“Выпадковых людзей становіцца менш…”

Павышэнне заробку і матывацыі да эфектыўнай працы — такія галоўныя задачы эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы ў школах краіны. З мінулага навучальнага года ў гэтым праекце працуе шэраг устаноў Мінска.
І, як сведчаць першыя вынікі, правядзенне эксперымента сябе апраўдвае. “Самае значнае ў эксперыменце тое, што школа атрымала магчымасць устанаўліваць галіновыя выплаты педагогам і іншым спецыялістам у залежнасці ад іх укладу ў работу калектыву”, — такую ацэнку гэтаму праекту даў міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
Улічваючы першы станоўчы вопыт, на рэспубліканскім узроўні было прынята рашэнне аб тым, што эксперымент па галіновай аплаце працы будзе працягнуты і ў бягучым навучальным годзе. У яго ўключаюцца некалькі школ у Гродне і Гомелі, а таксама ўстановы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Што чакае гэтыя ўстановы? З якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца іх кіраўнікам і непасрэдна педагогам? Ці магчыма ўвогуле шырокае распаўсюджанне прапанаванай схемы? Пра ўсё гэта мы сёння гутарым з Ларысай Леанідаўнай Волкавай, старшынёй Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, арганізацыі, якая разам з дзяржаўнымі органамі адсочвала рэалізацыю праекта ў сталічных школах.

— Ларыса Леанідаўна, нагадайце, калі ласка, колькі ўстаноў было задзейнічана ў правядзенні эксперымента.
— У Мінску на працягу мінулага навучальнага года было задзейнічана ў правядзенні эксперымента 5 устаноў адукацыі: адзін ліцэй, адна школа і тры гімназіі, размешчаныя ў двух раёнах сталіцы. Сёлета гэтыя ўстановы гэтак жа працуюць у рамках эксперымента. Мяркуецца, што з новага фінансавага года да яго правядзення далучацца яшчэ некаторыя ўстановы горада.

— Зразумела, прафсаюзныя арганізацыі, гэтак жа, як і дзяржаўныя органы кіравання, пэўным чынам маніторылі правядзенне эксперымента?
— Безумоўна, гэта наш агульны інтарэс. І раённыя, і гарадская арганізацыі пастаянна былі на сувязі з удзельнікамі эксперымента і ўсімі яго арганізатарамі: ад Міністэрства адукацыі да Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Асабіста мы сваёй задачай бачылі не толькі прасачыць, наколькі дзейсным будзе эксперымент у частцы павышэння заробку педагогаў і іх матывацыі на больш эфектыўную працу, але і дапамагчы ўстановам на месцах правесці работу ў адпаведнасці з усімі нормамі заканадаўства.

— На што найперш неабходна было звярнуць увагу? Думаю, гэта будзе цікава тым установам, якія плануюць далучыцца да правядзення эксперымента.
— Найперш неабходна адзначыць, што ўсе ўстановы, якія прымаюць удзел у эксперыменце, з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі ў поўным сэнсе, у тым ліку маюць фінансавую самастойнасць. Адпаведна, адказнасць кіраўнікоў устаноў адукацыі — вельмі высокая. Ім на пачатку эксперымента неабходна было не толькі дакладна растлумачыць кожнаму педагогу калектыву сутнасць новай сістэмы, але і забяспечыць захаванне ўсіх неабходных норм працоўнага заканадаўства — ад уручэння паведамленняў да выдачы разліковых лістоў, унясення змяненняў у калектыўныя дагаворы. А нюансаў тут нямала. Так, пераход на новую сістэму — гэта найперш істотныя змены ўмоў працы, змяненне сістэмы аплаты працы. Таму перад пачаткам эксперымента кожны работнік павінен быў атрымаць паведамленне аб істотных зменах умоў працы і, адпаведна, прыняць рашэнне, згодны ён на такія змены ці не. Цэнтральны камітэт прафсаюза распрацаваў узор паведамлення і ўзор паведамлення прафсаюза аб згодзе на змяненне істотных умоў працы. Мы падкарэкціравалі гэтыя ўзоры ў залежнасці ад мясцовых умоў і раздалі ва ўстановы. Далей кіраўнікі праводзілі агульныя сходы, тлумачылі змены і пад роспіс уручалі паведамленні. Варта адзначыць, што ніхто з людзей не адмовіўся працаваць з істотнымі зменамі ўмоў працы.
Акрамя таго, была захавана працэдура паведамлення прафсаюза аб згодзе на правядзенне эксперымента. У абавязковым парадку ў кантракты работнікаў былі ўнесены дадатковыя пагадненні, дзе былі прапісаны змены ўмоў працы. У калектыўных дагаворах былі дадаткова прапісаны ўмовы прэміравання.
Хацелася б адзначыць, што, нягледзячы на тое, што ўся гэтая работа праводзілася ў вельмі кароткія тэрміны — так склалася агульная сітуацыя, усе органы спрацавалі на выдатна, і ўсе пытанні былі зняты агульнымі намаганнямі.

— Сёння, ужо праз год дзейнасці эксперымента, вы як прадстаўнік галіновага прафсаюза можаце меркаваць аб пэўных плюсах яго правядзення — найперш з пункту гледжання інтарэсаў работнікаў?
— Безумоўна, плюсы ёсць. І вельмі істотныя. Прычым гаворка ідзе не толькі пра памер заробку. Так, новая сістэма дазволіла істотным чынам спрасціць сістэму налічэння заработнай платы педагогам. Справа ў тым, што забяспечыць дзейнасць установы павінны і тыя людзі, пра якіх у сістэме адукацыі гавораць вельмі мала. Вось, напрыклад, бухгалтэрыя: на сёння гэтая служба кіруецца даволі аб’ёмнай і складанай нарматыўна-прававой базай. У выніку не рэдкасць сітуацыі, калі бухгалтары, асабліва маладыя спецыялісты, дапускаюць памылкі ў сферы налічэння заработнай платы педагагічным работнікам. Наша задача, безумоўна, і адказваць на гэты паток скаргаў з боку педагагічных работнікаў, і вучыць спецыялістаў, каб папярэджваць такія праблемы. Але, безумоўна, найлепшым выйсцем было б спрашчэнне самой сістэмы. У рамках эксперымента гэта і адбылося: налічэнне заработнай платы значна спрашчаецца. Калі ў звычайным варыянце неабходна разлічваць заработную плату кожнаму работніку з улікам павышэнняў, устаноўленых мноствам актаў заканадаўства, то ў новай сістэме толькі трыма — за стаж работы, за ўзровень кваліфікацыі і за кантрактную форму найму. З гэтага фарміруецца аклад, да яго дабаўляюцца галіновыя выплаты і стымулюючыя выплаты.
Што ж да памеру заработнай платы педагагічных работнікаў, то ў рамках эксперымента яна значна вырасла. Прычым у суме заработнай платы вялікую ролю адыгрываюць менавіта галіновыя выплаты. У залежнасці ад таго, чым заняты работнік, ад пастаўленых перад ім задач і якасці іх выканання памер галіновых выплат у асобна ўзятай установе можа быць мінімум 10%, максімум — 40—45% ад акладу. Акрамя таго, гэтая сістэма дазволіла павялічыць аклад, у выніку павялічваюцца і стымулюючыя выплаты.
Тут варта адзначыць яшчэ адзін момант: у галіновых выплатах адлюстраваны шэраг момантаў, якія раней былі закладзены параметрамі для прэміравання ў Палажэнні аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў, якое з’яўляецца дадаткам да калектыўнага дагавора. Калі шэраг гэтых пазіцый быў перанесены ў галіновыя выплаты, у кіраўніка і калектыву з’явілася магчымасць заахвоціць сваіх работнікаў дадаткова за работу, фармальна не прадугледжаную службовымі абавязкамі. Гэта ніша ў калектыўна-дагаворных адносінах, якую варта граматна выкарыстоўваць пры правядзенні эксперымента.

— А які ў абсалютным выражэнні сярэдні заробак сёння ў педагагічнага работніка ў рамках эксперымента?
— У выпадку работы на стаўку пры наяўнасці другой кваліфікацыйнай катэгорыі, стажу работы 8 гадоў педагог установы, які працуе ў рамках эксперымента, можа разлічваць на суму прыкладна ад 4 млн рублёў і вышэй, пры звычайнай сістэме аплаты працы — ад 3,5 млн рублёў.
Але ўся справа ў тым, што гаварыць аб сярэднім заробку ў рамках эксперымента якраз не прыходзіцца: уся сістэма скіравана на тое, каб максімальна ўлічыць уклад кожнага ў агульную справу і адпаведна матэрыяльна яго за гэта ўзнагародзіць. Галіновыя выплаты не з’яўляюцца раз і назаўсёды ўстаноўленымі для кожнага асобнага работніка, яны мяняюцца штомесяц у залежнасці ад аб’ёму і якасці работы, якая выконваецца.

— Такім чынам, галоўная мэта дасягаецца — эксперымент сябе апраўдвае?
— Так. Але толькі пры ўмове дадатковага фінансавання ўстаноў: фонд заработнай платы павінен быць большы на 20%. Заканадаўствам прапісана, што гэта павышэнне ажыццяўляецца за кошт мясцовых бюджэтаў. Але сёння рэгіёны не заўсёды маюць магчымасць ажыццявіць такое павышэнне.
Дарэчы, на працягу мінулага навучальнага года ўстановы, якія працавалі ў рамках эксперымента, неаднаразова ўносілі прапановы па яго ўдасканаленні. І частка прапаноў была ўлічана Міністэрствам адукацыі, і адпаведныя змены былі ўнесены ў пастанову, якая рэгулюе гэты праект. Так, уносіліся змены і пашыраўся пералік галіновых выплат за сістэмны ўдзел у дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па навукова-метадычным забеспячэнні агульнай сярэдняй адукацыі. Па некаторых пазіцыях былі павялічаны працэнты павышэння.
Калі ж гаварыць пра перспектыву, то пры распаўсюджванні сістэмы на іншыя ўстановы, напэўна, мэтазгодна прымяняць крыху іншыя падыходы і фармулёўкі. Напрыклад, у дашкольных установах адукацыі, комплексах “школа — сад” падыходы і фармулёўкі да назначэння галіновых выплат патрабуюць змен. Зразумела, распрацаваць нейкую ўніверсальную інструкцыю вельмі складана. Магчымы шлях — раздзяленне па ўзроўнях: дашкольная, агульная сярэдняя адукацыя і г.д.

— А ці ўсе работнікі ў рамках сённяшняга эксперымента маюць, скажам так, аднолькавыя стартавыя магчымасці для павышэння свайго заробку?
— На жаль, не. Галіновыя выплаты нераўназначныя для розных катэгорый педагагічных работнікаў. І гэта, на наш погляд, тое, над чым неабходна працаваць далей у рамках развіцця эксперымента. Калі эксперымент укараняць далей, калі ён будзе мець працяг па ўсёй краіне, то галіновыя выплаты павінны распаўсюджвацца на ўсе сферы дзейнасці ўстановы адукацыі.
Так, галіновыя выплаты прадугледжаны для ўсіх педагагічных работнікаў установы ў той ці іншай ступені. Але менавіта для настаўнікаў іх значна больш, у параўнанні, напрыклад, з прадстаўнікамі сацыяльна-педагагічнай службы. Па-за сістэмай галіновых выплат апынуліся і кіраўнікі ўстаноў.

— Але ж самы вялікі груз па рэалізацыі праекта лёг менавіта на плечы кіраўнікоў устаноў адукацыі?
— Так. І трэба аддаць ім належнае. На працягу ўсяго года пастаянна ад кіраўнікоў устаноў былі прапановы па ўдасканаленні інструкцыі, сістэмы выплат, саміх выплат, пэўных фармулёвак. Міністэрства адукацыі чула гэтыя прапановы і ўносіла пэўныя карэктывы.
Увогуле, кіраўнікі ўстаноў, якія маюць статус юрыдычнай асобы ў поўным аб’ёме — з фінансавай самастойнасцю, а тым больш тыя, якія працуюць у рамках эксперымента, павінны і зарабляць больш. Гэта іншая адказнасць і іншая нагрузка.
Сёння ўсім кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада, згодна з рашэннем Камітэта па адукацыі, па хадайніцтве нашай арганізацыі ўстаноўлены роўныя даплаты па кантракце ў памеры 50% ад акладу. Але кіраўнікі эксперыментальных устаноў працуюць у больш складаных умовах. І гэта павінна быць адзначана ў тым ліку і матэрыяльна.

— Ці кожны кіраўнік установы адукацыі сёння гатовы да такой нагрузкі і адказнасці, якую ўскладае новая сістэма аплаты працы?
— Насамрэч, не. Не ўсе гатовы і да поўнай самастойнасці, фінансавай адказнасці. Для кіраўніцкага корпуса неабходны дадатковыя курсы па фінансавай граматнасці, каб выходзіць паступова на шлях фінансавай самастойнасці.
Але вось што хацелася б заўважыць. Гадоў пяць назад установы адукацыі набылі статус юрыдычных асоб. Некаторыя ўстановы пайшлі на пэўную рызыку і атрымалі фінансавую самастойнасць. Канечне ж, было складана, набівалі шмат шышак. Бо фінансавае абслугоўванне ўстановы ўключае шмат кірункаў: гэта і заработная плата, і харчаванне, і матэрыялы, і іншыя напрамкі. І калі ў цэнтралізаванай бухгалтэрыі кожны кірунак вядзе асобны спецыяліст, то ў школе з фінансавай самастойнасцю, як правіла, — адзін-два спецыялісты на ўсе напрамкі. А кіраўнік, у сваю чаргу, павінен таксама ведаць усю гэтую бухгалтэрыю, заканадаўства, каб адсочваць штодзённы працэс. Гэта вельмі складана. Але сёння ніхто з тых, хто атрымаў фінансавую самастойнасць, не жадае ад яе адмаўляцца. Таму што кіраўнік такой установы дакладна ведае, што ён мае, на якія артыкулы трэба накіраваць грошы сёння, а якія могуць пачакаць. Гэта дакладная аналітыка, веданне свайго фонду.

— Крыху раней вы заўважылі, што памер выплат кожнаму работніку можа мяняцца штомесяц. Да вас як прафсаюзнай арганізацыі не ўзнікала пытанняў наконт аб’ектыўнасці назначэння гэтых выплат? Гэта ж пытанне выключна ў кампетэнцыі кіраўніцтва ўстановы. Ці ўмеюць кіраўнікі растлумачыць, аргументаваць свае рашэнні?
— Ніводны кіраўнік установы адукацыі адзін такія рашэнні не павінен прымаць і не прымае. Гэтак жа, як і ўсе выплаты стымулюючага характару, галіновыя выплаты прызначаюцца камісіяй, у склад якой, як правіла, уваходзяць намеснікі дырэктара, прадстаўнікі метадычных аб’яднанняў, прафсаюза, адным словам — каманда, дзе кожны спецыяліст прызваны адказваць за свой кірунак работы. Такім чынам, рашэнне прымаецца калегіяльна, прычым усе рашэнні пратакаліруюцца. Мудрасць і ўзровень прафесіяналізму кіраўніка заключаецца ў тым, каб усіх пачуць і прыняць правільнае рашэнне на карысць работніка.
Розніца ў аплаце працы ў розных работнікаў, безумоўна, ёсць. І, магчыма, незадаволеныя таксама ёсць. Той работнік, які бярэ на сябе крыху больш, чым урокі, закладзеныя ў стаўцы, хто самаразвіваецца, імкнецца развіваць сваіх вучняў, хто жадае і бачыць сваіх выхаванцаў на п’едэсталах гонару, цікавіцца іх жыццём, атрымае больш, чым той, хто абмяжоўваецца толькі правядзеннем стандартнага ўрока.

— Да пытання аб кадрах. У горадзе ўжо вядома, што ў шэрагу ўстаноў праводзіцца эксперымент, вядома, што заработная плата педагогаў там больш высокая. Магчыма, ужо ёсць конкурс на работу ў гэтыя ўстановы?
— Скажам інакш: у той час, як у цэлым па горадзе не хапае педагогаў на шэрагу напрамкаў — пачатковых класаў, настаўнікаў рускай мовы, матэматыкі, у гэтых установах няма кадравага голаду. Педагогі зразумелі: будзеш працаваць — будзе вынік. Таму выпадковых людзей у гэтых установах становіцца менш, а той, хто жадае працаваць, атрымлівае адпаведнае ўзнагароджанне.

Алена МАРКЕВІЧ.