Дзіма (імя зменена) выглядае, як і тысячы іншых юнакоў. І, безумоўна, выпадкова зірнуўшы на яго на вуліцы, ніколі не скажаш, што ён — былы наркаман. Тым не менш у 17 гадоў за плячыма ў хлопца амаль двухгадовы стаж ужывання наркатычных сродкаў.
У Мінск Дзіма прыехаў з невялікай вёскі. Перад ад’ездам у сталіцу хлопец быў упэўнены, што яго чакаюць цікавая вучоба, новыя знаёмствы і шмат магчымасцей, якія дапамогуць рэалізаваць сябе.
Відавочна, што аб гэтым марылі і бацькі Дзімы. Яны спадзяваліся, што сын стане дыпламаваным спецыялістам і пасля вучобы ў каледжы зможа паступіць у ВНУ, а потым знойдзе у Мінску добрую работу.
Магчыма, усё так і магло быць. Але гэтая гісторыя развівалася па іншым сцэнарыі.
Неяк вечарам Сяргей, сябар Дзімы па інтэрнаце, прапанаваў цікава правесці час. Сяргей сцвярджаў, што можа арганізаваць вечарыну, ад якой надоўга застанецца шмат прыемных успамінаў. Справа ў тым, што Сяргей неаднаразова выходзіў на сайты, на якіх можна набыць спайсы. І Дзіма… на ўра прыняў прапанову сябра пакурыць штосьці больш моцнае, чым звычайныя цыгарэты.
“Доўга думаць над тым, чым сябе заняць, не прыйшлося, — расказвае сёння Дзіма. — Трапіўшы ў вялікі горад, хочацца паспрабаваць усё і адразу. І вось мы вечарам пасля заняткаў у каледжы селі за камп’ютар і пачалі лазіць па інтэрнэце ў пошуках прыгод. Выйшлі на некалькі сайтаў, на якіх можна набыць наркотыкі. Сяргей, як аказалася, ведаў усю гэтую сістэму: ён ужо даўно марыў паспрабаваць курыльную сумесь, але не было нагоды. А тут з’явіўся я, такі круты хлопец, якому нічога не страшна. І, скажу шчыра, купіць у Мінску “траву” — гэта не праблема. Галоўнае — знайсці тых, хто дапаможа ў пакупцы”.
Дарэчы, пошук пасрэднікаў, якія могуць дапамагчы з пакупкай і дастаўкай наркотыкаў, таксама не выклікаў праблем. У той жа вечар пасля некалькіх званкоў тавар быў дастаўлены па адрасе.
“Ніколі не забуду першы раз, калі я ўжыў спайсы. Цяпер дакладна магу сказаць, што мне не спадабалася. І, шчыра кажучы, мне было жудасна страшна. І я хутчэй за ўсё не быў у свядомасці. Мне здавалася (як расказвалі сябры), што я лятаю ў тунэлях. Прычым тунэлі былі вельмі страшнымі. У кожным з іх я адчуваў новыя эмоцыі, пачуцці. Увогуле тыя эмоцыі, якія мяне накрывалі, залежалі ад таго, у тунэлі якога колеру я “лятаю”. Тыя сябры, якія былі цвярозымі, расказвалі, што я вёў сябе вельмі эмацыянальна. А пасля, калі прыйшоў да прытомнасці, я пастаянна выглядваў у адкрытае акно, матаў галавой, таму што мне не хапала паветра і хацелася выгнаць усе ілжывыя эмоцыі з галавы. Мне станавілася лепш, але ўсяго толькі на некалькі хвілін. Пасля карціна зноў паўтаралася. І так адбывалася на працягу нейкага часу. Нават пасля таго, як працверазеў, я яшчэ вельмі доўга знаходзіўся ў неадэкватным стане. Быў агрэсіўным. Тыя, хто знаходзіўся побач, раздражнялі мяне… Знаёмыя, хто спрабаваў наркотыкі раней за мяне, супакойвалі, маўляў, так страшна і непрыемна, як у першы раз, больш ніколі не будзе. І нягледзячы на тое, што першы раз быў настолькі жудасным, я ўсё ж вырашыў зноў пакурыць. Па праўдзе кажучы, у другі раз я быў такім укураным, што, здавалася, магу прадугадваць усё тое, што ў наступны момант скажуць сябры. Я чуў усё раней на секунду, чым бачыў. Здавалася, што я чытаю думкі. Можа, гэта некаму здасцца смешным, але гэта зусім не смешна. Гэта страшна”.
Вучоба “пад кайфам”
Пасля некалькіх здзелак па пакупцы спайсаў Дзіма дакладна ведаў, дзе і як можа набыць наркотыкі. Да таго ж, кола знаёмых пастаянна пашыралася, а гэта значыць, што ва ўсіх былі свае каналы, па якіх можна выгадна набыць курыльныя сумесі.
“З самага пачатку мы курылі толькі з Сяргеем удваіх. Але, безумоўна, у месцах рэалізацыі спайсаў пастаянна знаходзілі аднадумцаў і пачыналі з імі тусавацца. Бывала, што да нас падцягваліся новыя людзі, — тыя, хто жыў са мной у інтэрнаце. Ім было цікава паспрабаваць, і мы па-сяброўску дзяліліся сваімі дозамі” .
Відавочна, што пра захапленне Дзімы ведалі ўсе аднагрупнікі. Тым больш што хлопец нават не саромеўся сваіх жаданняў. Дзіма і Сяргей вельмі часта прыходзілі на заняткі ўжо “пад кайфам”. Для таго каб не звяртаць на сябе ўвагу, хлопцы ціха сядзелі за партай. Але менавіта такія, як здавалася, непрыметныя паводзіны і выдавалі хлопцаў. Позіркі іх былі накіраваны ў адну кропку, а такі засяроджаны стан ужо выклікае падазрэнні.
Бывала, што хлопцы курылі нават падчас лекцый, калі бачылі, што выкладчык захоплены расказам і не звяртае на іх увагі. Прычым ніхто з аднагрупнікаў сяброў-наркаманаў не выдаваў.
“Як толькі ўжыванне спайсаў набыло сістэматычны характар, мы, можна сказаць, перасталі належаць самі сабе. Розум быў адключаны. Мы курылі пастаянна. Было і такое, што яшчэ не адышлі ад папярэдняй дозы, як тут жа пачыналі зацягвацца ў чарговы раз. Увогуле стан, у якім знаходзяцца ўсе, хто курыць спайсы, залежыць менавіта ад таго, які від наркотыкаў выкураны, якія элементы пакладзены ў аснову сумесі. Бывала, што нас магло адпусціць праз гадзіну. Але, паўтаруся, здаралася нават такое, што мы знаходзіліся ў неадэкваце цэлы дзень. Тут уся справа ў дазіроўцы і ў тым, якія хімічныя рэчывы пакладзены ў аснову наркотыка… З кожнай новай зацяжкай я забываў, хто я ёсць на самай справе. У мяне была абсалютна пустая галава. І я зусім ні пра што не мог думаць. Здольнасць думаць страчваецца, калі ты сядзіш на наркотыках. Шкада, што я гэта разумею толькі зараз, прайшоўшы некалькі курсаў рэабілітацыі. І цяпер, знаходзячыся ў цвярозым стане, я вельмі шкадую, што ў мяне ўсё так непрыгожа атрымалася. Я мог скончыць каледж, але гэтага не атрымалася. Але больш за ўсё мне сорамна перад бацькамі. І мне іх вельмі шкада”.
Тое, што сын змяніўся, бацькі Дзімы бачылі, але доўга не маглі зразумець, у чым справа. Дзіма пачаў вельмі рэдка адказваць на тэлефонныя званкі і амаль перастаў ездзіць дадому. Усе былі ўпэўнены, што хлопец загружаны вучобай.
Але ўсё змянілася ў адзін з выхадных дзён, калі падлетак па просьбе мамы прыехаў дадому. У той вечар Дзіма доўга сядзеў у сваім пакоі за камп’ютарам, перапісваўся з сябрамі. І калі б хлопец закрыў свой профіль у адной з сацыяльных сетак, паводзіны сына для бацькоў так і заставаліся б незразумелымі…
“Пакуль я спаў, бацькі адкрылі мой акаўнт і пачалі чытаць перапіску з сябрамі. Ім адразу ўсё стала зразумела. Бедныя… Я цяпер нават уявіць не магу, у якім яны былі шоку, калі дазналіся, што іх сын — наркаман. Наступнай раніцай са мной была праведзена прафілактычна-высвятляльная размова. Мама прасіла кінуць наркотыкі. Яна плакала. Але мне было ўсё роўна. Я нават слухаць нічога не хацеў. У мяне была сфарміравана свая, як я думаў, правільная жыццёвая пазіцыя. У мяне ні ў чым не было сумненняў. Я быў упэўнены, што ўсё тое, што раблю, — гэта заканамерна і правільна. Лічыў, што гэта крута — жыць у свеце наркотыкаў, у якім няма праблем. І якія могуць быць прэтэнзіі да мяне, дарослага чалавека?! Зараз, узгадваючы ўсё гэта, разумею, як моцна я памыляўся. Дарэчы, пасля размовы, якая адбылася ў нас дома, бацькі перасталі мне даваць грошы на кішэнныя расходы. Прыйшлося думаць, чым плаціць за спайсы. Выйсце было знойдзена вельмі хутка: я сам пачаў гатаваць курыва. У мяне нават з’явіліся свае кліенты, якія стабільна некалькі разоў на тыдзень куплялі наркотык. Бізнес квітнеў, а маё жыццё разбуралася. Усё гэта працягвалася роўна два гады”.
“Мы — нар-ка-ма-ны. Мы — адкіды грамадства”
Пераломны момант наступіў тады, калі на другім курсе Дзіму папярэдзілі, што ён будзе выключаны са спіса навучэнцаў каледжа за непаспяховасць і пастаянныя прагулы. Менавіта пасля гэтага падлетак пачаў задумвацца над сваім жыццём.
“Нягледзячы на тое, што пастаянна знаходзіўся ва ўкураным стане, я разумеў, што магу вылецець са спіса навучэнцаў каледжа і наўрад ці хто-небудзь захоча потым, чытаючы характарыстыку, браць мяне на вучобу. Дарэчы, якраз на другім курсе мы з Сяргеем зрабілі яшчэ адну памылку — паспрабавалі маркі, ад якіх сёлета ў краіне загінула некалькі чалавек. Толькі такія ідыёты, як мы, маглі пайсці на гэта. Маркі — гэта вельмі моцны наркотык. Ад іх узнікала шмат нездаровых галюцынацый. Мы нават спрачаліся адзін з адным наконт таго, ідзе снег на вуліцы ці не. Чапляліся з такімі, прабачце, тупымі пытаннямі да сяброў. Нам пашанцавала, што нічога не здарылася і мы засталіся жывыя.
Вырашальным і нават выратавальным для нас з Сяргеем стаў той дзень, калі мы, прыйшоўшы ў каледж, вырашылі прагуляць пару. Мы пайшлі пакурыць у прыбіральню. Закрыліся там. І, напэўна, на мяне пад уплывам усіх апошніх падзей накацілі правільныя думкі. Я сказаў: “Сяргей, ты разумееш, што мы — наркаманы? Глядзі, чым мы займаемся. Нас выганяюць з каледжа. У нас няма будучыні. Мы — нар-ка-ма-ны. Мы — адкіды грамадства”. Мы былі ў шоку самі ад сябе. Задумаліся над тым, як пражылі апошнія два гады. Гэта наш згублены час. Патрачаныя нервы бацькоў. На вецер выкінутыя грошы і паламанае здароўе. Дзякуй Богу, што мы засталіся жывыя. Дарэчы, тую, апошнюю дозу, мы так і не выкурылі — усё знішчылі”.
Пасля гэтага Дзіма напісаў заяву аб пераводзе ў іншы каледж. І гэта быў першы крок, які вывеў сяброў на правільную жыццёвую дарогу. У той жа дзень, вечарам, у сяброў наступіла ломка.
“Нам вельмі хацелася пакурыць, і з-за гэтага мы яшчэ больш ненавідзелі сябе. Для таго каб не думаць пра наркотыкі, селі глядзець фільм. Накупілі сабе ўсялякай ежы. Але, зразумела ж, залежнасць ад наркотыкаў не лечыцца ні чыпсамі, ні цукеркамі. Было вельмі цяжка. Першым пачаў дзейнічаць Сяргей. У той жа вечар ён знайшоў у інтэрнэце арганізацыю “Маці супраць наркотыкаў” і ўжо на наступны дзень паехаў туды. Я, шчыра кажучы, спачатку баяўся звяртацца да спецыялістаў. Мне здавалася, што мы, такія нікчэмнасці, нікому не патрэбныя. Але я памыляўся. І вельмі рады, што звярнуўся ў цэнтр. Кожны дзень пасля пар я ездзіў на заняткі да спецыялістаў, з якімі займаўся да позняга вечара. Там, у цэнтры, я пазнаёміўся з людзьмі, якія сядзелі на гераіне. Яны гаварылі, што прасцей саскочыць з іголкі, чым перастаць курыць. Спецыялісты цэнтра хвалілі мяне, падтрымлівалі. Іх падтрымка была неабходнай як паветра. Зараз, калі я знаходжуся ў стадыі поўнай рэмісіі, ганаруся сабой. Але мне ўсё роўна шкада сваіх бацькоў. Мне сорамна перад імі. Адчуўшы на ўласнай скуры, што значыць быць наркатычназалежным, я буду прыкладваць усе намаганні для таго, каб не дапусціць распаўсюджання наркотыкаў у сваім акружэнні. У мяне падрастае малодшая сястра, і я ўсімі сіламі буду імкнуцца да таго, каб у яе і думак не ўзнікала наконт такіх забаў”.
Зараз Дзіма вучыцца ў адным з каледжаў сталіцы, дзе атрымлівае спецыяльнасць плітачніка-маляра-тынкоўшчыка. Пасля заканчэння навучальнай установы падлетак плануе вярнуцца ў родную вёску. Вялікія гарады, як лічыць Дзіма, хаваюць у сабе вельмі шмат спакус, якія часам бываюць раўназначныя кошту ўласнага жыцця.
Наталля ДУБІК.