Адносіны спецыялістаў, якія працуюць з тэмай сіроцтва, да дабрачыннасці часам неадназначныя. Безумоўна, выдатна, што ёсць людзі, нераўнадушныя да чужой бяды, гатовыя спачуваць і дапамагаць. Іншая справа — якая гэта дапамога. Здавалася б, што дрэннага можа быць у тым, каб падарыць дзіцяці, якога лёс не пеставаў з самага нараджэння, нейкі падарунак, падзяліцца з ім радасцю напярэдадні таго ці іншага свята? Між тым псіхолагі ўпэўнена сцвярджаюць: часам ад разавай дабрачыннай дапамогі дзеці-сіроты атрымліваюць у доўгатэрміновай перспектыве больш негатыву, чым пазітыву. Нярэдка неразумная дапамога дзецям з асаблівым лёсам можа ператварыць іх у пажыццёвых спажыўцоў, якія лічаць, што ўсе навокал ім штосьці абавязаны. Але гэта не значыць, што дабрачыннасць у адносінах да дзяцей-сірот не павінна мець месца. Зусім не. Проста яна павінна быць іншай: такой, якая б не прыніжала самаацэнку дзіцяці чарговым бясплатным падарункам, а якая стварала б у яго адчуванне, што яно само штосьці “зарабіла”, і тым самым дэманстравала б дзіцяці з асаблівым лёсам, што яно моцнае і само, нягледзячы на ўсе цяжкасці, на многае здольна ў жыцці.
Такія праекты сёння ёсць: ініцыятывы, заснаваныя на дабрачынным удзеле ў іх дарослых самастойных людзей, якія дапамагаюць дзецям паверыць у сябе. Адзін з іх — дабрачынны праект грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” “3Д: дети делают добро”.
Як расказалі ў грамадскім аб’яднанні, ідэя праекта належыць намесніку дырэктара “Здаровага выбару” Кацярыне Каўровай. Яна ж — і нязменны каардынатар гэтага праекта ўжо на працягу амаль паўгода. А вось рэалізуецца праект намаганнямі не аднаго чалавека — гэта сябры грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар”, сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай, АРТ-кафэ “Чаплін”, валанцёрская група “Майстэрня дзіцячай надзеі”, фатограф Юлія Мацкевіч і, безумоўна, мноства валанцёраў. Сутнасць праекта ў тым, што, з аднаго боку, арганізатары вызначаюць дзіця, якому тэрмінова патрэбна матэрыяльная дапамога, як правіла, на лячэнне. З другога боку, да праекта прыцягваюцца дзеці з асаблівым лёсам — з інтэрнатных устаноў, замяшчальных сем’яў, якія раз у месяц на майстар-класах творчай майстэрні робяць падзелкі. Потым гэтыя творы выстаўляюцца на абмен непасрэдна пасля чарговай акцыі ці ўжо ў інтэрнэце ў праекце “Майстэрня дзіцячай надзеі”. Выручаныя ад гэтага сродкі накіроўваюцца на рахунак дзіцяці, якое мае патрэбу ў дапамозе.
— Мэта акцыі — развіццё дабрачыннасці і мецэнацтва ў краіне, — адзначаюць аўтары праекта. — Мы хочам звярнуць увагу грамадскасці на тое, што дабрачынцам можа стаць кожны, нават дзіця, якое само знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: не затрачваючы нейкіх матэрыяльных сродкаў, а толькі ўнутраныя рэсурсы, яно можа дапамагчы іншаму. Дзеці, якія ўжо прынялі ўдзел у нашай акцыі, хочуць прыйсці на праект зноў. Тэлефануюць, пытаюцца: а ці можна яшчэ раз паўдзельнічаць, што мы яшчэ можам зрабіць, чым дапамагчы?
Такая зваротная сувязь для аўтараў праекта вельмі важная. Яна пераконвае, што дасягаецца яшчэ адна мэта: у дзяцей з асаблівым лёсам зараджаюцца думкі, што ў жыцці неабходна дапамагаць іншым, а не замыкацца толькі на асабістых інтарэсах. Гэты праект вучыць іх не толькі браць, але і аддаваць.
— Палітыка нашага аб’яднання накіравана на ўсталяванне доўгатэрміновых адносін з дзецьмі сіроцкай катэгорыі, — адзначаюць у “Здаровым выбары”. — Мы імкнёмся не проста аказваць матэрыяльную дапамогу, дарыць падарункі дзецям, а спрабуем прыцягнуць іх да ўдзелу ў акцыях, каб яны маглі праявіць свае здольнасці, далучыцца да творчасці, рэалізаваць свой патэнцыял. Як кажуць, лепш даць вуду, чым гатовую рыбу. Каб выйшаўшы са сцен школы-інтэрната, дзеці разумелі, што трэба верыць у сябе і спадзявацца на сябе, і, самае галоўнае, ведалі свае рэсурсы, моцныя бакі.
На сёння ў рамках праекта прайшлі ўжо тры майстар-класы па роспісе гіпсавых фігурак. Дарэчы, выбар менавіта такога віду творчасці невыпадковы: гіпсавыя фігуркі актыўна выкарыстоўваюць рамеснікі для работы з дзецьмі ў творчых майстэрнях. Гэты матэрыял лёгка паддаецца роспісу, для работы з ім не патрабуецца спецыяльных навыкаў. Ды і тэхнікі можна выкарыстоўваць самыя розныя — была б фантазія! А яе ва ўдзельнікаў акцыі, як і ва ўсіх іншых дзяцей, дастаткова.
У студзені першымі дабрачынцамі сталі выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска. 15 удзельнікаў акцыі на працягу дзвюх гадзін пад кіраўніцтвам вопытнага мастака распісвалі гатовыя гіпсавыя статуэткі і прадметы інтэр’ера. Праз месяц удзельнікамі праекта сталі выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У сакавіку ў праекце прынялі ўдзел выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Маскоўскага раёна Мінска: у супрацоўніцтве з майстрамі-прафесіяналамі дзеці размалёўвалі нарыхтоўкі калядных яек у тэхніцы дэкупаж.
Кожная такая акцыя — гэта сумесная праца дзяцей і дарослых. Як правіла, у дзень акцыі валанцёры прыходзяць у арт-кафэ загадзя, рыхтуюць рабочыя матэрыялы, сустракаюць дзяцей.
— Прывітанне — непасрэдны зварот да дзяцей з просьбай дапамагчы таму ці іншаму дзіцяці — абавязковы складнік кожнай сустрэчы, — адзначаюць у аб’яднанні. — Калі такая просьба адрасуецца непасрэдна дзецям, а не перадаецца ім ад трэціх асоб, маўляў, давайце прымем удзел у акцыі, гэта мае большы эфект. Дзіця мае магчымасць яшчэ раз паверыць у тое, што яно здольна змяніць сітуацыю, здольна камусьці дапамагчы. Гэта вельмі істотна падымае яго самаацэнку.
Ну а далей — сумесная з валанцёрамі работа ў творчай майстэрні. Нарэшце аўтары гатовых работ фатаграфуюцца на памяць аб удзеле ў праекце.
— Мы фатаграфуем работы, якія ідуць на аўкцыён, выкладваем фотаздымкі ў інтэрнэт, — расказваюць пра сутнасць праекта валанцёры Настасся Сяхно і Марта Кандрыгінская. — Работы гэтыя бясцэнныя: хтосьці можа заплаціць за фігурку пяць тысяч, а хтосьці і сто. Пакупнікі павінны аплаціць пакупку ў банку і прынесці квіток нам. Мы заўсёды паказваем гэтыя квіткі дзецям — аўтарам работ. “Маю работу купілі?!!” — здзіўленне, недавер, радасць проста перапаўняюць дзяцей і зараджаюць іх энергіяй для далейшай работы.
Як адзначаюць валанцёры, на пачатку рэалізацыі праекта ад грамадскасці не адчувалася значнай увагі: не было вялікага інтарэсу да гатовых работ, удзелу ў якасці валанцёраў у правядзенні акцый. Але, як паказаў час, гэта быў толькі пачатак: зараз усё змянілася, людзі пачалі цікавіцца работамі, жадаюць непасрэдна дапамагаць дзецям у працэсе работы. Аўтары праекта заўсёды вітаюць новых валанцёраў. Падтрымаць атмасферу, пагутарыць, падбадзёрыць можа кожны. Зрэшты, як адзначаюць валанцёры, якія ўжо прынялі ўдзел у акцыі, аддача для іх саміх ад праекта вельмі істотная — такія станоўчыя эмоцыі ад шчырай радасці дзяцей, зносін з імі, адчування сваёй прыналежнасці да праекта, які дае рэальную аддачу адразу ў некалькіх плоскасцях, немагчыма замяніць нічым.
Дарэчы, любы жадаючы можа прыняць удзел у чарговай акцыі праекта, якая пройдзе ў апошнюю нядзелю красавіка. Адметнасць акцыі ў тым, што ўдзел у ёй могуць узяць не толькі выхаванцы інтэрнатных устаноў, але і дзеці са звычайных сем’яў. Гарантыя ўдзелу ў акцыі — плацежнае даручэнне з пералічэннем грашовых сродкаў на рахунак чарговай падапечнай “Майстэрні дзіцячай надзеі” Арыны Назаравай.
У цэлым жа за час рэалізацыі праекта выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната № 7, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Мінска і дзіцячага сацыяльнага прытулку Маскоўскага раёна сталіцы змаглі сабраць больш як 3 млн рублёў на лячэнне Вані Шымко, Маргарыты Даліды, Арцемія Міхіна.
Зрэшты, на мой погляд, толькі грашовым эквівалентам вымяраць вынікі праекта нельга. Куды больш значным падаецца тое, што ён дапамагае дзецям адчуць упэўненасць у сабе, паверыць у тое, што яны здольны змяняць сваё жыццё.