Сацыяльная перадышка

У гэтым годзе ў нашай краіне стартаваў пілотны праект “Развіццё мадэляў сацыяльнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю”. Ажыццяўляецца ён пры фінансавай падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі і закліканы дапамагчы бацькам і іншым членам сям’і дзіцяці з інваліднасцю, якія будуць атрымліваць паслугу па сацыяльнай перадышцы. Адна з галоўных мэт праекта — распрацоўка пакета дакументаў, якія рэгулююць аказанне названай паслугі ва ўстановах рознага тыпу — грамадскіх і дзяржаўных.

Сацыяльная перадышка — гэта кароткі адпачынак для бацькоў (ад некалькіх дзён да трох тыдняў у месяц, у залежнасці ад патрэб), калі іх дзіця кругласутачна знаходзіцца ва ўстанове. На працягу гэтага часу дзіця атрымлівае належны догляд, а баць­кі, карыстаючыся магчымасцю “перадышкі”, займаюцца справамі, якія не ўдавалася зрабіць па прычыне таго, што дзіцяці кругласутачна патрабуецца пільная ўвага: рамонт у кватэры, неадкладная паездка, паход у тэатр, кіно і нават нараджэнне другога дзіцяці.

Супрацоўнікі нашай арганізацыі і раней аказвалі дапамогу падапечным сем’ям у крытычных сітуа­цыях, — гаворыць галоўны спецыяліст па сацыяльнай рабоце Беларускага дзіцячага хоспіса Ірына Васільеўна Байдакова. — Паслугу па сацыяльнай перадышцы мы пачалі аказваць з 2009 года. Жадаючых скарыстацца ёю аказалася нямала, хаця спачатку некаторыя бацькі вельмі хваляваліся, пакідаючы ў хоспісе сваіх дзяцей на некаторы час. Праект “Развіццё мадэляў сацыяльнай дапамогі сем’ям,  якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю”,  з’явіўся ў 2010 го­дзе. У яго распрацоўцы ўдзельнічалі спецыя­лісты з Міністэр­ства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя, а таксама Міністэр­ства адукацыі. Зараз прадстаўнiкi гэтых міністэрстваў з’яўляюцца  нашымі дарадчыкамі па распрацоўцы пат­рэбных дакументаў. Для нас як грамадскай арганізацыі вельмі важна, што праект узялі пад увагу ў Савеце Міністраў і паняцце “сацыяльная перадышка” знайшло адлюстраванне ў Нацыянальным плане абароны дзяцінства на 2012—2016 гады.

Адзначым, што праект з’яўляецца партнёрскім і ажыццяўляецца сумесна з Беларускай асацыя­цыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДіМІ), Бабіцкай дапаможнай школай-інтэрнатам (Гомельская вобласць) і Івянецкім домам-інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў (Мінская вобласць).

БелАДДіМІ аказвае паслугу па сацыяльнай перадышцы сем’ям з мая гэтага года, а астатнія названыя ўстановы прымуць сваіх першых падапечных у студзені 2013 года.

Праект прадугледжвае і навучальны кампанент: адбываецца шырокі абмен вопытам, праводзяцца семінары, дні адкрытых дзвярэй, кансультацыі для бацькоў і іншыя мерапрыемствы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню ўнікальнага вопыту іншых партнёраў праекта — Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Партызанскага раёна Мінска і цэнтра “Майская кветка” пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна Гомеля, якія ўжо аказваюць паслугу са­цыяльнай перадышкі.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.

liatkouskaya@ng-press.by