Аздараўленчы сезон хоць і прадугледжвае адпачынак, але не дазваляе цалкам расслабіцца: клопат пра бяспеку ў летніках заўсёды лідзіруе сярод найважнейшых пытанняў, якія даводзіцца вырашаць педагогам. Ды і дзеці павінны ведаць, як засцерагчы сябе ад непрыемных здарэнняў. Не ўпускаецца з-пад увагі падчас функцыянавання аздараўленчых устаноў і ахова працы работнікаў. Пра што, згодна з працоўным заканадаўствам, нельга забывацца начальнікам і заснавальнікам летнікаў? Якія парушэнні з году ў год выяўляюцца падчас прыёмкі і функцыянавання аздараўленчых лагераў? Хто нясе адказнасць за іх выпраўленне? Чаму не ўдаецца пазбягаць трагічных выпадкаў з дзецьмі ў ходзе аздараўлення?
Агучыць асноўныя праблемныя моманты, на якія варта звяртаць увагу ўсім, хто мае дачыненне да арганізацыі летняга адпачынку дзяцей, мы папрасілі галоўнага тэхнічнага інспектара працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыну Леанідаўну ЛЯСУН.
Наяўнасць штатнага раскладу абавязковая
— Самае распаўсюджанае парушэнне заканадаўства пры арганізацыі аздараўленчых летнікаў — адсутнасць штатнага раскладу. Згодна з Палажэннем аб выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі, якое дзейнічае сёння, прышкольныя летнікі на роўных умовах з кругласутачнымі адносяцца да выхаваўча-аздараўленчых устаноў, а значыць, і парадак арганізацыі работы ў іх павінен быць аднолькавы. Аднак што мы маем на самай справе?
Заснавальнікам прышкольнага лагера выступае, як правіла, школа. Дырэктар школы прызначае сваім загадам начальніка лагера, які і ажыццяўляе ўсе далейшыя дзеянні, звязаныя з функцыянаваннем выхаваўча-аздараўленчай установы. Начальнік лагера прызначае загадам педагогаў на пасады выхавальнікаў, але на якой падставе? Загад жа аказваецца нелегітымным! Тое ж тычыцца і накіравання на работу выхавальнікамі ў летнік педагогаў з адной адукацыйнай установы ў іншую. Калі з такім педагогам нешта здарыцца, дзе шукаць адпаведны дакумент аб прыёме яго на работу?
Часта можна пачуць: штатныя расклады не распрацоўваюцца, бо для лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей адсутнічаюць прыкладныя нарматывы колькасці работнікаў. Аднак, калі парадак арганізацыі работы гэтых летнікаў і сезонных аднолькавы, кіраўнікі прышкольных летнікаў могуць кіравацца пры складанні штатнага раскладу прыкладнымі нарматывамі колькасці работнікаў аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей (былі распрацаваны загадам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні ў 2007 годзе). Гэта будзе цалкам правамерна.
Таксама для настаўнікаў, якія накіроўваюцца ў летнікі працаваць выхавальнікамі, павінны быць распрацаваны службовыя інструкцыі, і неабходна, каб усе педагогі азнаёміліся з імі пад роспіс. Як вядома, выхавальнікі адказваюць за ахову жыцця і здароўя дзяцей, а начальнік лагера, у сваю чаргу, павінен ведаць, на якой падставе яны прызначаюцца адказнымі за бяспеку сваіх падапечных.
У Расіі існуе Часовае палажэнне аб аздараўленчым лагеры навучэнцаў з дзённым знаходжаннем. Там прапісана ўсё, аб чым мы гаворым ужо шмат гадоў. Напрыклад, абавязак начальніка лагера: “начальнік забяспечвае кіраўніцтва дзейнасцю летніка, зацвярджае па ўзгадненні з заснавальнікам правілы ўнутранага працоўнага распарадку летніка, выдае загады і распараджэнні па летніку, распрацоўвае і пасля ўзгаднення з заснавальнікам зацвярджае службовыя абавязкі работнікаў летніка” і інш. Так і павінна быць, паколькі для таго, каб правільна аплаціць работу педагогам, яе неабходна дакладна распісаць.
Што тычыцца лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца аддзелы (упраўленні) адукацыі, то начальнік павінен абавязкова трансліраваць у свой загад аб прызначэнні адказных асоб па ахове працы некаторыя пункты з адпаведнага загада заснавальніка летніка. Напрыклад, у летніку няма чалавека, які павінен адказваць за электрагаспадарку. У такім выпадку ў загадзе начальніка лагера пазначаецца, што, згодна з загадам (ці дагаворам) аддзела адукацыі, адказным за электрагаспадарку з’яўляецца інжынер-электрык аддзела адукацыі. Або ўзнікае пытанне адказнасці за выпуск на лінію транспарту, які абслугоўвае лагер (школьны аўтобус, легкавы транспарт). Такім чалавекам можа стаць ці механік аддзела адукацыі, ці інжынер, на якога ўскладзены гэтыя функцыі. Калі ж лагер знаходзіцца на далёкай адлегласці ад аддзела адукацыі, а аўтобус — на тэрыторыі лагера, тады неабходна шукаць сваіх спецыялістаў або браць адказнасць на сябе.
Без пазачарговай праверкі ведаў не абысціся
— Яшчэ адно актуальнае пытанне: накіраванне ў якасці выхавальнікаў педагогаў устаноў адукацыі на работу ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей (у перыяд, які не супадае з працоўным водпускам педработнікаў). Педагогі, такім чынам, на работу не прымаюцца, а накіроўваюцца. Што рабіць у такім выпадку начальніку лагера? Калі б ён прымаў на работу работніка, то ўсе яго далейшыя дзеянні былі б зразумелыя: правядзенне ўводнага інструктажу і г.д. А тут як быць? Усё таксама даволі проста.
Уводны інструктаж усё роўна неабходна праводзіць, паколькі педагогі накіроўваюцца на часовую работу, але ў іншую арганізацыю. Таксама работнікі павінны прайсці пазачарговую праверку ведаў: спецыялісты накіроўваюцца на іншую пасаду, што, у сваю чаргу, патрабуе дадатковых ведаў па ахове працы. Работа выхавальніка адрозніваецца ад спецыфікі работы настаўніка: гэта і правядзенне мерапрыемстваў, і арганізацыя экскурсій, турыстычных паходаў, купання ў вадаёмах і інш. Усе гэтыя моманты павінны быць уключаны ў білеты па праверцы ведаў.
Матэрыяльная база — клопат заснавальніка летніка
— З году ў год падчас праверак дзейнасці прышкольных лагераў мы нярэдка выяўляем такое парушэнне санітарных норм і правіл, як выкарыстанне дамашняй бялізны і раскладушак падчас дзённага сну дзяцей малодшага школьнага ўзросту. А ў многіх кругласутачных летніках па-ранейшаму эксплуатуюцца старая мэбля і старое спартыўнае абсталяванне.
Гэтую праблему павінен вырашаць заснавальнік лагера. Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, фінансаванне, рамонт — усё кладзецца на яго плечы.
Шмат пытанняў узнікае і з замацаваннем спартыўнага і гульнявога абсталявання ў аздараўленчых летніках. Часта на тэрыторыі, дзе бываюць дзеці, знаходзіцца нейкае вытворчае абсталяванне (каса, барана, шкло і інш.).
“Выратаванне тапельцаў — справа рук…” Каго?
— Не заўсёды ў пачатку змены ажыццяўляецца навучанне дзяцей мерам бяспекі. На нашу думку, тут дарэчы былі б праграмы, якія расказваюць аб мерах бяспекі падчас паходаў, экскурсій, купання. Узя ць, напрыклад, мінулагодні трагічны выпадак з 10-гадовым хлопчыкам у аквапарку ў Пружанах. Дзіця не ўмела плаваць, і педагогі ведалі пра гэта. Акрамя наведвальнікаў летніка (19 чалавек), у аквапарку знаходзіліся і іншыя адпачываючыя. Між тым ніхто не заўважыў, што дзіця пачало тануць…
Тут, на маю думку, трэба задумацца яшчэ і вось аб чым: ці варта наогул было весці дзяцей у аквапарк? Ці з’яўляецца гэта тым пунктам гульнявой праграмы, якую выхавальнікі летніка павінны рэалізоўваць у абавязковым парадку?..
Або ўзяць іншы выпадак — смерць падлетка ў палатачным лагеры ў Салігорскім раёне. Хлопчык падчас навальніцы, знаходзячыся ў палатцы, гаварыў па мабільным тэлефоне, што, напэўна, таксама садзейнічала прыцягненню маланкі. Пра меры бяспекі дзеці павінны ведаць! Ім неабходна паўтараць пра гэта пастаянна. З гэтай мэтай, магчыма, трэба распрацоўваць памяткі.