Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка надзвычай багаты на валанцёрскія клубы і аб’яднанні, удзельнікамі якіх ахвотна становяцца студэнты розных курсаў і факультэтаў, а таксама супрацоўнікі УВА. Падчас навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” яны, канечне, не могуць заставацца ўбаку — валанцёры распрацавалі насычаную праграму для дзяцей і моладзі, бо крэатыўных ідэй, запалу і спагады ў будучых педагогаў хапае на ўсіх.
У снежні і ў пачатку студзеня валанцёры з БДПУ выязджаюць у самыя розныя ўстановы са спектаклямі, майстар-класамі, інтэрактыўнымі праграмамі, дабрачыннымі канцэртамі і акцыямі. Так, валанцёрская супольнасць студэнтаў і выкладчыкаў “Філантроп” накіравалася ў сталічны дзіцячы дом № 7 “Сем Я” з інтэрактыўнай праграмай “Калі б не было зімы”, аб’яднанне “Добрае сэрца” факультэта дашкольнай адукацыі — да пацыентаў псіханеўралагічнага дома-інтэрната для старых і інвалідаў у Астрашыцкім гарадку з майстар-класам “У чаканні навагодняга цуду…” і інтэграваным спектаклем “Шчаўкунчык і Мышыны кароль”.
Валанцёрскае аб’яднанне “Адкрытае сэрца” факультэта пачатковай адукацыі паказала навагоднюю казку “Цуды і чараўніцтва пад Новы год” у сталічнай дапаможнай школе-інтэрнаце № 7, аб’яднанне “Роўнасць” Інстытута інклюзіўнай адукацыі арганізавала інтэрактыўную віншавальную акцыю “У гасцях у Дзеда Мароза і Снягуркі” для Рэспубліканскага сацыяльна-дабрачыннага аб’яднання “Даўн. Сіндром. Інклюзія”, валанцёрскі клуб “Міласэрнасць” факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій — паказ навагодняй казкі “У гасцях у Снягуркі” ў некалькіх установах, напрыклад, у Мінскім гарадскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі.
У праграме будучых педагогаў, якія аддалі свае сэрцы валанцёрскай дзейнасці, дапамозе хворым дзецям, малым, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях, — казка “Марозка”, святочны канцэрт “З Калядамі і Новым годам!”, інтэрактыўная праграма “Неверагодныя прыгоды Дзеда Мароза” і шмат чаго яшчэ — усяго запланавана больш за 30 мерапрыемстваў. Іх падрыхтавалі як вышэйпералічаныя клубы і аб’яднанні, так і іншыя, бо дабрачынцаў, валанцёраў ва ўстанове, якая рыхтуе педагогаў, паўтаруся, нямала. Нездарма ўніверсітэт ганарыцца высокай узнагародай — прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прысвоенай яму менавіта за развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадастаўлена БДПУ імя Максіма Танка.