У лес па грошы

У 2013 годзе па рэкамендацыях Міністэрства адукацыі ў краіне аднавілі сваю дзейнасць лагеры працы і адпачынку. Канікулы ў такім лагеры — гэта не толькі магчымасць дазволіць дзецям зарабіць грошы. Свае плюсы ў лагерах працы і адпачынку бачаць і работадаўцы: гэта цудоўны варыянт вырашыць праблему недастачы кадраў падчас летніх адпачынкаў.

Пра асаблівасці арганізацыі кругласутачных лагераў працы і адпачынку ў школе, супрацоўніцтва з прадпрыемствамі сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама першыя зарплаты школьнікаў расказала дырэктар Гольчыцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна начальнік кругласутачнага ЛПА “Лесавічок” Таццяна Леанідаўна Корбут.

9 дзён з “Лесавічком”

ЛПА “Лесавічок” пачаў дзейнічаць у Гольчыцкай сярэдняй школе 5 гадоў назад. Асноўная мэта, для дасягнення якой працуе лагер, — гэта прыцягненне дзяцей да працы. Гэтым летам на працягу 9 дзён 23 школьнікі з раёна і Слуцка жывуць у “Лесавічку” і зарабляюць грошы.

“Вопыт арганізацыі лагераў працы і адпачынку ў краіне даволі багаты. А гэта значыць, што сярод падлеткаў яны карыстаюцца папулярнасцю. Перш чым арганізаваць ЛПА, упраўленне па адукацыі павінна падпісаць дагавор з той арганізацыяй, якая гатова прадаставіць месца для работы дзецям. У нашым выпадку такой арганізацыяй з’яўляецца лясная гаспадарка. У дагаворы запісана, што дзеці выконваюць відавую праполку. Мы кожную раніцу ездзім у Вараб’ёўскае лясніцтва, дзе навучэнцы займаюцца праполкай маладых саджанцаў, елачак”, — расказвае пра арганізацыю ЛПА дырэктар лагера.

Згодна з заканадаўствам, дзеці 14—16 гадоў могуць працаваць 4 гадзіны 36 мінут у дзень (у ЛПА дзеці працуюць з 9 да 13 гадзін). Адпрацаваўшы змену ў лясніцтве, навучэнцы вяртаюцца ў школу, дзе ў іх таксама ўвесь час распісаны па мінутах.

“Пасля абеду ў дзяцей абавязкова ёсць час для адпачынку — ціхая гадзіна, — працягвае Таццяна Леанідаўна. — Потым у раскладзе значыцца падвячорак, пасля якога ў маладых людзей ёсць час для таго, каб пазаймацца спортам ці прыняць удзел у іншых мерапрыемствах”.

Нягледзячы на дакладны профіль, расклад у ЛПА больш нічым, акрамя магчымасці падзарабіць, не адрозніваецца ад звычайнага аздараўленчага лагера. Кожны дзень мае сваю тэматыку: дзень Нептуна, дзень малой радзімы, дзень творчасці, дзень спорту і г.д. І менавіта ад тэматыкі фарміруецца спіс мерапрыемстваў.

“ЛПА па сваёй сэнсавай напоўненас­ці вельмі падобны да аздараўленчых лагераў, — працягвае Таццяна Леанідаўна. — Наша адрозненне толькі ў тым, што мы раніцай едзем на працу. Дарэчы, лясніцтва, у якім працуем, знаходзіцца ў 35 кіламетрах ад нашай вёскі, таму на працу едзем на школьным аўтобусе і на ім жа вяртаемся назад.

Абавязковай умовай, якая дае магчымасць быць залічаным у ЛПА, з’яўляецца заява аднаго з бацькоў (законных прадстаўнікоў) аб згодзе на выкананне дзіцем работ на ўмовах грамадзянска-прававога дагавора і медыцынская даведка аб стане яго здароўя, якая змяшчае інфармацыю аб годнасці дзіцяці да работы або да выканання вызначаных відаў работ, якія ажыццяўляюцца ў перыяд знаходжання ў ЛПА.

“Дзяцей з супрацьпаказаннямі ў лагер залічыць не можам. Калі падпісваем санітарны пашпарт, санстанцыя ўдзяляе вялікую ўвагу інфармацыі аб годнасці дзіцяці да работы, якая адзначаецца ў медыцынскай даведцы. Што тычыцца колькасці дзяцей, у мінулым годзе іх у “Лесавічку” было 20, а сёлета — 23”.

Таццяна Леанідаўна расказала, што ў першы год, як толькі дзейнасць ЛПА ў краіне была адноўлена, “Лесавічок” прымаў дзяцей у 2 змены, кожная з якіх працавала па 9 дзён.

“Дзеці, безумоўна, былі б не супраць, каб ЛПА працаваў на працягу 18 дзён, як і звычайны аздараўленчы лагер. Тым не менш гэта немагчыма. У ЛПА падчас работы павінен выконвацца тэмпературны рэжым. Калі тэмпература паветра перавышае 25 градусаў або ідзе дождж, работы забаронены. Таму дзеці працуюць раніцай, калі тэмпература паветра яшчэ камфортная. На мінулым тыдні, калі ў краіне было вельмі горача, мы не працавалі, дзеці заставаліся ў лагеры, цэлы дзень у іх быў іншы графік. Мы паспелі правесці ваенна-спартыўную гульню “Зарніца”, а таксама іншыя спартыўныя мерапрыемствы”, — кажа Т.Л.Корбут.

Для таго каб школьніка залічылі ў ЛПА і далі магчымасць зарабіць грошы, неабходна яшчэ ў маі напісаць заявы ў лясніцтва, якое прадастаўляе працоўнае месца, а таксама сабраць неабходныя дакументы на залічэнне ў лагер і прадаставіць іх начальніку ўстановы.

“Яшчэ за два тыдні да пачатку канікул спіс дзяцей, якія плануюць адпачы­ваць у ЛПА, павінен быць у начальніка лагера, а таксама ў лясніцтве, — звяртае ўвагу начальнік “Лесавічка”. — Сёння праца непаўналетніх — гэта вельмі адказна. За дзецьмі неабходна ўвесь час сачыць, і мы павінны дакладна ведаць, якія школьнікі будуць знаходзіцца ў нас падчас змены. Прынамсі, гэта тычыцца любога лагера”.

З тымі, хто атрымлівае дазвол на адпачынак у лагеры, работадаўца заключае грама­дзянска-прававыя дагаворы. Гэта значыць, што наяўнасць пашпарта ў навучэнца — яшчэ адна абавязковая ўмова. На аснове дагавора і пашпарта дзіцяці выдаецца і страхавое пасведчанне.

Напэўна, самае важнае, што цікавіць тых, хто плануе адпачываць і працаваць у ЛПА, — гэта пытанне заработнай платы. У мінулым годзе за змену ў “Лесавічку” падлеткі зарабілі па 50 рублёў.

“Дзеці атрымалі гэтыя грошы за 5 дзён, таму што мы не працуем у першы і апошні дні лагера, а таксама ў суботу і нядзелю, — працягвае дырэктар школы.  — Атрымліваецца, што за 1 дзень, за 3,5 гадзіны працы, кожнаму дзіцяці плацілі 10 рублёў. Якой будзе сума сёлета, мы пакуль не ведаем (зарплата бу­дзе залежаць ад аб’ёму выкананых работ)”.

Лагер працы і адпачынку — гэта, безумоўна, цудоўная альтэрнатыва звычайнаму аздараўленчаму летніку. Але сярод працоўных арганізацый мала тых, хто жадае ба­чыць у якасці работнікаў непаўналетніх. Прычына відавочная: сачыць за дзецьмі, а таксама за выкананнем імі тэхнікі бяспекі — вялікая адказнасць.

“Мы супрацоўнічаем толькі з лясніцтвам. Гэта вельмі зручна, нашы вёскі акружаны лясамі, таму гэта самае даступнае месца працы, там заўсёды ёсць што пасадзіць, што дагля­даць. Акрамя гэтага, праца непаўналетніх — гэта, як я ўжо казала, вельмі адказна. Менавіта па гэтай прычыне і мы самі ў школе, і непасрэдна работнікі лясніцтва праводзяць з непаўналетнімі інструктажы па ахове працы”.

Пасля прыезду ў ЛПА навучэнцы мо­гуць прыступіць да работы толькі пасля прахо­джання ўводнага інструктажу па ахове працы і пярвічнага інструктажу на працоўным месцы, якія ўключаюць пытанні аховы жыцця і здароўя, выкананне рэжыму работы, асабістай гігіены, аказання першай дапамогі, якія право­дзяць спецыялісты Вараб’ёўскага лясніцтва. А выхавальнікі, педагагічныя работнікі право­дзяць з дзецьмі навучанне правілам бяспечных паводзін, якіх трэба прытрымлівацца падчас правядзення масавых мерапрыемстваў (экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы і г.д.), правілам пажарнай бяспекі, дарожнага руху, паво­дзін на вуліцы і інш.

За выкананнем унутранага распарадку і дысцыпліны ў лагеры сочаць 5 выхавальнікаў, сярод якіх сацыяльны педагог, а таксама інструктар па фізічнай культуры. Кругласутачнае дзяжурства па ахове грамадскага парадку ў лагеры нясе супрацоўнік Слуцкага РАУС.

Утульна, як дома

Праца працай, а адпачынак таксама павінен быць у раскладзе. Таму арганізацыі вольнага часу дзяцей у ЛПА ўдзяляецца шмат увагі.

Выхадныя дні ў лагеры — гэта цудоўная магчымасць не проста адпачыць, а адпачыць з карысцю. Таццяна Леанідаўна расказала, што для дзяцей заўсёды арганізоўваюцца экскурсіі (пераважна ў Мінск).

“ЛПА заўсёды ахоплівае 2 выхадныя дні, падчас якіх мы стараемся арганізоўваць цікавыя паездкі. У суботу, напрыклад, былі ў батанічным садзе Мінска. Увогуле, стараемся наведваць з дзецьмі такія месцы, якія б пакінулі шмат прыемных уражанняў. Два гады назад былі ў Ратамцы, а мінулым летам ездзілі па вёсках раёна, якія былі спалены падчас вайны. На арганізацыю паездак сродкі выдзяляе ўпраўленне па адукацыі, і ў залежнасці ад сумы Цэнтр края­знаўства падбірае экскурсіі”.

Арганізацыя цікавых экскурсій — гэта важна, але не самае галоўнае. Для таго каб дзецям было ўтульна, каб у лагеры яны адчувалі сябе як дома, было важна стварыць камфортныя бытавыя ўмовы для пражывання. Зрабіць гэта ў кіраўніцтва школы атрымалася. Усе пакоі, якія абсталяваны спецыяльна для пражывання школьнікаў, прасторныя і чыстыя. Але нават гэта не самае важнае пацвярджэнне таго, што дзейнасць “Лесавічка” задавальняе дзяцей. Самы правільны паказчык — гэта калі адны і тыя ж навучэнцы на працягу некалькіх гадоў вяртаюцца ў лагер і прывозяць яшчэ і сваіх сяброў. 

Дзецям, дарэчы, падабаюцца не толькі паездкі па знакавых мясцінах, але і тыя мерапрыемствы, якія праводзяцца для іх у ЛПА. Дзень Нептуна, дзень самакіравання, дзень творчасці, дзень спорту, а таксама спаборніцтвы па валейболе, баскетболе — да гэтага ніхто не застаецца раўнадушным.

“Самым важным паказчыкам правільна арганізаванай работы з’яўляецца ўдзяч­насць дзяцей, — канстатуе Таццяна Корбут. — Калі задаволены дзеці — задаволены і мы. Вельмі прыемна штогод бачыць сярод сваіх выхаванцаў адных і тых жа дзетак. Безумоўна, новыя “лесавічкі” таксама прыяз­джаюць, але, калі сустракаешся з тымі, хто ўжо быў у нас, ад гэтага становіцца вельмі прыемна. Не толькі я, але і ўсе выхавальнікі разу­меюць, што мы ўсё робім правільна”.

Тры леты працы

Акрамя адпачынку, ЛПА прываблі­ваюць дзяцей тым, што тут можна зарабіць грошы на кішэнныя расходы. Безумоўна, сума, якая выплачваецца дзецям, не пакрывае бацькоўскую даплату, але з’яўляецца прыемным бонусам у дадатак да адпачынку. Дарэчы, за пуцёўку ў ЛПА бацькі ў гэтым годзе павінны былі даплаціць 60,38 рубля. Калі набы­ваць пуцёўку за поўны кошт, яе сума скла­дзе 146,38 рубля (датацыя дзяржавы — 86 рублёў).

“У “Лесавічок” я прыязджаю ўжо трэцяе лета, — кажа 11-класніца Настасся Дубовік. — Тут мне падабаецца ўсё: цудоўныя выхавальнікі, выдатны начальнік лагера, а таксама кампанія, у якой адпачываю. Упэўнена, ЛПА — гэта добрая альтэрнатыва звычайнаму школьнаму лагеру. Мяне абсалютна не засмучае той факт, што мы ездзім у лясніцтва даглядаць дрэўцы, праполваць тэрыторыю вакол іх. Наадварот, такая праца павышае адказнасць за навакольнае асяроддзе, якое сёння церпіць ад чалавека. Мы самі саджалі тры гады назад гэтыя елачкі, і яны растуць у нас на вачах. У мінулым го­дзе мы зарабілі крыху больш за 50 рублёў. Так, сума невялікая, але я змагла за гэтыя грошы купіць невялічкі падарунак для мамы ў знак удзячнасці за тое, што яна мяне сабрала ў лагер, астатнія грошы патраціла на сябе. Акрамя магчымасці зарабіць, прыехала ў “Лесавічок” трэці раз, таму што знайшла тут сяброў. Вельмі прыемна з імі сустрэцца зноў. Дарэчы, у мінулым годзе са мной прыязджала родная сястра. Мы тут зблізіліся, даведаліся адна пра адну столькі! Прыемна, што ёсць лагеры, кіраўніцтва якіх умее ствараць правільную камфортную атмасферу. І “Лесавічок” менавіта такі лагер”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.