Сямейныя формы выхавання — варыянт у любым выпадку лепшы. Праўда, уладкаваць у сям’ю сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, атрымліваецца не заўсёды. У асноўным цяжкасці тычацца хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць праблемы са здароўем.
— Сёння на дзяржаўным забеспячэнні ў нас знаходзяцца 30 выхаванцаў, трое з якіх адносяцца да дзяцей-сірот, а 27 — да дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Яны трапляюць сюды з дамоў дзіцяці і сацыяльна-педагагічных цэнтраў Мінскай вобласці ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў, у многіх гэтых дзяцей лёгкая ці ўмераная інтэлектуальная недастатковасць, асаблівасці псіхічнага развіцця ці цяжкасці ў навучанні, — расказвае дырэктар Ждановіцкага дзіцячага дома Тамара Васільеўна Красоўская. — Таму нашы галоўныя задачы — прадастаўленне выхаванцам дашкольнай адукацыі, карэкціроўка фізічных і псіхічных парушэнняў, фарміраванне асобы, падрыхтоўка да атрымання адукацыі на наступным узроўні.На базе дзіцячага дома функцыянуе медыцынскі блок з працэдурным кабінетам, ізалятарам, дзённым стацыянарам, залай лячэбнай фізкультуры, кутком для масажу, інгаляторыем. Ёсць фізкультурная зала з абсталяваннем і інвентаром, спартыўная пляцоўка, у кожнай групе створана сваё прадметна-развіццёвае асяроддзе з улікам узросту і дыягназу выхаванцаў.
— У пакоях у адпаведнасці з асаблівасцямі дзяцей, а таксама псіхолага-педагагічнымі, эстэтычнымі і санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі выдзелена прастора для самых розных відаў дзейнасці — сенсаматорны цэнтр, цэнтр для гульнявых і канструкцыйных заняткаў, цэнтры мастацтва і рухальнай актыўнасці, цэнтр набыцця працоўных навыкаў, цэнтр адасаблення, — працягвае Тамара Красоўская. — Да спартыўнага і гульнявога абсталявання, сродкаў для заняткаў творчасцю кожнаму прадугледжаны свабодны доступ.
Адукацыйны працэс арганізаваны ў кабінетах настаўнікаў-дэфектолагаў з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання. Развіццю дзяцей спрыяюць заняткі ў музычнай зале, а стварэнню эмацыянальнага камфорту — наведванне сенсорнага пакоя. Акрамя таго, удзяляецца значная ўвага сацыяльнай адаптацыі дашкольнікаў, для чаго ва ўстанове створаны дзіцячая кухня і дзіцячая кавярня “Буслік”.— Адаптацыя ідзе праз гульню, — зазначае Тамара Васільеўна. — Так, самыя маленькія вучацца гатаваць на цацачнай пліце абеды лялькам, карміць іх, укладваць спаць. А затым навучанне працягваецца ў кавярні, дзе дзеці пад кіраўніцтвам выхавальнікаў знаёмяцца з сапраўднымі прадуктамі, спрабуюць зварыць макарону, спячы бліны ці зрабіць вінегрэт, пасля чаго ў кавярні ладзяцца святы — дні імянінніка.
Пераадолець наступствы парушэння цэнтральнай нервовай сістэмы складана, гэтыя дзеці заўсёды застануцца асаблівымі. Але не бездапаможнымі. Шансы на тое, што выпускнікі дзіцячага дома змогуць сябе абслугоўваць, набыць прафесію і стаць цалкам самастойнымі ў жыцці, сапраўды вялікія.
— Ёсць толькі адна ўмова — з нашымі выхаванцамі трэба пастаянна займацца, і ў тым ліку з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і абсталявання, — адзначае Тамара Васільеўна Красоўская. — Такім чынам, гаворка ідзе аб стварэнні вартай матэрыяльна-тэхнічнай базы, і важны напрамак вырашэння гэтай задачы — спонсарская дапамога.
Дабрачынная праграма па падтрымцы Ждановіцкага дзіцячага дома з боку ААТ “Белінвестбанк” у супрацоўніцтве з міжнароднай плацежнай сістэмай Visa International стартавала ў сакавіку 2011 года. Прычым сёння банкаўская карта Visa “Дапамажы здарыцца цуду!” — гэта просты і даступны кожнаму чалавеку, незалежна ад узроўню яго дабрабыту, сродак аказання дапамогі канкрэтным дзецям.
— Сутнасць праграмы ў наступным: чалавек купляе дабрачынную карту, асновай дызайну якой стаў малюнак нашага былога выхаванца Мікіты Якубоўскага, і палова яе кошту паступае на рахунак Ждановіцкага дзіцячага дома, — тлумачыць Тамара Васільеўна. — Далей жа дзіцячаму дому з рахунку кліента пералічваецца па 0,25% ад сумы любога безнаяўнага плацяжу з выкарыстаннем дабрачыннай карты, а таксама па 0,25% ад сумы такога плацяжу за кошт уласных сродкаў у знак салідарнасці нам пералічвае банк.
Адлічэнні ад кожнай безнаяўнай аперацыі звычайна складаюць усяго некалькі соцень рублёў. Для сямейнага бюджэту сума амаль незаўважная. Аднак, як кажуць, зерне да зерня — будзе поўная мерня. Паколькі трымальнікамі дабрачынных картак ужо з’яўляюцца каля 3,5 тысячы чалавек, у цэлым атрымліваюцца адчувальныя грошы. За чатыры з паловай года работы праграмы на рахунак Ждановіцкага дзіцячага дома паступіла звыш 370 млн рублёў. Гэта дазволіла капітальна адрамантаваць дзіцячыя спальні і раздзявалкі ў групах, устанавіць шклопакеты на вокнах, замяніць дзверы, цалкам абсталяваць харчаблок. На дабрачынныя ахвяраванні трымальнікаў банкаўскіх картак набывалі спецыяльныя электрапліты, куплялі дзіцячыя адзенне і абутак, бытавую тэхніку, сродкі гігіены, посуд.
Рэалізацыя дабрачыннай праграмы банка і Ждановіцкага дзіцячага дома здзяйсняецца па падставе дагавораў, якія заключаюцца штогод і ўзгадняюцца з Дзяржкаммаёмасцю і ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама. Пры гэтым вызначана, што дзіцячы дом можа распараджацца сродкамі самастойна. У той жа час банк рэгулярна атрымлівае справаздачы, на што канкрэтна былі накіраваны грошы. Такая інфармацыя з’яўляецца адкрытай для ўсіх трымальнікаў картак, якія, дарэчы, наведваюць дзіцячы дом і ладзяць тут святы. У сваю чаргу выхаванцы рыхтуюць для гасцей канцэрты.
— Некалькі гадоў назад у двары нашага дома вецер зламаў бярозку, а калі яе спілавалі, усім кінулася ў вочы: пянёк мае форму трэснутага сэрца, — расказвае Тамара Васільеўна Красоўская. — Ён нагадваў дзіцячае сэрца, якое разбілі бацькі, таму было вырашана ўстанавіць на пяньку так званае “Дрэва жаданняў”. Задума была рэалізавана з дапамогай спонсараў. Цяпер нашы выхаванцы і госці могуць прыйсці сюды, завязаць на галінцы стужку і папрасіць аб здзяйсненні самай запаветнай мары. А яна, па сутнасці, ва ўсіх адна — каб дзеці знайшлі бацькоў. І мы верым, што калі-небудзь так будзе. А сёння нам усім разам ствараць умовы, каб кожнае дзіця і ў дзіцячым доме магло адчуваць сябе як у сям’і.
Сяргей ГРЫБ.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.