ёму сезонных прастудных захворванняў, — узяўшы на рукі Васілісу, пачынае расказваць Людміла. — Зараз у мяне чацвёра дзяцей? А бывае і так, што іх у два ці тры разы больш, і кожнаму патрэбна ўдзяліць увагу. Трапіла я да дзяцей невыпадкова. Па адукацыі я музыкант, працавала ў музычнай школе, а пасля і ў Цэнтры рэабілітацыі для дзяцей. Год назад даведалася аб ініцыятыве Чырвонага Крыжа і зразумела, што хачу гэтым займацца, хачу дапамагаць дзеткам. І, ведаеце, гэта насамрэч маё прызванне. Я хачу дарыць сваю ўвагу і цяпло хлопчыкам і дзяўчынкам. Калі прыйшла ў арганізацыю, працавала разам з Жаннай Заблоцкай, якая на той момант з’яўлялася адзінай сацыяльнай нянькай ва ўсёй краіне. Але, на жаль, летам Жанны не стала. Працавалі мы з ёй удзвюх на стаўку, па чатыры гадзіны кожная. Зараз я знаходжуся ў бальніцы з 9 да 17 гадзін. За гэты час неабходна з усімі дзеткамі пагуляць, пакарміць іх, пераапрануць, памыць. Карацей кажучы, усе абавязкі мамы ўскладзены на мяне. Але я не скарджуся, і мне няцяжка, наадварот, прыемна дапамагаць гэтым маленькім анёлам”.
У тым, што дзеці любяць сваю Людмілу, няма сумненняў. Яны адчуваюць, што гэтая жанчына няхай і ненадоўга, але з’яўляецца для іх мамай. Як толькі нянька зайшла ў палату, аднагадовая Васіліса ўстала на ногі і пачала выглядваць у калідор. Заўважыўшы Людмілу, дзяўчынка заўсміхалася і нешта пачала расказваць на сваёй мове.
“Сёння я магу знаходзіцца ў гэтай палаце ўвесь дзень, — кажа Людміла. — Пакуль што дзетак у нас мала, а гэта значыць, што ўсім чатыром змагу ўдзяліць больш увагі. Калі з малымі неабходна правесці медыцынскія маніпуляцыі, гэта робяць супрацоўнікі бальніцы. У астатнім мы спраўляемся самі. Для дзетак-адказнікаў адведзены дзве спецыяльныя палаты, у кожнай з якіх стаяць чатыры дзіцячыя ложкі і спавівальныя сталы. У такіх палатах знаходзяцца дзеткі, якім не споўнілася 4 гады. Старэйшыя пацыенты, як правіла, размяркоўваюцца ў агульныя палаты, да “сямейных” дзяцей. Думаю, ім там вельмі няёмка, таму што да тых, у каго ёсць сям’я, часта прыходзяць наведвальнікі. А пакінутыя дзеткі нікому не патрэбны. Заўжды, калі пра гэта думаю, мне і сумна, і радасна адначасова. Чаму радасна? Таму што сацыяльныя нянькі змогуць хаця б тут аказаць падтрымку кінутым дзецям. Няхай і ненадоўга, але ў іх ёсць магчымасць адчуць у адносінах да сябе сапраўдны клопат, ім ёсць да каго звярнуцца, калі патрэбна ўвага. Самым страшным у жыцці дзіцяці з’яўляецца адсутнасць мамы, і я хачу зрабіць сірот шчаслівымі настолькі, наколькі з майго боку гэта з’яўляецца магчымым”.
Тут дораць шчаслівае дзяцінства
У чатырох дзяцей, якіх сёння даглядае іх другая мама, розныя гісторыі і свой сацыяльны статус. 4-месячны Аляксей — адказнік, якога адразу пасля нараджэння перавялі ў інфекцыйную бальніцу, таму што ад яго адмовілася 18-гадовая мама. 10-месячнага Арцёма і 1,2-гадовую Васілісу па розных прычынах адабралі з сем’яў. Пакуль мы размаўлялі з Людмілай, Ева і Васіліса прасіліся на рукі.
“Васіліса ў аддзяленні не першы раз, — тлумачыць гродзенская нянька. — Памятаю, як толькі ўпершыню ўбачыла яе, адразу была ў захапленні ад гэтых прыгожых блакітных вачэй. Васіліса часта хварэе на рэспіраторныя інфекцыі, якія пераходзяць у больш цяжкія формы, таму і сустракаемся з дзяўчынкай часта. Яна расце, развіваецца, і мне прыемна за гэтым назіраць. Я вельмі хачу, каб у Васілісы з’явілася сапраўдная сям’я, якая будзе яе любіць і зробіць дзяцінства шчаслівым”.
Пакуль Людміла расказвала пра Васілісу, за ёй пільна назіралі Арцём і Ева. У палату зайшла медсястра і паклікала Васілісу на ўльтрагукавое даследаванне. Нянька пайшла з дзяўчынкай да ўрача, а я засталася ў палаце з астатнімі дзецьмі. Зразумеўшы, што “мамы” няма, Арцём пачаў плакаць і супакоіўся толькі тады, калі я ўзяла яго на рукі.
Праз 15 хвілін Людміла вярнулася, і ўсе дзеці быццам ажылі. Нават 4-месячны Аляксей, які ляжаў і пільна сачыў за тым, як мы гуляем з Арцёмам, ажывіўся і пачаў усміхацца.
“Дзеці чакаюць майго прыходу, — працягвае дзяліцца эмоцыямі Людміла. — Як толькі заходжу — вы бачыце самі — пачынаюць усміхацца і наперабой нешта тлумачыць на пакуль незразумелай мове. Я пачынала працаваць з Жаннай і часта яе згадваю. Яна была добрым, светлым чалавекам, і я многаму ў яе навучылася. Тая мудрасць, шчырасць, з якімі жанчына прыходзіла да дзяцей, не маглі не быць заўважанымі. Дзеткі, якіх даглядала Жанна, станавіліся больш спакойнымі. І нашы выхаванцы яе таксама вельмі любілі. Кажуць, што дзеці адчуваюць тых, хто іх любіць усім сэрцам. Так яно і ёсць. З першага дня работы з дзецьмі ў мяне назіраецца абсалютнае ўзаемапаразуменне. Сёння, дарэчы, акрамя нашай арганізацыі, да дзетак кожны дзень прыходзяць валанцёры і з іншых суполак. Так, значную дапамогу аказваюць прадстаўнікі з “Дабро рабі” і “Хто, калі не я”. Менавіта дзве гэтыя дабрачынныя арганізацыі дапамагаюць у доглядзе дзяцей, самастойна арганізоўваюць збор сродкаў гігіены, а таксама адзення. Прыемна, што і студэнты медыцынскага ўніверсітэта таксама далучаюцца да дабрачыннасці. Дзецям патрэбна сацыялізавацца, развівацца, і толькі мы можам ім у гэтым дапамагчы. Сёння ў нас чацвёра дзяцей, і ўсе яшчэ пакуль могуць сядзець у сваіх ложках. А бывае так, што ў аддзяленні ўсе дзеці “дарослыя”, ім па 2—3 гады і ў ложках яны сядзець не будуць, ім хочацца хадзіць, гуляць. У такой сітуацыі адной спраўляцца не вельмі лёгка, важна нікога не згубіць з вачэй. Таму дапамога неабыякавых людзей з’яўляецца вельмі важным і неабходным аспектам. А дзецям патрэбна дарыць цяпло — дзякуючы гэтаму яны хутчэй выздараўліваюць”.
Як расказала Людміла, яе дзеці больш самастойныя і цярплівыя. Нават такую непрыемную працэдуру, як інгаляцыя, пераносяць без слёз. Яны проста ведаюць, што 10 хвілін патрэбна сядзець і дыхаць, лячыцца. Гэта дзеці з мамамі могуць сабе дазволіць пакапрызнічаць і паплакаць, а ў сацыяльных сірот іншая псіхалогія.
“Часта назіраю за дзеткамі, калі яны спяць, — працягвае Людміла. — І заўважыла цікавую асаблівасць. Аказваецца, сіроты вельмі чуйна спяць. Яны адчуваюць кожны рух, рэагуюць на любы шум. Я, бывае, доўга нашу дзіця на руках, а пасля, калі засне, акуратна кладу ў ложак. Толькі, здаецца, паклала, а яны ўжо адкрылі вочы і глядзяць, не разумеюць, што здарылася. Не хочуць яны заставацца без мамінага цяпла і пяшчоты. Напэўна, баяцца, што іх яшчэ раз пакінуць. Ад такіх думак робіцца вельмі цяжка, таму стараюся пераключацца на пазітыў, каб дзецям перадаваўся толькі станоўчы настрой. Прыемна, што некаторыя дзеткі знаходзяць сабе маму. Так, за год 6 нашых выхаванцаў трапілі ў добрыя сем’і. Ведаю, што новыя бацькі будуць іх любіць і аберагаць. І я таксама хацела б падарыць каму-небудзь шчаслівае дзяцінства. А ў бальніцы мне хочацца быць максімальна карыснай для кожнага дзіцяці, хочацца нікога не абдзяліць увагай і для кожнага зрабіць так, каб сёння яны адчувалі сябе больш шчаслівымі, чым учора”.
Пакуль мы размаўлялі з Людмілай, у палату прыйшла загадчыца аддзялення і паведаміла, што сёння адну дзяўчынку — Еву — будуць выпісваць.
“Бачыце, якая цішыня і спакой у гэтай палаце, — пачынае гаварыць Ірына Марушка. — Гэта ўсё дзякуючы Людміле. Такіх людзей нам якраз не хапала. Увогуле, такая праблема — адсутнасць людзей, якія б даглядалі за сіротамі, — існуе ва ўсіх бальніцах краіны. Праект “Нянька замест мамы” неабходны ўсім, і яго, безумоўна, неабходна падтрымліваць. Згодна са штатным раскладам, амаль ва ўсіх бальніцах з дзецьмі-сіротамі займаюцца медыцынскія работнікі, медсёстры. Але падчас усплёску інфекцыйных хвароб, калі ў бальніцы трапляе вялікая колькасць дзяцей, работнікі проста не спраўляюцца. Таму нянькі неабходны. Але зноў жа яшчэ адной праблемай з’яўляецца аплата іх працы. Тым не менш хочацца спадзявацца, што гэтае пытанне вырашыцца. А са з’яўленнем сацыяльнай нянькі ў нас у бальніцы ўсім стала больш камфортна ў псіхалагічным плане. Раней за дзеткамі-сіротамі ніхто не глядзеў, яны былі прадастаўлены самі сабе, маглі ў адзіноце сядзець у палаце ці хадзіць па калідорах, плакалі. А зараз у іх ёсць свой анёл-ахоўнік”.
Наталля САХНО.
Фота аўтара.