Тэрыторыя дыпламатыі і сяброўства

У Рагачоўскім раёне на беразе возера Добрага ўжо 27 гадоў жыве “Крынічка” — міжнародны летнік дружбы дзяцей славянскіх народаў. Кожнае лета на працягу 9 дзён тэрыторыя летніка ператвараецца ў буйную міжнародную пляцоўку па абмене вопытам: настаўнікі і навучэнцы з Беларусі, Расіі і Украіны прыязджаюць сюды не толькі для таго, каб пазнаёміцца з культурай суседніх краін і новымі методыкамі ў выхаванні вучняў, а і з той мэтай, каб навучыць дзяцей галоўнаму — правільнай сацыялізацыі ў грамадстве.

Лінейка, прымеркаваная да Дня Незалежнасці.

Міжнародны летнік дружбы дзяцей славянскіх народаў “Крынічка” штогод арганізоўваецца ў Рагачове на возеры Добрым. Што ўяўляе сабой гэты летнік? Для тых, хто сюды трапляе ўпершыню, “Крынічка” можа нагадаць турыстычны рай. Сярод лесу, на беразе возера, разбіта мноства палатачных гарадкоў, у кожным з якім кіпіць жыццё: нехта піліць дровы, іншыя мяша­юць у кацялках, якія вісяць над кастром, салянку і кашу. Але насамрэч усё зусім інакш. “Крынічка” — гэта адна вялікая дружная краіна, у якой на працягу 9-дзённай змены ўсе дэлегацыі жывуць па законах сяброўства і ўзаемаразумення. Сёлета ў “Крынічцы” 228 удзельнікаў. 140 дзяцей прыехалі з Рагачова і Рагачоўскага раёна, 10 удзель­нікаў — прадстаўнікі сярэдняй школы № 27 Гомеля, якая носіць афіцыйны міжнародны статус школы міру. Астатнія 78 удзельнікаў — гэта 9 гасцявых дэлегацый: прадстаўнікі Смаленска, Курска, Арла, Навазыбкава, Санкт-Пецярбурга, Кацельнікаў.

“Крынічка” — гэта ўжо добрая традыцыя, гэта тое месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, — гаворыць начальнік “Крынічкі” дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі Анжаліка Яўгенаўна Драбкова. — Сёлета лагер праводзіцца ўжо 27-ы раз. У першыню “Крынічка” арганізоўвалася як палатачны летнік, і першыя, хто ў яго прыехаў, былі дзеці з аб’яднанага цэнтра “Маналіт” Курска. Менавіта тады і з’явілася ідэя зрабіць летнік міжнародным. У той час яшчэ быў папулярным скаўцкі рух. І было вырашына стварыць летнік такога кірунку”.

Міжнародны летнік для скаўтаў спадабаўся дзецям. “Крынічка” пачала набываць папулярнасць і ў Еўропе. Як вынік — геаграфія летніка з Рагачова пашырылася, на возера Добрае прыязджалі падлеткі з Чэхіі і Латвіі. Потым па аб’ектыўных прычынах, звязаных у асноўным з перасячэннем мяжы, геаграфія краін-удзельніц звузілася.

“Сёння летнік прымае 9 гасцявых дэлегацый, і самае прыемнае, што, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, да нас прыязджаюць дзеці з Наваград-Валынскага (Украіна), з Кацельнікаў (Маскоўская вобласць). Дарэчы, гэтыя гарады з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі Рагачова”, — расказала начальнік “Крынічкі”. — Кожны дзень у летніку тэматычны, мае сваю назву, а мерапрыемствы носяць фестывальны характар. У залежнасці ад тэмы дня прадумваем конкурсы. Уся аўдыторыя летніка — гэта падлеткі, а іх, як вядома, цяжка чымсьці здзі­віць. Таму мы стараемся штосьці новае прыўносіць у кожную змену. Нам нельга паўтарацца, бо частка дзяцей прыязджае з году ў год. І тое, што было для іх цікава ў мінулым годзе, сёлета ўжо не спадабаецца”.

Дэлегацыя Украіны.

Нягледзячы на новаўвядзенні, у фестывальнай праграме “Крынічкі” ёсць і традыцыйныя мерапрыемствы, якія не тое што не псуюць імідж летніка, наадварот, надаюць яму каларыт і непаўторнасць. Такім мерапрыемствам з’яўляецца “Дзень нацыянальных культур”.

“Сёлета мы разбавілі “Дзень нацыянальных культур” конкурсам славянскай кухні. Яшчэ адзін важны і традыцыйны конкурс — “Славянская крынічка”. Дзеці падчас гэтага конкурсу любым спосабам прэзентуюць сваю краіну і культуру. Вялікае значэнне штогод удзяляем спорту. Кожны раз праводзім розныя па напаўняльнасці спартыўныя эстафеты. Сёлета, як і ў мінулым годзе, рабілі цяжкую турыстычную паласу, толькі гэтым разам яе ўскладнілі, дадалі ў спартыўную праграму спаборніцтвы на лодках. І дзецям гэта вельмі спадабалася. Яны былі ў захапленні! Многія з падлеткаў упершыню трымалі ў руках вёслы, знаходзячыся на вадзе і спрабуючы грэбці, перакульваліся. Безумоўна, за тэхнікай бяспекі мы сочым, побач на вадзе знаходзяцца дзяжурныя прадстаўнікі Асвода”.

Закранаючы тэму рэжыму работы летніка, Анжаліка Яўгенаўна расказала, што “Крынічка” — гэта месца нястрогіх правіл, тут дзеці павінны адчуваць сябе свабодна. Любая забарона — гэта спакуса яе парушыць. Менавіта таму ў дзяцей няма строга вызначанага распарадку дня. Лес, возера, свежае паветра, новыя знаёмствы, песні ля вогнішча — ад усяго гэтага трэба па максімуме атрымаць асалоду, каб канікулы яшчэ доўга дарылі прыемныя ўспаміны.

Флэш-моб “Запаліце свечкі”.

“Падлеткі прыехалі на прыроду, каб адпачываць, а не каб у 21 гадзіну ўжо сядзець у палатках, — справядліва заўважае Анжаліка Яўгенаўна. — Мы дазваляем дзецям увесь вольны час праводзіць на свежым паветры.”

Жыць па сцэнарыях — не сучасна

У мінулым годзе ў “Крынічцы” з’явілася навінка: пачалі праца­ваць крэатыў-цэнтры, якія будуюцца выключна на фантазіі і нязгасным энтузіязме. Кожны атрад павінен прадумаць канцэпцыю свайго цэнтра і  прапанаваць астатнім удзельнікам летніка пэўны від паслуг, якімі можна скарыстацца. Зразумела, банальных цырульняў тут не было. Дзеці адкрывалі цэнтр меткасці, які вучыў кідаць сякеру (зразумела, пад наглядам дарослых!), пункт выпечкі і смакаты і інш.

“З нашымі дзецьмі вельмі прыемна і лёгка працаваць, — працягвае начальнік летніка. — Ім дастаткова даць ідэю — астатняе робяць самі. Гэта вельмі важна. Мы нічога не навязваем, у нас няма штампаваных мерапрыемстваў, якія ўказваюць рабіць толькі так і больш ніяк. Жыць па сцэнарыях — гэта не сучасна. Наадварот, у нас ёсць задумка, і мы даём дзецям развіць яе, паказаць сваё бачанне і перапісаць сцэнарый, калі трэба. Тое ж можна сказаць і пра настаўнікаў, якія суправаджаюць дзяцей. Мінулым летам, і пра гэта бу­дуць гаварыць, думаю, усе, мы жылі ў неспрыяльных умовах: 7 дзён з 9 ішлі дажджы. Але такія складанасці яшчэ больш аб’ядноўваюць. Мы ўсе выручалі адно аднаго. І тое, што складаныя сітуацыі не пу­жаюць, — гэта факт. Усе, хто быў тут у мінулым годзе, сёння зноў з намі. А ў 2 атрадах з’явіліся новыя кіраўнікі — не таму, што камусьці тут некамфортна. Настаўнікі рыхтуюць сабе змену, вучаць працаваць з дзецьмі ў абсалютна новых умовах. Узаемадзеянне ў “Крынічцы” адбываецца наступным чынам: раніцай мы праводзім для дзяцей зарадку, на лінейцы расказваем ім план на дзень, адразу пасля гэтага праводзіцца планёрка з педагогамі, таму што яны галоўныя арганізатары. Заўважаю, што атрады, бачачы суседнія дэлегацыі, перажываюць, каб не быць горшымі, таму цягнуцца за лідарамі. Нават у тэхнічным плане падчас падрыхтоўкі да мерапрыемстваў стараюцца не адставаць адно ад аднаго. Некаторыя атрады сёлета поўнасцю абнавілі палатачныя гарадкі. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга педагогаў, якія курыруюць дзяцей. Згадзіцеся, многае залежыць ад дарослых. Калі нехта прыехаў проста падыхаць паветрам і адпачыць, тады і ў дзяцей будуць такія ж адносіны да ўсяго, што адбываецца. Калі педагог прыехаў дапама­гаць выхаванцам удзельнічаць у конкурсах, быць на вышыні і імкнуцца да таго, каб пра атрад гаварылі, у дзяцей будзе зусім іншае стаўленне. За такімі педагогамі дзеці цягнуцца і бяруць з іх прыклад. Якімі б разумнымі ні былі дзеці, настаўнік заўсёды для іх з’яўляецца прыкладам. Таму педагогі ў нас усе творчыя і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу”.

Дзеці — лепшыя пасланнікі міру

На працягу апошніх двух гадоў летнік дружбы і міру ўяўляе сабой міжнародную пляцоўку, на якой рэалізуецца мноства творчых праектаў. Але так было не заўсёды. Калісьці “Крынічка” насіла конкурс­ны характар. Дзецям за перамогу ў конкурсах выдавалі сімвалы летніка — “бобрыкаў”. Перамагаў той атрад, у каго іх было больш. Пазней канцэпцыя памянялася: у летніку міру і дружбы не можа быць ні прайграўшых, ні пераможцаў.

А.Я.Драбкова.

“Мінулым летам у нас з’явілася новая фішка. Раней у летніку быў адзін кубак, які быў пераходнымвыдаваўся пераможцам. Пачынаючы з 2018 года такіх кубкаў стала тры. Першы кубак выдаецца за ўдзе­л ва ўсіх мерапрыемствах самым актыўным дзецям. Другі кубак — гэта кубак дзіцячых сімпатый. Кожнаму атраду — а іх у “Крынічцы” 25 — раздаём анкеты, атрады яе запаўняюць, потым мы, згодна з галасаваннем, вызначаем тую  каманду, якая заваявала найбольшую колькасць галасоў, а значыць, перамагла. Трэці кубак — кубак арганізатараў, яго ўручае Рагачоўскі выканаўчы камітэт”, — расказвае намеснік старшыні праўлення Гомельскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” Уладзімір Анатольевіч Восараў. — Фонд міру, які з’яўляецца адным з арганізатараў “Крынічкі”,  супрацоўнічае з Рагачоўскім райвыканкамам на працягу 17 гадоў. І менавіта 17 гадоў назад у “Крынічку” прыехалі першыя гасцявыя атрады. Гэта былі прадстаўнікі з Кацельнікаў Маскоўскай вобласці і з маладзёжнага цэнтра “Маналіт” (Курск). Яны прыехалі дзякуючы фінансавай падтрымцы фонду міру. Менавіта так “Крынічка” атрымала міжнародны статус, а канцэпцыя летніка была вызначана як міратворчая. Такім чынам, прапаганда міру і сяброў­ства сярод брацкіх народаў адбываецца праз дзяцей, дзіцячую дыпламатыю. Мы, супрацоўнікі фонду міру, упэўнены, што дзеці — гэта лепшыя пасланнікі міру. І “Крынічка” гэта яскрава даказвае. Нягле­дзячы на тое, што дзеці жывуць у дастаткова цяжкіх бытавых умовах, у летніку пануе бесканфліктнае асяроддзе. У мінулым годзе дэлегацыя з Украіны прыехала ў летнік ноччу. Да іх прыезду дзеці з Беларусі і Расіі падрыхтавалі пляцоўку: устанавілі палаткі, распалілі касцёр. Увогуле, трэба памятаць пра тое, што ў сяброўста няма меж, яно не залежыць ні ад дзяржаўных меж, ні ад палітыкі”. 

Кожную гасцявую дэлегацыю фінансава падтрымлівае фонд міру. Без іх дапамогі прыехаць у “Крынічку” для многіх было б вельмі складана. У прыватнасці, прадстаўніцтвы фонду дапамагаюць дэлегацыям з пакупкай і аплатай прадуктаў.

“Па дзеючых на сёння нормах харчавання, якія вызначаны Міністэрствам адукацыі, на харчаванне ў палатачных аздараўленчых летніках выдзяляецца пэўная сума, — гаворыць Уладзімір Анатольевіч. — Фонд міру аплачвае для гасцявых дэлегацый такую ж колькасць прадуктаў, якая ёсць у беларускіх атрадаў. Дарэчы, беларусы прыязджаюць у летнік за кошт бюджэтных сродкаў па аздараўленні, а фонд міру аплачвае аналагічныя сумы для гасцей”.

Гастранамічныя сюрпрызы

Задоўга да таго, як на беразе возера Добрага пач­нуць разбі­ваць першыя палаткі, арганізатары летніка пачынаюць супрацоўні­чаць з яго ўдзельнікамі. Ула­дзі­мір  Анатольевіч  расказаў, што ва “УКантакце” створана група “Крынічкі”, у якой ужо ў маі пачынаецца актыўнае абмеркаванне канцэпцыі новай змены.

Н.Г.Савянкова.

“Напрыклад, у нас ёсць конкурс “Міс “Крынічка”, — працягвае У.Восараў. — Дзякуючы групе, якая створана ў сацыяльнай сетцы, запрашаем дзяўчат, якія хацелі б удзель­нічаць у конкусе, выстаў­ляць свае фотаздымкі. Так, сёлета па колькасці “лайкаў” былі вызначаны 12 удзельніц, якія яшчэ дома пачалі рыхтавацца да фіналу. Увогуле, мы імкнёмся да таго, каб конкурсы былі масавымі і відовішчнымі, таму загадзя дасылаем удзельнікам праграму мера­прыемстваў. Станоўчае значэнне адыгрывае тое, што адносна кожнага конкурсу просім пакідаць каментарыі. Нам важна пачуць меркаванне дзяцей. “Крынічка” — іх летнік. Каб тут было цікава, мы павінны чуць сваіх выхаванцаў”.

У гэтым годзе ў “Крынічцы” ўпершыню праводзіўся конкурс нацыянальнай кухні. Зразумела, арганізатары чакалі, што дзеці будуць гатаваць кашу, юшку, шашлыкі — стандартныя стравы турыстычна-палявога меню. Але…

“Чаго мы толькі не бачылі на конкурсе! Дзеці змаглі згатаваць сапраўдныя шэдэўры! Сярод страў былі і бульба, фаршыраваная тушонкай, і казацкая каша — прасяная каша на масле, і варэнікі з рознымі начынкамі. Але галоўнае ва ўсім гэтым — падача стравы. Было бачна, што дзеці рыхтаваліся. Яны і песні спявалі, і вершы складалі! Пасля таго як журы ацаніла кулінарныя шэдэўры юных кухараў, роля дэгустатараў была аддадзена самім дзецям. Самая вялікая чарга сабралася перад летнікам Доўскай школы. У іх стаяла вялікая патэльня, па крузе на якой была згатавана яечня, а ўсярэдзіне — маладая бульба з салам, запраўленая кропам”, — з захапленнем працягвае А.Драбкова.

Арлы надвор’я не баяцца

Атрад “Арляняты” з Арлоўскага дома культуры сёлета прыехаў у “Крынічку” другі раз. Дэлегацыю суправаджае Ніна Гаўрылаўна Савянкова, народны майстар, заслужаны дзеяч культуры Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе “арляняты” жылі ў брызентавых палатках, але больш за ўсё яны хваляваліся не за тое, што самі могуць прамокнуць, а за касцюмы, якія ўзялі з сабой для выступлення на конкурсе народных культур.

Дэлегацыя Санкт-Пецярбурга.

“Чаму мы вярнуліся? Тут ёсць шмат фактараў. У “Крынічцы” творчая атмасфера, якая дае магчымасць раскрыць свае таленты, пазнаёміцца з культурамі блізкіх славянскіх народаў, пераняць нешта новае. Безумоўна, мы тут яшчэ і для таго, каб паказаць сябе: прыязджаем сюды з касцюмамі, з танцамі і песнямі, конкурсамі. Нягле­дзячы на тое, што ў мінулым годзе нас у “Крынічцы” чакала не вельмі добрае надвор’е, гэта было кампенсавана цяплом і клопатам, якімі акружылі і арганізатары, і астатнія дэлегацыі “Крынічкі”. Мы гэта ацанілі, таму прыехалі другі раз і спадзяёмся, што і потым будзем прыязджаць. Дзеці, якія сёння са мной, займаюцца ў Доме культуры “Алімп” у розных гуртках і студыях і з’яўляюцца нашым творчым актывам. Дарэчы, у мінулым годзе падчас першага прыезду мы, безумоўна, былі не гатовы да таго фармату, у якім праводзіцца летнік, не ўсё ўлічылі. Нас выручалі сусе­дзі. Мы ў любы момант маглі прыйсці ці ў беларускую дэлегацыю, ці, напрыклад, у курскую, і нам адразу дапамагалі. 

Тэрыторыя, на якой разбіў свой лагер атрад “Арляняты”, адразу кідаецца ў вочы. Бачна, што каманда падышла да афармлення пляцоўкі адказна. Ніна Гаўрылаўна, акрамя таго, што займае пасаду дырэктара Дома культуры ў пасёлку Знаменка, выкладае яшчэ і выяўленчае мастацтва, а значыць, умее заўважаць і ствараць вакол сябе прыгажосць. Таму не дзіўна, што нават тут, сярод лесу, у афармленні палатачнага гарадка прасочваюцца густ і эстэтыка.

“Мастацкая адукацыя не дазваляе пакінуць пытанне афармлення тэрыторыі без увагі. Едучы сюды, ведалі, што нас чакае, таму стараліся, каб усё было прыгожа і эфектна. Калі было адкрыццё летніка, мы рабілі прэзентацыю, прыгожа сустракалі гасцей. У параўнанні з мінулым годам мы, безумоўна, добра падрыхтаваныя. Дарэчы, у мінулым годзе наш удзел у летніку быў спантанным. Паездку аплачвала расійскае аддзяленне фонду міру. Тады менавіта дырэктар арганізацыі прапанавала з’ездзіць у “Крынічку”. Шчыра кажучы, я нават не ўяўляла, што гэта за летнік. Пачала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Калі зразумела, у чым сэнс, у сваю чаргу прапанавала тым выхаванцам Дома культуры, на якіх магу разлічваць, з’ездзіць у Беларусь. Прыемна, што дажджы, якія залівалі летнік у мінулым годзе на працягу ўсёй змены, не спужалі дзяцей. Мы зноў тут. І, безумоўна, вялікую ролю ў жаданні вярнуцца ў Рагачоў адыгрывае прафесійная арганізацыя летніка. “Крынічка” — гэта тое месца, дзе мы, настаўнікі і навучэнцы з розных краін, можам адчуць сябе адной вялікай сям’ёй, дзе няма ні варожасці, ні канкурэнцыі. Гэта важна”, — падсумавала Н.Савянкова.

Піцер і культурны шок

Другі раз прыехалі ў “Крынічку” і навучэнцы сярэдняй школы № 583 Санкт-Пецярбурга.

Дэлегацыя сярэдняй школы № 27 Гомеля.

“Сёлета мы прыехалі падрыхтаваныя, не так, як у мінулым го­дзе. Хто з нас тым летам мог уявіць, што тут замест сякеры трэба мець сякерышчу, раскласці не агонь, а агнішча? — жартуе кіраўнік піцерскай дэлегацыі, выкладчык прадмета “Асновы бяспекі жыцця­дзейнасці” сярэдняй школы № 583 Прыморскага раёна Санкт-Пецярбурга Юрый Іванавіч Казлоў. — Тым летам мы прабылі ў “Крынічцы” нядоўга. На працягу 2 дзён ліў дождж. У нас не было тэнта (навес, пад якім турысты разкладваюць касцёр), таму распаліць агонь было вельмі цяжка. Але мы вярнуліся. Для дзяцей тут раздолле, асабліва для тых, хто прывучаны да турыстычнага жыцця. Для тых, хто выехаў у лес упершыню, гэта, безумоўна, стрэс, такія дзеці перажываюць культурны шок. У мяне ёсць навучэнец, які ніколі ў жыцці не распальваў вогнішча, нават уявіць не мог, што для гэтага трэба нанасіць шмат дроў. Падлетак сам прызнаўся, што яму гаварылі, што для вогнішча неабходны дровы, але каб столькі!.. А дроў жа яшчэ трэба напілаваць і насекчы. Гэта для яго таксама быў сюрпрыз. Мы, дарослыя, асабліва тыя, хто меў шчасце расці па-за межамі горада, да ўсяго гэтага адносімся спакойна. Дзеці, выхаваныя ў гарадскіх сценах, пазбаўлены магчымасці пазнаваць свет праз кантакт з прыродай. Таму тут мы вучымся і жыццю ў экстрэмальных умовах, і, галоўнае, камунікацыі. Напрыклад, гэта заканамерна і зразумела, што мы, знаходзячыся ў лесе, павінны ўмець і есці згатаваць, і посуд памыць. Для многіх сучасных дзяцей гэта дзікунства. Яны прывыклі, што дома за іх усё робіць мама, а рукі заўсёды можна памыць гарачай вадой, для гэтага дастаткова проста адкрыць кран, а не грэць вядро на агні. А тут усё трэба рабіць самому. Тыя дзеці, якія ў мінулым годзе былі ў “Крынічцы” першы раз, сёлета адчуваюць сябе як рыбы ў вадзе. І вучаць тых, хто тут упершыню. Дзеці павінны вучыцца быць самастойнымі і ўмець усё рабіць”.

Размаўляючы з прадстаўнікамі розных дэлегацый, заўважаем адну цікавую і важную заканамернасць. Усе педагогі, расказваючы пра ўражанні ад “Крынічкі”, прыпісваюць міжнароднаму летніку сяброўства важную перавагу: тут дзеці і падлеткі вучацца камунікацыі. Для таго каб зрабіць жыццё ў лесе камфортным, трэба ўмець звярнуцца па дапамогу, умець задаць пытанне, а таксама самому быць гатовым дапамагчы, калі папросяць. У гэтым перакананы і піцерскія госці.

“Дзеці ў летніку па максімуме праяўляюць свае камунікатыўныя якасці. Без гэтага тут не пражывеш. На гэта ў першую чаргу і накіраваны турыстычныя палявыя ўмовы. Для таго каб і ў дзіцяці, і ў дарослага нешта атрымалася, трэба выйсці з зоны камфорту. Гэта якраз і адбываецца тут, на возеры Добрым. У добрым сэнсе слова мы тут вучымся выжываць. А далей адбываецца самае прыемнае. Мы вучымся быць самастойнымі, спрабуем гатаваць — і ў нас атрымліваецца смачная каша, раскладваем касцёр — і ён гарыць. Акрамя гэтага, тут дзеці знаёмяцца з культурай і традыцыямі суседніх краін. Сёння вучэбныя праграмы па многіх прадметах скарачаюцца. На ўроках гісторыі мала часу адво­дзіцца вывучэнню агульнай гісторыі Беларусі і Расіі. Напрыклад, пра Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі непасрэдна ў Расіі мала ведаюць. Чаму? Напэўна, аб гэтым у нас мала гавораць. Пасля “Крынічкі” ўсё інакш. Дзеці, вяртаючыся ў школу, расказваюць сваім равеснікам пра Беларусь многа фактаў. Дарэчы, на міжнароднай сустрэчы для настаўнікаў “Школа міру — за мір”, якая праводзілася ў Смаленску, мы пазнаёміліся са школай № 27 Гомеля, а таксама з гімназіяй № 174 Мінска. Пасля гэтага нашы навучэнцы пачалі ездзіць у Мінск на Міжнародную гістарычную канферэнцыю, і ім гэта падабаецца”.

Дэлегацыя Доўскай сярэдняй школы.

Андрэй Краўчанка, навучэнец сярэдняй школы № 583 Пецярбурга, прыехаў у “Крынічку” другі раз. Падлетак гаворыць, што ў летніку заўсёды цікава. Хлопец знайшоў новых сяброў, навучыўся асноўным сакрэтам турыстычнага жыцця і ў Піцер не спяшаецца вяртацца.

“Нягледзячы на тое, што мы ў лесе, тут вельмі цікава, — гаво­рыць Андрэй. — Мы знаходзім новых сяброў, у нас ёсць агульныя тэмы. Праграма ў летніку цікавая, дае магчымасць паспраба­ваць сябе ў розных творчых кірунках. Гле­дзячы, якім дзіўным тут усё падаецца для тых, хто прыехаў упершыню, спачатку становіцца смешна, а потым успамінаеш сябе мінулагодняга і спакойна тлумачыш і дапамагаеш там, дзе трэба”. 

Прыехаць, каб вярнуцца зноў

У адрозненне ад далёкіх замежных дэлегацый прадстаўнікі беларускіх школ стараюцца прыязджаць у “Крынічку” кожнае лета. Настаўнікі і навучэнцы сярэдняй школы № 27 Гомеля сёлета былі ў летніку ўжо 7-ы раз. Іх палаткі разбіты непадалёк тэрыторыі піцерскай дэлегацыі. І гэта вельмі сімвалічна, што прадстаўнікі дзвюх краін пасяліліся побач нават тут, каля возера Добрага.

Мы, зайшоўшы да гомельскай каманды, адразу адчулі сябе як дома. І прыемна, што з настаўнікамі дэлегацыі знайшлося шмат агульных тэм.

Віталія Анатольеўна Леванчукова, настаўніца хіміі і біялогіі гомельскай сярэдняй школы № 27, расказала, што дэлегацыя для паездкі ў “Крынічку” штогод фарміруецца вельмі хутка.

“Каманда збіраецца яшчэ на пачатку вясны, — акцэнтуе ўвагу Віталія Анатольеўна. — І навучэнцам, і педагогам тут вельмі камфортна і цікава. Нам заўсёды ёсць што абмеркаваць са сваімі калегамі з Расіі і Украіны, а вучні ма­юць цудоўны шанс і аздаравіцца, і цікава і з карысцю правесці вольны час з аднагодкамі. У летніку шмат замежных дэлегацый, якіх падтрымлівае фонд міру. Наша школа, дарэчы, — адзіная школа міру ў Гомельскай вобласці. Выхаваўчая канцэпцыя школы будуецца на выхаванні ў навучэнцаў талерантнасці, павагі да культурнай разнастайнасці і духоўнай агульнасці славянскіх народаў. Дзякуючы ўдзелу ў “Крынічцы”, у дзецях у першую чаргу прачынаецца пачуццё адказнасці і павагі да тых, хто знаходзіцца побач. Тут навучэнцы разумеюць, як важна дапамагаць адно аднаму і пава­жаць пачуцці і меркаванні суседзяў. У наступным годзе таксама абавязкова прыедзем сюды. “Крынічка” для нас ужо стала добрай традыцыяй, забывацца пра якую не хочацца. І вялікі дзякуй арганізатарам за тое, што так умела ствараюць патрэбную атмасферу, вяртацца і знаходзіцца ў якой заўсёды прыемна і радасна”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Пасля 8-гадовага перапынку мы вярнуліся ў “Крынічку” 4-ы раз. Немагчыма не пагадзіцца з настаўнікамі з Гомеля, што атмасфера, якая пануе на возеры Добрым, ахутвае такой цеплынёй, што ў летнік нават у думках прыемна вяртацца. Дзецям і настаўнікам, якія адпачываюць сярод лесу, вельмі пашанцавала. “Крынічка” — гэта школа, якая вучыць важным і неабходным правілам: усё дасягаецца праз узаемаразуменне, сяброўства і мір.