Сэлфі з сябрамі

Падчас акцыі “Нашы дзеці” члены цімураўскага і валанцёрскага атрадаў сярэдняй школы № 8 Слоніма правялі незабыўны дзень разам з выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Слонімскага раёна. Валанцёры пад кіраўніцтвам педагогаў-арганізатараў Ірыны Здановіч і Таццяны Ардашэўскай падрыхтавалі гульнявую праграму.

Вандроўка па станцыях пагрузіла ўсіх удзельнікаў у разнастайныя заданні і гульні. Падчас першага прыпынку “Дружба” яны пазнаёміліся адно з адным. Дашкаляты не адставалі ад сваіх сяброў-школьнікаў, адказваючы на скла­даныя пытанні на станцыі “Усёзнайка”. Змаглі паказаць свае творчыя здольнасці дзеці на прыпынку “Музычны”, а вось на прыпынку “Фарбы восені” ўсе дружна малявалі, выразалі і клеілі калажы восеньскіх дрэўцаў. Нягледзячы на цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца, было вельмі цікава. 

На прыпынку “Сэлфі з сябрамі” кожны стараўся трапіць у кадр. Падчас здымкаў дзеці не хавалі ўсмешак і вясёлага настрою. Усе без выключэння атрымалі зарад станоўчых эмоцый. Пасля праходжання запланаваных станцый дзеці склалі прыказку “Чалавек без сяброў, што дрэва без каранёў”.

Навучэнцы пасябравалі за дзень, а валанцёры не пакінулі сяб­роў без падарункаў.

Шчыра кажучы, гэты светлы і цёплы дзень надоўга застанецца ў памяці. Мы вельмі рады, што ў нас усё атрымалася! А гэта яшчэ раз даказвае, што дзеці ўмеюць сябраваць і вучацца супрацоўнічаць.

Ірына СІНЯК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы  № 8 Слоніма.