SOS-праект набліжаецца да завяршэння

SOS-Дзіцячая вёска Мар’інай Горкі хутка завершыць праект “Паляпшэнне ўмоў пражывання і эканамічнай стабільнасці ўразлівых сем’яў”.

Праект, які пачаўся ў 2016-м годзе, паспеў за гэты час прыцягнуць да ўдзелу каля 430 сем’яў з 760 дарослых і прыкладна 1 тысячы дзяцей.

— Праект накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця ўразлівых сем’яў, якія пражываюць на тэрыторыі Мар’інай Горкі і Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, — расказала “Настаўніцкай газеце” вядучы спецыяліст па арганізацыі праектнай дзейнасці ў Беларусі Міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS-Дзіцячыя вёскі” Юлія Быкоўская. — Такія сем’і — нашы падапечныя, мэтавая аўдыторыя, з якой мы пастаянна працуем, бо работа нашай грамадскай арганізацыі накіравана не толькі на ўладкаванне дзяцей-сірот, але і на папярэджанне сацыяльнага сіроцтва, дапамогу жанчынам і дзецям, якія пацярпелі ад дамашняга насілля, маладым маці з дзецьмі і на іншыя мэты.

Як жа SOS-Дзіцячая вёска вырашыла дапамагчы сем’ям, дзе ёсць пэўныя цяжкасці? Выбралі рашэнне, разлічанае на доўгатэрміновую перспектыву, бо мэтай было не толькі паляпшэнне жыццёвых умоў сем’яў, але і развіццё бацькоўскіх кампетэнцый, паляпшэнне бацькоўска-дзіцячых адносін. Таксама праект дапамагае жанчынам і дзецям, якія не могуць знаходзіцца дома, бо там падвяргаюцца насіллю, іх сям’я перажывае цяжкія часы. Для такіх маці і іх дзяцей адкрыты прытулак, месцазнахо-джанне якога арганізатары захоўваюць ў тайне дзеля бяспекі сваіх падапечных.

Адным з напрамкаў праекта стала эканамічная стабільнасць сем’яў. Каб ажыццявіць гэтую мэту, для дарослых удзельнікаў праекта, галоўным чынам жанчын, арганізоўваліся трэнінгі па развіцці прадпрымальніцкіх навыкаў, дзе выкладчыкамі былі прадпрымальнікі, юрысты, супрацоўнікі падатковай інспекцыі, іншыя спецыялісты. Многія са слухачоў такіх заняткаў ужо адкрылі свой бізнес, напрыклад, мылаварэнне, выраб цацак сваімі рукамі, збор і сушка лекавых траў, фотатворчасць, цырульніцкая справа, а мужчына — удзельнік сацыяльнага праекта заняўся рамонтам камп’ютараў. Таксама арганізатары адпраўлялі тых, каму гэта было неабходна, на курсы павышэння кваліфікацыі па старой або новай прафесіі.

Адбылося нямала мерапрыемстваў, якія былі накіраваны на азнаямленне жыхароў Пухаўшчыны з жыццём дзіцячай вёскі, яе дзейнасцю — людзі прыходзілі на святкаванне дзён абароны дзяцей, дзён маці, іншых свят. У SOS-вёсцы, акрамя таго, праходзілі своеасаблівыя кірмашы без грошай, куды ўсе жадаючыя прыносілі непатрэбныя ім рэчы (дзіцячы абутак, аддзенне і інш.) і абменьвалі іх на нешта патрэбнае. Праект, між іншым, быў выязным — арганізатары не толькі запрашалі людзей да сябе, але і прыязджалі да іх і на базе мясцовых школ або сельсаветаў наладжвалі сваю работу. Падобныя выезды былі арганізаваны ў гарадскі пасёлак Праўдзінскі.

Для юных удзельнікаў праекта праводзіліся творчыя заняткі: маляванне, стварэнне вырабаў сваімі рукамі — для малодшых; заняткі на развіццё сацыяльных навыкаў, камунікацыйных здольнасцей, заняткі па фінансавай дасведчанасці — для старэйшых. З дзецьмі і падлеткамі працавалі запрошаныя спецыялісты, штатныя псіхолагі і педагогі праекта.

Безумоўна, арганізацыя гэтых і іншых мерапрыемстваў патрабавала фінансавання, якое ажыццяўляў фонд Германа Гмайнера з Германіі (Г.Гмайнер — заснавальнік SOS-Дзіцячых вёсак). Вынікі праекта зараз падводзяць запрошаныя эксперты, якія, канечне, ацэняць не толькі мэтанакіраванае расходаванне сродкаў, але і яго нематэ-рыяльны эфект.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва SOS-Дзіцячай вёскі.