Пазыка пазыцы не роўная, або Як не памыліцца, выбіраючы крэдыт

Сённяшнія маладыя спецыялісты маюць выдатную магчымасць: у той час, як сярэднярыначныя стаўкі па крэдытах складаюць каля 40 працэнтаў, маладыя спецыялісты могуць разлічваць на атрыманне крэдыту пад…7,6% гадавых. Менавіта такія ўмовы для атрымання льготных крэдытаў былі вызначаны ўказам кіраўніка дзяржавы яшчэ ў 2000 годзе і дзейнічаюць да гэтага часу. Дык на які памер крэдыту сёння можа разлічваць малады педагог і што можа набыць за гэтыя сродкі? Гэта і спрабаваў высветліць наш карэспандэнт.

Строга па спісе

У свой час мне, як і многім сённяшнім маладым спецыялістам, прыходзілася пачынаць свой працоўны шлях далёка ад малой радзімы: бацькі з іх абсталяванай і ўтульнай кватэрай засталіся дзесьці за 200 км, я ж уладкавалася ў амаль пустой, за выключэннем пліты і стала на кухні, арандаванай кватэры. Невялікі на першым часе заробак і жаданне жыць самастойна, без бацькоўскай дапамогі, прывялі да таго, што нейкі час спаць прыйшлося на матрацы на падлозе, тэлевізар удалося набыць праз паўгода самастойнага жыцця, а халадзільнік наогул толькі праз год (апошні проста каштаваў значна даражэй за тэлевізар, вось і прыйшлося запасіць грошы даўжэй).

З таго часу вельмі многае змянілася: сённяшнія маладыя спецыялісты маюць больш магчымасцей, каб “тут і адразу” ўладкаваць свой быт. На рынку — безліч камерцыйных крэдытных прадуктаў, прапаноў па набыцці тавараў з растэрміноўкай плацяжоў. Бяры і карыстайся! Праўда, часам, паверыўшы рэкламным абяцанкам, можна значна пераплаціць за набытыя рэчы. Чаго вартая, напрыклад, прапанова набыць тэлефон, здавалася б, за смешны кошт — каля 100 тысяч у месяц. А ў выніку аказваецца, што пераплата за яго ў параўнанні з сярэднярыначным коштам складзе больш за 200 працэнтаў.

Але ж, як кажуць, на тое яны і камерцыйныя крэдыты. Іншая справа — крэдыты на льготных умовах для розных катэгорый грамадзян. Іх асноўнае адрозненне ад камерцыйных — прывабныя працэнтныя стаўкі, пэўныя патрабаванні да сацыяльнага статусу крэдытаатрымальніка і мэтавае прызначэнне крэдытных сродкаў.

Якраз да такой катэгорыі і адносіцца спецыялізаваны крэдыт для маладых спецыялістаў. Умовы атрымання гэтага віду крэдыту вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2000 года № 631 “Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян”.

Першапачаткова ў гэтым дакуменце вызначана, што права на атрыманне гэтага віду крэдыту маюць не ўсе маладыя спецыялісты, а толькі тыя, што адпавядаюць указаным патрабаванням.

Так, маладыя спецыялісты могуць разлічваць на такі крэдыт пры захаванні трох умоў адначасова. Першая з іх: маладыя людзі павінны скончыць дзяржаўную ўстанову вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі або ўстанову адукацыі спажывецкай кааперацыі гэтых жа ўзроўняў. Другая ўмова: неабходна прыступіць да работы па размеркаванні ці накіраванні на работу (накіраванні для праходжання службы) не па месцы жыхарства бацькоў. Калі ж маладыя спецыялісты, якія закончылі названыя ўстановы адукацыі, накіраваны ці размеркаваны на работу ў раёны, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (згодна з зацверджаным урадам краіны пералікам тэрыторый, населеных пунктаў і іншых аб’ектаў, што адносяцца да зон радыеактыўнага забруджання), то месца жыхарства іх бацькоў не мае значэння. І, нарэшце, апошняя ўмова тычыцца статусу арганізацыі, куды накіраваны ці размеркаваны малады спецыяліст: гэта можа быць арганізацыя, што фінансуецца з бюджэту, ці воінская частка, органы і падраздзяленні ўнутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, Следчага камітэта, арганізацыі спажывецкай кааперацыі і сельскагаспадарчыя арганізацыі.

Варта адзначыць, што права на атрыманне крэдыту за адзначанымі катэгорыямі маладых спецыялістаў захоўваецца на працягу двух гадоў пасля заканчэння навучальнай установы. Праўда, скарыстацца ім можна толькі аднойчы. Дарэчы, сёлета ў названы ўказ былі ўнесены пэўныя ўдакладненні, згодна з якімі зараз выпускнікам дзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі, што атрымалі яе па профілі  “Ахова здароўя”, крэдыт прадастаўляецца на працягу двух гадоў пасля праходжання інтэрнатуры (стажыроўкі).

Асноўныя перавагі —
нізкі працэнт і адтэрміноўка па выплатах

Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, крэдыт прадастаўляецца ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” у памеры да 15-разовага бюджэту пражытачнага мінімуму. Пастановай Савета Міністраў ад 27 ліпеня 2012 го­да № 698 бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва на перыяд з 1 жніўня да 31 кастрычніка бягучага года ўстаноўлены ў памеры 843 870 рублей. Адпаведна, максімальна магчымая сума крэдыту для маладых спецыялістаў складзе каля 12 700 тысяч рублёў. Аднак трэба мець на ўвазе, што ў кожным выпадку максімальна магчымая сума крэдыту залежыць ад заробку маладога спецыяліста.

Выдаюцца такія крэдыты на тэрмін да 5 гадоў з выплатай за карыстанне ў памеры 25% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. На сёння стаўка рэфінансавання складае 30,5%, адпаведна стаўка па такім відзе льготнага крэдыту складзе 7,6%. Пры гэтым варта памятаць, што калі на момант звароту за крэдытам стаўка рэфінансавання зменіцца ў большы ці меншы бок, то адпаведна зменіцца і стаўка па крэдыце.

Яшчэ адзін бясспрэчны плюс гэтага крэдыту — адтэрміноўка па выплатах. Пагашэнне запазычанасці па льготным крэдыце і выплата працэнтаў за карыстанне ім ажыццяўляецца праз 6 месяцаў пасля дня выдачы крэдыту роўнымі долямі на працягу ўсяго тэрміну пагашэння.

Але трэба мець на ўвазе, што крэдыт не выдаецца маладому спецыялісту на рукі наяўнымі грашыма. На вызначаную суму ён можа набыць выбраныя тавары толькі за безнаяўны разлік — шляхам пералічэння па рахунках-фактурах, чэкавай кніжкай, разліковымі чэкамі. Пры гэтым дзейнічае яшчэ адна абавязковая ўмова: усе рэчы павінны быць айчыннай вытворчасці і ўваходзіць у вызначаны спіс. Але апошняе наўрад ці абмяжоўвае маладых спецыя­лістаў, што разлічваюць на дадзены від крэдыту: спіс уключае ўсё неабходнае для камфортнага ўладкавання быту, а айчынная вытворчасць з кожным годам асвойвае ўсё новыя тэхналогіі.

Такім чынам, у спіс магчымых для набыцця з дапамогай ільготнага крэдыту тавараў уваходзяць мэбля, халадзільнікі, тэлевізары, газавыя ці электрычныя пліты, пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, камп’ютары, маніторы, пыласосы, электрачайнікі, кухонныя машыны. Акрамя таго, яшчэ ў 2010 годзе гэты пералік быў дапоўнены таварамі першай неабходнасці — адзенне, абутак, падушкі, коўдры і нават посуд.

Пагадзіцеся, умовы на сённяшнім рынку крэдытных рэсурсаў сапраўды прывабныя. Таму, напэўна, можна змірыцца і з некаторымі цяжкасцямі афармлення такога віду крэдыту. Зрэшты, наўрад ці гэта сапраўды цяжкасці, але распешчаныя прапановамі аформіць крэдыт “тут і зараз” маладыя людзі часам губляюцца, убачыўшы пералік дакументаў, неабходных для атрымання гэтага крэдыту.

Так, згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі № 631, ільготныя крэдыты прадастаўляюцца маладым спецыялістам па спісах, зацверджаных раённымі, гарадскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі, на аснове хадайніцтваў арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і ў якіх працуюць выпускнікі дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Такім чынам, пры жаданні атрымаць гэты від крэдыту першапачаткова варта звяртацца не ў банк, а па месцы работы, далей — у мясцовы выканаўчы орган улады. Звычайна на месцах гэтыя пытанні курыруюць спецыялісты аддзелаў па справах моладзі. Непасрэдна ж рашэнне аб уключэнні маладога чалавека ў спісы на атрыманне льготнага крэдыту прымаецца калегіяльна мясцовым органам выканаўчай улады.

Як правіла, працэс прыняцця рашэння аб выдачы крэдытаў надоўга не зацягваецца. Пры прадастаўленні неабходнага пакета дакументаў адпаведнае рашэнне аб уключэнні ў спісы на льготнае крэдытаванне прымаецца на пасяджэнні райвыканкама. Далей дакументы накіроўваюцца ў банк. І ўжо ў банку вызначаецца, у якім памеры магчыма даць крэдыт маладому спецыялісту.

Якім жа павінен быць заробак, каб з’явілася магчымасць атрымаць максімальную суму крэдыту? У ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” нам адразу паведамілі, што нават заробку ў памеры 600 тысяч дастаткова, каб атрымаць максімальны памер крэдыту каля 12 млн 700 тысяч.

“Пры такім сярэднім заробку маладому спецыялісту можна разлічваць на крэдыт у памеры 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. На сёння гэтая сума складае 12 658 000 рублёў, — паведамілі ў прэс-службе ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк”. — Пры гэтым крэдытаатрымальніку прадастаўляецца адтэрміноўка ў выплаце крэдыту на 6 месяцаў, пасля чаго крэдыт выплачваецца роўнымі часткамі на працягу вызначанага тэрміну. Такім чынам, у месяц маладому спецыялісту неабходна будзе плаціць суму каля 280 тысяч (дакладней 279 870 ) рублёў, дзе 234 407 рублёў — гэта асноўны доўг, а 45 458 рублёў — плата па працэнтах”.

Ну і нарэшце, самае цікавае: ці сапраўды такая сума крэдыту дапаможа маладому чалавеку ўладкаваць свой быт? Для высвятлення гэтага накіроўваемся ў адзін з буйных універмагаў сталіцы, паколькі тавары за кошт ільготнага крэдыту магчыма выбіраць у любым гандлёвым пункце краіны, незалежна ад месца жыхарства ці работы. Найперш звяртаем увагу на халадзільнік — а як без яго? Найбольш бюджэтныя, але ў той жа час і даволі ўмяшчальныя мадэлі айчыннага “Атланта” “пацягнуць” з кішэні дзесьці 2,6 млн рублёў. Застаецца яшчэ каля 10 млн. Прыглядаемся да пральнай машыны таго ж вытворцы (без гэтай цуда-тэхнікі сёння не ўяўляе сабе жыццё, напэўна, ніводны малады чалавек) — яшчэ мінус 2 млн рублёў. Цяжка абысціся і без хаця б мінімальнага набору мэблі. Простая канапа, крэслы, стол будуць каштаваць не менш як 3 млн рублёў. Дадаем да гэтага кошт тэлевізара ці камп’ютара — каму што бліжэй — і атрымліваем прыблізны набор неабходных у першыя часы рэчаў. Як паказваюць прыблізныя разлікі, вызначанай сумы льготнага крэдыту хопіць на такі мінімальны набор тавараў і нават яшчэ застанецца на пэўныя дробязі — адзенне, абутак, посуд ці штосьці іншае.

Наталля ІЛЬІНА.

 

Парадак дзеянняў для атрымання крэдыту для маладых спецыялістаў істотна адрозніваецца ад парадку дзеянняў пры атрыманні іншых відаў крэдыту. Таму калі вы прааналізавалі свае фінансавыя магчымасці і прафесійныя перспектывы і ўсё ж вырашылі ўзяць крэдыт, то варта прытрымлівацца наступнага алгарытму:

*перш-наперш варта звярнуцца да свайго наймальніка за хадайніцтвам аб прадастаўленні крэдыту;
* наступны крок — зварот у выканаўчы орган мясцовай улады (як правіла, аддзел па справах моладзі);
* пасля прыняцця райвыканкамам рашэння аб прадастаўленні крэдыту непасрэдна для заключэння крэдытнага дагавора варта звярнуцца ў мясцовы аддзел ААТ “Беларусбанк”.
Паколькі гэты від крэдыту адносіцца да мэтавых, то расходаваць яго вы можаце толькі на пэўны пералік тавараў. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2000 года 631 “Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян”, за крэдытныя сродкі можна набыць наступныя тавары беларускай вытворчасці:
* мэбля, халадзільнік, тэлевізар, газавая ці электрычная пліта, пральная машына, мікрахвалевая печ, камп’ютар, манітор, пыласос, электрачайнік, кухонная машына;
* тавары першай неабходнасці — абутак, адзенне, коўдры, падушкі, посуд.

Пры звароце ў райвыканкам за рашэннем аб уключэнні ў спіс асоб на атрыманне крэдыту для маладых спецыялістаў варта падрыхтаваць пэўны пакет дакументаў. Пры гэтым за некаторымі дакументамі вам зноўтакі неабходна звярнуцца непасрэдна да свайго наймальніка (як правіла, кіраўніка ўстановы, дзе вы працуеце), а аб наяўнасці іншых дакументаў трэба паклапаціцца самастойна. Такім чынам вам неабходныя:

* пашпарт ці іншы дакумент, што сведчыць асобу;
* хадайніцтва аб прадастаўленні крэдыту з месца работы;
* дыплом (або завераная яго копія) аб заканчэнні вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай установы адукацыі;
* копія пісьма навучальнай установы аб накіраванні выпускніка на работу ў пэўную арганізацыю;
* выпіска з загада аб прыёме на работу;
* даведка з месца жыхарства бацькоў;
* даведка з месца жыхарства і аб складзе сям’і заяўніка.