Інтэрнат з выгодамі

Першае, пра што ўзгадваеш, калі чуеш слова “студэнт”, — гэта, канечне, вучоба. Другое — інтэрнат, бо студэнцкае жыццё без яго не ўявіць. І, канечне, умовы жыцця ў інтэрнатах, іх рамонт і абнаўленне, у пэўных выпадках будаўніцтва новага жылля  — пастаянны клопат кіраўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, напрыклад, 15 інтэрнатаў, і клопату з імі хапае. Бягучы год стаў асабліва адметным у плане іх абнаўлення.

Інтэрнат № 18 БНТУ размяшчаецца ў Студэнцкай вёсцы.

Менш за год і больш за пяцьдзясят

— Самаму маладому нашаму інтэрнату яшчэ няма і года — гэта інтэрнат № 18 у Студэнцкай вёсцы, які пабудаваны з выкарыстаннем бязвыплатнай кітайскай дапамогі. Самыя старыя пабудаваны 67 і 65 гадоў назад — інтэрнаты №№ 3 і 4. Наймаладзейшы інтэрнат са старых мае за плячыма ўжо 20 гадоў, — расказвае прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ Алег Канстанцінавіч Гусеў. — Інтэрнаты, якія выходзяць на праспект Незалежнасці, аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей, гэта гордасц­ь краіны. Ва ўсіх15-і інтэрнатах маецца больш за 6700 месцаў.

Самы вялікі і пры гэтым самы новы інтэрнат БНТУ —18-ы, разлічаны на 1020 месцаў, самыя маленькія — № 7 і № 12 — налічваюць каля 260 месцаў кожны.

Зразумела, што інтэрнаты розных гадоў пабудовы маюць розныя ўмовы пражывання: адны з іх калідорнага тыпу, іншыя — блочнага (а гэта інтэрнаты №№15,16,17), інтэрнат № 18 — кватэрнага. І зусім не факт, што абсалютная перавага ў студэнцкім рэйтынгу нале­жыць інтэрнатам кватэрнага або блочнага тыпу. Мой суразмоўнік сцвярджае, што нярэдка бывае наадварот:

— Многія студэнты, якія пажылі і ў больш новых, і ў старых інтэрнатах, кажуць: “Нам падабаецца стары інтэрнат, бо, што б ні трэба было зрабіць — выходзіш у калідор, сустракаешся з суседзямі, а гэта цікава, весела”. Без такіх зносін няма студэнцкага жыцця, я лічу, няма калектыву. Студэнцкая супольнасць якраз і вызначаецца сумесным пражываннем. Я сам жыў у такім інтэрнаце і мая душа схіляецца да іх, хаця, канечне, людзі розныя, камусьці даспадобы пэўная адасобленасць.

Рамонты вялікія і маленькія

Без абнаўлення і рамонту жыллёвага фонду абысціся, канечне, немагчыма. У інтэрнатах Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта іх робяць як уласнымі сіламі, за кошт пазабюджэтных сродкаў, так і за сродкі, якія Міністэрства адукацыі выдзяляе з бюджэту, у некаторых выпадках дапамагаюць спонсары. Мінулым летам, як, зрэшты, і ў іншыя гады, ва ўсіх інтэрнатах працавалі студэнцкія атрады — 12 атрадаў у складзе звыш 200 чалавек, акрамя, зразумела, прафесійных рамонтнікаў.

— За апошні год нам вельмі дапамагло Міністэрства адукацыі, — заўважае Алег Канстанцінавіч. — Па яго ініцыятыве і па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы было вырашана правесці ў 2019—2020 гадах капітальны рамонт і мадэрнізацыю комплексу інтэрнатаў №№ 7, 8, 13 і 14 па вуліцы Сурганава, 47. І ў жніўні толькі на 2019 год міністэрства выдзеліла нам 1 млн 27 тысяч рублёў, з якіх 200 тысяч — на праект капітальнага рамонту, астатнія грошы — на бягучы рамонт гэтых інтэрнатаў. Гэтыя работы актыўна выконваюцца зараз згодна з зацверджаным графікам, і сродкі будуць асвоены да канца бягучага года. Акрамя таго, з эканоміі сродкаў, якія былі вы­дзелены на арганізацыю ІІ Еўрапейскіх гульняў, міністэрства выдаткавала нам на 2019 год 900 тысяч рублёў. Выкарыстоўваем іх для рамонту жылых памяшканняў і фасадаў у інтэрнатах №№ 15, 17. Да канца года, такім чынам, асвоім каля 2 мільёнаў рублёў — і гэта акрамя ўсяго таго, што мы ўжо зрабілі да 1 верасня. А да гэтай даты мы, зразумела, стварылі прыдатныя ўмовы для жыцця студэнтаў.

Да пачатку навучальнага года тут, напрыклад, адрамантавалі 98 жылых блокаў у інтэрнатах №№ 13, 15 і 17, набылі для сваіх інтэрнатаў на 453 тысячы рублёў мяккі інвентар (пасцельную бялізну і г.д.) і мэблю (практычна цалкам абнавілі яе ў інтэрнаце № 15), замянілі 1030 свяцілень, пафарбавалі 4340 кв м сцен і столей, устанавілі 480 кв м новага шкла. Сіламі студэнтаў летам зроблены касметычны рамонт 923-х жылых памяшканняў (яго зрабілі, нагадаю, усяго 200 байцоў студэнцкіх атрадаў). Устаноўлены новыя індукцыйныя пліты ў 15-м і 17-м інтэрнатах, электрапліты ў інтэрнаце № 13. Добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, пакладзена новае пакрыццё пешаходных дарожак.

Дарэчы, асаблівую ўвагу ўдзялілі ўмовам пражывання і камфорту ў інтэрнаце № 13, бо ўжо ў маі — чэрвені там жылі кліенцкія групы (больш за 150 чалавек), якія ўдзельнічалі ў забеспячэнні ІІ Еўрапейскіх гульняў, за што ўніверсітэт атрымаў падзяку аргкамітэта гульняў.

Падтрымаць і зберагчы

Не менш, чым адрамантаваць, важна захаваць парадак у абноўленых інтэрнатах, інакш усё дарэмна, грошы на вецер.

— Праблема захавання парадку ў інтэрнатах — пытанне, якое і рэктар, і студэнцкі савет разглядаюць як першараднае, — запэўнівае мой суразмоўнік. — Якія рамонты ні рабі, колькі грошай ні ўкладвай, няправільнае стаўленне да парадку прыво­дзіць да пашко­джання маёмасці, памяшканняў. Таму самі студэн­ты ажыццяўляюць пастаянны строгі кантроль за правіламі пражывання ў інтэрнатах, студэнцкія саветы цалкам узялі гэтую работу пад свой кантроль. Гэта што­дзённыя абходы, маніторынг санітарнага стану памяшканняў, прапускнога рэжыму, выклікі вінаватых студэнтаў на саветы, напрыклад, за курэнне, выкарыстанне забароненых электра­прыбораў і г.д. Канечне, і дэканы, і куратары, і выкладчыкі сістэматычна наведваюць інтэрнаты, але студэнцкае сама­кіраванне — аснова парадку.

Пад увагай знаходзяцца не толькі жылыя памяшканні, але, безумоўна, і месцы агульнага карыстання. Так, у кожным інтэрнаце ёсць спартыўныя пакоі, прычым пры іх працуюць інструктары-метадысты па фізкультуры, у пэўных інтэрнатах абсталяваны пральні з машынамі, усюды — пакоі для самападрыхтоўкі, залы для агульных збораў, напрыклад, для пасяджэнняў.

— У пакоях студэнты, зразумела, прыбіраюць самі, — працягвае размову А.К.Гусеў, — але, калі сёлета засялілі інтэрнат № 18, паўстала пытанне аб прыбіранні агульных плошчаў, бо там калідоры вялізныя, шмат лесвіц, ліфтаў. Вырашылі так: прапанавалі студэнтам уладкавацца на палову стаўкі, каб выконваць гэтую работу. Ідуць з задавальненнем! На мой погляд, так яно і павінна быць, бо, калі студэнт бачыць, як працуе яго таварыш, апрануты ў спецыяльную форму, ён будзе асабліва акуратна, адказна ставіцца да парадку ў інтэрнаце. Гэты вопыт мы будзем распаўсюдж­ваць на іншыя інтэрнаты, бо такое рашэнне падказвае само жыццё.

Пакуль жа каля 25 студэнтаў працу­юць у 18-м інтэрнаце і кропкава асобныя студэнты — у некаторых іншых. Ёсць студэнты, якія працуюць у інтэрнатах дворнікамі. Алег Канстанцінавіч нават лічыц­ь, што прыйдзе час, калі ўсе такія стаўкі зоймуць менавіта студэнты: і ім не трэба шукаць заробак дзесьці далёка, і ўніверсітэту прасцей. А перша­пачатковым штуршком да такога рашэння стаў вопыт работы студэнтаў у дзіцячым лагеры пры ўніверсітэцкім санаторыі-прафілакторыі. Там маладыя людзі працуюць не толькі як выхавальнікі, але і выконва­юць усю іншую работу, у тым ліку прыбіра­юць памяшканні. Летась быў вопыт, калі студэнты працавалі мыйшчыкамі посуду, і вынікі такой работы парадавалі.

Да і пасля Еўрапейскіх гульняў

Інтэрнат № 18 у Студэнцкай вёсцы стаіць на асаблівым рахунку, бо, па-першае, ён самы новы і самы вялікі, па-другое, апрабаваны быў падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў мінулым летам. У гэтым 8-павярховым будынку жылі спартсмены і трэнеры з 5-і краін: Балгарыі, Венгрыі, Партугаліі, Англіі і Албаніі — усяго каля 800 чалавек. Жылі, без перабольшання, у вельмі добрых умовах, пачаўшы засяляцца ў інтэрнат напрыканцы мая.

А дагэтуль, яшчэ са студзеня і аж да мая, студэнты і выкладчыкі БНТУ штодня ў свабодны ад заняткаў час на спецыяльным аўтобусе прыязджалі ў Студэнцкую вёску і працавалі ў інтэрнаце, даводзілі яго да дасканаласці — вычы­шчалі будаўнічы пыл і смецце, мылі вокны і падлогу. У красавіку падчас суботнікаў у інтэрнаце адначасова працавалі па 100 чалавек. У выніку ўсіх намаганняў да 20-х лічбаў мая інтэрнат ператварыўся ў палац з асляпляльнай падлогай і сценамі, які спачатку высока ацаніла госці ІІ Еўрапейскіх гульняў, а з пачатку навучальнага года і самі студэнты — замежныя і беларускія, якія сюды засяліліся і яшчэ заселяцца. Ва ўніверсітэце наогул стараюцца сяліць беларускіх і замежных студэнтаў  разам, каб яны сябравалі, гутарылі, каб жыццё віравала.

Акрамя таго, студэнты-архітэктары прапанавалі аформіць вестыбюль і першы паверх новага інтэрната. Зрабілі праект, затым перад уваходам аформілі вялізнае пано, якое сімвалізуе сяброўства Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублкі, спраектавалі мэблю, якую потым заказаў універсітэт. Памяшканні аформлены таксама зелянінай і творчымі работамі студэнтаў. Усё настолькі ўражвае, што ўдзельнікі і госці II Еўрапейскіх гульняў спецыяльна прыходзілі сюды, каб зрабіць здымкі на фоне пано.

Дык якія ж выгоды чакаюць студэнтаў у інтэрнаце? Бытавыя зручнасці? Дадатковыя паслугі, як, напрыклад, трэнажорная зала? Умовы для вучобы? Канечне, гэта неабходна кожнаму. Але, сапраўды, не менш важна адчуць дух агульнага студэнцкага жыцця, які не забываецца ніколі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.