Самастойнымі не нараджаюцца, самастойнымі становяцца

Выхаванне ў сям’і прадугледжвае паступовае набыццё дзецьмі самастойнасці, адказнасці, умення планаваць сваю будучыню, правільна распараджацца фінансамі. Дзецям, якія растуць не ў сем’ях, чые родныя маці і таты пазбаўлены бацькоўскіх правоў, якім жыць даводзіцца ў інтэрнатных установах, набыць усе гэтыя неабходныя ўласцівасці асабліва няпроста. Нават калі хлопец ці дзяўчына пэўную частку жыцця гадаваліся ў дзіцячай вёсцы, дзе ўмовы пражывання і выхавання набліжаны да сямейных.

Так выглядае дзіцячая вёска.

Дом для будучых гаспадароў

Праблему выхавання самастойных людзей, здольных спраўляцца з самымі рознымі жыццёвымі сітуацыямі, у дзіцячай вёсцы “Вытокі” імкнуліся выра­шаць заўсёды. У гэтай дзяржаўнай установе, частка якой размяшчаецца ў пасёлку Вопытны, частка — у пасёлку Крынічны пад Мінскам, выхоўваюць сваіх падапечных так, каб яны і гатаваць тое-сёе ўмелі, і прыбірацца, і ў магазін хадзіць, выбіраючы патрэбныя прадукты і рэчы на выдзеленую суму (рэшту можна пакінуць сабе). Акрамя таго, кожны выхаванец дзіцячай вёскі, якому споўнілася 7 гадоў, атрымлівае ў месяц 12 рублёў на кішэнныя расходы. Так што выпускнікі “Вытокаў” пэўнымі навыкамі валодаюць у любым выпадку. 

Але сёлета тут пайшлі далей, значна далей, я лічу. З новага навучальнага года ў вёсцы рэалізоўваюць уласны праект “Стварэнне аддзялення постінтэрнатнай адаптацыі для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў” (апошняе тычыцца маладых людзей, якім ужо споўнілася 18).

Аддзяленне постінтэрнатнай адаптацыі працуе ў той частцы дзіцячай вёскі, якая размяшчаецца ў пасёлку Вопытны, з 1 верасня бягучага года. Адкрылі яго ў адным з катэджаў, які да гэтага пэўны час пуставаў. Але задума такога праекта з’явілася яшчэ ў 2018 годзе — планавалі, рыхтаваліся, шукалі грошы (дапамаглі італьянскія спонсары, якія выдаткавалі больш за 11 тысяч еўра, частка сродкаў — бю­джэтныя) і, нарэшце, адкрылі.

Адміністрацыя ўстановы вырашыла, што і пасля 18 гадоў да моманту працаўладкавання выпускнікі “Вытокаў” могуць знаходзіцца ў вёсцы, але не проста так, а атрымліваючы пэўныя веды і навыкі, набываючы сапраўдную дарослую самастойнасць. Ёсць яшчэ адзін плюс работы аддзялення — выпускнікі дзіцячай вёскі маюць цяпер большы выбар кале­джаў, у якія могуць паступаць. А паступаць можна нават туды, дзе ім не могуць прадаставіць месца ў інтэрнаце, а вымушаны, напрыклад, арандаваць у нейкай іншай арганізацыі, што не асабліва зручна. Ну і, зразумела, не кожны 15-гадовы юнак або дзяўчына гатовы выехаць з вёскі, жыць у нязвыклых умовах. Патрэбен час на прывыканне, і аддзяленне можа ім гэты час даць.

Самастойнае жыццё ў аддзяленні постінтэрнатнай адаптацыі.

 Усяго ў аддзяленні 9 месцаў, пры неабходнасці можна размясціць і крыху больш людзей, а на момант майго візіту тут жылі 6 хлопцаў і дзяўчат у 2- і 1-месных пакоях. Адзін з гэтых выхаванцаў — школьнік, які прыйшоў у інтэрнат, каб 9 дзён пажыць па-за межамі сям’і, без бацькоў-выхавальнікаў, павучыцца самастойнасці. Іншыя насельнікі аддзялення — навучэнцы каледжаў, дзве дзяўчыны з іх — паўналетнія.

Вучацца цяперашнія выхаванцы аддзялення ў гандлёвым каледжы, каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншых, заадно рыхтуюцца да цалкам самастойнага жыцця. Прыйшлі сюды па ўласным жаданні, хаця некаторых да гэтага падштурхнула праблема з жыллём. Але нават тыя, каму каледж прадаставіў інтэрнат, вырашылі пажыць тут, тым больш што ўмовы вельмі нядрэнныя.

Маладыя людзі з постінтэрнатнага аддзялення самі гатуюць, робяць пакупкі, прыбіраюць, разам аплачваюць інтэрнэт, тэлебачанне, нясуць іншыя агульныя расходы, камунальныя ж выдаткі аплачвае вёска, як і трэба па законе. Нягледзячы на тое, што за электрычнасць і ваду ніхто з выхаванцаў не плаціць, усе яны вучацца эканоміць рэсурсы, самі ж знімаюць паказанні лічыльнікаў, якія перадаюць намесніку ды­рэктара па гаспадарчай частцы. Акрамя таго, пры засяленні ў агульны дом кожны хлопец і дзяўчына атрымалі ад сваіх маці-выхавальніц “пасаг” з прадуктаў і неабходных рэчаў, таксама дапамагла вёска. Так што старт самастойнага жыцця не быў занадта балючым.

Бюджэт патрабуе дасканаласці

— Тут, як і ў любой сям’і, дзіця, якое з’ехала ад бацькоў, сутыкаецца з тым, што грошы маюць уласцівасць заканчвацца, — разважае Ілья Аляксандравіч Жыліч, дырэктар дзіцячай вёскі “Вытокі”. — Таму наша галоўная задача — навучыць выхаванцаў правільна распара­джацца грашыма.

З маладымі людзьмі сацыяльны педагог Юлія Васільеўна Прыстром і выхавальнікі, псіхолаг праводзяць і іншыя заняткі, напрыклад, па здаровым ла­дзе жыцця, але пытанні размеркавання з бюджэту, фінансавай дасведчанасці выходзяць на першы план. Пра іх неабходнасць гавораць самі выхаванцы. Напрыклад, Таццяна, якая вучыцца ў каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гаворыць, што для яе такія заняткі надзвычай важныя, і праблемы, якія на іх вучаць вырашаць, — самыя складаныя. За час пражывання ў аддзяленні дзяўчына ўжо вызначылася з любімымі магазінамі, дзе бываюць самыя значныя скідкі, навучылася размяркоў­ваць свой невялікі бюджэт так, каб праз некалькі дзён пасля атрымання стыпендыі не заставацца на нулі.

А ў каледжах дзеці са статусам сірот знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні да канца навучання. Ім, напрыклад, выдзяляюць грошы на набыццё адзення. Мая суразмоўніца Таццяна, праўда, такіх грошай яшчэ не атрымала, але ёй абяцала дапамагчы разабрацца з сітуацыяй сацыяльны педагог “Вытокаў”, таксама дзяўчыне дапамогуць адшукаць жыллё, калі яна скончыць навучальную ўстанову.

У доме для моладзі ёсць усё неабходнае для нармальнага жыцця, аж да пасудамыечнай машыны і кухоннага камбайна. Заняткі ж праводзяцца на першым паверсе ў канферэнц-зале. За фінансавы блок адказвае Ю.В.Прыстром. Першыя заняткі па фінансавай дасведчанасці тычыліся якраз асабістага бюджэту, расходаў і даходаў кожнага — з дакладнымі разлікамі, з жыццёвымі прыкладамі, з асэнсаваннем таго, куды ж ідуць грошы. Выхаванцы складалі для сябе бюджэтныя планы і, як гаворыць Юлія Васільеўна, справіліся ўсе, ніхто не застаўся ў дэфіцыце, нават не выйшаў у нуль — у кожнага засталіся свабодныя грошы. План такіх заняткаў сацыяльны педагог распрацавала на год наперад.

 Жыхарам постінтэрнатнага аддзялення давядзецца яшчэ пазнаёміцца з асновамі фінансавай дасведчанасці, з тэмамі, што тычацца грошай і грашовага абарачэння і ўключаюць такія пытанні, як інфляцыя, банкаўская сістэма і інш. Ёсць яшчэ тэмы “Лічбавы банкінг” — інтэрнэт-банкінг, захаванасць асабістых даных, пра што сучасныя дзеці многае, канечне, ведаюць, але не ўсё; “Інвестыцыі” — тэма асабліва цікавая для тых, хто атрымлівае пенсію па страце карміцеля. За некалькі гадоў, што дзеці знаходзяцца ў вёсцы, на такіх рахунках назапашваюцца даволі вялікія сумы — да 5 тысяч еўра ў эквіваленце. Зразумела, што такая сума можа ­стаць добрай інвестыцыяй у будаўніцтва ўласнага жылля. Зоймуцца маладыя людзі і тэмай “Падаткі і зборы”. У многіх, хто ўжо мае працоўную кніжку і атрымлівае зарплату, напрыклад, падчас практыкі, часта ­ўзнікае пытанне, чаму выніковая сума не супадае з той, што яны атрымліваюць на рукі. Так што гэтыя пытанні таксама патрабуюць тлумачэння. Скажам, ужо знаёмая нам Таццяна, будучы мастак-афарміцель, праходзіць практыку ў мясцовым Доме культуры, а ў сакавіку пачне працаваць па размеркаванні.

— Што да работы, то працаваць нашы дзеці ўмеюць, іх у калектывах за гэта і лю­бяць, — дружна адзначаюць мае суразмоўнікі.

Навыкаў усё больш

Яшчэ адна прыкмета самастойнасці выхаванцаў дзіцячай вёскі — наяўнасць пластыкавых карт, якія кожны афармляў сам, без суправаджэння выхавальнікаў, хаця, канечне, у выпадку нейкіх праблем можна было патэлефанаваць дарослым. Абышлося, падлеткі справіліся самі. Ну і з інтэрнэт-банкінгам, электроннымі разлікамі яны, зразумела, на ты, як і ўся сучасная моладзь.

Прадстаўнікі адміністрацыі дзіцячай вёскі асабліва падкрэсліваюць, што іх выхаванцы, наадварот, імкнуцца да поўнай самастойнасці, не хочуць, каб ім дапамагалі дарослыя — нават рэцэпты страў лічаць за лепшае шукаць у інтэрнэце, а не даведвацца ў выхавальнікаў. З рэцэптамі, безумоўна, можна і так, але па больш важных пытаннях лепш падрыхтаваць маладых людзей да цалкам самастойнага жыцця, каб прывыканне да яго не было ні асабліва балючым, ні занадта складаным.

— Праект будзе доўжыцца для кожнага, хто ў ім удзельнічае, да моманту заканчэння навучальнай установы — каледжа або ліцэя, — тлумачыць намеснік ды­рэктара дзіцячай вёскі “Вытокі” Святлана Анатольеўна Мінакова. — Затым на месцы выпускнікоў прыйдуць іншыя выхаванцы, час ад часу тут будуць жыць і вучыцца школьнікі, якія захочуць паспрабаваць самастойнасці. З тых, хто жыве ў аддзяленні постінтэрнатнай адаптацыі сёння, чацвёра паступілі ў каледж толькі сёлета, так што яны з намі надоўга, яшчэ двое — на 2 курсе. Мы імкнёмся, каб усё тое, што зараз ёсць у доме, як мага даўжэй захоўвалася ў належным стане, а ўсе расходныя матэрыялы  — мыючыя сродкі і г.д. — дзеці набываюць за свае грошы. Так што праект не запатрабуе занадта шмат сродкаў у далейшым.

Свайго намесніка падтрымлівае ды­рэктар установы.

— Такое аддзяленне, безумоўна, патрэбна для выхаванцаў інтэрнатных устаноў, дзіцячых вёсак, — гаворыць Ілья Аляксандравіч. — Узгадваю, напрыклад, як адна з нашых дзяўчат, выпускніца, паступіла вучыцца, ёй сабралі неабходныя рэчы, прадукты, як мы робім для ўсіх, далі 50 рублёў — а гэта была немаленькая сума на той час. Тэлефануе наша выхаванка праз дзень: “У мяне грошы скончыліся, вышліце яшчэ”. Хаця і вучылі яе, і тлумачылі, але гэтага аказалася мала. Таму галоўная мэта нашага курса па фінансавай дасведчанасці такая: атрыманыя веды ў сферы асабістых фінансаў маладыя людзі павінны ўмець прымяняць на практыцы.

Каб практыка была як мага больш эфектыўнай і запамінальнай, супрацоўнікі вёскі ходзяць з выхаванцамі ў магазіны і паказваюць, што адны і тыя ж прадукты можна купіць і больш танна, і больш дорага, а можна наогул адшукаць па акцыі. Даюць нават карыстацца сваімі дысконтнымі картамі, каб знізіць кошт пакупак і пака­заць, як выгадна мець уласныя карты ў розных гандлёвых сетках, скідваюць інфармацыю пра найбліжэйшыя акцыі тыпу “2 тавары па цане 1”. У канечным выніку вучаць таму, як важна ўмець думаць наперад, разлічваць, шукаць варыянты.

А дырэктар вёскі і яго калегі ўжо задумалі новы праект, які дасць іх выхаванцам яшчэ адну добрую магчымасць стаць больш самастойнымі. Гэта праект “Цяпліца ў кожны дом”. Плануецца стварыць цяпліцу каля кожнага катэджа ў вёсцы, у тым ліку каля дома аддзялення постінтэрнатнай адаптацыі — з добрым грунтам, інвентаром, насеннем. Пакуль перашка­джае каранавірус, але планы рэальныя. Яго ўвасабленне таксама паспрыяе  працоўнаму выхаванню, а таксама атрыманню экалагічна чыстых прадуктаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва дзіцячай вёскі “Вытокі”.