Звышрызыкоўнымі людзьмі беларусы не былі ніколі, таму, напэўна, да крэдытаў даволі скептычна ставяцца многія з нас. Аднак цалкам выключаць верагоднасць вырашэння тых ці іншых праблем гэтым шляхам таксама нельга: раз-пораз узнікаюць сітуацыі, калі без звароту ў банк не абысціся.
Кватэра ці аўтамабіль, мэбля, бытавая тэхніка ці сучасныя сродкі сувязі — падстаў для звароту ў фінансава-крэдытныя ўстановы можа быць шмат. Перад афармленнем адпаведных дагавораў мы, безумоўна, імкнёмся разлічыць свае рэальныя магчымасці. Аднак жыццё непрадказальнае. Змяншэнне зарплаты, страта працы, рэзкае пагаршэнне здароўя, смерць члена сям’і ці водпуск па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў — звычайна ўсё гэта адбіваецца на даходах. Сямейны бюджэт скарачаецца, а плаціць па крэдыце па-ранейшаму трэба.
— Згодна са 137-м артыкулам Банкаўскага кодэкса, з падпісаннем крэдытнага дагавора банк бярэ на сябе абавязкі прадаставіць грашовыя сродкі ў памеры і на ўмовах, прадугледжаных дагаворам, а ў сваю чаргу крэдытаатрымальнік абавязуецца вярнуць гэты крэдыт і выплаціць працэнты за карыстанне ім, — кажа начальнік аддзела фінансавай граматнасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Юлія Вячаславаўна Саковіч. — Рашэнне аб звароце ў банк павінна быць узважаным, магчыма, варта ўвогуле адмовіцца ад падобнай ідэі і паспрабаваць дасягнуць пэўнай мэты шляхам паступовых накапленняў. Калі ж сапраўды ўзнікае неабходнасць тэрмінова вырашыць праблему, калі трэба зрабіць буйное ўкладанне, скажам, у будаўніцтва кватэры, і альтэрнатывы крэдыту не застаецца, важна прытрымлівацца некалькіх правіл. Па-першае, ніколі і ні пры якіх акалічнасцях нельга спяшацца. Банкі традыцыйна прапаноўваюць дастаткова шырокую лінейку крэдытных прадуктаў, таму неабходна дэталёва вывучыць і параўнаць розныя варыянты, зазірнуць на сайты розных устаноў, а ў выпадку ўзнікнення пытанняў абавязкова звярнуцца па тлумачэнні непасрэдна да супрацоўнікаў банкаў. Пры гэтым не варта забываць, што, чым лепш забяспечаны крэдыт (за кошт паручыцеляў, залогу і г.д.), тым ніжэйшай будзе працэнтная стаўка, адпаведна, крэдыты без забеспячэння з’яўляюцца больш дарагімі і менш выгаднымі. Па-другое, пажадана, каб у месяц агульная сума выплат у залік пагашэння асноўнага доўгу па крэдыце і па працэнтах не перавышала 20—30% вашай зарплаты. І, па-трэцяе, падчас выплат па крэдыце варта паралельна адкладваць пэўную суму грошай, як кажуць, на чорны дзень. Гэтыя запасы акажуцца вельмі дарэчы, калі раптам у жыцці сапраўды настане складаны перыяд.
Калі ў кліента з’яўляюцца праблемы з плацяжамі, перш-наперш аб запазычанасці будуць нагадваць супрацоўнікі банка праз тэлефонныя званкі і пісьмовыя паведамленні. Затым неплацельшчыкам і яго паручыцелямі пачнуць цікавіцца работнікі службы бяспекі банка і яго юрыдычнай службы. У прыватнасці, служба бяспекі высветліць, ці ёсць у крэдытаатрымальніка і яго паручыцеляў маёмасць. Прычым у далейшым банк можа звярнуцца ў суд з заявай аб скасаванні крэдытнага дагавора, спагнанні запазычанасці і выкарыстанні штрафных санкцый. — Вельмі добра, калі вы ад самага пачатку не выключылі магчымасць форс-мажорнай сітуацыі, праявілі абачлівасць і загадзя застрахавалі рызыку невяртання крэдыту, — адзначае Юлія Саковіч. — Такім чынам, афармленне страхоўкі з’яўляецца мерай, якая дазваляе крэдытаатрымальніку і яго сваякам засцерагчыся ад надзвычайных акалічнасцей, звязаных з абслугоўваннем крэдыту ў выпадках, прадугледжаных дагаворам страхавання. У такіх выпадках выкананне абавязацельстваў па крэдыце бярэ на сябе страхавая кампанія.
Адна справа, калі вы ўзялі ў банку грошы на набыццё смартфона або тэлевізара, тады сума выплат будзе не надта вялікай. Горш, калі спатрэбіўся буйны крэдыт на аўтамабіль ці кватэру. Аднак пры любой раскладцы пры з’яўленні праблем з плацяжамі панікаваць не трэба. Трэба памятаць, што выйсце ёсць заўсёды, галоўнае — дзейнічаць вельмі хутка.
— На жаль, некаторыя атрымальнікі крэдыту вырашаюць проста схавацца, яны ніяк не рэагуюць на пісьмовыя паведамленні банкаў, не адказваюць на тэлефонныя званкі, — канстатуе Юлія Саковіч. — Такое рашэнне адназначна памылковае. Ад штрафаў гэта не выратуе, яны будуць толькі ўзрастаць і павялічваць агульную суму доўгу, а плаціць рана ці позна ўсё роўна прыйдзецца. Да таго ж падобнае маўчанне можа быць расцэнена банкам як наўмыснае ўхіленне ад выканання абавязкаў, а гэта адаб’ецца на крэдытнай гісторыі, што ў будучыні прывядзе да цяжкасцей пры афармленні новага крэдыту.
І ўсё ж, што рабіць? Адказ на гэтае пытанне просты. Перш-наперш трэба звярнуцца ў банк з пісьмовым паведамленнем аб сваіх матэрыяльных праблемах. Такі крок будзе сведчыць аб вашай добрасумленнасці і стане пацвярджэннем таго, што вы не злосны неплацельшчык і не махляр. У такім выпадку верагоднасць, што банк можа пайсці насустрач, узрастае, асабліва, калі пісьмовы зварот будзе падмацаваны дакументальным пацвярджэннем пэўных цяжкіх акалічнасцей, скажам, ксеракопіяй працоўнай кніжкі з запісам аб звальненні, даведкай са службы занятасці насельніцтва аб рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага ці даведкай аб стане здароўя.
— Далейшае развіццё падзей залежыць непасрэдна ад банкаў, але, як паказвае практыка, часцей за ўсё яны ставяцца да праблем з разуменнем, тым больш калі раней па крэдыце плацілі спраўна, а прычына цяперашніх цяжкасцей сапраўды ўважлівая, — працягвае Юлія Саковіч. — Вырашэнне падобных пытанняў праз суд — справа для банкаў дастаткова затратная, таму, хутчэй за ўсё, распачнецца пошук узаемапрымальнага варыянта.
Забараніць банкам выдачу крэдытаў канкрэтным асобам нельга, абмежаваць чалавека ў праве заключаць дагаворы можа толькі суд шляхам прызнання яго недзеяздольным ці абмежавана дзеяздольным, для чаго, як вядома, павінны быць важкія падставы. Банкі прымаюць рашэнне аб выдачы крэдыту самастойна, пасля вывучэння фінансавага становішча пазычальніка, якасці залогавага забеспячэння, пасля праверкі крэдытнай гісторыі прэтэндэнта на крэдыт і яго паручыцеляў, а таксама пасля ацэнкі рызыкі. Пры гэтым у выпадку ўзнікнення праблем сваякі крэдытаатрымальніка плаціць па яго даўгах не абавязаны. Такі абавязак з’яўляецца толькі тады, калі сваякі ці іншыя грамадзяне падпісваюць дагавор паручыцельства.
Дарэчы, перад тым, як стаць паручыцелем, неабходна высветліць, дзе працуе і чым займаецца патэнцыяльны крэдытаатрымальнік, якая ў яго зарплата, ці ёсць у яго пратэрмінаваная запазычанасць па ранейшых крэдытах. Гэтую інфармацыю са згоды крэдытаатрымальніка можна атрымаць у Крэдытным рэгістры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Крэдытаатрымальнік мае права звярнуцца туды самастойна і прадаставіць для азнаямлення свой крэдытны рахунак. Прычым спецыялісты даюць параду: не бойцеся адмовіць чалавеку ў паручыцельстве, калі вы сумняваецеся ці не ўпэўнены ў ім.
Звычайна ў якасці кампрамісу выкарыстоўваюцца такія меры, як растэрміноўка выплаты асноўнага доўгу, павелічэнне тэрміну крэдыту для зніжэння сумы штомесячнага ўзносу, а ў выключных выпадках нават прымаецца рашэнне аб зніжэнні працэнтнай стаўкі. Усё гэта дазваляе зменшыць крэдытную нагрузку ў няпросты перыяд.
— Ніякай гаворкі аб поўным дараванні доўгу, зразумела, не ідзе, таму варта думаць аб далейшых кроках, — падкрэслівае Юлія Саковіч. — Так, каб пагасіць крэдыт, можна паспрабаваць пазычыць грошы ў сваякоў, сяброў ці знаёмых. Галоўнае — трэба шукаць новую працу ці дадатковыя магчымасці даходаў, што ў рэшце рэшт і дапаможа канчаткова зняць усе пытанні з банкам.
Між тым ёсць яшчэ адзін шлях — рэфінансаванне, ці перакрэдытаванне. Схема рэфінансавання наступная. Кліент прадастаўляе ў банк інфармацыю аб памеры рэшты сваёй запазычанасці і на суму гэтай рэшты атрымлівае новы крэдыт на іншых умовах. Прычым наяўныя грошы непасрэдна на рукі не выдаюцца. Гэтую суму банк пераводзіць на рахунак банка, у якім быў раней аформлены крэдыт і які ў выніку пагашаецца. Пасля крэдыт закрываецца і пачынаецца выплата новага.
У многіх выпадках рэфінансаванне на самай справе можа служыць інструментам для павелічэння тэрміну крэдыту, адыходу ад яго непрывабных умоў ці ад нездавальняючага абслугоўвання банка па крэдыце, які быў выдадзены раней. Разам з тым не трэба забываць, што аформіць гэты від крэдыту складаней, бо, акрамя асноўнага пакета дакументаў, якія пацвярджаюць даход і занятасць, давядзецца прадаставіць банкаўскую даведку аб памеры рэшты запазычанасці і аб умовах дзеючага крэдыту, а таксама рэквізіты рахунку.
Акрамя таго, пры прыняцці рашэння аб рэфінансаванні крэдыту, які браўся раней, будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага чысціні вашай крэдытнай гісторыі, у якой у тым ліку адлюстроўваюцца звесткі аб атрыманні крэдытаў у мінулым, дапушчаных пратэрміноўках па крэдытах, авердрафтах і пазыках, аб пагашэнні пратэрміноўкі, інфармацыя аб выкананні дагавораў паручыцельства, гарантый і залогу. Наяўнасць пратэрміновак па ўзносах з’яўляецца падставай для негатыўнай ацэнкі плацежаздольнасці кліента, таму, калі крэдытная гісторыя сапсавана, банк можа палічыць вас ненадзейным плацельшчыкам і даць адмову.
— Калі вы вырашаеце ўзяць крэдыт на крэдыт, неабходна мець дакладныя ўяўленні, што і на што вы мяняеце, каб выпадкова не апынуцца ў яшчэ большых даўгах, — заўважае Юлія Саковіч. — Трэба ўзважыць усе плюсы і мінусы, правесці папярэднія разлікі на аснове параўнання ўмоў выплат, працэнтных ставак, тэрмінаў прадастаўлення крэдытаў і парадку іх пагашэння. Асноўных спосабаў пагашэння два: роўнымі плацяжамі (ануітэт) або з памяншэннем сумы штомесячнага плацяжу (дыферэнцыраваны). Пры ануітэце пераплата акажацца большай. Аднак на першым этапе плацяжы пры пагашэнні роўнымі долямі будуць значна ніжэйшымі, адпаведна, ануітэт для крэдытаатрымальніка больш зручны з пункту гледжання раўнамернага размеркавання нагрузкі на асабісты бюджэт.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫБ.