Шансы ёсць заўсёды

Усім бацькам хочацца, каб іх дзеці заўсёды ўсміхаліся і былі шчаслівыя, але, на жаль, так атрымліваецца не заўсёды. Калі маленькаму чалавеку ставяць страшны дыягназ, у дом прыходзіць бяда. І каб перамагчы хваробу, могуць спатрэбіцца значныя сродкі, якіх часта няма. Тады адзінае, што застаецца, — гэта шукаць падтрымку сярод нераўнадушных людзей, у прыватнасці праз Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанс”, які за час свайго існавання ўжо падарыў надзею на будучыню сотням маленькіх грамадзян нашай краіны.

— У гэтыя дні мы ўсе чакаем радасць і цуды, але каб яны прыйшлі, трэба папрацаваць, — зазначае дырэктар дабрачыннага фонду “Шанс” Наталля Аляксандраўна Маханько. — За ўвесь час дзейнасці фонду ўдалося сабраць ахвяраванні на суму каля 8 млн долараў у эквіваленце, і гэта дапамагло амаль 600 хворым дзецям. Пры гэтым прыемна адзначыць, што кола нашых сяброў пастаянна пашыраецца. Цяпер з намі супрацоўнічае больш за 300 арганізацый, а таксама звычайныя людзі, у тым ліку школьнікі, студэнты, пенсіянеры, бо яны разумеюць, што нават самая маленькая дапамога дае некаму шанс, а нават самы маленькі шанс можа ўратаваць чалавечае жыццё.
Дзякуючы ахвяраванням, фонд “Шанс” працягвае аказваць адрасную дабрачынную падтрымку ў аплаце дарагога лячэння ў выпадках, калі медыцынская дапамога па тых або іншых прычынах не можа быць прадастаўлена дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя ці аплачана за кошт сродкаў бюджэту. Сёлета такая падтрымка ўжо накіравана 155 дзецям.
— На падставе пагаднення аб супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і пры фінансавай падтрымцы ААТ “Газпрамтрансгаз Беларусь” мы ўдзельнічаем у рэалізацыі шэрага праграм, — паведаміў намеснік старшыні папячыцельскага савета дабрачыннага фонду “Шанс” Уладзімір Васільевіч Сажын. — У прыватнасці, гаворка аб праграме “Ранняе выяўленне парушэння слыху ў дзяцей”, у рамках якой арганізаваны ўсеагульны скрынінг і дыягностыка гэтай паталогіі ў немаўлят, што змяншае для іх рызыку неспрыяльных наступстваў.
Для даследавання слыху ў дзяцей набыта і пастаўлена ва ўстановы аховы здароўя ўсіх рэгіёнаў краіны спецыялізаванае абсталяванне. Удзяляецца ўвага распрацоўцы праграмнага забеспячэння для стварэння адзінай камп’ютарнай аўтаматызаванай сістэмы для збору даных на нацыянальным узроўні і маніторынгу стану здароўя дзяцей краіны. А для інфармавання бацькоў аб неабходнасці абследаванняў дзяцей распрацаваны спецыяльныя буклеты, якія перададзены ў медыцынскія ўстановы.
Не менш значным напрамкам дзейнасці стала рэалізацыя праграм “Дапамога дзецям з ювенальным рэўматоідным артрытам” і “Удасканаленне аказання дапамогі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі”. Апошняя рэалізоўваецца сумесна з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі і мае некалькі мэт: правядзенне дыягностыкі (MIBG-сцынтыграфія) і лячэння (MIBG-тэрапія, пратонная прамянёвая тэрапія), а таксама набыццё лекаў. Дарэчы, на працягу бягучага года па гэтай праграме ўдалося аказаць дапамогу 19 непаўналетнім на агульную суму звыш 2,5 млрд рублёў. Сродкі пайшлі на закупку дарагіх прэпаратаў дзецям з лейкозам і медулабластомай, аплату MIBG-сцынтыграфіі дзецям з нейрабластомай у Расіі і аплату пратоннай прамянёвай тэрапіі ў Чэхіі.
— Анкалогія — хвароба страшная, але медыцынская навука не стаіць на месцы, у свеце з’яўляюцца новыя метады лячэння, — падкрэсліла дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Вітальеўна Алейнікава. — Гэтыя метады эфектыўныя, але вельмі дарагія, таму вельмі добра, што, дзякуючы фонду “Шанс”, ёсць магчымасць сабраць неабходныя дабрачынныя ахвяраванні.
Пры гэтым медыкі адзначаюць, што перамагчы хваробу немагчыма без веры, аптымізму і добрага настрою. Таму напярэдадні навагодніх свят у рамках сустрэчы сяброў дабрачыннага фонду “Шанс” дзеці і іх бацькі атрымалі запрашэнне ў Белдзяржцырк, і не толькі каб пабачыць паказ. Напэўна, больш важна тое, што тут бацькі змаглі адчуць: яны не засталіся з бядой сам-насам, а дапамога — побач.
— Я даведалася аб фондзе “Шанс” ад знаёмых, знайшла яго, і ў выніку мы атрымалі запрашэнне на свята ў цырк, — кажа Рэгіна Куцко. — Думаю, што гэта толькі пачатак, а далей фонд зможа дапамагчы майму сыну Віцю, які хварэе на дзіцячы цэрабральны параліч, з набыццём сучаснай інваліднай каляскі.
— Не сакрэт, што бацькі хворых дзяцей наладжваюць паміж сабой зносіны, дзякуючы чаму я і даведалася адрас фонду “Шанс”, — працягвае Марына Шабалтас. — Прычым спадзяванні спраўдзіліся: фонд набыў для майго сына, які дрэнна чуў ад нараджэння, слыхавы апарат новага пакалення, які каштуе каля 20 млн рублёў і набыць які самастойна нашай сям’і было б складана. Сёння Мацвею 7 гадоў, ён ходзіць у першы клас і, дзякуючы слыхавому апарату, мае значныя поспехі ў развіцці, а гэта для бацькоў — найлепшы падарунак.

Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.