Ад выплаты запазычанасці да прадстаўлення інтарэсаў у судзе

Спрэчкі і сумненні, адкрытыя ці кулуарныя, наконт справядлівасці налічэння прэмій і надбавак узнікаюць практычна ў кожнай установе. І, варта прызнаць, гэтыя сумненні часам цалкам аб’ектыўныя. Вось цікавы факт: за мінулы год па патрабаванні прафсаюза членам арганізацыі вернута незаконна ўтрыманых ці нявыплачаных сродкаў на суму больш за 3,6 млрд рублёў. Пэўная частка якіх — якраз прэміяльны фонд.
Між тым працэдура размеркавання прэміяльнага фонду можа быць поўнасцю празрыстай — для гэтага існуе дакладная заканадаўчая база. Чаму ж здараюцца памылкі? Куды звяртацца, калі ёсць аб’ектыўныя прычыны меркаваць, што парушаецца заканадаўства ў адносінах да работніка? Пра ўсё гэта і ў цэлым пра тое, якую прававую дапамогу можа аказаць работнікам сістэмы адукацыі галіновы прафсаюз, нашаму выданню расказала Ларыса Васільеўна МАНЮК, галоўны прававы інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

— Ларыса Васільеўна, найперш патлумачце: прававая інспекцыя працы галіновага прафсаюза, якая і заклікана абараняць працоўныя правы работнікаў, складаецца са штатных работнікаў? Ці гэта такія ж грамадскія дзеячы, як і прадстаўнікі прафсаюза ў пярвічных арганізацыях?
— Прававая інспекцыя працы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі складаецца з прававых інспекцый працы арганізацыйных структур галіновага прафсаюза. Іх работу забяспечваюць прававыя інспектары працы, у цэнтральным камітэце — галоўны прававы інспектар працы. Гэта менавіта работнікі на штатнай аснове. Больш за тое, да іх прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні: прававымі інспектарамі могуць быць асобы, якія маюць юрыдычную адукацыю і стаж работы па спецыяльнасці не менш за тры гады. Чаму прад’яўляюцца такія патрабаванні, напэўна, зразумела: каб правяраць і даваць ацэнку дзейнасці, трэба дакладна ведаць прававую аснову. Гэтыя работнікі непасрэдна ажыццяўляюць грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы, абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюза і каардынуюць гэтую дзейнасць на месцах.

— Якія пытанні ў кампетэнцыі названых работнікаў?
— Хацелася б адзначыць, што прававая інспекцыя працы галіновага прафсаюза ажыццяўляе грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы ў арганізацыях і ў індывідуальных прадпрымальнікаў незалежна ад членства іх работнікаў у галіновым прафсаюзе ці іншых прафсаюзах. Калі казаць больш падрабязна, нашы прававыя інспектары правяраюць выкананне наймальнікамі, іх службовымі асобамі ўмоў калектыўнага дагавора, пагадненняў, ажыццяўляюць грамадскі кантроль за своечасовай выплатай заработнай платы, патрабуюць устаранення наймальнікам выяўленых фактаў парушэння правоў і законных інтарэсаў работнікаў.

— А наколькі выніковая гэтая дзейнасць? Ці не адбываецца так, што выявіць выявілі, а змен да лепшага так і не адбылося?
— Безумоўна, работа гэтая выніковая, таму што ўся дзейнасць прававых інспекцый працы пабудавана на аснове дзеючага заканадаўства, якім дакладна ўстаноўлены абавязак суб’екта, якога кантралююць, рэагаваць на вынікі грамадскага кантролю, што ажыццяўляецца прафсаюзам.
У цэлым гэтыя пытанні рэгулююцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 2010 года № 240 “Аб ажыццяўленні грамадскага кантролю прафесійнымі саюзамі”. Дакументам устаноўлена, што грамадскі кантроль ажыццяўляецца прафсаюзамі ў форме праверак ці мерапрыемстваў па назіранні, аналізе, ацэнцы захавання працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, — іншымі словамі, маніторынгу.
Маніторынг ажыццяўляецца прадстаўнікамі прафсаюза, якім нададзены такія паўнамоцтвы. А вось праверкі маюць права ажыццяўляць толькі прававыя інспектары працы.
Па выніках маніторынгу суб’екту кантролю выдаецца рэкамендацыя па ўстараненні ўстаноўленых парушэнняў актаў заканадаўства, калектыўнага дагавора. У сваю чаргу гэты суб’ект абавязаны разгледзець рэкамендацыю і інфармаваць прафсаюз аб выніках разгляду ва ўстаноўлены тэрмін.

— А ці не атрымаецца ў такім выпадку сітуацыя “праверкі на праверцы”? Апошнім часам у краіне вызначаецца тэндэнцыя да змяншэння кантрольных і наглядных мерапрыемстваў…
— Лішніх праверак проста не можа быць. Як і ў выпадку з кантрольнымі і нагляднымі органамі, грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы ў форме праверак ажыццяўляецца з загадзя вызначанымі планамі. Пры гэтым устаноўлена перыядычнасць такіх мерапрыемстваў — не часцей чым адзін раз у два гады. Існуе і забарона на праверку арганізацый, створаных за два гады да ажыццяўлення праверак.
Праўда, з гэтага правіла ёсць выключэнні. Так, пазапланавая праверка можа быць назначана для ўдзелу прафсаюза ў расследаванні няшчаснага выпадку на вытворчасці, па заяве суб’екта, якога кантралююць, пры наяўнасці ў прафсаюза інфармацыі ад пярвічнай арганізацыі ці фізічнай асобы, якая сведчыць аб парушэнні заканадаўства аб працы, а таксама для праверкі выкаранення парушэнняў, якія былі выяўлены раней.
Але хацелася б падкрэсліць, што грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы — гэта не толькі праверкі, але і проста дапамога наймальнікам, якія па няведанні ці па няўважлівасці могуць дапускаць памылкі, якія потым ім дорага каштуюць.

— Ларыса Васільеўна, давайце звернемся непасрэдна да вынікаў дзейнасці па грамадскім кантролі за захаваннем заканадаўства аб працы. Якія пытанні найбольш праблемныя для сістэмы адукацыі?
— Вось крыху статыстыкі. У мінулым годзе галоўным прававым інспектарам працы быў праведзены маніторынг 54 арганізацый адукацыі. Некаторых — некалькі разоў. Сярод іх і вышэйшыя навучальныя ўстановы, і сярэднія школы, і дзіцячыя садкі.
Геаграфія — ад самых дробных населеных пунктаў да сталіцы. Праводзіўся маніторынг і ў аддзелах адукацыі, спорту і турызму.
Па выніках маніторынгу выдадзена 28 даведак, 26 рэкамендацый. Выяўлена 140 парушэнняў заканадаўства аб працы. З іх па кантрактнай форме найму — 27, калектыўна-дагаварной рабоце — 33, парадку ўзгаднення і зацвярджэння лакальных нарматыўных актаў — 30, парадку вядзення працоўных кніжак, асабістых спраў работнікаў — 12, парадку прыёму і звальнення з работы на ўмовах сумяшчальніцтва — 7, парадку накладання дысцыплінарных спагнанняў — 1, наяўнасці і адпаведнасці лакальных нарматыўных прававых актаў заканадаўству аб працы — 15, парадку стварэння і работы камісій па працоўных спрэчках — 5, парадку заключэння працоўных дагавораў — 2, парадку прыёму і звальнення з работы — 3.
Усяго ж па краіне грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы, абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза за мінулы год праводзіўся ў 3 851 арганізацыі. Выяўлена 7 705 парушэнняў. Усе яны ліквідаваны наймальнікамі. 53 упаўнаважаныя службовыя асобы прыцягнуты па выніках работы да дысцыплінарнай адказнасці.
Членам прафсаюза вернута незаконна ўтрыманых ці нявыплачаных грашовых сродкаў па патрабаванні прафсаюзных органаў на суму 3 199 630 670 рублёў.

— Сума велізарная. Па якіх артыкулах праходзілі гэтыя выплаты?
— Нельга сказаць, што гэта нейкія сістэмныя парушэнні. Гэтая сума складаецца з канкрэтных жыццёвых сітуацый. Але ўсё ж пэўным момантам кіраўнікам варта ўдзяляць больш увагі.
Так, неаднаразовыя сітуацыі выяўлення нявыплаты пэўных грашовых сум работнікам за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый.
Узнікаюць пытанні па эканоміі фонду заработнай платы ў арганізацыях. Вось, напрыклад, у цэлым па Гомельскай вобласці была выяўлена нявыплачаная эканомія па фондзе заработнай платы (на суму больш за 500 млн рублёў), па прэміяльным фондзе і па фондзе надбавак. Усё разам — больш за 800 млн рублёў.
Увогуле, пытанні налічэння прэмій па-ранейшаму застаюцца праблемнымі ў многіх арганізацыях. І гэта пры тым, што такія выплаты павінны ажыццяўляцца строга з вызначанымі крытэрыямі і паказчыкамі ў Палажэнні аб прэміраванні, якое з’яўляецца дадаткам да калектыўнага дагавора кожнай арганізацыі і павінна быць даступным для азнаямлення кожнаму работніку. Выяўляліся і парушэнні Палажэння аб аказанні матэрыяльнай дапамогі пры яе размеркаванні паміж работнікамі.
Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе павышанай увагі, — выплаты, звязаныя з адпачынкам работнікаў. Парушэнні ў гэтым пытанні выяўляюцца практычна ў кожным рэгіёне. Вось адзін з выпадкаў: настаўнік вучэбна-вытворчага камбіната, знаходзячыся ў адпачынку, двойчы хварэў, пра што сведчаць лісткі часовай непрацаздольнасці. Адразу пасля адпачынку быў звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта. Інспектар па кадрах не прымала лісты часовай непрацаздольнасці і, адпаведна, не праводзіла пераразлік адпускных і выплат па лістах часовай непрацаздольнасці. Пасля ўмяшання прадстаўнікоў прафсаюза работніку вернута больш за 2 млн рублёў.
Ці яшчэ адзін прыклад: пры перадачы ведамаснага садка ва ўласнасць аддзела адукацыі “забыліся” пра выплату кампенсацый за нявыкарыстаны адпачынак работнікам гэтай установы.
Узнікаюць пытанні з выплатай кампенсацый за нявыкарыстаны адпачынак прыёмным бацькам.

— Ларыса Васільеўна, апошнія гады балючае пытанне для сістэмы адукацыі — аптымізацыя сеткі ўстаноў. Пры гэтым працэсе даволі часта ўзнікаюць і пытанні захавання працоўнага заканадаўства ў адносінах да работнікаў устаноў, якія рэарганізоўваюцца. Ці паступаюць да вас такія сігналы?
— Так. Па інфармацыі прафсаюзных органаў, за мінулы год колькасць работнікаў, звольненых па скарачэнні штатаў, склала 640 чалавек, у тым ліку педагагічных работнікаў — 249. За мінулы год у цэнтрах занятасці былі зарэгістраваны 217 былых работнікаў арганізацый сістэмы адукацыі, сярод іх 159 педагагічных работнікаў.
Пытанні, безумоўна, узнікаюць.Таму і былі падрыхтаваны Метадычныя рэкамендацыі па захаванні заканадаўства аб працы пры скасаванні працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка (па пункце 1 артыкула 42 Працоўнага кодэкса — ліквідацыя арганізацыі, скарачэнне колькасці ці штату работнікаў). Гэта дапаможа наймальнікам граматна вырашаць такія пытанні, а работнікам ведаць пра свае правы, калі ўзнікае неабходнасць скасавання працоўнага дагавора.

— А ці былі выпадкі, калі скасаванне працоўных адносін па ініцыятыве наймальніка работніку ўдавалася аспрэчыць?
— Безумоўна. І такія сітуацыі здараюцца штогод. Так, летась у Гомельскай вобласці быў адноўлены на працы праз суд вартаўнік дзіцячага сада. У Брэсцкай вобласці ў выніку дзеянняў прафсаюза прадухілена 3 звальненні, адноўлена на працы настаўніца адной са школ рэгіёна з выплатай кампенсацыі ў памеры больш чым 12 млн рублёў.
У цэлым за год прадухілена звальненне 83 работнікаў, адноўлены на працы з дапамогай прафсаюза 4 работнікі. Прычым трое — праз суд.

— Атрымліваецца, прадстаўнік прафсаюза — прававы інспектар працы — можа выступаць прадстаўніком настаўніка на судзе?
— Так, прычым не толькі ў сітуацыі неправамернага звальнення работніка. Так, у мінулым годзе быў выпадак, калі ў якасці прадстаўніка інтарэсаў настаўніка ў судзе выступала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі. У іскавай заяве было заяўлена патрабаванне бацькоў адной з вучаніц аб прычыненні шкоды здароўю дачкі, маўляў, настаўніца яе ўдарыла. Пры разглядзе факты не пацвердзіліся, і бацькі адазвалі сваю заяву.
Да гэтага варта дадаць, што, акрамя непасрэднага прадстаўлення інтарэсаў работніка ў судзе, прававыя інспектары працы могуць дапамагчы ў падрыхтоўцы іскавых заяў у суд па пытаннях працоўнага заканадаўства і абароне сацыяльна-эканамічных правоў.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.