Валанцёры вучаць валанцёраў

“Добрым быць зусім-зусім няпроста”, — сцвярджае дзіцячая песенька. Што ж, у гэтых словах ёсць сэнс, як і ў наступным радку — “не залежыць дабрыня ад росту”. Быць добрым, дапамагаць тым, каму гэта неабходна, з аднаго боку, нескладана, было б жаданне. Але з другога боку, рабіць дабро так, каб дапамога была максімальна карыснай, менавіта такой, якую чакаюць людзі, выдатна арганізаванай, няпроста. Пры наяўнасці названых складнікаў усё, канечне, атрымаецца, і валанцёрская работа (а менавіта яе я маю на ўвазе) будзе эфектыўнай і зладжанай, прычым удзельнічаць у ёй змогуць і сталыя людзі, і зусім юныя. Ініцыятыву апошніх падтрымлівае Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр, што размяшчаецца ў Мінску ў Студэнцкай вёсцы.

Маштаб і развіццё

Валанцёрскі цэнтр у цяперашнім, абноўленым, фармаце пачаў праца­ваць у лістападзе 2019 года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі для падтрымкі, развіцця і маштабавання валанцёрскага руху ва ўстановах адукацыі Беларусі. Спачатку меліся на ўвазе толькі УВА, але хутка стала зразумела, што працаваць варта і са школамі, і з каледжамі, і з цэнтрамі дадатковай адукацыі.

Начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Я.У.Шарамецьева.

— З установамі вышэйшай адукацыі мы ўсё ж працуем асабліва цесна, — расказвае начальнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Яна Уладзіміраўна Шарамецьева, якая, між іншым, і сама, калі вучылася ў БДПУ імя Максіма Танка, была валанцёрам. — Але, канечне, мы не можам і не хочам адмаўляць ва ўзаемадзеянні арганізатарам валанцёрскай дзейнасці з іншых навучальных устаноў. Арганізоўваем навучанне і для валанцёраў, і для арганізатараў, усіх далучаем да праектаў. Нас ужо ведаюць, знаходзяць, напрыклад, праз сацыяльныя сеткі, дзе мы добра прадстаўлены. Там мы выкладваем анонсы акцый і мерапрыемстваў, пострэлізы — не толькі для таго, каб паказаць, як працу­юць валанцёры, але і для таго (нават у большай ступені), каб папулярыза­ваць валанцёрства, каб пераканаць людзей, што гэта проста і па сілах кожнаму.

Вялікая частка дзейнасці валанцёрскага цэнтра — метадычная работа, бо яго супрацоўнікам важна, каб валанцёры і арганізатары гэтага руху мелі магчымасць абменьвацца вопытам. Цэнтр арганізоўвае навучальныя семінары, бо валанцёрскія кампетэнцыі надзвычай важныя для эфектыўнай работы. Яшчэ тут даюць магчы­масць вопытным валанцёрам выступіць у ролі трэнераў і каардынатараў, набіраюць дабрачынцаў для падтрымкі акцый і мерапрыемстваў. Праўда, з-за эпідэмічнай сітуацыі колькасць мерапрыемстваў зменшылася, але яны паступова адраджаюцца. Так, з 11 чэрвеня да 11 ліпеня на мінскім стадыёне “Дынама” праходзіць вялікае футбольнае свята, прысвечанае чэмпіянату Еўропы па футболе. Без валанцёраў на такім мерапрыемстве, зразумела, не абысціся.

Другое месца прыкладання сіл беларускіх валанцёраў гэтым летам — дапамога ў рабоце “Цягніка Перамогі”, які прыехаў у Беларусь з Расіі. Гэта ўнікальны праект — рэальны цягнік з 9 вагонаў, у якіх размешчана музейная экспазіцыя. Цягнік праехаў праз многія беларускія гарады, канцавы пункт — Магілёў. Дапамогу арганізатарам праекта на працягу ўсяго яго руху па тэрыторыі Беларусі аказвалі звыш 200 валанцёраў. Гэта была нават больш чым дапамога — валанцёры сталі галоўным звяном ажыццяўлення праекта. Для гэтага яны спачатку прайшлі навучанне анлайн, у тым ліку з дапамогай арганізатараў праекта з Расіі. Роля рэспубліканскага цэнтра — забяспечыць валанцёраў харчаваннем, экіпіроўкай, вырашыць усе тэхнічныя моманты, а іх нямала, так што работы хапала. Набіраючы валанцёраў, спецыялісты цэнтра аддавалі перавагу студэнтам факультэтаў гісторыі, будучым педагогам — тым, хто добра арыентуецца ў тэме, прапанаванай праектам “Цягнік Перамогі”.

Летам цэнтр дапамагае ў падборы і навучанні валанцёраў і для іншых маштабных праектаў, напрыклад, для правядзення міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, фестывалю сем’яў у батанічным садзе сталіцы. Перыядычна цэнтр удзельнічае ў сустрэчах каардынатараў валанцёрскага руху, каб абмяняцца вопытам, абмеркаваць новыя ідэі, аб’яднацца для іх рэалізацыі. Не так даўно, напрыклад, такая сустрэча прайшла ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Поспех з працягам

Праект “Цягнік Перамогі” Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр ўключыў у план сваёй дзейнасці ўпершыню, але ёсць і праект, які ў цэнтры ўжо апрабавалі летась і вырашылі працягнуць. Гэта анлайн-лагер для юных валанцёраў.

— Ідэю арганізацыі такога лагера ў мінулым годзе прапанавалі нашы валанцёры, — гаворыць Яна Уладзіміраўна. — Актывісты вырашылі заняць школьнікаў, якія не паехалі ў летнія аздараўленчыя лагеры, карыснай справай. Мы, канечне, ідэю падтрымалі, дапамагалі скласці праграму, якую валанцёры прыдумалі самастойна і якую трэба было толькі дапрацаваць. Дапамагалі набраць жадаючых займацца ў лагеры праз размяшчэнне інфармацыі ў сацыяльных сетках. Заняткі праводзілі 2 разы на дзень. У першай яго палове дзеці (набіралі школьнікаў ва ўзросце ад 10 гадоў) разглядалі тэмы валанцёрства або развівалі пэўныя асабістыя якасці: крэатыўныя, лідарскія, камунікатыўныя. У другой палове дня важатыя праводзілі майстар-класы.

Усяго мінулым летам прайшлі 3 такія змены па 10 працоўных дзён. За гэты час у лагеры паспелі прайсці навучанне больш за 200 чалавек, з якімі працавалі 15 важатых. Былі і практычныя заняткі: юныя валанцёры выконвалі пэўныя заданні. Так, вывучаючы экалагічнае валанцёрства, школьнікі з аднаго населенага пункта збіраліся і прыбіралі пэўную тэрыторыю. Заняткі з імі праводзілі не толькі важатыя, але і запрошаныя госці, якія працуюць па пэўных кірунках, скажам, абароне жывёл. Яны расказалі, што рабіць, калі ты ўбачыў на вуліцы бяздомную жывёлу, але не можаш узяць яе да сябе. Самі валанцёры праводзілі адзін для аднаго майстар-класы, прыцягваючы таварышаў да заняткаў уласным хобі — арыгамі, танцамі і г.д.

Ідэя і яе ўвасабленне аказаліся настолькі ўдалымі, запатрабаванымі сярод школьнікаў, што анлайн-лагер працаваў і падчас мінулых асенніх, зімовых і вясенніх канікул. Гэтыя змены былі вузканакіраванымі: спартыўнае валанцёрства, здаровы лад жыцця і прафілактыка шкодных звычак, экалагічнае валанцёрства. У апошнім выпадку адзін з двух арганізаваных атрадаў збіраўся на базе цэнтра, другі, які складаўся са школьнікаў з усёй Беларусі, падключаўся да заняткаў анлайн.

Не спыняцца

Лагер будзе працаваць і гэтым летам, з 5 ліпеня, калі пачнецца першая змена, якая працягнецца да 16 ліпеня. Другая змена пройдзе з 19 па 30 ліпеня. Ці бу­дзе лагер працаваць падчас іншых школьных канікул, пакуль дакладна невядома, але арганізатары пастараюцца, каб гэта было менавіта так. Не менш зацікаўлены яны ў тым, каб і надалей у цэнтры займаўся атрад мінскіх школьнікаў, які збіраецца афлайн, і да яго заняткаў анлайн падключаліся валанцёры з рэгіёнаў.

— Глабальная мэта названага праекта — папулярызацыя валанцёрскай дзейнасці і пашырэнне магчымасцей карыснай занятасці для дзяцей і моладзі, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Важна паказаць, што нават у інтэрнэце можна сядзець з карысцю і для сябе, і для іншых. Калі мы ў цэнтры абмяркоўваем арганізацыю анлайн-лагера, я часта нагадваю, што яго задача — не пасадзіць дзяцей перад маніторамі, а расказаць ім пра валанцёрства і сарыентаваць на практычную дзейнасць.

Набор на сёлетнія змены і важатых, і школьнікаў цэнтр пачаў даўно, праз інтэрнэт. Высветлілася, што сёлета важатай хоча стаць і, безумоўна, стане дзяўчынка, якая летась навучалася ў першым анлайн-лагеры. Гэта наваполацкая школьніца Каміла, якая настолькі захапілася валанцёрствам, што актыўна ім займалася ўвесь год, а цяпер хоча падзяліцца сваім вопытам з пачаткоўцамі. Такі вось кар’ерны рост.

Ёсць і іншыя змены. Так, да праекта падключыўся Міжнародны дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). У прыватнасці, у сёлетнім лагеры разам з валанцёрамі-важатымі з устаноў адукацыі ў якасці важатых будуць працаваць і валанцёры ЮНІСЕФ. А самым вопытным важатым будзе студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аліна, якая працавала ва ўсіх зменах анлайн-лагера “Юны валанцёр”, якія дагэтуль арганізоўваў валанцёрскі цэнтр.

Дзякуючы ў тым ліку новаму супрацоўніцтву Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр пашырае кола тэм для заняткаў у лагеры. Тут вырашылі засяродзіцца і на традыцыйных, ужо апрабаваных тэмах, і на тэмах булінгу, бяспекі ў сацыяльных сетках. Да работы зноў плануюць далучаць гасцей, арганізаваць для школьнікаў анлайн-сустрэчы з цікавымі людзьмі, на­прыклад, вядомымі спартсменамі.

Эпідэмія каранавіруса, з-за якой (а можа, дзякуючы якой) і ўзнікла ідэя анлайн-лагера, узняла на новы ўзровень тэму медыцынскага валанцёрства. Дагэтуль многія валанцёры лічылі, што такая дзейнасць толькі для студэнтаў і практыкуючых медыкаў, цяпер жа лю­дзі зразумелі, што неабавязкова мець спецыяльную адукацыю, каб прасоў­ваць ідэі здаровага ладу жыцця, у тым ліку праз інтэрактыўныя гульні, анлайн-заняткі, прапагандаваць меры супрацьэпідэмічнай бяспекі, каб дапамагаць пенсіянерам, інвалідам, якія знаходзяцца на ізаляцыі, з дастаўкай лекаў, прадуктаў, сродкаў гігіены.

Пасля заканчэння змены ў лагеры “Юны валанцёр” дзеці атрымліваюць адпаведныя сертыфікаты, самыя актыўныя — падзячныя лісты, значкі. Зразумела, пра такія заняткі ведаюць бацькі юных валанцёраў, прычым спецыялісты цэнтра тэлефануюць ім самі, дасылаюць праграмы і расклад заняткаў — працуюць усё ж з непаўналетнімі. Тым больш што самым маленькім часта неабходна дапамога для рэгістрацыі, наладжвання анлайн-сувязі. Здараецца, дарослыя і самі запісва­юць сына або дачку ў лагер, каб тыя не марнавалі час дарэмна.

— Час паказаў, што валанцёры прапанавалі выдатную ідэю, якая спадабалася многім, — заўважае кіраўнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра. — А мы рады, што дапамаглі ўвасобіць яе ў жыццё і зрабіць настолькі маштабнай. Ініцыятыва стала рэальнай, яна жыве і развіваецца. Адна з ідэй для развіцця, якую, спадзяюся, мы таксама рэалізуем, — падключыць да навучання і валанцёрскай работы дзяцей з дзіцячых дамоў, паказаць ім, што яны могуць не толькі быць людзьмі, пра якіх клапоцяцца валанцёры, але і самі дапама­гаць камусьці.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.