“Я бяруся за тое, у што веру сама, і веру тым, з кім працую”

У кожнага з нас — сваё прызначэнне. Яно дадзена Богам, і выканаць яго — наша галоўная задача. Нехта павінен стаць выдатным настаўнікам, нехта — добрым доктарам, інжынерам, будаўніком… Рабіць дабро — гэта таксама прызначэнне. Мабыць, таму людзі, для якіх добрыя справы сталі сэнсам жыцця, ніколі не могуць адказаць на, здавалася б, простае пытанне: чаму вы гэта робіце?
Не змагла адказаць на яго і гамяльчанка Юлія Перагудава — першая ў гісторыі краіны місіс Беларусь, якая атрымала гэты тытул на конкурсе прыгажосці ў мінулым годзе.

Калі здзяйсняюцца жаданні

Некалькі дзён запар я тэлефанавала Юліі, каб дамовіцца з ёй аб сустрэчы і пагутарыць. У працоўны час было няпроста знайсці нават паўгадзіны банкаўскаму работніку, якім з’яўляецца ўладальніца высокага тытула. На пабочныя справы адцягвацца нельга, а па заканчэнні працоўнага дня яна разам з мужам і дзецьмі аддае сябе навагоднім дабрачынным акцыям. У рэшце рэшт мы сустрэліся ў 9 гадзін вечара. Дзверы адчыніла прыгожая маладая жанчына з прыемнай усмешкай. — Не звяртайце ўвагу на тое, што робіцца ў кватэры, — адразу просіць гаспадыня. — Перад навагоднімі святамі наша жыллё заўсёды нагадвае склад. Гэта падарункі, якія сабраны падчас акцый для дзяцей-сірот.
Сапраўды, мноства запакаваных пакетаў раскладзена на падлозе. Праз празрыстыя ўпакоўкі можна разгледзець рознакаляровыя рэчы: цацкі, канцтавары і яшчэ шмат чаго.
— Усё гэта куплена гамяльчанамі, якія не засталіся раўнадушнымі да дзіцячых жаданняў, — тлумачыць Юля.
“Ёлка жаданняў” — гэта ўжо не проста акцыя, а традыцыя, якой больш за пяць гадоў. Такім чынам, дабрачынная дзейнасць першай місіс Беларусь пачалася задоўга да перамогі ў конкурсе. Ідэя дапамагаць школам-інтэрнатам і дзіцячым дамам належыць мужу Юліі Дзмітрыю і яго сябру. Надоўга адкладваць не сталі. Як прадпрымальнік Дзіма звярнуўся да мясцовых улад з афіцыйнымі лістамі, у якіх прасіў дазвол устанавіць у Гомелі дабрачынныя ёлкі, каб сабраць падарункі для сірот. Зразумела, улады пайшлі насустрач, і ўжо самая першая ёлка жаданняў паказала, як шмат у абласным цэнтры добрых і шчырых людзей, гатовых рабіць дабро.
Так важна, каб у навагоднія святы дзеці верылі ў цуд, у тое, што існуе добры Дзед Мароз, які абавязкова падорыць штосьці запаветнае. У сям’і яго ролю звычайна выконваюць бацькі: яны кладуць пад ёлку падарунак для свайго дзіцяці і кажуць, што яго пакінуў той самы добры дзядуля з доўгай белай барадой. А для тых дзетак, якія засталіся без бацькоў, ролю такіх чараўнікоў могуць выканаць незнаёмыя людзі з гарачымі сэрцамі — такія як Юля і Дзіма Перагудавы, як звычайныя прахожыя, якія пакідаюць пад ёлкай жаданняў падарункі, як валанцёры, якія ў любое надвор’е хаця б паўгадзіны свайго часу аддаюць на тое, каб заклікаць людзей паўдзельнічаць у акцыі, каб раздаць лістоўкі і сабраць падарункі.
— Дзеці загадзя пісалі Дзеду Марозу, што яны хочуць атрымаць на Новы год, — расказвае мая суразмоўніца. — Гэтыя лісты мы развесілі на ёлкі ў гіпермаркетах, і кожны жадаючы можа выбраць той падарунак, які ён хоча перадаць дзіцяці.
Юля прызнаецца, што ў сваіх лістах дзеткі просяць звычайныя рэчы: цацку, аб якой даўно марылі, прыгожыя рукавічкі. Старэйшыя часта просяць, напрыклад, флэшку ці якія-небудзь рэчы для догляду сябе.
— Адзін хлопчык у сваім лісце прасіў тры падарункі, — расказвае Юля. — Машынку для сябе, яшчэ адну машынку для свайго сябра і навагоднюю гірлянду, якая магла б упрыгожыць іх пакой у школе-інтэрнаце. А яшчэ вельмі крануў адзін выпадак. Дзяўчынка напісала ў сваім пісьме-пажаданні, што яна вельмі хацела б атрымаць у падарунак касметыку. “Я часта выступаю на сцэне, і мне гэта вельмі патрэбна”, — тлумачыла яна. Вы нават не ўяўляеце, якія пачуцці ахапілі мяне, калі я ўбачыла, што нехта адгукнуўся на пісьмо юнай модніцы і сабраў для яе цэлую касметычку.

Ёлкі добрых спраў

Юля дзеліцца ўспамінамі, а я заўважаю, як яе вочы блішчаць ад слёз, і маё сэрца сціскаецца, бо я сяджу побач з чалавекам, прыгожым не толькі знешне, але і душой. Я адчуваю гордасць за тое, што цяпер сярод маіх добрых знаёмых ёсць і Юля Перагудава — не таму, што яна ўладальніца тытула самай прыгожай маці і жонкі, а таму, што яна мае вялікае сэрца.
Было каля 10 гадзін вечара, калі дадому вярнуўся Дзмітрый. У руках — яшчэ некалькі дзясяткаў такіх жа празрыстых пакетаў, у кожным з якіх — чыясьці мара. Удзень пад кожную з устаноўленых ёлак прыносяць вось такія падарункі, а ўвечары Дзіма забірае іх. Пакуль мы гутарым з Юляй, ён раскладвае новые падарункі, глядзіць, на якія пажаданні дзяцей адгукнуліся гараджане.
— Юля, фен дзяўчынцы купілі! — радасна крычыць Дзіма з суседняга пакоя.
— Праўда?!
Жанчына ўжо не стрымала слёз, яны пацяклі тоненькімі ручайкамі па шчоках.
— Ведаеце, гэта пяцігадовая дзяўчынка напісала, што яна вельмі любіць, калі ёй заплятаюць коскі, і што ёй так хацелася б атрымаць у падарунак прыгожыя заколкі і фен для валасоў, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Гэта нятанны падарунак, і я сумнявалася, што нехта адгукнецца.
Цяпер ужо слёзы на вачах былі ў нас абедзвюх. Але гэта былі слёзы радасці. У такія хвіліны разумееш, што побач з намі жыве шмат добрых людзей. А яшчэ ўяўляеш сабе, якое шчасце агарне тых дзяцей, якія атрымаюць запаветныя падарункі.
Дарэчы, у гэтым годзе ёлка жаданняў “разраслася” амаль па ўсёй краіне. Напярэдадні сям’я Перагудавых звярнулася з лістамі-прапановамі да ўсіх абласных цэнтраў. Яны заклікалі актывістаў арганізаваць такую акцыю ў сваіх рэгіёнах. У выніку вопыт гамяльчан перанялі ў Брэсце, Гродне і Мінску.
Яшчэ адно важнае мерапрыемства, у якім удзельнічаюць Юлія Перагудава і яе муж, — дабрачынны марафон у дапамогу хворым дзецям “Ёлка добрых спраў”, які прайшоў у Гомелі ў апошнія дні снежня.
У лёгкаатлетычным манежы “Дынама” разгарнуўся сапраўдны зімовы казачны гарадок для дзяцей і бацькоў. Выставы рамеснікаў і майстар-класы, інтэрактыўныя гульні для дзяцей, артысты на хадулях і роставыя лялькі, мімы, аніматары, шоу трансформераў, тэатр агню, канцэртныя нумары гомельскіх калектываў і вядомых спевакоў і многае іншае ўбачылі наведвальнікі форуму.
— Уваход у казачны горад каштаваў 100 тысяч рублёў, — расказвае Юля. — Гэта невялікая сума з улікам усіх забаў, якія чакалі там дзяцей і дарослых. А сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу хворым дзецям з Беларускага дзіцячага хоспіса, апёкавага цэнтра і іншых спецыялізаваных устаноў. Арганізатары абавязкова дадуць справаздачу, на што былі выдаткаваны заробленыя на “Ёлцы добрых спраў” грошы.

…Добрых людзей нямала

Зразумела, дабрачыннасць маладой гомельскай сям’і не абмяжоўваецца толькі навагоднімі акцыямі. Рабіць дабро — для іх справа штодзённая. Юля і Дзіма заўсёды ў пошуку тых, каму неабходна дапамога. Так было раней, так ёсць і цяпер. Місіс Беларусь кажа, што пасля перамогі ў конкурсе змяніўся толькі маштаб добрых спраў, стала больш магчымасцей, а ўсё астатняе засталося ранейшым, чаму сама Юля вельмі рада.
— Планаў у нас вельмі многа, — прызнаецца Юля. — Нараджаюцца новыя ідэі, і мы спадзяёмся, што з дапамогай добрых людзей усе яны будуць рэалізаваны. Без чалавечай дабрыні, без валанцёраў, якія робяць шмат работы, нічога не атрымалася б. Калі ўзнікае нейкая ідэя і ты пачынаеш сумнявацца, ці хопіць на гэта сіл, дастаткова патэлефанаваць каму-небудзь з аднадумцаў, як усе сумненні знікаюць.Прыкладна так было і з акцыяй “Горад — выратавальнік”, нядаўна праведзенай па ініцыятыве Юліі Перагудавай і яе мужа Дзмітрыя. Мэтай акцыі быў збор сродкаў на лячэнне 15-гадовай гамяльчанкі Насці Юрчанка падчас дабрачыннага канцэрта з удзелам беларускіх зорак. Было сабрана амаль 60 мільёнаў рублёў. Выручка склала каля 47 мільёнаў, і каля 11 мільёнаў рублёў паклалі ў скрыню для збору грошай на лячэнне Насці гледачы.
— Такі поспех акрыліў нас, —дзеліцца мая суразмоўніца. — Цяпер мы шукаем дзіця, якому, як і Насці, патрэбна пэўная дапамога. Не мае значэння, у якім куточку краіны жыве сям’я. Галоўнае, каб бацькі не апускалі рукі і актыўна змагаліся за выздараўленне свайго дзіцяці, каб бралі на сябе частку работы, а не чакалі, што мы і валанцёры ўсё зробім самі.
Пасля таго як прайшла “Ёлка добрых спраў”, маладая сям’я вырашыла, што неабходна зрабіць гэтае мерапрыемства традыцыйным.
— Калі кожны год адкрываць для наведвальнікаў такі казачны навагодні горад, — разважае Юля, — то мы зможам мэтанакіравана збіраць сродкі.
Сямейная пара марыць пра тое, каб у Гомелі адкрыць рэабілітацыйны цэнтр, а напоўніць яго спецыяльнымі трэнажорамі можна якраз пры дапамозе такой акцыі. Што тычыцца медыцынскага персаналу, які будзе працаваць у цэнтры, то ў Гомелі, сцвярджае Юлія Перагудава, высакакласных дактароў вельмі шмат.
Яшчэ адна мара Юліі і Дзмітрыя — дапамагчы Улукаўскай школе-інтэрнату, што ў Гомельскім раёне, аднавіць цяпліцы, якія стаяць тут яшчэ з савецкіх часоў, ці, магчыма, пабудаваць новыя. Гэта дазволіць вырошчваць садавіну і агародніну і прыцягваць да справы выхаванцаў.
Варта адзначыць, што з гэтай школай-інтэрнатам сям’ю Перагудавых звязваюць даўнія сяброўскія адносіны. Менавіта з яе распачыналася некалькі гадоў назад “Ёлка жаданняў”. А гэтай восенню, дзякуючы місіс Беларусь і валанцёрам, тут з’явіўся дзіцячы гарадок. Юлію і яе мужа запрасілі прыняць удзел у шоу “100 мільёнаў”, і маладая пара адразу вырашыла: калі ўдасца выйграць якія-небудзь грошы, усю суму пералічаць на рахунак Улукаўскай дапаможнай школы-інтэрната. Так і зрабілі. Далей — пошук арганізацый і людзей, якія дапамаглі ў далейшым увасобіць мару аб дзіцячай пляцоўцы ў рэальнасць. Юля гаворыць, што нельга пералічыць усіх, хто адгукнуўся і прыняў удзел у добраўпарадкаванні пляцоўкі.
— Як добра, што знаходзяцца чулыя людзі і што яны ніколі не падводзяць вас, — выказваю сваю думку.
— Я бяруся за тое, у што веру сама, і веру тым, з кім працую, — адказвае Юлія Перагудава. — Ведаеце, прынята лічыць, што дабрачыннасць — гэта грашовая дапамога, але гэта не зусім так. Можна дапамагчы справамі, ідэямі, узяць на сябе арганізацыйныя моманты. У нашай справе любая дапамога каштоўная.
Мы развітваліся амаль апоўначы. Заўтра — новы дзень, новыя падарункі для дзяцей і новыя радасці для мужа і жонкі Перагудавых. Я назірала, як шчыра яны радуюцца, што нехта, адгукнуўшыся на ліст-пажаданне, здзейсніў яшчэ адну дзіцячую мару. Вось чаму мы кажам: свет не без добрых людзей.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва сям’і Перагудавых.
Прачытала Н.Кастэнка.