Сацыяльны педагог — гэта дарадчык, кансультант, абаронца, грамадскі дзеяч, псіхатэрапеўт, эксперт, пасрэднік… Такое азначэнне — не проста вобразнае апісанне, так прафесію сацыяльнага педагога прадстаўляюць на факультэце сацыяльных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка. Зрэшты, і самі сацыяльныя педагогі пагаджаюцца, што ў сваёй прафесійнай дзейнасці яны, як кажуць, “і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль”. І менавіта гэтая велізарная колькасць абавязкаў і статусаў, у якіх павінен выступаць сацыяльны педагог у залежнасці ад пастаўленых задач, і прымушае многіх шукаць больш лёгкага хлеба — змяняльнасць кадраў у гэтай сферы, на жаль, па-ранейшаму застаецца значнай.
Між тым ёсць і тыя, хто займаецца гэтай дзейнасцю на працягу многіх гадоў. І з кожным днём усё больш пераконваецца ў думцы: гэтая прафесія найлепшая. Адна з такіх прафесіяналаў — Алена Лявонцьеўна Канцавенка, сацыяльны педагог гімназіі № 5 сталіцы. Сёлета яна стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог сацыяльны”. Прынамсі, гэта і стала нагодай для сустрэчы, каб пагутарыць і пра той самы конкурс, і пра паўсядзённыя праблемы-задачы педагога сацыяльнага.
Пра конкурс
Да правядзення конкурсаў педагогі адносяцца неадназначна. Многія адмаўляюцца ад удзелу ў іх з-за паўсядзённай занятасці. І Алена Лявонцьеўна да нядаўняга часу ставілася да прафесійных спаборніцтваў гэтак жа — “не маё”. А потым, як сама кажа, раптам стала ўдзельніцай конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог сацыяльны”. І нават больш — перамагла ў спаборніцтве. Зрэшты, гэтая перамога не была выпадковай. Алена Лявонцьеўна па-сапраўднаму аддана сваёй прафесіі, хварэе за яе развіццё, за тое, каб было ўсё больш улюбёных у прафесію спецыялістаў. Акрамя таго, у скарбонцы Алены Лявонцьеўны не толькі больш за 10 гадоў прафесійнага стажу, але і шмат узнагарод (за распрацоўку праектаў, правядзенне акцый, мерапрыемстваў). Сярод іх — гранты і прэміі Мінгарвыканкама.
— Але ў конкурсе я ўдзельнічала на адным узроўні з усімі. Гэтак жа, як і іншыя, рыхтавалася да тэарэтычнага экзамену, узнаўляла ў памяці тэрміны, паняцці, прадумвала сацыяльна значную акцыю, рыхтавалася да прадстаўлення ўласнай сістэмы работы… Шчыра кажучы, было даволі складана: шмат этапаў, усе абсалютна разнапланавыя, і да кожнага хацелася падрыхтавацца як мае быць.
Ведаеце, калі б яшчэ год назад мне сказалі, што буду ўдзельнічаць у конкурсе, адназначна адказала б, што такое немагчыма. Але прайшоў час — і я ўдзельнічала. Конкурс, бясспрэчна, працуе на карысць развіцця прафесіі — для рэфлексіі педагогаў, для таго, каб яны імкнуліся да большага. Але кожны яго ўдзельнік павінен сам прыйсці да жадання, да разумення неабходнасці ў ім удзельнічаць. Гэта павінна быць унутранае жаданне чалавека даведацца пра штосьці новае, падзяліцца сваім вопытам з іншымі, паказаць, якой прыгожай і стваральнай можа быць наша прафесія. На гэта і працавала ўвесь конкурс.
Многія думаюць, што сацыяльная педагогіка — гэта толькі нядобранадзейнасць, разбураныя сем’і, слёзы… Але ж ёсць і іншы бок. Падчас конкурсу я прадстаўляла сацыяльна значную акцыю, прымеркаваную да Дня сям’і. Мы ўзялі некалькі самых простых слоў — “дзякуй”, “на здароўе”, “прабачце”, “я цябе люблю”, “чым я магу быць карысным” — і імкнуліся данесці да гледачоў думку, што гэтыя словы могуць зрабіць іх жыццё шчаслівым. Гэта якраз той прыклад, калі ўсё простае — геніяльна. Навошта сварыцца, навошта высвятляць адносіны? Лепш сказаць гэтыя простыя, але такія патрэбныя кожнаму словы. Для чаго я гэта прыгадваю? Каб яшчэ раз сказаць: сацыяльная педагогіка — гэта не толькі нядобранадзейнасць. Прыемна, што ёсць аддача. І неабавязкова, каб табе сказалі “дзякуй”. Больш важна, калі пра гэта гавораць шчаслівыя вочы дзіцяці, больш цёплыя адносіны ў сем’ях, зноў вернутыя агульныя каштоўнасці і мэты…
Пра тое, як усё пачыналася
Шлях да сацыяльнай педагогікі ў многіх сённяшніх спецыялістаў гэтай сферы доўгі: многія прыйшлі да гэтай работы ўжо маючы пэўны педагагічны стаж па іншай спецыяльнасці. І Алена Лявонцьеўна — не выключэнне. Да работы сацыяльным педагогам яна працавала настаўніцай пачатковых класаў, вызваленым класным кіраўніком. І сёння ўпэўнена: гэты вопыт толькі спрыяе прафесійнаму развіццю ў сацыяльнай педагогіцы.
— Педагагічны стаж у мяне вялікі — 29 гадоў. Да таго, як стаць сацыяльным педагогам, я паспела папрацаваць настаўніцай пачатковых класаў — гэта мая першая адукацыя. У той час у нашай гімназіі былі вызваленыя класныя кіраўнікі. І падчас чарговага развітання з маімі вучнямі-пачаткоўцамі мне прапанавалі ста ць іх вызваленым класным кіраўніком на сярэдняй і старшай ступені — штораз развітвацца было вельмі складана. Я пагадзілася. Гэта быў новы вопыт — цікавы і складаны адначасова. Працуючы з гэтым класам з пачатковай школы да старшай, я зразумела, што мне цікава працаваць з рознаўзроставымі дзецьмі. Так паступова і прыйшла ў сацыяльную педагогіку: прайшла перападрыхтоўку ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Гэта было 11 гадоў назад. Шчыра кажучы, не ўсе калегі ўбачылі мэтазгоднасць майго рашэння. Калі прызнаны твой прафесяналізм як настаўніка пачатковых класаў, навошта змяняць спецыяльнасць? Напачатку прыходзілася даказваць, паказваць значнасць гэтай прафесіі. Маім асабістым педагогам у гэтай справе стала Альбіна Аляксандраўна Хахалава, былы дырэктар сярэдняй школы № 124 Мінска, а ў той час ужо на пенсіі яна працавала сацыяльным педагогам у гімазіі № 5. А зараз ўсе нашы прафесійныя пачынанні падтрымлівае сённяшні кіраўнік гімназіі Юрый Уладзіміравіч Гардзіенка. Гэта так важна, каб знайшоўся чалавек, які на пачатку прафесійнага шляху падтрымае, падкажа, навучыць. І зараз на метадычным аб’яднанні сацыяльных педагогаў раёна, кіраўніком якога я з’яўляюся, не перастаю нагадваць вопытным: вучыце сабе памочнікаў і пераемнікаў, не шкадуйце і не скарнічайце, дзяліцеся вопытам. Абавязкова знойдзецца чалавек, для якога вашы словы стануць імпульсам у прафесійным развіцці.
На жаль, і сёння часам чуеш скаргі на прафесію, што яна незапатрабаваная, шмат абавязкаў. Але толькі скардзіцца на цяжкасці — гэта не выйсце. Так яно і будзе, калі так думаць. Наколькі вы цэніце сябе — настолькі будуць цаніць вашу прафесію і іншыя. Калі ёсць прафесійны інтарэс, то знаходзіцца і рашэнне прафесійных задач, якімі б яны ні былі.
Але варта прызнаць: не ўсюды ва ўстановах адукацыі і сёння дакладна вызначана ніша сацыяльных педагогаў. Ёсць шэраг абавязкаў, якія павінны нанізвацца, як пацеркі на нітку, але няма той самай ніткі, якая б самім сацыяльным педагогам давала разуменне, дзеля чаго яны працуюць. На якую задачу? Забяспечыць вядзенне дакументацыі? Правесці прафілактычную работу? А на які вынік? Тут, на мой погляд, важна самому вызначыць сваё месца. Спачатку сябе неабходна праявіць.
Многія скардзяцца на вялікі дакументазварот, асабліва ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі. Але асабіста я адразу і не магу сказаць, якая дакументацыя непатрэбна. Характарыстыка з месца працы бацькоў? Патрэбна. Даведка аб плошчы, якая займаецца, — таксама. Падрыхтоўка папер — справа насамрэч самая простая. Доўга, нудна, але нескладана. Калі ўсё заканчвалася б падрыхтоўкай папер, усё было б проста. Дайсці да кожнага чалавека, знайсці патрэбныя словы, метады — куды больш складана. Работа з людзьмі далёка не такая адназначная. Яна намнога больш тонкая, непрадказальная, глыбокая.
Пра складаную і лёгкую работу
Часта можна пачуць, што сацыяльнаму педагогу ў гімназіі нібыта і работы няма: сем’і добранадзейныя, дзеці зматываваныя на вучобу, навучэнцаў, якія здзяйснялі б правапарушэнні, амаль няма. Алена Лявонцьеўна не пагаджаецца: кантынгент іншы, праблемы — тыя ж.
— Паверце, цяжкасці ва ўсіх аднолькавыя. Ёсць і ў нас па-свойму складаныя сем’і. Часта кажуць: што рабіць сацыяльнаму педагогу ў гімназіі? Тое, што і ў школе: дзеці — паўсюль дзеці, і любая сям’я можа перажываць крызіс. Канечне ж, нядобранадзейных у звыклым разуменні гэтага слова сем’яў у гімназічным асяроддзі сапраўды няшмат. Але ў сацыяльна небяспечнае становішча трапляюць і нашы навучэнцы, пераважна — з-за крызіснага стану ў сям’і. Вельмі складаныя сітуацыі здараюцца. З бацькамі ў такіх сітуацях размаўляць і вырашаць пытанні не лягчэй, чым з тымі, што злоўжываюць алкаголем. Іншымі словамі, абставіны могуць быць розныя – алкаголь ці стрэсавая сітуацыя ў сям’і — а вынік аднолькавы: церпяць дзеці. Гэтак жа трэба ісці ў сям’ю, аналізаваць, назіраць, размаўляць. Пастаянна праводзім навучанне класных кіраўнікоў па гэтым пытанні — на што звяртаць увагу, як аналізваць інфармацыю, як размаўляць з дзецьмі па гэтым пытанні.
І гэтак жа, як іншыя сацыяльныя педагогі, мы працуем з дзецьмі на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў, на прафарыентацыю. У рабоце з дзецьмі для нас галоўнае — дапамагчы ім стаць паспяховымі ў жыцці. Многія з іх думаюць, што гэта прыйдзе само па сабе. Мы ж імкнёмся данесці тое, што паспяховым ты павінен быць ужо сёння, і самае галоўнае — не рабіць памылак, бо нават адна можа перакрэсліць усе мары і планы.
Настаўнікам дапамагаем выбудоўваць адносіны з навучэнцамі, пазбягаць і вырашаць канфлікты ў калектывах.
Пра памочнікаў рэальных і віртуальных
Пералік абавязкаў у сацыяльнага педагога як школы, так і гімназіі, уключае шмат напрамкаў дзейнасці. Каб ахапіць усе, прычым не эпізадычна, а на пастаяннай аснове, неабходна шукаць дадатковыя рэсурсы, упэўнена Алена Лявонцьеўна. І штосьці ў гэтым напрамку за 10 гадоў працы спецыяліст ужо нарыхтавала.
— Сацыяльныя педагогі часта скардзяцца на вялікі пералік абавязкаў, маўляў, як паспець усюды? Трэба ісці ў нагу з часам і шукаць дадатковыя рэсурсы — рэальныя і віртуальныя. Так, у нашай гімназіі дзейнічае лектарская група з ліку саміх гімназістаў. Спачатку я праводжу з імі неабходную падрыхтоўчую работу ў цэлым па лектарскай рабоце і па пэўных тэмах: прафілактыка проціпраўных паводзін, здаровы лад жыцця і іншае. Канечне ж, гэта патрабуе пэўнага часу, але гэта разавыя “выдаткі”. Далей падрыхтаваныя гімназісты ідуць у класы і праводзяць лекцыі, гутаркі, дыспуты па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Гэты прынцып не з’яўляецца чымсьці абсалютна новым. Ён адлюстроўвае натуральныя механізмы пазнання і здаўна выкарыстоўваецца чалавекам: мы гаворым на адной мове і імкнёмся ў даступнай і прыцягальнай форме расказаць аб рэчах надзвычай важных — важных для мяне, а значыць, і для цябе, бо мы ж падобныя.
А ў рабоце з педагогамі выдатны памочнік — віртуальны кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, дзе я як сацыяльны педагог пастаянна абнаўляю неабходную для класнага кіраўніка інфармацыю. Класнаму кіраўніку неабходна толькі ўзяць пэўны матэрыял, адаптаваць яго пад запыты менавіта сваёй аўдыторыі і правесці неабходную выхаваўчую работу па тым ці іншым пытанні на класнай гадзіне, падчас пазаўрочных мерапрыемстваў.
Дарэчы, віртуальны кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы — далёка не адзіны наш віртуальны праект. Так, дзейнічае яшчэ і віртуальная гасцінная “Прафлайн” — таксама выдатны памочнік у рабоце па прафарыентацыі. Гэтая метадычная распрацоўка прызначана для індывідуальнай і калектыўнай работы навучэнцаў і можа выкарыстоўвацца як непасрэдна самімі вучнямі, так і ў дапамогу класнаму кіраўніку. Да стварэння гэтага рэсурсу мы праводзілі дыягностыку, каб высветліць, што дапамагае вучню лепш пазнаць сябе, што найлепш застаецца ў памяці ў выніку праведзенай работы. Выявілася, што класныя гадзіны, агульныя лекцыі пакідаюць меншы след. Неабходна, каб дзіця само штосьці рабіла — чытала, аналізавала, супастаўляла з уласнымі данымі. Гэта найлепш застаецца ў памяці і свядомасці.
Па прынцыпе асобасна дзейснага падыходу і была арганізавана віртуальная гасціная. Распрацавана яна ў звычайнай праграме PowerPoint, але ўся работа пабудавана на гіперспасылках. Увесь матэрыял падзелены на пэўныя раздзелы: “Правільны старт”, “Твой час”, “Твая вучоба”, “Працуй над сабой”, “Заняткі для цябе”, “Твая будучая прафесія”. Кожны раздзел утрымлівае інфармацыю па зададзенай тэме і дазваляе суаднесці яе са сваімі данымі. У выніку атрымліваецца матэрыял для абмеркавання з педагогам, а таксама для рэфлексіі.
Па такім жа прынцыпе — работа над сабой — пабудавана яшчэ адна віртуральная распрацоўка — мультымедыйная кніга. Гэты рэсурс прызначаны для работы з дзецьмі з дэвіянтнымі паводзінамі. Як часта бывае: здараецца нейкая непрыемная сітуацыя,канфлікт, вучань здзяйсняе правапарушэнне. Пачынаем высвятляць, у чым прычына. Як правіла, у падлетка ў такім выпадку вінаваты ўсе вакол, але не ён. Мы разумеем, што гэта тупіковы шлях, але ж дзіцяці гэта зразумець складана. З дапамогай мультымедыйнай кнігі мы спрабуем высветліць рэальныя прычыны тых ці іншых праблем. Падлетак з дапамогай рознага віду пытанняў, прапісаных сітуацый вызначае праблему, шукае шляхі вырашэння, магчымасці, вызначае, што перашкаджае, шукае рэсурсы. У выніку дзіця складае кнігу пра сябе, праектуе свой шлях у будучыню.
Створаныя мультымедыйныя кнігі дапамагаюць сацыяльнаму педагогу наглядна растлумачыць бацькам сутнасць праблемы і падказаць, што яны самі могуць зрабіць для вырашэння сітуацыі, якая склалася, бо, як высвятляецца, тым ці іншым чынам праблема дзіцяці ўсё роўна хаваецца ў сям’і.
Алена МАРКЕВІЧ.