Зарабіць і зрабіць

Металалом і макулатура — гэта не толькі адходы. А што яшчэ? Задайце такое пытанне дырэктару якой-небудзь школы і вы, магчыма, даведаецеся, што гэта, напрыклад, новыя інфармацыйныя стэнды для кабінетаў, посуд для сталовай, картрыджы для прынтараў ці штосьці яшчэ настолькі ж неабходнае. Не гаворачы ўжо пра тое, што другасная сыравіна дазваляе дзяржаве эканоміць каштоўныя прыродныя рэсурсы. Праўда, таксама добра вядома, што арганізаваць збор той жа макулатуры ў школе не так проста: вучні, асабліва старшакласнікі, не жадаюць хадзіць з пачкамі паперы “як маленькія”. І ўсё ж пры правільнай арганізацыі справы вынік можа атрымацца неблагім. Як, скажам, у Сноўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Хаця і пра іншыя крыніцы папаўнення пазабюджэтных сродкаў на прыкладзе гэтай вясковай установы адукацыі ёсць што сказаць.

На машынах, веласіпедах, павозках

Спачатку ўсё ж пра макулатуру. Чаму? Таму што па выніках мінулагодняй рэспубліканскай акцыі “Зберажы дрэва — збяры макулатуру”, якая праводзілася ў рамках Года беражлівасці, Сноўская сярэдняя школа заняла 1 месца ў катэгорыі “Установы агульнай сярэдняй адукацыі ў сельскай мясцовасці” з колькасцю навучэнцаў больш за 170 чалавек (у школе аграгарадка Сноў вучыцца 435 дзяцей). Вынік тутэйшых беражлівых навучэнцаў і педагогаў — 9950 кілаграмаў макулатуры.
— Вы і не ўяўляеце, як выглядае наша школа і тэрыторыя побач з ёй у тыя два тыдні, калі мы аб’яўляем збор макулатуры, — расказвае дырэктар школы Галіна Васільеўна Радаман. — Вучні і бацькі, якія ім дапамагаюць, вязуць старую паперу на аўтамабілях, бо многія нашы навучэнцы жывуць не ў Снове, а ў суседніх вёсках, веласіпедах, нават на павозках, у якія запрэжаны коні, нясуць у руках. Мы ўстанавілі прыкладныя арыенціры для вучняў рознага ўзросту: 5 кілаграмаў макулатуры ў год для навучэнцаў малодшых класаў, 7 — для вучняў 5—8 класаў і 15 кілаграмаў для старшакласнікаў. Не скажу, што дзеці здаюць макулатуру ўсе, як адзін, ёсць, канечне, такія, хто гэтую справу ігнаруе, але іх не так многа. У цэлым, як бачыце, спраўляемся паспяхова. Галоўнае, што дае такія вынікі, — работа класных кіраўнікоў, іх зацікаўленасць нароўні з уменнем заахвоціць вучняў і бацькоў. Да таго ж класных кіраўнікоў па выніках акцыі прэміравалі, а навучэнцаў сёлета заахвоцілі экскурсійнай паездкай і каштоўнымі падарункамі.
Скажам шчыра: макулатура, колькі яе ні збяры, не прынясе вялікіх грошай, бо, як адзначыла Галіна Васільеўна, летась яе здавалі па 350 рублёў за кілаграм. Верагодна, павышэнне цэн на гэтую сыравіну магло б паспрыяць актывізацыі гэтай справы ў тых жа школах. Але важна не забываць, што такія акцыі змалку прывучаюць дзяцей да эканоміі рэсурсаў. Між іншым ужо сёлета сноўскія школьнікі здалі больш за 3 тоны макулатуры.
Металалом у плане папаўнення пазабюджэтных сродкаў — справа крыху больш перспектыўная. Праўда, і сабраць гэтую каштоўную другасную сыравіну зараз ой, як няпроста. Гэта не тое, што ў гады майго савецкага дзяцінства, калі розныя жалязякі валяліся літаральна пад нагамі. Цяпер кожны разумее, што тая самая жалязяка — жывыя грошы, і лепш сам здасць яе на металалом, чым дазволіць забраць школьнікам. І ўсё ж летась школа здала 8869 кілаграмаў металалому на 8 мільёнаў 152 тысячы з лішнім рублёў — амаль 127% да намечанага. Канечне, без дапамогі сваёй базавай гаспадаркі — агракамбіната “Сноў” — такой лічбы школа не дасягнула б. Тым больш, што зараз у аграгарадку дзейнічае пункт прыёму металалому і навакольныя жыхары здаюць сыравіну самі. Зразумела, што ў такім становішчы аказалася не толькі гэтая школа — сітуацыя аднолькавая для ўсіх, “безгаспадарны” металалом зараз адшукаць цяжка. І добра, калі школе, як гэта адбываецца ў Снове, дапаможа базавая гаспадарка. А калі такой магчымасці няма? Праўда, і лічбы па здачы металалому паступова зніжаюцца, як змяншаецца і колькасць вясковых навучэнцаў. Як расказала Галіна Васільеўна Радаман, калісьці збіралі па 21 тоне, на бягучы год арыентуюцца на 6 тон.

Камп’ютары, вокны, свяцільні

Безумоўна, Сноўскай сярэдняй школе пашанцавала з базавай гаспадаркай — СВК “Агракамбінат “Сноў”, і большая частка пазабюджэтных сродкаў установы адукацыі (летась школа мела “пазабюджэт” амаль у 900 мільёнаў рублёў) складаецца менавіта дзякуючы дапамозе СВК. Дарэчы, агракамбінат шэфствуе і над мясцовым дзіцячым садком, і над другой дашкольнай установай — у Друцкаўшчызне, і над яшчэ адной вясковай школай — Пагарэльцаўскай, дзе, праўда, значна менш навучэнцаў, чым у аграгарадку. Ды і як інакш? Агракамбінат — гаспадарка перадавая, вядомая на ўсю краіну, як не дапамагчы сваім дзецям і педагогам? Тым больш, што ў той жа сноўскай школе 75% навучэнцаў — дзеці работнікаў сельскагаспадарчага кааператыва, многіх вучняў разам з бацькамі, якія едуць на работу, падвозіць аўтобус агракамбіната, як і двух настаўнікаў, што жывуць у райцэнтры. Тут наогул усё жыццё круціцца вакол гаспадаркі. А мясцовай школе агракамбінат дапамагае даўно, можна сказаць, з першых дзён яе існавання, калі і сама гаспадарка была калгасам імя Калініна.
Вось мы заходзім у адмыслова зроблены музей вясковай школы. Тут, дарэчы, ёсць стэнды, прысвечаныя вядомым выпускнікам, у тым ліку Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Міхаілу Уладзіміравічу Мясніковічу, алімпійскаму чэмпіёну ў кіданні молата Рамуальду Іосіфавічу Кліму. Як тлумачыць кіраўнік навучальнай установы, капітальны рамонт у музеі быў зроблены яшчэ да яе прыходу на пасаду дырэктара — у 2005 годзе. Выручыў агракамбінат. “А летась гаспадарка вельмі дапамагла з рамонтам даху, — расказвае Галіна Васільеўна. — І так здарылася, што, калі знялі старое пакрыццё, палілі дажджы, давялося рамантаваць і класы”. А яшчэ агракамбінат выдаткаваў сродкі для замены свяцільняў на энергазберагальныя, на іншыя патрэбы.
Дарэчы, хутка тут збіраюцца працягваць рамонт гаспадарчым спосабам. А вось капітальнага рамонту ўсяго будынка не было з дня яго здачы ў эксплуатацыю, г.зн. з 1972 года. Адзін кааператыў, які б ён ні быў паспяховы, з усім не справіцца, таму школа шукае спонсараў, звяртаючыся не толькі да мясцовых арганізацый. Цяпер вось спадзяюцца на падтрымку адной арганізацыі ў Мінску. “Гаварыць пра спонсараў пакуль ранавата, але калі ўсё атрымаецца, то заменім частку вокнаў, хочам набыць абсталяванне для лінгафоннага кабінета, кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі, школьную мэблю, бо ў некаторых класах парты яшчэ 80-х гадоў мінулага стагоддзя, замяніць інжынерныя камунікацыі, выканаць некаторыя іншыя работы. Таму спадзявацца на дапамогу толькі адной базавай гаспадаркі было б няправільна, шукаем дадатковыя магчымасці”, — адзначае дырэктар навучальнай установы.
Сноўская сярэдняя школа ўжо сёмы раз стала пераможцай спаборніцтва “За стварэнне аптымальных умоў для развіцця і ўдасканалення адукацыі Нясвіжскага раёна” ў групе сельскіх школ. Пры гэтым вынікі спаборніцтва падводзяцца па некалькіх паказчыках. Дык вось, па фінансавай і гаспадарчай дзейнасці сноўская школа зусім не на першым месцы, лепшай тут стала Ланская сярэдняя школа, у якой базавая гаспадарка — СВК “Лань”. А вось па вучэбнай — у лідарах школа са Снова. У 2013 годзе яна таксама стала лепшай па вучэбнай дзейнасці сярод сельскіх школ Мінскай вобласці, а настаўніца Іна Рычардаўна Віннік перамагла ў конкурсе “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”, які праходзіў у Маскве. Думаецца, гэта ў нейкай ступені таксама дзякуючы агракамбінату, бо для ўдасканалення адукацыі патрэбны сродкі і належныя ўмовы. А яшчэ — заахвочванне вучняў, як маральнае, так і матэрыяльнае: персанальныя стыпендыі па выніках прадметных алімпіяд і розных конкурсаў (1 базавая велічыня за перамогу ў раённай алімпіядзе, 2 — у абласной і 3 — за перамогу на рэспубліканскім этапе алімпіяды). Ёсць і прэміі лепшым спартсменам. А дзеці тут спартыўныя, ужо не першы год перамагаюць у раённых спаборніцтвах. СВК таксама набыў для школьнікаў спартыўны абутак, форму, лыжны інвентар, вывозіць іх на экскурсіі, на тыя ж спаборніцтвы.

Колькі каштуе білет на школьную дыскатэку?

Дыскатэка, як і іншыя платныя паслугі, што складаюць частку пазабюджэтнай дзейнасці школы, каштуе нямнога — 8 тысяч рублёў за білет. Гадзіна навучання катанню на каньках — 10 тысяч, адна гадзіна заняткаў у трэнажорнай зале па зацверджаных расцэнках складае 74 тысячы рублёў на ўсю кампанію, якая сабралася ў зале, у гуртку “Я і камп’ютар” — 6 тысяч на аднаго чалавека. “Нягледзячы на тое, што ў кожнага ці амаль у кожнага дома ёсць камп’ютар, у дзяцей гурток вельмі папулярны, як і заняткі ў трэнажорнай зале”, — расказвае Г.В.Радаман. Акрамя таго, у школе можна атрымаць паслугі па ксеракапіраванні, якое каштуе 450 рублёў за адзін стандартны аркуш, гадзіна для наведвальнікаў школьнага музея абыходзіцца ў 5250 рублёў, школа арганізоўвае выязныя ўрокі, аказвае некаторыя іншыя паслугі. Гэта, канечне, дробязі ў маштабах агульных лічбаў, але і імі нельга грэбаваць. Не забудземся і пра ўласны агарод, які дазваляе школе цалкам забяспечваць сябе гароднінай.
Што да адукацыйных платных паслуг, то гадзіна падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання і дадатковага навучання па вучэбных прадметах каштуе для жадаючых крыху больш за 76 тысяч рублёў. Як прызнаецца дырэктар, летась даходаў ад аказання адукацыйных паслуг атрымалі менш, чым разлічвалі. “Ёсць тут, відаць, і наша недапрацоўка, а магчыма, дзецям проста хапіла факультатыўных заняткаў. Думаю, што сёлета лічбы будуць большымі, бо, як паказала апытанне, 92% нашых будучых выпуск-нікоў збіраюцца паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі і заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ вельмі запатрабаваныя, тым больш, што павышаны парог па прахадных балах для паступлення ва УВА”, — заўважае Галіна Васільеўна.
Бацькоўскі камітэт школы ўзначальвае выпускніца гэтай навучальнай установы супрацоўніца агракамбіната “Сноў” Жанна Расціславаўна Борыс. “Бацькі нашы ў агракамбінаце нядрэнна зарабляюць, можа, таму і паездкі для дзяцей, наведванне тэатраў, на якія мамы і таты збіраюць грошы, арганізоўваем часта, — гаворыць дырэктар. — Сёе-тое для рамонту школы дзякуючы бацькам набываем. Галоўнае ў гэтай рабоце — уменне класнага кіраўніка знайсці агульную мову з бацькамі сваіх навучэнцаў”.
Такім чынам, пазабюджэтныя сродкі складаюцца з многіх крыніц, галоўная з іх — дапамога базавай гаспадаркі. Камусьці з мясцовымі шэфамі шанцуе, камусьці не, але можна паспрабаваць адшукаць спонсараў за межамі свайго раёна, нават вобласці. Можна, як мне расказалі ў іншай вясковай школе, арганізаваць дадатковыя платныя паслугі для дарослых, магчыма, атрымаецца арганізаваць нешта сваё.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.