Дабрачыннасць сёння, як кажуць, у трэндзе. Вялікія і малыя кампаніі, удзельнікі віртуальных і рэальных суполак, звычайныя грамадзяне — дарослыя і не вельмі — з нагоды свята і нават проста так імкнуцца падзяліцца радасцю жыцця з кімсьці, да каго лёс не быў такім міласэрным. І, як правіла, адна з прыярытэтных катэгорый у гэтым спісе — дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Яно і не дзіўна: іх гісторыі — у многім падобныя, але адначасова кожная ўнікальная па-свойму — не могуць пакінуць раўнадушным. Так і атрымліваецца, што многія людзі хочуць зрабіць добрыя справы для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, але часта не ведаюць як. З гэтай прычыны многія ідуць па шляху найменшага супраціўлення і дораць дзецям прысмакі, цацкі, тэхніку і іншыя падарункі — рэчы. Спытайце любога кіраўніка інтэрнатнай установы аб колькасці тых жа салодкіх падарункаў, напрыклад, пад Новы год — іх хопіць не на адзін месяц. Яно і добра: будзе чым парадаваць малых на працягу доўгага часу. Праблема ў іншым: паколькі дзеці самі не ўключаны ў працэс дарэння і нават часам не ведаюць дарыльшчыка ў твар, яны, як правіла, не шануюць падобныя добрыя ўчынкі. Рэчы-падарункі, якія раптам з’яўляюцца ў жыцці дзіцяці-сіраты, часцяком правакуюць у ім развіццё спажывецкага стаўлення да жыцця.
Але ж падарунак можа быць і іншым. У кожнага з нас ёсць мара… Далёкая ці блізкая, вялікая ці маленькая, доўгачаканая… часам самая запаветная… Мары могуць быць рознымі! І — толькі ўявіце — падарункам можа быць здзяйсненне гэтай самай мары. Менавіта такія падарункі дораць сваім падапечным удзельнікі грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” у рамках акцыі “Майстэрня сапраўдных падарункаў”. Іх падарункі — гэта цэлыя гісторыі, напоўненыя падзеямі, пачуццямі, эмоцыямі.
“Дзеці, якія ўдзельнічаюць у праекце, мараць пра многае. І ўсе мы разумеем, што нешта змяніць мы не маем магчымасці. Але тое, што ў сілах, мы абавязкова зменім!” — сцвярджаюць ініцыятары праекта. Журналістыка, прафесійная рыбалка, акцёрскае майстэрства, вакал… Навучанне і майстар-класы… Важныя знаёмствы і магчымасці. Усё гэта — падарункі, якія дапамогуць дзецям, якія пражываюць у інтэрнатных установах і замяшчальных сем’ях, не толькі іх прыняць, але і навучыцца рэалізоўваць самастойна.
Як гэта адбываецца — чытайце ў аповедзе каардынатара праекта.
— Праект “Майстэрня сапраўдных падарункаў” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Здаровы выбар” з пачатку 2014 года. Канцэпцыя праекта заключаецца ў тым, што выкананне дзіцячых мар, не звязаных з задавальненнем матэрыяльных патрэб, спрыяе эфектыўнай сацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у грамадстве. Іншымі словамі, мы выконваем мары дзяцей, якія да нечага імкнуцца, чагосьці дамагаюцца ў жыцці, але ў іх пакуль яшчэ не створаны ўсе ўмовы і няма якіх-небудзь магчымасцей для гэтага.
Ідэйным натхняльнікам праекта з’яўляецца яго кіраўнік Кацярына Каўрова, якая прапанавала змяніць традыцыйную ў краіне сітуацыю дарэння падарункаў дзецям, якія ў сілу розных жыццёвых абставін пражываюць і выхоўваюцца ў інтэрнатных установах і замяшчальных сем’ях. “У праекце “Майстэрня сапраўдных падарункаў” нам хацелася б на ўласным прыкладзе паказаць некаторыя са спосабаў аказання сапраўды значнай дапамогі дзецям: адукацыя,
практычныя навыкі, асабістыя сустрэчы, пашырэнне сацыяльнага вопыту дзіцяці, якое пражывае ў дзiцячай iнтэрнатнай установе, знаёмства са значнымі і паспяховымі людзьмі, — гаворыць Кацярына Каўрова, намеснік кіраўніка грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар”, кіраўнік праекта “Майстэрня сапраўдных падарункаў”. — Вядома, нам хочацца ашчаслівіць сваім падарункам як мага большую колькасць дзяцей, але тады мы перастаём бачыць менавіта тых, для каго наш падарунак стаў бы сапраўды значным. Калі вы майстар рабіць відэаролікі — абавязкова недзе ёсць дзіця, якое марыць навучыцца здымаць відэаролікі і прагне стаць зоркай Youtubе. Калі вы смачней за ўсіх умееце варыць боршч — паверце, недзе ёсць і “ваша” дзіця, якое марыць навучыцца варыць боршч і ў будучыні хацела б стаць кулінарным майстрам. Такія сапраўдныя падарункі патрабуюць хутчэй за ўсё не грошай і матэрыяльных выдаткаў, а выдаткаў часавых, душэўных, асобасных”.
Удзельнікамі праекта з’яўляюцца пераважна дзеці, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах і замяшчальных сем’ях. Аднак у праекце могуць браць удзел і дзеці, якія прызнаны асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама дзеці, якія прызнаны асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Праект рэалізуецца са студзеня 2014 года. Кожны месяц мы выконваем адну мару дзіцяці. Як гэта адбываецца?
Каардынатар размяшчае публічную інфармацыю аб магчымасці паўдзельнічаць у праекце. Інфармацыя размяшчаецца на сайце грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар”, а таксама на старонках нашай арганізацыі ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, мы дасылаем запрашэнні да ўдзелу ў праекце непасрэдна ў інтэрнатныя ўстановы або ў замяшчальныя сем’і. Для ўдзелу ў праекце дзецям неабходна запоўніць спецыяльна распрацаваную анкету і накіраваць на наш адрас. Гэта першы этап.
Дзеці, якія па выніках анкетавання прайшлі ў другі этап, запрашаюцца на субяседаванне. Як правіла, мы самі выязджаем ва ўстанову для таго, каб пагутарыць з выхавальнікамі, замяшчальнымі бацькамі,
адміністрацыяй установы. Нам важна ўбачыць дзіця, пагаварыць з ім, зразумець, што мара, пра якую ён заявіў, сапраўды рэальная.
Варта адзначыць, што не ўсе дзеці, якія запоўнілі анкеты, запрашаюцца на субяседаванне. У першую чаргу адсейваюцца анкеты, у якіх апісаны мары, якія не адпавядаюць канцэпцыі праекта. Напрыклад, падлеткі, якія пішуць пра тое, што хочуць атрымаць у падарунак ноўтбук, не прымаюцца ў праект. А вось тыя, хто марыць навучыцца працаваць на ноўтбуку, праходзяць у другі этап праекта. Матэрыяльны падарунак можа мець месца, але толькі як спадарожны асноўнаму, які мы называем САПРАЎДНЫМ. Так, напрыклад, у чэрвені мы выконваем мару выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска. Два хлопчыкі — Іван і Уладзіслаў — напісалі ў сваіх анкетах аб тым, што мараць асвоіць камп’ютар і звязаць будучую прафесію з працай на ім. Пры сустрэчы хлопцы расказалі нам пра тое, што заняткаў, якія праводзяцца ў школе-інтэрнаце, не хапае для таго, каб дасканала асвоіць камп’ютарную тэхніку. Разам з тым і Іван, і Улад маюць вялікія поспехі ў вывучэнні інфарматыкі. Пошук вучэбных курсаў для дзяцей стаў асноўнай задачай для рэалізацыі гэтай мары. Аднак узнікала праблема: з-за абмежаванай даступнасці да камп’ютараў у школе-інтэрнаце хлопцы не мелі магчымасці выконваць дамашнія заданні і ўдасканальваць свае веды штодня. У сувязі з гэтым спонсары прынялі рашэнне падарыць кожнаму з хлопцаў планшэт, для таго каб яны мелі магчымасць займацца кожны дзень.
На трэцім этапе праекта мы ўжо дакладна ведаем, чые мары будзем выконваць. Важным напрамкам праекта з’яўляецца пошук дабрачынцаў, якія па меры сваіх магчымасцей і жадання змогуць выканаць мару дзіцяці. Дабрачынцам (або спонсарам) можа стаць любы чалавек ці арганізацыя, якія прынялі рашэнне ўдзельнічаць у праекце. Хачу адзначыць, што сёння беларускае грамадства з’яўляецца дастаткова актыўным у дабрачыннай дзейнасці.
Пасля таго, як стартаваў праект, да нас паступіла шмат званкоў ад грамадзян і арганізацый, якія жадаюць прыняць удзел у праекце. На жаль, магчымасці дарослых і мары дзяцей не заўсёды супадаюць. Але і тыя і іншыя мы заносім у банк даных “чакаючых” удзельнікаў праекта.
Некаторыя мары выконваюцца хутка. Так, напрыклад, у лютым мы апублікавалі гісторыю Веранікі, выхаванкі магілёўскага дзіцячага дома № 1, якая ўжо даўно займалася танцамі і марыла выступіць на вялікай сцэне з вядомым танцавальным калектывам. І літаральна праз пару дзён нам патэлефанавала Наталля Купчына, кіраўнік Dance-team TimeOut, якая запрасіла Вераніку трэніравацца ў свой калектыў з наступнай магчымасцю выступіць на вялікай сцэне. Шчасцю дзяўчыны не было межаў! Для выканання сваёй запаветнай мары Вераніка кожны тыдзень прыязджала з Магілёва ў Мінск на трэніроўкі! Не палохалі яе ні доўгія пераезды, ні стомленасць, ні адсутнасць выхадных. І ўжо ў сакавіку яе мара спраўдзілася. Вераніка разам з вядомым калектывам выступала на хакейным матчы з удзелам каманды прэзідэнта на катку хакейнага клуба “Юнацтва-Мінск”.
Да кожнай мары, да кожнага дзіцяці мы падыходзім індывідуальна і з асаблівым клопатам. Кожнае дзіця для нас становіцца па-свойму родным. Доўгі перыяд падрыхтоўкі да рэалізацыі кожнага падарунка, хваляванне за тое, каб усё атрымалася, не праходзіць бясследна. Пасля рэалізацыі праекта мы цікавімся жыццём дзіцяці, маем зносіны з ім у сацыяльных сетках. Падлеткі расказваюць пра свае расчараванні і новыя дасягненні. Многім дзецям ужо даводзіцца прымаць дарослыя самастойныя рашэнні: куды лепш паступіць? Дзе жыць? Мы адчуваем, што нашы парада і падтрымка важныя для іх. Гэта прыемна.
Рэалізацыя праекта “Майстэрня сапраўдных падарункаў” разлічана да снежня 2014 года. На сёння выканана ўжо 6 дзіцячых мар.
Як каардынатар праекта хачу адзначыць, што не ўсе ўстановы адукацыі ідуць насустрач нашым прапановам да ўдзелу ў праекце. З вялікім здзіўленнем мы перыядычна даведваемся пра тое, што сярод мноства дзяцей, запрошаных да ўдзелу ў праекце, па словах адміністрацыі ўстаноў, няма ні аднаго дзіцяці, якое пра штосьці марыць. Вельмі шкада, што часам магчымасці і жаданні дзяцей не рэалізоўваюцца з-за звычайных абыякавых адносін дарослых.
Тым не менш праект працягвае работу, і мы запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх жадаючых!
Кацярына ШАРАМЕТ.