Пра што даведаліся акадэмікі?

SOS-Дзіцячая вёска ў Бараўлянах, пад Мінскам — месца адкрытае, гасціннае, і нядаўна яе наведалі новыя госці. У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сюды прыехалі старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, яго першы намеснік Сяргей Антонавіч Чыжык, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі  Андрэй Іванавіч Іванец і намеснік акадэміка-сакратара аддзялення хіміі і навук аб зямлі старшыня прафсаюзнага камітэта апарата прэзідыума Уладзімір Георгіевіч Левашкевіч.

Дык пра што даведаліся госці з акадэміі навук? Напрыклад, пра тое, чаму вуліца, на якой размяшчаецца SOS-вёска, носіць імя Германа Гмайнера (гэты чалавек — заснавальнік такіх вёсак), або пра тое, што з 2012 года тут не толькі прыма­юць і выхоўваюць дзяцей-сірот, але і аказва­юць вялікі комплекс паслуг. Так, у вёсцы ёсць педагогі-псіхолагі, для якіх нават выдзелены так званы кансультацыйны дом. Прычым яны працуюць не толькі з тутэйшымі жыхарамі, але і з дзецьмі, сем’ямі, якія не жывуць у вёсцы — з Мінскага і нават Лагойскага раёнаў. Дапамагаюць сем’ям, якія сутыкнуліся з дамашнім насіллем, інтэрв’юіруюць дзяцей, якія пацярпелі, спецыялісты супрацоўніча­юць з органамі ўнутраных спраў, удзельнічаюць у судовых пасяджэннях.

— Адзін з кірункаў нашай работы — прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, — растлумачыла педагог-псіхолаг вёскі Ірына Пятроўна Панкова.

Экскурсію для гасцей правялі намеснік дырэктара SOS-вёскі па апецы дзяцей Кірыл Анатольевіч Казюка і іншыя су­працоўнікі. Уражанні ад знаёмства з вёскай, упэўнена, засталіся самыя пазітыўныя, нягле­дзячы на тое, што тут пастаянна працуюць з дзецьмі-сіротамі, дзецьмі, якія пацярпелі ад насілля. А ўсё таму, што работа накіравана на стварэнне дружалюбнай атмасферы, на тое, каб дапамагчы малым, дадаткова не наносячы ім душэўныя траўмы. Яшчэ ў вёсцы дапамагаюць сем’ям дзяцей, якія лечацца ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (бясплатна прадастаўляюць жыллё, аказваюць псіхалагічную падтрымку). Рэалізоўваюцца тут іншыя кірункі работы, напрыклад, абмен вопытам з іншымі спецыялістамі, у тым ліку са школьнымі псіхолагамі.

Зараз у SOS-вёсцы жывуць 49 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх выхоўваюць замя­шчальныя маці, ёсць адна сямейная пара. Як правіла, падлеткі пакідаюць вёску, калі заканчва­юць 9 класаў і ідуць вучыцца ў каледж ці іншую навучальную ўстанову. Але гэта не значыць, што хлопцаў і дзяўчат пакідаюць без увагі і падтрымкі — у Мінску вёска мае 2 маладзёжныя дамы, дзе іх суправаджаюць сацыяльныя педагогі на працягу 5—6 гадоў. Так, паступова маладыя людзі вучацца жыць самастойна. Пры гэтым яны не забываюць пра вёску, пра людзей, якія іх выхавалі, прыязджаюць у Бараўляны.

Вось і ў доміку, куды зайшлі госці з акадэміі навук, каб падарыць дзецям веласіпед і салодкія падарункі, ёсць свая выпускніца, якая зараз вучыцца на кухара, але вёску, сям’ю, якая стала для яе роднай, дзяўчына не забывае. А ў доміку № 13 зараз жывуць маці-выхавальніца Ірына Міхайлаўна Арцёмчык і 5 дзяцей: Паліна, Арцём, Ліля, Насця і Даша, якая падчас нашага прыезду была на адпачынку ў санаторыі.

Ірына Міхайлаўна мае дзве педагагічныя спецыяльнасці —“Дашкольнае выхаванне” і “Настаўнік гісторыі”, закончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. У SOS-вёсцы працуе, а дакладней сказаць, жыве, дзявяты год. Раней працавала ў школе ў Старых Дарогах, была начальнікам аддзела па справах моладзі ў гэтым жа раёне, у райвыканкаме Асіповіцкага раёна — намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы. Адказвала ў тым ліку за інфармацыйнае напаўненне сайта райвыканкама і менавіта дзякуючы такім абавязкам даведалася пра вёску, пра тое, што там шука­юць мам.

Жывуць маці і дзеці зусім па-сямейнаму: ходзяць у лес у грыбы і ягады, ездзяць у госці да бацькоў Ірыны Міхайлаўны, разам вучац­ь урокі — шасцікласніца Паліна, напрыклад, мела лепшы сярэдні бал з усіх выхаванцаў SOS-вёскі — 8,9, і верыцца, што гэта не апошні раз.

Падарункі відавочна прыйшліся дзецям даспадобы, гаворка за кубкам чаю атрымалася цікавай, ды і наогул адносіны склаліся: ад’язджаючы, госці запрашалі да сябе гэтую і іншыя сем’і, дзяцей, якія цікавяцца навукай, на адну са сваіх выстаў, таксама абяцалі, што прыедуць яшчэ, дапамогуць, чым змогуць. Так што гаварыць ужо можна не пра адносіны ў фармаце “госці — гаспадары”, а пра самыя сапраўдныя сяброўскія адносіны.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.