“Пералюбіць” дзіця: памылкі, на якія “хварэюць” бацькі

Гісторыя 17-гадовага наркамана Лёні, ад якога адмовіліся бацькі, атрымала шырокі рэзананс. Падлетка, які знаходзіўся ў стане наркатычнага ўзбуджэння, бацькі разам з міліцыяй прывезлі ў бальніцу, адкуль пасля лячэння наадрэз адмовіліся забіраць дадому. Гэты выпадак многіх прымусіў яшчэ раз задумацца над тым, як далей змагацца з наркатычнай залежнасцю сярод падлеткаў і што рабіць бацькам, якія згубілі надзею на тое, што іх дзеці змогуць вылечыцца ад сінтэтычнай атруты і зноў стаць самімі сабой. 
Куды ісці бацькам, чые дзеці ўжываюць наркотыкі? Якая дапамога можа быць аказана сем’ям нарказалежных? На якія моманты ў выхаванні трэба звяртаць увагу, каб не ўпусціць трывожны знак і своечасова рэабілітаваць дзяцей і падлеткаў? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, мы звярнуліся за каментарыем да старшыні грамадскага савета рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Маці супраць наркотыкаў” Ірыны ЛУК’ЯНОВІЧ.

Дзеці ўжываюць наркотыкі: дзе шукаць вінаватых?
“Самае горшае ў такім выпадку — пачаць вырашаць усе праблемы самастойна, не звяртаючыся па дапамогу. І, як правіла, усе бацькі робяць аднолькавыя памылкі, якія яшчэ больш ускладняюць праблему. Напрыклад, чытаюць мараль, пагражаюць, а часам і б’юць дзяцей, якія ўжо даўно не дзеці. Адначасова з гэтым бацькі загладжваюць наступствы тых праблем, у якіх апынулася дзіця. Бацькі паўсюль спрабуюць сачыць за дзецьмі, кантралююць іх паводзіны, спрабуюць чытаць перапіску ў сацыяльных сетках, смс-паведамленні. Бацькам сорамна, яны хочуць схаваць гэтыя праблемы ад знаёмых. І такія паводзіны з’яўляюцца грубай памылкай, якую, на жаль, паўтараюць амаль усе бацькі. Я ўжо неаднаразова казала: жорсткі бацькоўскі кантроль не дапаможа вылечыць ад залежнасці: дзіця толькі паглыбіцца ва ўжыванне наркотыкаў, прычым будзе рабіць гэта тайна. І такіх выпадкаў вельмі многа. Нядаўна, напрыклад, са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што ў адной са школ вучаніца на перапынку спрабавала “выйсці” ў акно. І толькі пасля таго, як дзяўчынку адвезлі ў бальніцу, бацькам стала вядома, што іх дачка ўжывае наркотыкі ўжо тры гады. А яны нават нічога не падазравалі!
З гэтага бачна, што вельмі важна своечасова папярэдзіць праблему ўжывання наркотыкаў. І галоўная роля ў гэтым належыць менавіта прафілактыцы. Але і тут неабходна падыходзіць з розумам, адных эмоцый недастаткова. Ствараючы спецыяльныя праграмы па прафілактыцы для навучальных устаноў, мы спачатку вывучалі падлеткавую псіхалогію. Вопыт работы з нарказалежнымі паказвае, што праблем у любой залежнасці (нарка- ці алкагольнай) некалькі — псіхалагічныя, сацыяльныя і інш.
Для таго каб дабіцца цвярозасці падлеткаў і зрабіць так, каб гэтая цвярозасць была ўстойлівай, неабходна аднавіць усе сферы жыцця чалавека. Таму нарказалежныя маюць патрэбу ў працяглых рэабілітацыйных праграмах”.

Што ўпушчана ў выхаванні, чаго не хапае дзецям, якія ўжываюць наркотыкі?
“Можна назваць шмат знешніх прычын ужывання падлеткамі наркотыкаў: гэта і цікаўнасць, і мода на іх, і жаданне схавацца ад праблем, і імкненне ўсё паспрабаваць. Але, упэўнена, глыбокая схільнасць усё ж фарміруецца ў дзяцінстве. З псіхалогіі вядома, што ёсць тры важныя рэчы, неабходныя кожнаму чалавеку. І гэтыя рэчы чалавек перш за ўсё шукае ў сваёй сям’і. Першая рэч — гэта любоў. Сюды ж адносіцца і прыняцце дзіцяці, падлетка астатнімі членамі сям’і. Прычым важна, каб дзіця прымалі такім, якое яно ёсць. Важна пры гэтым не акцэнтаваць увагу на памылках, здзейсненых ім, і не засяроджваць увагу на недахопах як знешніх, так і ўнутраных. Другі фактар — даць магчымасць быць карысным. Хоць дзеці супраціўляюцца дысцыпліне, але менавіта адчуванне адказнасці ў сям’і ў многім і фарміруе іх псіхалагічную ўстойлівасць супраць неабдуманых учынкаў. Пачынаючы з маленькага ўзросту, каб пазбегнуць памылак у будучыні, бацькі павінны растлумачыць дзіцяці, за што яно будзе адказваць дома (за парадак у сваім пакоі, за тое, каб цацкі пасля гульні былі прыбраны). Гэта тычыцца і навучання ў школе, дзе ў дзяцей таксама ёсць свае абавязкі (вымыць дошку, падзяжурыць). І класныя кіраўнікі, настаўнікі павінны сачыць за выкананнем такіх абавязкаў. Сюды ж адносяцца і добрыя справы, якія павінны быць нормай у кожнай сям’і і да якіх трэба далучаць дзяцей. Трэці фактар — гэта магчымасць быць самастойным і развівацца. Ёсць сферы, у якіх дзеці абавязкова павінны прывучацца да самастойнасці, дзе павінна ўлічвацца іх меркаванне. Акрамя гэтага, кожнае дзіця мае права выбраць, у якой сферы яно хоча развівацца, і тут мы як мудрыя бацькі павінны цярпліва перажыць усё, што з гэтым звязана. Калі дзіця малюе, то трэба пацярпець: фарбы, плямы ад іх, папера будуць некаторы час парушаць парадак і чысціню ў доме.
Калі дарослым не ўдаецца наладзіць адносіны з дзецьмі, магчыма, бацькам праблему трэба шукаць менавіта ў сабе. Я гэта кажу не для таго, каб выклікаць у бацькоў пачуццё віны, бо віна — самы дрэнны памочнік у вырашэнні праблем. Я хачу прызваць бацькоў да адказнасці і сумленнага аналізу саміх сябе. Важна зразумець, што, калі адносіны з дзецьмі не “клеяцца”, трэба пачаць мяняцца самім. Як вынік — зменяцца і дзеці”.

Хто можа дапамагчы бацькам дзяцей-наркаманаў? Ці трэба “лячыць” дарослых?
“У першую чаргу бацькі, чые дзеці сталі залежнымі ад наркотыкаў, павінны прайсці курс лячэння, таму што яны таксама хварэюць — на сузалежнасць. І толькі калі “паправяцца” дарослыя, шансы на выздараўленне з’яўляюцца і ў дзіцяці. І іншай схемы тут не існуе. Паўтараюся, бацькі робяць шмат няправільных рэчаў і, самі таго не ведаючы, дапамагаюць хваробе дзіцяці развівацца. Галоўная памылка — гэта жорсткі кантроль. Ён усё роўна не засцеражэ дзіця ад спакусы паспрабаваць забароненае. Калі падлетак вырашыў паспрабаваць наркотык, ён гэта абавязкова зробіць. Яшчэ адной памылкай з’яўляецца пакрыванне дрэнных учынкаў, зробленых сваім дзіцем. Калі залежнае дзіця перастае наведваць школу, гурткі, дарослыя спрабуюць гэта схаваць ад іншых, быццам праблемы няма. Але менавіта гэта і развязвае падлеткам рукі. Некаторыя паддаюцца маніпуляцыям дзіцяці-наркамана і нават самі даюць грошы на наркотыкі. Ну скажыце, няўжо гэта не з’яўляецца хваробай? Я ўпэўнена, што, калі чалавек не адчуў на сабе ўсе наступствы сваіх учынкаў, ён не навучыцца жыць па-іншаму. Не трэба спрабаваць схаваць тое, што адбываецца, як і нельга плаціць даўгі, якія нажыў наркаман, выгароджваць яго перад настаўнікамі, прыдумляць прычыны яго прагулаў і нявыкананых заданняў. Навучыцца быць жорсткім і сказаць “не” любімаму дзіцяці, які стаў агрэсарам і маніпулятарам, вельмі цяжка. Некаторыя бацькі на працягу многіх гадоў даюць свайму дзіцяці грошы, ведаючы, што яны пойдуць на чарговую дозу, але змяніць паводзіны дзіцяці можна толькі тады, калі зменішся сам. Да нас штомесяц на працягу пяці гадоў прыходзіла на кансультацыю жанчына. Яна атрымлівала адны і тыя ж рэкамендацыі, але гэта ёй нічога не давала, яна ў сваім развіцці, адносінах да сына стаяла на месцы ўсе пяць гадоў. І толькі праз такі доўгі перыяд пераступіла праз сябе і зрабіла першыя крокі. Яна не пусціла сына дадому пасля таго, як ён у чарговы раз вынес з дома каштоўную рэч і знік на некалькі дзён. Для хлопца гэта было нечакана, таму што ніхто ніколі з ім так не абыходзіўся. У выніку ён прайшоў рэабілітацыю і жыве з яснай галавой ужо не адзін год.
Такім чынам, як бы жорстка гэта ні гучала, але такія бацькі насамрэч хворыя на сузалежнасць. У такіх выпадках (калі дзіця ўжывае наркотыкі) ні ў якім разе нельга маўчаць і сядзець склаўшы рукі. Менавіта па гэтай прычыне аб’яднанне “Маці супраць наркотыкаў” у першую чаргу ўдзяляе больш увагі праграмам для бацькоў. У нас дзейнічаюць групы ўзаемадапамогі, сустрэчы ў якіх праводзяцца рэгулярна. У такія групы ўваходзяць ад 5 да 50 чалавек. Тыя, у каго дзеці пакутавалі ад наркатычнай залежнасці, дзеляцца вопытам з іншымі, з тымі, хто толькі сутыкнуўся з гэтай бядой. Дапамагаючы іншым, у першую чаргу дапамагаеш сам сабе. Такога прынцыпу прытрымліваюцца і ў нас у цэнтры. Што тычыцца дзяцей, бацькі якіх звярнуліся да нас па дапамогу, то яны праходзяць індывідуальнае кансультаванне альбо адпраўляюцца ў рэабілітацыйныя цэнтры. У нас такіх цэнтраў у рэспубліцы шэсць, адзін з іх — жаночы. Ужо даўно псіхолагамі пацверджана, што дзіця лепш лячыць далей ад дому: калі яму будзе цяжка справіцца з сабой у крытычны момант, адлегласць дапаможа ўтрымацца.
Акрамя гэтага, да нас часта прыходзяць бацькі, якія “пералюбілі” сваё дзіця. У такіх сем’ях, як правіла, дзеці ні ў чым не маюць патрэбы, а ўсе праблемы за іх вырашаюць бацькі. Гэта і прымушае падлеткаў шукаць выйсце з гэтага вакууму: яны знаходзяць сяброў на вуліцы, якія ў сваю чаргу шмат ведаюць, у тым ліку і пра тое, дзе дастаць наркотыкі. Вось з гэтага ўсё і пачынаецца. А першапачаткова праблема хавалася менавіта ў сям’і. Ды што там — гэтая праблема ляжала на паверхні, і вінаваты ў яе з’яўленні менавіта бацькі. Такія сем’і ў першую чаргу павінны звяртацца па дапамогу да спецыялістаў”.

Якія метады, акрамя медыцынскай рэабілітацыі, з’яўляюцца эфектыўнымі ў лячэнні залежных падлеткаў?
“Насамрэч, самым дзейсным спосабам, і гэта ўсе ведаюць, з’яўляецца менавіта рэабілітацыя. Акрамя таго, у нас існуе маладзёжны рух UNITED і рэалізоўваецца праект “Вецер перамен”, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца тыя падлеткі, якія ўжо спрабавалі наркотыкі, але яшчэ не паспелі набыць залежнасць. Акрамя гэтага, і ў руху, і ў праекце прымаюць удзел тыя дзеці і падлеткі, якія за розныя правапарушэнні трапілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.
Маладзёжны рух UNITED быў створаны ў 2011 годзе па ініцыятыве моладзі, якая ніколі не ўжывала наркотыкі, але на прыкладзе знаёмых, сяброў ведае, чаго можа каштаваць сінтэтычнае задавальненне. У асноўным UNITED займаецца правядзеннем акцый, мерапрыемстваў, прысвечаных здароваму ладу жыцця.
Што тычыцца праекта “Вецер перамен”, то ён рэалізоўваецца і праводзіцца Мазырскім аддзяленнем “Маці супраць наркотыкаў”. Менавіта на прыкладзе мазырскіх кіраўнікоў і ўдзельнікаў праекта мы бачым, што “Вецер перамен” паказвае станоўчую дынаміку ў перавыхаванні тых падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН. Думаю, што мазырскі вопыт паступова трэба ўкараняць і іншым аддзяленням “Маці супраць наркотыкаў”, а іх у краіне многа.
“Вецер перамен” праводзіцца ў летні час і арганізоўваецца перш за ўсё для падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Такія падлеткі запрашаюцца для ўдзелу ў лагеры (ён размяшчаецца на базе аднаго з цэнтраў рэабілітацыі). Для таго каб паказаць, што можна жыць іншым жыццём, для падлеткаў арганізоўваюцца сустрэчы з былымі залежнымі, якія расказваюць аб сваім жыцці, прычым узгадваюць не самыя лепшыя моманты. Зразумела, гэта робіцца для таго, каб перасцерагчы падлеткаў і павярнуць іх жыццё ў іншае рэчышча”.

Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.