І людзям, і сабе

У Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сферы абслугоўвання, як і ў іншых установах адукацыі, імкнуцца да сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў і аптымізацыі вучэбнага працэсу. Асаблівую ўвагу СППС удзяляе рабоце з навучэнцамі падуліковых катэгорый (тымі, хто стаіць на прафілактычным уліку, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сіротам і інш.), што, канечне, зразумела — так сацыяльныя педагогі і псіхолагі дзейнічаюць у любой установе адукацыі. Цікава ж тое, што тут лічаць: добры эфект у рабоце з такімі катэгорыямі навучэнцаў дае далучэнне іх да валанцёрскай работы.

— Безумоўна, асноўныя задачы СППС ліцэя — гэта забеспячэнне сацыяльна-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў, заснаванай на прынцыпах законнасці, павагі і захавання правоў, законных інтарэсаў удзель­нікаў адукацыйнага працэсу, добраахвотнасці атрымання дапамогі, даступнасці, канфідэнцыяльнасці, навуковай абгрунтаванасці, прафесіяналізму, — падкрэслівае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Дзмітрыеў­на Ляўчук. — Мы з калегамі вывучаем умовы жыцця навучэнцаў, выяўляем тых, каму патрэбна сацыяльна-педагагічная і псіхалачная дапамога, праводзім прафілактычную работу, імкнёмся фарміраваць у падлеткаў навыкі здаровага ладу жыцця, удзельнічаем у распрацоўцы індывідуальных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, каму неабходна дзяржаўная абарона, вырашаем іншыя задачы. І робім гэта ў розных формах, знаходзім розныя шляхі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі.

Валанцёрскі рух ліцэя “Добрае сэрца”, лічаць спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы (а гэта Вольга Рамуальдаўна Камарчук, якая да нядаўняга часу кіравала валанцёрскім рухам ліцэя, была тут сацыяльным педагогам, і педагог-псіхолаг Ганна Анатольеўна Яроміна), дапамагае навучэнцам змяніцца ўнутрана і нават знешне: погляд навучэнца ператвараецца з раўнадушнага ў зацікаўлены. Маладыя людзі ўцягнуліся ў гэтую дзейнасць, адчулі сябе карыснымі, значнымі і неабходнымі для тых, каму патрэбна дабрачынная дапамога.

Адно з правіл валанцёрскага атрада гучыць так: “Забудзь пра ляноту і раўнадушша. Будзь генератарам ідэй”. Яно, як і іншыя прынцыпы валанцёраў, вызначае асноўныя кірункі іх дзейнасці: аказанне адраснай дапамогі дзецям-сіротам, інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам па зроку, пажылым людзям. Акрамя таго, у коле інтарэсаў добраахвотнікаў — асветніцкая дзей­насць: прафілактыка шкодных звычак, ужывання псіхаактыўных рэчываў, прапаганда здаровага ладу жыцця; арганізацыя вольнага часу навучэнцаў — флэш-мобы, забаўляльна-пазнавальныя мерапрыемствы, прагляд відэафільмаў і г.д.; экалагічна-працоўная дзейнасць — добраўпарадкаванне тэрыторыі, дапамога пажылым людзям у дастаўцы агародніны і інш.

Супрацоўнікі прафесійнага ліцэя перакананы, што добраахвотніцкі рух дапамагае навучэнцам узняцца над уласнымі слабасцямі, фарміруе і развівае важныя сацыяльна значныя якасці, павышае ўзровень ведаў навучэнцаў аб дабрачыннасці. Уд зел у дабрачынных акцыях тут справядліва лічаць неабходным складнікам сацыяльнага выхавання падлеткаў.

Самымі значнымі справамі валанцёраў сталі працоўная акцыя “Падзяліся дабрынёй” у Кобрынскім дзіцячым доме па добраўпарадкаванні прылеглай да яго тэрыторыі; акцыя “Падзяліся ўсмешкаю сваёй” у рамках месячніка па фарміраванні псіхічнага здароўя і прэвенцыі суіцыдальных паводзін сярод навучэнскай моладзі “Я ў гэтым свеце не адзін”; экалагічная акцыя па ўборцы “Пра чысціню ліцэя клапоцімся разам”. Была яшчэ экскурсія на Кобрынскую выратавальную станцыю АСВОД, дзе валанцёры даведаліся аб гісторыі ўзнікнення Таварыства выратавання на водах, прычынах няшчасных выпадкаў, асаблівасцях работы ратавальнікаў.

Штогод у Кобрыне каля гандлёвага цэнтра “Палессе” прахо­дзяць асеннія кірмашы. Валанцёры руху “Добрае сэрца” мінулай восенню прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям” — дапамагалі пажылым, ветэранам дастаўляць буйныя пакупкі дадому. А ў рамках акцыі “Дзень добрых спраў” навучэнцы тое ж самае зрабілі для інвалідаў па зроку. З дапамогай інвалідам звязаны ўд зел валанцёраў у дабрачыннай акцыі “Ад сэрца да сэрца”, якую арганізаваў Кобрынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва да Дня інвалідаў. Акцыя праходзіла ў мясцовых гандлёвых цэнтрах, дзе людзі набывалі тавары, якія потым былі перададзены сем’ям, у якіх ёсць дзеці-інваліды, дарослыя з інваліднасцю.

З’яўляюцца валанцёры і ўдзельнікамі мерапрыемстваў праграмы “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі” дзяржаўнай праграмы “Здароўе і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”, напрыклад, акцыі “Разам супраць ВІЧ”, калі хлопцы і дзяўчаты раздавалі навучэнцам і педагогам чырвоныя стужачкі як сімвал барацьбы са СНІДам. Правялі таксама флэш-моб да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам 1 снежня, у чым валанцёрам дапамог урач-валео­лаг цэнтра “Арыенцір”. Падлеткі ў тым ліку прапаноўвалі людзям інфармацыйныя матэрыялы аб шляхах перадачы ВІЧ і спосабах абароны ад віруса.

Названыя акцыі — толькі частка таго, чым займаюцца валанцёры Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання. Дапамагаючы іншым, яны дапамагаюць і сабе, становяцца больш чулымі і спагадлівымі, асэнсоўваюць неабходнасць такіх каштоўнасцей у жыцці, разу­меюць, што такое экалагічная культура і навошта яна патрэбна. Магчыма, для кагосьці дабрачынная дзейнасць стане часткай дарослага самастойнага жыцця.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання.