Віртуал выводзіць у рэальнасць

У кабінеце дырэктара Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Георгія Уладзіміравіча Козела за асобным сталом перад камп’ютарам сядзяць дзяўчына і хлопец — Аляксандра Рамашкіна і Антон Пуціла. Яны дэманструюць магчымасці сайта каледжа, у тым ліку яго рэсурсы, накіраваныя на прафарыентацыю школьнікаў. Другакурснік і першакурсніца займаюцца пастаянным абнаўленнем, а таксама ўдасканаленнем дызайну сайта сваёй навучальнай установы. Навучэнцы гавораць, што раней сайт быў інфармацыйна насычаным, але далёка не такім маляўнічым. Сайту каледжа электронікі ў сучасным выглядзе ўсяго другі год, а дырэктар установы расказвае, што ўжо ў мінулую прыёмную кампанію прыкладна 70% абітурыентаў заявілі, што даведаліся пра яе і вызначыліся са спецыяльнасцю менавіта праз інтэрнэт.

І для бацькоў таксама

Сёлета такіх маладых людзей, думаю, будзе яшчэ больш, бо сайт, напоўнены інфармацыяй, добрым відэарадам, пастаянна ўдасканальваецца. А што можа быць больш цікавым для сучаснай моладзі, чым звесткі, знойдзеныя праз інтэрнэт? І хто можа падаць іх у найбольш цікавай форме, чым навучэнцы каледжа электронікі, якія, напрыклад, атрымліваюць спецыяльнасці “Тэхнік-праграміст”, “Аператар ЭВМ” і якія не раз заваёўвалі прызавыя месцы на конкурсах тэхнічнай творчасці на ўзроўні краіны.
Аб поспеху каледжа ў прафарыентацыі з дапамогай электронных і іншых сродкаў могуць сведчыць і такія факты: вопыт работы па прафарыентацыйнай дзейнасці, у тым ліку праз сайт, спецыялісты каледжа не так даўно асвятлялі на рэспубліканскім вэбінары ў Гомелі, а яшчэ па дапамогу ў стварэнні свайго сайта да іх звяртаюцца калегі з розных навучальных устаноў, напрыклад, з расійскага горада Шахты, казахскай Астаны.
Каледж, між тым, мае за плячыма амаль 50 гадоў гісторыі. Калісьці гэта было прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 76, якое стваралася пад патрэбы савецкай электроннай прамысловасці. Зараз сюды штогод паступае прыкладна 400 юнакоў і дзяўчат.
— Пры ўсёй прасунутасці і самастойнасці сучасных падлеткаў мы разумеем, што працэнтаў 90 з іх выбіраюць установу і будучую спецыяльнасць пад уплывам бацькоў, — заўважае Г.У.Козел. — Таму і праз сайт, і ў іншай прафарыентацыйнай рабоце шмат звяртаемся менавіта да іх, расказваем не толькі пра спецыяльнасці і ўмовы паступлення, але, напрыклад, і аб прафілактыцы правапарушэнняў, злоўжывання наркотыкаў. Упэўнены, што бацькам важна ведаць, што за іх непаўналетнімі дзецьмі будзе пільны нагляд, іх не пакінуць сам-насам з праблемамі.
Так, на сайце ўстановы ёсць раздзел, звернуты спецыяльна да бацькоў навучэнцаў і абітурыентаў. Ёсць і магчымасць задаць пытанні і ў хуткім часе атрымаць аргументаваны адказ. Сярод самых папулярных — пытанні аб сярэднім бале для паступлення, аб спецыяльнасцях, аб дакументах, якія неабходна падаць у прыёмную камісію. Наогул жа рубрык на сайце ўстановы вялікая колькасць: і для абітурыентаў, і для навучэнцаў, і нават для выпускнікоў каледжа.
— Я сам калісьці пачаў сваю адукацыю з навучання ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, — працягвае дырэктар. — У 16 гадоў вырашыў, што, выбіраючы ўстанову, абавязкова буду ўлічваць і тое, як выглядае яе будынак, прылеглая тэрыторыя. Мне здавалася, што гэта вельмі важна, і зараз лічу, што асяроддзе таксама стварае асобу. Сёння сайт каледжа дазваляе здзейсніць віртуальную экскурсію па нашых будынках і тэрыторыі з дапамогай вялікай фотагалерэі. Меркаванне аб каледжы дапамагаюць ствараць і рубрыкі “Узнагароды”, “Летапіс” — апошнія два гады навучэнцы збіралі інфармацыю для гэтых і іншых рубрык. Асобна ідзе блок навін, хутка з’явіцца раздзел “Супернавіна”. Магчыма, першая інфармацыя, якую мы тут размесцім, будзе тычыцца кантрольных лічбаў прыёму ў каледж у гэтым годзе. А падчас прыёмнай кампаніі, як і летась, будзем абнаўляць інфармацыю аб яе ходзе кожныя тры гадзіны: колькі заяў пададзена, з якім сярэднім балам і г.д.

Мова — не перашкода

Акрамя ўсяго іншага, сучасны, насычаны і маляўнічы сайт ужо даў установе магчымасць пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва. Так, толькі ў бягучым навучальным годзе на базе каледжа павышалі кваліфікацыю майстры вытворчага навучання Ленінградскай вобласці, а таксама двойчы — майстры сістэмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Казахстана. Сярод навучэнцаў установы ёсць хлопцы і дзяўчаты з Расіі, Украіны, Казахстана. Для іх сайт, безумоўна, першая і галоўная крыніца інфармацыі пра каледж. Асабліва, думаецца, важна тое, што сайт даступны на беларускай, рускай і англійскай мове, а перакласці яго можна амаль на ўсе еўрапейскія мовы.
І яшчэ немалаважная заўвага: у каледжы зараз вучыцца каля 80 падлеткаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ёсць і маладыя людзі на інвалідных калясках, і тыя, хто мае праблемы са слыхам. Пры навучальнай установе ўжо даволі даўно (15 гадоў) створаны Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі развіцця. Зразумела, што для такіх абітурыентаў і іх бацькоў магчымасць атрымаць самую поўную інфармацыю праз інтэрнэт, задаць любыя пытанні, якія тычацца навучання і паступлення ў каледж, дарагога каштуе. Тым больш што спецыяльнасці, навучанне па якіх прапаноўвае каледж, прыдатныя для многіх маладых людзей з АПФР, а ў новым корпусе каледжа створана безбар’ернае асяроддзе для такіх навучэнцаў. І яшчэ: у апошнія тры гады выпускнікі цэнтра размяркоўваюцца строга па спецыяльнасцях, атрыманых у каледжы.
Дарэчы, адна з былых навучэнак з парушэннем слыху Юлія Драбеня ў свой час заняла першае месца ў Мінскім гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, па практычным выкарыстанні персанальных камп’ютараў. Зараз, як расказалі былыя выкладчыкі Юліі, дзяўчына жыве ў Італіі (выйшла замуж) і працуе па спецыяльнасці.

Прыйдзі, паглядзі, згуляй

Зразумела, на сайце ўстановы пастаянна размяшчаецца інфармацыя і пра дні адкрытых дзвярэй каледжа, бо традыцыйнымі метадамі прафарыентацыі тут таксама не грэбуюць. Так, у сакавіку прайшоў цэлы тыдзень прафарыентацыі. На сустрэчы ў каледж прыязджалі школьнікі з усіх раёнаў Мінска. На адным такім дні пабывала і я. У зале сабраліся ў асноўным навучэнцы школ Кастрычніцкага раёна сталіцы. Мікіта Бандзевіч, напрыклад, расказаў, што ўжо цвёрда вырашыў паступаць менавіта ў гэты каледж на спецыяльнасць “Мехатронік”, бо вельмі цікавіцца тэхнікай, інфарматыкай і робататэхнікай.
А вось тата і сын Быхаўцы прыехалі на дзень адкрытых дзвярэй самастойна — дзевяцікласнік Арцём вучыцца ў Сеніцкай школе Мінскага раёна. Бацька разам з сынам ужо аб’ездзіў нямала навучальных устаноў — кажуць, што, каб не памыліцца ў выбары прафесіі, лепш усё ўбачыць на свае вочы. “Пакуль збіраем інфармацыю, — патлумачыў тата, — пабывалі ўжо ў каледжах сувязі, машынабудавання, аўтамеханічным, бізнесу і права. Я сам былы марак, але не хачу навязваць сыну сваё меркаванне, ён вырашыць свой далейшы лёс сам”.
У праграме дзён адкрытых дзвярэй — экскурсіі па эксперыментальных пляцоўках каледжа, індывідуальныя кансультацыі патэнцыяльных абітурыентаў, выступленне агітбрыгады.
— Мы пачынаем прафарыентацыйную работу, канечне, загадзя, яшчэ на пачатку навучальнага года, — заўважае загадчык аддзялення каледжа Галіна Васільеўна Казырэнка. — Самі прыязджаем у школы Мінска, некаторыя школы Мінскай вобласці. Прафарыентацыя зараз надзвычай актуальная, але адначасова і няпростая задача, таму ніякія сродкі не могуць быць лішнімі, як традыцыйныя, так і самыя сучасныя, нават незвычайныя.
Галіна Васільеўна расказала пра дэкаду інфармацыйных тэхналогій, падчас якой каледж праводзіць конкурс карыстальнікаў персанальных камп’ютараў у намінацыі MS OFFISE і конкурс аматараў камп’ютарнай графікі, удзел у якіх прымаюць і школьнікі. Сёлета тут прайшоў мясцовы чэмпіянат па камп’ютарнай гульні “Дота-2”, надзвычай папулярнай сярод падлеткаў і моладзі. Таксама навучэнцы і супрацоўнікі каледжа арганізоўваюць прафарыентацыйныя велапрабегі з прыпынкамі ў агульнаадукацыйных сярэдніх навучальных установах, дзейнічаючы па прынцыпе “калі абітурыент не даехаў да нас, мы даедзем да яго”. З апошніх навінак прафарыентацыйнай самарэкламы каледжа — пяціметровыя бягучыя радкі на двух яго карпусах. Бачна іх здалёк, мясцовыя жыхары не могуць не заўважыць.

Бачыць перспектывы

— Навучэнцы пастаянна працуюць над удасканаленнем і пашырэннем сайта, — гаворыць дырэктар каледжа Г.У.Козел. — Так, стварылі рубрыку, прысвечаную 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне “Паклонімся вялікім тым гадам”, дзе размешчана інфармацыя пра педагогаў і іншых супрацоўнікаў нашай установы, якія былі ўдзельнікамі вайны. Зрабілі таксама рубрыку, прысвечаную Году моладзі ў Беларусі, з вельмі цікавымі, пазнавальнымі відэафільмамі пра Мінск і Беларусь. Ведаю, што асабліва часта да гэтай рубрыкі звяртаюцца нашы госці з-за мяжы. На сайце мы дубліруем у электронным выглядзе і газету каледжа “220 вольт”.
Сёлета, дарэчы, праз сайт можна будзе атрымаць гатовыя вынікі тэстаў і электронную заяўку на паступленне напрамую. Хутка тут з’явіцца і электронная Дошка гонару навучэнцаў, а вось віртуальны музей каледжа створаны ўжо даволі даўно.

***

Па прафесіі мне неаднойчы даводзілася размаўляць са спецыялістамі па прафарыентацыі, сацыяльнымі педагогамі, псіхолагамі, якія вядуць прафарыентацыйную работу ў школах. Многія з іх выказвалі думку пра тое, што ў прафарыентацыі падлеткаў, асабліва на рабочыя прафесіі, цікавы сайт навучальнай установы, магчымасць атрымаць праз яго кансультацыю, задаць пытанне набываюць усё большае значэнне. “Зачэпіць” сайт — падлетак або яго бацькі захочуць атрымаць пра каледж ці ліцэй больш падрабязную інфармацыю, не “зачэпіць” — пойдуць шукаць у віртуальнай прасторы нешта іншае. Новыя тэхналогіі значна пашыраюць магчымасці сучаснай прафарыентацыі, і грэх імі не карыстацца, робячы сайт не для птушачкі, а для як мага больш шырокай папулярызацыі сваёй установы. А гэта, у сваю чаргу, дапаможа схіліць да паступлення ў яе найбольш падрыхтаваных абітурыентаў, павысіць канкурэнцыю, а самае галоўнае, дапаможа падлеткам зрабіць правільны выбар сваёй будучыні.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.