Санітарна-эпідэміялагічная служба да надыходзячага летняга сезона адносіцца з пэўнай асцярогай. І гэтаму ёсць тлумачэнне. У краіне вельмі актывізавалася вірусная кішэчная інфекцыя. Па словах спецыялістаў службы, эпідабстаноўка захворванняў на кішэчную інфекцыю вельмі нядобранадзейная. У такіх умовах захаванне норм і правіл санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму ў аздараўленчых арганізацыях — адна з галоўных умоў паспяховага правядзення летняй аздараўленчай кампаніі.
Якія меры дапамогуць арганізатарам летняга аздараўлення пазбегнуць непрадбачаных сітуацый? Як санітарныя службы будуць адсочваць выкананне неабходных правіл? Пра гэта нашаму выданню расказала загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Антонаўна Малахава.
— Ала Антонаўна, у апошнія гады паўнамоцтвы наглядных органаў, у тым ліку і санітарнай службы, у частцы правядзення праверак былі пэўным чынам абмежаваны прыняццем Указа кіраўніка дзяржавы № 510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Як гэта паўплывала на вашу дзейнасць у дачыненні да аздараўленчых арганізацый?
— З прыняццем названага дакумента кардынальным чынам быў зменены парадак правядзення праверак, у тым ліку і нашай службай. У выніку планавыя праверкі дзейнасці аздараўленчых арганізацый праводзяцца выключна з загадзя ўзгодненым планам, іх насамрэч няшмат. І кожны кіраўнік арганізацыі загадзя ведае аб іх правядзенні. Пазапланавыя праверкі могуць праводзіцца па заявах уласнікаў, ёсць яшчэ і кантрольныя праверкі дзейнасці.
Аднак практыка паказала неабходнасць унясення пэўных змен у вызначаны дакументам парадак правядзення праверак. Такім чынам, два гады назад было ўзаконена правядзенне маніторынгу, акрамя таго Міністэрству аховы здароўя было дазволена праводзіць пазапланавыя праверкі абароту прадукцыі, што дало магчымасць праводзіць пазапланавыя праверкі харчаблокаў, у праватнасці — аздараўленчых арганізацый.
— Атрымліваецца, спіс магчымых мерапрыемстваў па ацэнцы дзейнасці аздараўленчых арганізацый зноў пашырыўся. Як заснавальнікам выхаваўча-аздараўленчых устаноў арыентавацца ў гэтым пытанні?
— Варта кіравацца нарматыўнымі прававымі актамі. Найперш — арганізоўваць сваю дзейнасць у адпаведнасці з дакументамі ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага нагляду, асноўны з якіх — Санітарныя нормы і правілы. Дарэчы, зараз мы працуем над унясеннем змяненняў у названы дакумент у сувязі з прыняццем новых законаў і з улікам практыкі. Напрыклад, удакладняецца кантынгент работнікаў, якія абавязаны будуць праходзіць гігіенічнае навучанне. На практыцы з гэтым зараз узнікаюць пытанні.
Акрамя таго, важна ведаць, што стратэгія і тактыка нагляду за аздараўленчай кампаніяй бягучага года замацавана пастановай Галоўнага санітарнага ўрача № 10 ад 12 сакавіка 2014 года. Адна з асаблівасцей, замацаваных у дакуменце, — правядзенне пазапланавых праверак лагераў, якія плануецца размясціць на базах, што арандуюцца. Калі лагер размяшчаецца на базе санаторна-курортнай арганізацыі, на базе школы, заснавальнікам загадзя неабходна звярнуцца ў цэнтр гігіены для правядзення праверкі, каб вызначыць асноўныя задачы па прывядзенні базы ў стан, які б дазволіў размясціць на ёй лагер.
У пастанове таксама прапісана, што ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем павінны праводзіцца штотыднёвыя маніторынгі, а ў лагерах з дзённым знаходжаннем — не радзей, чым раз у 10 дзён. Пажадана, каб на месцах розныя службы аб’ядноўваліся для выезду на такі маніторынг. Для гэтага неабходна проста скласці графікі пры аддзелах адукацыі, спорту і турызму ці санслужбе.
Па заявах упаўнаважаных асоб, уласнікаў павінна быць праведзена энтымалагічнае абследаванне тэрыторыі і прафілактычныя мерапрыемствы па абароне ад гнусу і кляшчоў. Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне: больш за чвэрць папуляцыі кляшчоў у краіне носьбіты — лайм-барэльёзу.
— А ці ёсць у арганізатараў дзіцячага аздараўлення інструменты, каб самастойна ацаніць узровень работы па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму і не даводзіць сітуацыю да выяўлення парушэнняў, пакаранняў, штрафаў?
— Так, такія інструменты ёсць. І мы раім імі карыстацца. Так, напрыклад, у мінулым годзе быў прыняты Закон “Аб санітарным дабрабыце насельніцтва”, які вызначае паўнамоцтвы нашай службы, юрыдычных і фізічных асоб, дзяржаўных органаў і ўводзіць шэраг новых паняццяў, напрыклад, аўдыт і санітарна-гігіенічная экспертыза. Аўдыт — гэта працэдура незалежнай ацэнкі дзейнасці арганізацыі, у нашым выпадку — у сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту. Гэтая паслуга платная, але пасля яе правядзення пытанняў з боку санітарнай службы не павінна быць.
Акрамя таго, з моманту прыняцця ўказа аб удасканаленні нагляднай дзейнасці шырокае распаўсюджанне атрымала такая форма, як чэк-лісты. Гэта дакумент, які падрабязна апісвае, што і па якіх параметрах павінна быць ацэнена пры праверцы. Гэты кантрольны спіс пытанняў вызначае поўны пералік патрабаванняў, якія могуць быць прад’яўлены суб’екту, які правяраецца. Пры гэтым кантрольныя спісы пытанняў — чэк-лісты — устанаўліваюць адзіныя падыходы да працэдуры ацэнкі санітарна-эпідэміялагічнай надзейнасці суб’ектаў гаспадарання.
Прымяненне такіх чэк-лістоў у аздараўленчых арганізацыях было пратэсціравана ў мінулым годзе. На сёння ж пастановай Галоўнага санітарнага ўрача ад 23 студзеня 2014 года зацверджаны спіс пытанняў для чэк-лістоў для аздараўленчых арганізацый. Змест чэк-ліста ўяўляе сабой пералік найбольш эпідэміялагічна значных фактараў, устаноўленых санітарнымі нормамі і правіламі для аздараўленчых арганізацый, і іншымі тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі дакументамі.
Але тут варта мець на ўвазе наступнае. Згодна з указам № 510, на аб’ектах першай групы рызыкі чэк-ліст не можа быць асновай для планавання (назначэння) праверкі і папярэдне не накіроўваецца кіраўніку аздараўленчай арганізацыі для запаўнення. А ўсе нашы ўстановы для дзяцей, акрамя прафесійна-тэхнічных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі, адносяцца да першай групы рызыкі. Але чэк-лісты мы ўсё ж распрацавалі, зацвердзілі па ўсіх асноўных тыпах устаноў адукацыі. Яны прымяняюцца нашымі супрацоўнікамі. Загадзя, за 10 дзён да праверкі, не высылаюцца ва ўстановы для запаўнення, як бывае з іншымі арганізацыямі згодна з указам № 510, а проста выкарыстоўваюцца для праверкі.
Немалаважна, што гэтыя чэк-лісты могуць выкарыстоўвацца кіраўнікамі аздараўленчых арганізацый для самакантролю. Пры іх дапамозе можна ацаніць, на якім узроўні, да якой групы рызыкі вы належыце і што далей рабіць.
— Сёлета, як і летась, значная ўвага пры арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі будзе ўдзелена профільным лагерам, у прыватнасці — працы і адпачынку. Якія асаблівыя, адрозныя ад іншых, патрабаванні прад’яўляюцца да арганізацыі такіх летнікаў?
— Арганізацыя лагераў працы і адпачынку дадаткова рэгулюецца такімі дакументамі, як пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 27 чэрвеня 2013 года “Аб устанаўленні спіса работ, на якіх забаронена выкарыстанне працы асоб, маладзейшых за 18 гадоў”, пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 13 кастрычніка 2010 года № 134 “Аб устанаўленні гранічных норм пад’ёму і перамяшчэння непаўналетнімі цяжару ўручную” і пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 15 кастрычніка 2010 года № 144 “Аб устанаўленні пераліку лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў” са змяненнямі і дапаўненнямі ад 26 мая 2011 года і 8 мая 2013 года.
Па выніках мінулагодняй аздараўленчай кампаніі на месцах выказваліся меркаванні пра тое, што складана арганізоўваць лагеры працы і адпачынку, бо вельмі абмежаваны віды работ. Насамрэч, гэты спіс даволі вялікі — 64 віды работы.
Хацелася б адзначыць, што пры арганізацыі работы непаўналетніх неабходна адначасова кіравацца ўсімі адзначанымі дакументамі. Напрыклад, у мінулым годзе давялося назіраць сітуацыі, калі падлеткі выконвалі работы па ўкладцы тратуарнай пліткі — такі від работ прадугледжаны для работы непаўналетніх. Аднак пры выкананні гэтых работ не вытрымліваліся нормы па дазволеных нормах пад’ёму цяжару. Гэта вялікая рызыка для здароўя дзяцей.
Таму і ў гэтым годзе будзем вялікую ўвагу ўдзяляць лагерам працы і адпачынку — аналізаваць у цэлым работу лагера і арганізацыю працоўнай дзейнасці ў прыватнасці.
Штогод асаблівая ўвага санітарных службаў скіравана і на спартыўныя лагеры. На жаль, там часта фіксуюцца парушэнні, звязаныя са спецыфікай іх дзейнасці. Так, напрыклад, у мінулым годзе мы вымушаны былі выносіць прадпісанні аб прыпыненні ці забароне трэніровачнага працэсу ў такіх лагерах з прычыны неадпаведнасці норм харчавання. Справа ў тым, што часта такія лагеры арганізоўваюцца на базе звычайных летнікаў — гэта цалкам правамерна, аднак пры гэтым павінна прадугледжвацца асобнае харчаванне для ўдзельнікаў спартыўных лагераў: па іншых грашовых і натуральных нормах. Гэтае патрабаванне выконваецца не заўсёды.
Наступны момант: у мінулым годзе было дазволена не арганізоўваць дзённы сон у спартыўных лагерах з дзённым знаходжаннем. Аднак зараз арганізатары ідуць яшчэ далей: просяць выключыць снеданне, маўляў, трэніроўка, затым абед. Але нельга блытаць аздараўленне і выключна трэніровачны працэс. Таму яшчэ раз падкрэслю: абавязковыя рэжымныя моманты, такія як снеданне, абед, адпачынак і г.д., павінны захоўвацца ва ўсіх летніках.
— І нарэшце, Ала Антонаўна, на ваш погляд, як можна дабіцца выканання ўсіх прапісаных норм — праз узмацненне кантролю з боку наглядных органаў, навучанне кадраў?..
— У кожным лагеры павінна быць схема ўнутранага вытворчага кантролю. Калі гэтага не будзе, ніякія праверкі не дапамогуць. Павінна быць сістэмнасць работы — хто за што адказвае, што правярае. Прычым у гэтай схеме павінны быць адлюстраваны не толькі патрабаванні санітарнай службы, але і іншых: патрабаванні бяспекі, выхавання і іншыя.
Алена МАРКЕВІЧ.