Агульны вектар развіцця

Напрыканцы жніўня ва ўсіх абласцях і Мінску прайшлі традыцыйныя рэгіянальныя педагагічныя канферэнцыі. Зрэшты, вызначэннерэгіянальныяў дадзеным выпадку характарызуе ў большай ступені фармат, але не змест мерапрыемства. Бо на гэтых сустрэчах педагагічнага актыву не толькі абмяркоўваліся дасягненні і праблемы пэўных рэгіёнаў, але і ставіліся задачы развіцця сістэмы адукацыі ўвогуле для ўсёй краіны. Нездарма ж на такіх сустрэчах абавязкова прысутнічае кіраўніцтва галіновага міністэрства. Сёлета, напрыклад, міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч наведаў педагагічныя нарады ў сталіцы і прысталічным рэгіёне, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Іванавіч Жук прыняў удзел у форуме педагогаў Гродзеншчыны, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык удзельнічаў у рабоце педагагічнага форуму Магілёўшчыны і Мінска. На сустрэчу з педагагічнай грамадскасцю брэсцкага рэгіёна завітаў намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч, а намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды прыняў удзел у рабоце канферэнцый педагогаў віцебскага і гомельскага рэгіёнаў.

Менавіта ў такім цесным супрацоўніцтве рэгіянальных сістэм адукацыі і галіновага ведамства і вызначаюцца найбольш актуальныя задачы, перспектывы, агульны вектар развіцця сістэмы адукацыі краіны.

Дык на што варта звярнуць увагу прадстаўнікам розных узроўняў адукацыі ў новым навучальным годзе? Які вопыт таго ці іншага рэгіёна будзе карысны для іншых? Якія рэзервы для развіцця неабходна выкарыстоўваць больш эфектыўна? Адказаць на гэтыя пытанні мы паспрабавалі, прааналізаваўшы матэрыялы з педагагічных нарад рэгіёнаў краіны.

Дашкольная адукацыя

 Дашкольная адукацыя — старт у сістэме развіцця і адукацыі дзіцяці. У многім ад таго, якім будзе гэты старт, залежыць будучыня маленькага чалавека. Сёння дашкольная ўстанова — гэта не проста месца, дзе бацькі могуць пакінуць сваё дзіця пад наглядам, а менавіта ўстанова адукацыі, закліканая развіваць індывідуальныя здольнасці дзіцяці, дапамагчы яму з годнасцю ўступіць у “дарослае” школьнае жыццё. Менавіта таму развіццю гэтага ўзроўню адукацыі ў краіне ўдзяляецца вельмі істотная ўвага. Наша краіна вызначаецца адным з самых высокіх узроўняў ахопу дзяцей дашкольнага ўзрос­ту дашкольнай адукацыяй. У абласцях гэты паказчык сёння вар’іруецца ад 68,8% у брэсцкім рэгіёне да 80,4%  у гродзенскім.

Разам з тым у шэрагу рэгіёнаў існуе праблема недахопу месцаў у дашкольных установах. Даволі востра гэта адчуваецца ў некаторых мікрараёнах-новабудоўлях сталіцы (хоць у цэлым па гора­дзе колькасць месцаў у дашкольных установах і дзяцей дашкольнага ўзросту супастаўляльная). Існуе праблема недахопу месцаў у дашкольных установах у некаторых сельскіх населеных пунктах і раёнах масавай жыллёвай забудовы гарадоў брэсцкага рэгіёна. Для поўнага задавальнення запытаў бацькоў неабходна дадаткова больш за 6 тысяч месцаў у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Маларыцкім, Кобрынскім, Пружанскім раёнах. Захоўваецца чарговасць на змяшчэнне дзяцей у дашкольныя ўстановы ў некаторых сельскіх населеных пунктах і раёнах Гомельшчыны, Гродзеншчыны. У апошнім выпадку для поўнага задавальнення запытаў бацькоў неабходны дадаткова 874 месцы (у Гродне, Лідзе, Ашмянах, Навагрудку, гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна).

Як вырашыць праблему? Па сутнасці, шляхі яе вырашэння вызначаны ў Праграме развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі у Рэспубліцы Беларусь на 2009—2014 гады: гэта і будаўніцтва новых устаноў, прадугледжанае праграмай, і аптымізацыя сеткі існуючых устаноў адукацыі, і развіццё новых форм дашкольнай адукацыі. На апошнім, дарэчы, варта спыніцца больш падрабязна. Сёння пашыраюцца формы арганізацыі дашкольнай адукацыі і спектр дадатковых адукацыйных паслуг, выкарыстоўваюцца сучасныя развіццёвыя, здароўезберагальныя тэхналогіі. Бацькам прапаноўваюцца новыя формы работы дашкольных устаноў: адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы выхаднога дня, вячэрнія групы і інш. Развіваюцца і прынцыпова новыя паслугі ў дашкольнай адукацыі: сямейныя дзіцячыя садкі, гувернёрскія паслугі. Відавочна, што гэтыя паслугі запатрабаваны ў насельніцтва, таму натуральна, што неабходна і далей іх развіваць.

Яшчэ адзін аспект такой дзейнасці — прыцягненне бізнесу ў дашкольную адукацыю. Сёння гэты напрамак найбольш інтэнсіўна развіваецца ў сталіцы, дзе некалькі дашкольных устаноў прыватнай уласнасці ўжо нават канкурыруюць паміж сабой. Але чаму б вопыт не пераняць і іншым рэгіёнам? Пра гэта, дарэчы, разважаў падчас педагагічнай нарады ў Гродне і першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Іванавіч Жук.

Паводле яго слоў, адной з важных задач, якія цяпер неабходна вырашаць у сістэме адукацыі, з’яўляецца даступнасць дашкольных устаноў. Гэтая праблема існуе ў першую чаргу ў буйных гарадах, дзе нават пры наяў­насці месцаў у дашкольных установах назіраюцца цяжкасці з дастаўкай да іх дзяцей. Задача даступнасці дашкольнай адукацыі вырашаецца рознымі спосабамі, у тым ліку праз будаўніцтва новых дашкольных устаноў. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці да канца года будуць адкрыты 3 новыя дзіцячыя садкі, 2 з іх — у Гродне. Таксама арганізуецца падвоз дзяцей да дашкольных устаноў.

Акрамя таго, падкрэсліў Аляксандр Іванавіч Жук, вырашэнне праблемы бачыцца ў тым, каб шукаць магчымасці прыцягнення бізнесу ў дашкольную адукацыю, прадпрымальнікам неабходна прадастаўляць магчымасць адкрываць прыватныя садкі.

Але ж, зразумела, ніякая колькасць устаноў не вырашыць задачы дашкольнай адукацыі без наяўнасці кваліфікаваных педагогаў. У гэтым напрамку ў апошнія гады зроблена нямала. У выніку значна вырасла колькасць работнікаў дашкольных устаноў з профільнай, у тым ліку і вышэйшай адукацыяй.

Агульная сярэдняя адукацыя

Актуальнае пытанне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў і для ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння ва ўсіх рэгіёнах абсалютная боль­шасць педагогаў мае вышэйшую адукацыю. Уражвае і колькасць педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. У Віцебскай вобласці, напрыклад, 84,3% педагогаў-прадметнікаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Але, на жаль, не заўсёды гэтыя паказчыкі карэлююцца з якасцю адукацыі вучняў. Так, напрыклад, па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў Віцебскай вобласці па чатырох прадметах (руская мова, фізіка, англійская мова, іспанская мова) адзначаецца самы нізкі сярэдні бал (ніжэйшы вынік толькі ў Брэсцкай вобласці, дзе самы нізкі бал назіраецца па пяці вучэбных прадметах). У 2012 го­дзе знізіўся вынік удзелу каманды Віцебскай вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: у 2011 годзе — чацвёртае каманднае месца, у 2012 — пятае. Падобныя супярэчнасці можна прасачыць і ў іншых рэгіёнах. У чым прычына? Па меркаванні прадстаўнікоў галіновага ведамства, сёння глабальная інфарматызацыя грамадства, фарміраванне новага інфармацыйнага асяроддзя і эканомікі патрабуюць шмат у чым і новай сістэмы адукацыі. Варта звярнуць асаблівую ўвагу на павышэнне эфектыўнасці факультатыўных заняткаў для забеспячэння асабістай траекторыі развіцця вучня з улікам яго індывідуальных здольнасцей і авалодання зместам вучэбных прадметаў на павышаным узроўні.

Адпаведна патрабуецца і павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, іх падрыхтоўкі для работы ў сучасным інфармацыйным асяроддзі і авалодання сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Стымулюючым жа фактарам для павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў павінна стаць удасканаленне сістэмы матэрыяльнага стымулявання педагогаў, заснаванае менавіта на выніках іх работы. Дарэчы, з 2013 года ў некаторых раёнах краіны стартуе праект прынцыпова новай сістэмы фінансавання ўстаноў адукацыі, які, сярод іншага, закліканы адысці ад прынцыпу “ўраўнілаўкі” ў пытанні аплаты працы педагогаў і матэрыяльна стымуляваць менавіта тых педагогаў, што працуюць на вынік. Так, падчас нарады ў Мінску міністр адукацыі С.А.Маскевіч расказаў, што ў некаторых навучальных установах Мінска, Гродна, Гомеля бу­дзе праходзіць эксперымент па падушавым фінансаванні. Сутнасць праекта ў тым, што грошы будуць выдзяляцца не на пэўную ўстанову, а на пэўнага вучня. Адпаведна аб’ёмы фінансавання ўстановы будуць залежаць ад выніковасці яе работы: наколькі вучні будуць зацікаўлены вучыцца менавіта ў той ці іншай установе.

“Калі ў пэўнай школе вучню не спадабаецца і ён пойдзе ў іншую, дзе лепшыя педагогі, з ім “пойдуць” і грошы. Установы адукацыі павінны змагацца за свайго вучня”, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч.

З укараненнем новай сістэмы школы і гімназіі, да таго ж, будуць мець большую самастойнасць у тым, як распараджацца сродкамі, якія заробяць, што ў сваю чаргу дасць дадатковыя магчымасці для стымулявання работы педагогаў.

Актуальным застаецца і пытанне паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, набыцця новага вучэбнага абсталявання для прадметных кабінетаў, замены камп’ютарнай тэхнікі.

Дарэчы, як паведаміў на нара­дзе ў Мінскай вобласці міністр адукацыі С.А.Маскевіч, на сёння ўжо прынята рашэнне аб выдзяленні з рэспубліканскага бюджэту сродкаў на аснашчэнне кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі новым сучасным абсталяваннем. “Мы спадзяёмся, што на працягу трох гадоў створым сучасныя лабараторыі і кабінеты па гэтых прадметах”.

У гэтай сувязі варта адзначыць, што для павышэння якасці адукацыі нашай сістэме не абысціся без рэарганізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. Забяспечыць малакамплектныя школы вузкімі спецыялістамі-прадметнікамі высокага прафесійнага ўзроўню і найноўшым вучэбным абсталяваннем немагчыма. Таму, як адзначыў падчас выступлення на нарадзе ў Брэсце намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч, сельскія школы, якія наведваюць менш за 40 дзяцей, неабходна закрываць і пераводзіць вучэбна-выхаваўчы працэс у буйныя навучальныя ўстановы з абавязковай арганізацыяй падвозу вучняў.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У новым навучальным годзе сістэма адукацыі будзе ўдзяляць павышаную ўвагу ранняй прафарыентацыі школьнікаў для забеспячэння эканомікі краіны высокакваліфікаванымі і ініцыятыўнымі кадрамі, здольнымі працаваць на сучасным абсталяванні.

— Задача педагогаў — арыентаваць школьнікаў на атрыманне спецыяльнасцей, запатрабаваных на рынку працы і ў рэальным сектары эканомікі, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч падчас нарады ў брэсцкім рэгіёне.

Дзейсным сродкам у гэтай рабоце можа стаць прыцягненне спецыялістаў з рэальнага сектара эканомікі.

Увогуле развіццё прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння з рэальным сектарам. Далейшы шлях развіцця ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — менавіта ў супрацоўніцтве з заказчыкамі кадраў і ў пытанні прагназавання патрэбнасці ў кадрах, і ў пытанні ацэнкі падрыхтаванасці выпускнікоў, і нават у вызначэнні зместу адукацыі. Сёння, дарэчы, многія вядомыя вытворчыя кампаніі ідуць на такое супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі, напрыклад, у частцы адкрыцця рэсурсных цэнтраў. Дарэчы, развіццё сеткі рэгіянальных рэсурсных цэнтраў, у тым ліку і ў выглядзе адасобленых структурных падраздзяленняў устаноў адукацыі, для ажыццяўлення прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых — адна з асноўных задач для сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны на наступны год.

Алена МАРКЕВІЧ,
 [email protected].