Залежнасць ці зацікаўленасць?

З 1 студзеня бягучага года шэраг школ краіны атрымлівае фінансаванне па прынцыпова новай схеме: зыходзячы з вызначанага нарматыву на аднаго навучэнца, памножанага на фактычную колькасць вучняў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 19 снежня 2014 года № 1199 “Аб рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Сёння такая схема фінансавання адукацыі прымяняецца ў многіх краінах, у тым ліку суседніх. Так, з нядаўняга часу яна ўкараняецца ў многіх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, на нарматыўнае фінансаванне перайшлі школы ў Грузіі, Літве. У Беларусі ж такая схема фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пакуль што прымяняецца ў якасці эксперымента. Але спецыялісты, як айчынныя, так і замежныя, высока ацэньваюць яе патэнцыял, заўважаючы, што пры добрых выніках яна можа быць распаўсюджана на ўсе рэгіёны.
Аднак у многіх краінах, дзе ўжо поўнасцю перайшлі на нарматыўнае фінансаванне, па-рознаму ацэньваюць гэтую схему. Спецыялісты гавораць як пра яе бясспрэчныя плюсы, так і пра непазбежныя мінусы. Дык чаго можна чакаць нам ад такой схемы фінансавання адукацыі? Якія праблемы сучаснай школы яна здольна вырашыць? Якія рызыкі нясе для звычайных педагогаў? Пра ўсё гэта, аналізуючы міжнародны вопыт, мы сёння гаворым з Раманам Восіпавічам Дапірам, намеснікам старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. 

— Раман Восіпавіч, наколькі я ведаю, тэма нарматыўнага фінансавання сістэмы адукацыі спецыялістам галіновага прафсаюза вядома не па чутках: у папярэднія гады вы дэталёва вывучалі замежны вопыт у гэтай сферы.
— Так, варта разумець, што сённяшняе правядзенне эксперымента па нарматыўным фінансаванні — гэта вынік доўгай і скрупулёзнай працы спецыялістаў органаў кіравання адукацыяй рознага ўзроўню — ад міністэрства да мясцовых органаў улады. Галіновы прафсаюз таксама не стаяў убаку ад гэтай тэмы. Калі толькі з’явілася ідэя такога эксперымента, мы пачалі дэталёва вывучаць вопыт іншых краін, якія ўжо перайшлі на гэтую схему: праз зносіны з нашымі калегамі з суседніх краін, аналіз сітуацыі на месцах. І варта адзначыць, што вопыт гэты неадназначны.

— Але ж падыходы ў большасці аднолькавыя? У чым сутнасць гэтай схемы?
— Насамрэч, да гэтага часу ў свеце не знойдзена адзінай найлепшай формулы фінансавання адукацыі. Усе мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне паміж тым, што неабходна школе, і тым, што ёй могуць даць. Адсюль і пастаянныя спрэчкі пра тое, як правільна размяркоўваць фінансы.
Сёння і нам зразумела, што традыцыйная схема фінансавання школы, якая засталася з мінулых часоў, не адпавядае запытам часу — ні ў плане разумнага выкарыстання сродкаў, ні ў плане вырашэння адукацыйных задач, што стаяць перад сістэмай.
Сутнасць нарматыўнага фінансавання ў тым, каб фінансаваць не ўстановы адукацыі, а адукацыйныя паслугі для дзяцей, прычым у кожнай кропцы краіны дзіця павінна атрымаць адукацыйную паслугу аднолькавага аб’ёму і якасных параметраў. Для дзяржавы выгадна фінансаваць па нарматыве, яна ведае выдаткі на аднаго вучня. Гадавое фінансаванне вызначаецца па колькасці вучняў. Сродкі школам выдзяляюцца адзіным пакетам без разбіўкі па артыкулах бюджэту ў пачатку фінансавага года — гэта значыць, якія ўстанова сама вызначае, як яна можа распараджацца гэтай сумай. Такім чынам, кіраўнік атрымлівае права пераносу грашовых сродкаў з аднаго артыкула на іншы ў адпаведнасці з фінансава-гаспадарчым планам.
Але варта разумець, што ў кожнай з краін свае асаблівасці прымянення гэтай сістэмы. Так, еўрапейскі варыянт нарматыўнага фінансавання ў тым, што грошы з цэнтра ідуць непасрэдна ў школу. Пад гэтыя сродкі павінны прыйсці дзеці. Калі дзеці не прыйдуць, не прыйдуць сродкі. Адпаведна, калі ў рэгіёне няма сваіх дзяцей, школы імкнуцца прыцягнуць іх з іншых рэгіёнаў — тымі ці іншымі метадамі. І тым самым апраўдаць тое фінансаванне, якое прыйшло звонку. Інакш — скарачэнне фінансавання, а гэта скарачэнне фінансавых паступленняў у рэгіён, скарачэнні работнікаў з усімі наступствамі.
У нас сітуацыя крыху іншая: школы фінансуюцца са сродкаў мясцовых бюджэтаў. Таму галоўнай задачай было менавіта вызначэнне фінансавага нарматыву на навучанне аднаго школьніка, а не перацягванне сродкаў з аднаго рэгіёна ў іншы.
На практыцы гэта павінна працаваць наступным чынам: на кожную катэгорыю вучняў зыходзячы з узросту, асаблівасцей развіцця ўстанаўліваецца фінансавы нарматыў затрат на навучанне. Заўважце: для розных катэгорый дзяцей устаноўлены розны памер гэтага нарматыву праз устанаўленне спецыяльных каэфіцыентаў. Далей зыходзячы з колькасці вучняў у школе вызначаецца агульны аб’ём фінансаў на ўстанову. Адпаведна, чым больш установа прыцягне навучэнцаў, тым больш атрымае фінансаў.
Пры гэтым маецца на ўвазе, што кіраўнік установы будзе валодаць пэўнай свабодай у плане расходавання сродкаў: можа выбіраць прыярытэтныя на дадзены час напрамкі фінансавання, мяняць у адпаведнасці з задачамі канкрэтнай установы штатны расклад, дадаткова заахвочваць педагогаў і тым самым найлепшым чынам вырашаць задачы, якія стаяць перад установай адукацыі. Так, маецца на ўвазе, што ва ўстановах, дзе праводзіцца эксперымент, тыпавыя штаты будуць насіць рэкамендацыйны характар. І, адпаведна, кіраўнік зможа пэўным чынам пры неабходнасці пераразмяркоўваць сродкі.

— Гэта ў ідэале. Але вы напачатку заўважылі, што ў розных краінах па-рознаму ацэньваюць такую сістэму фінансавання.
— Справа ў тым, што ў розных краінах да эксперымента па ўкараненні нарматыўнага фінансавання падыходзілі з розных стартавых пазіцый. У кожнага былі свае зыходныя ўмовы: розныя аб’ёмы фінансавання, розныя штатныя расклады, розныя падыходы, розныя вучэбныя планы. Напрыклад, Грузія падыходзіла да эксперымента з праблемай элементарнага недаходжання фінансаў да ўстаноў. Нарматыўнае фінансаванне, калі фінансы накіроўваюцца адразу ў школу, гэтую праблему вырашыла. Адпаведна, і эксперымент ацэньваўся станоўча.
Мы знаходзімся ў іншых умовах, у нас іншыя задачы. Упэўнены, што галоўнай знешняй меркай паспяховасці новай сістэмы ў нашай краіне будзе ўзровень сярэднямесячнай зарплаты ва ўстановах. Іншага проста не існуе. Паняцце “якасць адукацыі” настолькі па-рознаму ацэньваецца рознымі спецыялістамі, што не можа быць для ўсіх доказным аргументам, тым больш у кароткай перспектыве. Такая ж велічыня, як заработная плата, мае вельмі моцны характар.
Але ў любым выпадку, на маю думку, мы не маем права на сітуацыю непаспяховасці пры правядзенні эксперымента. Калі ўзнікаюць нейкія спрэчныя пытанні, адразу ж неабходна рэагаваць, выпраўляць іх. Мы павінны паказаць, што галіновая сістэма аплаты працы — гэта добра, і павінны даказаць якасць нарматыўнага фінансавання ў нашых умовах, нават пры тым нарматыве, які нам выдзелены. Інакш вяртаемся да таго, што было і раней.

— Павелічэнне заработнай платы, безумоўна, чаканы вынік укаранення новай сістэмы. Але гэтак жа безумоўна, што такое павышэнне будзе чагосьці каштаваць. Якія рызыкі могуць чакаць звычайных педагогаў пры такой сістэме?
— Рызыкі, канечне ж, ёсць, і некаторыя з іх характэрны для многіх краін, што ідуць па шляху нарматыўнага фінансавання школы. Найперш, калі меркаваць па міжнародным вопыце, гэта эканомія на штатных адзінках і, адпаведна, нагрузка педагогаў няпрофільнымі функцыямі, а таксама павелічэнне сярэдняга паказчыка нагрузкі педагогаў. Як паказвае практыка іншых краін, часта кіраўнікі ўстаноў пры нарматыўным фінансаванні адмаўляліся ад паслуг работнікаў, якія былі заняты не на поўную стаўку, перадаючы іх нагрузку пастаянным работнікам. Тым самым павялічвалася заработная плата апошніх, але і іх нагрузка. На мой погляд, такі падыход не можа быць усеагульным, бо часта спецыялісты з няпоўнай нагрузкай ва ўстановах адукацыі вельмі кваліфікаваныя і запатрабаваныя, таму кожны такі выпадак павінен разглядацца індывідуальна.
Ці іншы прыклад. Імкнучыся знізіць выдаткі, каб мець большы фонд для заахвочвання настаўнікаў, некаторыя кіраўнікі могуць пайсці па шляху мінімізацыі расходаў на неабавязковыя паслугі, скажам, закрыць групы прадоўжанага дня, зменшыць фінансаванне выхаваўчага блока. Ці такі прыклад з замежнага вопыту: кіраўнікі ўстаноў станавіліся незацікаўленымі ў фармальным росце кваліфікацыі педагогаў, бо гэта непазбежна цягнула за сабой дадатковыя выдаткі.
Але варта разумець, што такія падыходы — гэта тупіковы шлях. Вопыт іншых краін паказае, што, не захаваўшы ўмовы прыцягальнасці для насельніцтва, якія дзейнічалі пры старой сістэме, установы адукацыі не дасягнуць поспеху і ў новай. У гэтым пытанні ўсім прыйдзецца ісці на нейкія кампрамісы, каб дасягнуць пэўнага эканамічнага эфекту.
Акрамя таго, нарматыўнае фінансаванне робіць установы зацікаўленымі ці залежнымі (выбірайце, як кажуць, што падыходзіць вам) ад кантынгенту, тым самым падштурхоўваючы працэс узбуйнення ўстаноў і ліквідацыю маленькіх устаноў адукацыі. Усё проста: больш паспяховыя прыцягваюць больш навучэнцаў, адпаведна, маюць больш фінансаў. З гэтым рэсурсам яны могуць прыцягнуць на больш высокую заработную плату лепшых педагогаў. У выніку слабыя ўстановы адукацыі вымушаны ці падцягвацца па ўзроўні адукацыі, наборы дадатковых паслуг да лепшых, ці закрывацца. Сітуацыя, калі выжывае мацнейшы. Вось яскравы прыклад: сістэма адукацыі Масквы, дзе ўведзена нарматыўнае фінансаванне, налічвае каля 4500 устаноў. У 2010 годзе было рэарганізавана 60 дзяржаўных адукацыйных устаноў, у 2011 — 120, у 2012 годзе планавалася рэарганізаваць ажно 710 устаноў. Але для нас гэтая праблема не такая актуальная: працэс аптымізацыі ўстаноў адукацыі ў краіне ідзе даўно, і сёння ў рэгіёнах няма “лішніх” школ.

— Не раз даводзілася чуць меркаванне пра тое, што прамая зацікаўленасць кіраўнікоў устаноў у большай колькасці навучэнцаў вядзе да “перанасычэння” ўстановы, празмернага ўзбуйнення класаў і, як вынік, паступовага зніжэння якасці адукацыі.
— Насамрэч, паспяховыя ўстановы адукацыі не могуць узбуйняцца бясконца, у нашых умовах нам гэта наўрад ці пагражае — санітарныя нормы ніхто не адмяняў. Для гэтых устаноў будуць дзейнічаць тыя ж правілы, што і для іншых, — па напаўняльнасці класаў, плошчаў на аднаго навучэнца. Іншымі словамі, кіраўнікі ўсё роўна будуць звязаны пэўнай колькасцю кабінетаў, іх умяшчальнасцю. Хоць, безумоўна, рызыка большай напаўняльнасці класаў у такіх умовах існуе і ў нас.
Тут хацелася б адзначыць яшчэ адзін момант. Я нездарма заўважыў, што ўстановы ў кожным асобным выпадку становяцца ці зацікаўленымі, ці залежнымі ад кантынгенту. Справа ў тым, што першапачаткова школы знаходзяцца ў розных умовах. І як бы нам таго ні хацелася, але далёка не ўсё залежыць ад таленавітасці кіраўніка і прафесіяналізму калектыву. Ты можаш арганізаваць надзвычай добры адукацыйны працэс, але калі ў гэтай мясцовасці няма дзяцей школьнага ўзросту, то гэта не дапаможа. З іншага горада не паедуць. Установа ў густанаселеным маладым мікрараёне ў любым выпадку першапачаткова мае больш шансаў на большае фінансаванне, чым тая, якая знаходзіцца ў старым мікрараёне. Ад увядзення новай сістэмы фінансавання ўстаноў адукацыі і аплаты працы педагогаў выйграюць школы буйных гарадоў, а сярод гэтых школ тыя, якія створаны даўно і маюць вядомасць сярод бацькоў і іх дзяцей.
Іншымі словамі, кіраўнікі школ, якія атрымліваюць сродкі згодна са схемай нарматыўнага фінансавання, атрымліваюць пэўны інструмент, але змогуць яго выкарыстоўваць цалкам толькі пры пэўным збегу абставін.
У цэлым жа міжнародны вопыт паказвае, што новая сістэма фінансавання адукацыі знешне прывабная. Яна прадугледжвае вырашэнне такіх задач, як стымуляванне працэсаў развіцця школы да падтрымання і пастаяннага павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці (заахвочванне школ і іх настаўнікаў, якія добра працуюць, за кошт таго, што ў добрай школе захочуць вучыцца больш вучняў, і ад гэтага эканамічнае становішча значна палепшыцца; слабыя ж школы будуць вымушаны ўдасканальвацца і паляпшаць якасць адукацыйнага працэсу), рост магчымасцей адукацыйнага выбару навучэнцаў, павышэнне аўтаноміі школы, павышэнне эфектыўнасці бюджэтных выдаткаў. Аднак пры гэтым варта памятаць пра магчымыя рызыкі нарматыўнага фінансавання і на пачатковых стадыях імкнуцца прадухіліць іх.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.